№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Томас Эспедал

Год (Året)

Урывак з рамана

Пераклад з нарвежскай Лідыя Ёхансэн
Я хачу напісаць кнігу пра поры году
вясну восень лета зіму
сонечныя дні ў красавіку і чэрвені
жнівеньскія змярканні
апісваць месяцы тыдні дні
гадзіны дня
і змены, што паўтараюцца
заўсёды на новы лад.
Проста цяпер дзьме вецер ў вершалінах
сасновага лесу
і дрэвы пакорліва гнуцца долу
і выпростваюцца ізноў
насустрач новым парывам ветру
як рабілі заўсёды
але адно дрэва ломіцца
кароткі сухі гук
быццам уздых вырываецца з грудзей.
Так гучыць роспач
яе паглынае няўрымслівы вецер
новую паравіну я
хачу апісваць штодня
цягам цэлага году
але дзе і калі пачынаецца год
на кухні ці ў гасцёўні
у верасні ці ў лістападзе?
 
Чаму б году не пачацца сёння
у нядзелю шостага красавіка?
Было сказана
было напісана
што першы чалавек
з’явіўся на свет шостага красавіка.
Няцяжка ўявіць
свет ужо існуе
з рэкамі і акіянамі
раўнінамі і гарамі
палямі і гаямі
раслінамі і жывёламі
усё існуе
і ён
першы чалавек
ідзе ўздоўж ракі.
Адкуль ён ідзе?
Мы не ведаем
ён сам не ведае
можа шукае нейкае месца
або некага падобнага да сябе
ён ідзе за ракою і знаходзіць прасвет
прагал у лесе
дзе рака звужаецца і заціхае
і робіцца азярцом.
Тут ён хоча спачыць
ён кладзецца ў пясчанай нізіне
адчувае цеплыню пяску
і засынае.
Як доўга ён спаў?
Калі ён прачынаецца то істота побач
сядзіць у пяску і глядзіць на яго
не жывёла яна
а нешта дагэтуль не бачанае
і аднак ён пазнае паставу
гэтыя вочы гэты пагляд
які мог бы быць яго ўласным
нібы ён сам сябе ў вадзе разглядае
але розніца ёсць
вузейшы твар
шырэйшы рот
круглейшае цела
мякчэйшыя грудзі
шыя доўгая
тонкія рукі далоні малыя
яна нахіляецца
нюхае яго
ён не чуе ніякага страху
толькі новы і моцны неспакой
сэрца б’ецца хутчэй
і кроў мкнецца па целе
як цяпло
як радасць
ён смяецца.
Яна прыкладае рот да яго жывата
прыціскаецца вуснамі да скуры
і асцярожна высоўвае язык
нясмела ліжа скуру
і ён бачыць як падымаецца яго плоць
першы раз.
Яна садзіцца на яго
глядзіць яму проста ў вочы
і з гэтага моманту
яны робяцца непадзельныя
мужчына й жанчына.
 
У панядзелак шостага красавіка
1327 году
Франчэска Петрарка сустракае
Лауру
першы раз.
У так званай нататцы Лауры
якую Петрарка пісаў на аркушы складзеным удвая
па смерці Лауры
занатаваў ён: Лаура
вядомая сваімі чалавечымі якасцямі
і якую даўно ўжо я слаўлю ў сваіх вершах
паўстала ўпершыню перад маімі вачыма
у маім раннім юнацтве
было гэта ў годзе 1327 у месяцы красавіку
калі спявалі ютрань у царкве святой Клары
у Авіньёне.
І ў самым тым месцы
таго самага красавіка
таго самага шостага дня
тае самае раніцы
але ў год 1348
зямля засталася
без яе светлых вачэй.
І так жыла Лаура
у Петраркавых успамінах
з шостага красавіка
да шостага красавіка
ёй споўнілася трыццаць чатыры гады.
Калі ён упершыню яе ўбачыў
было ёй трынаццаць
з таго дня
нікога іншага ён не кахаў
яе адну.
Было Петрарку дваццаць тры гады
і наступны трыццаць адзін год
ён пісаў ёй свае санеты
але і пасля смерці Лауры
на памяць пра яе
у знакамітым творы Canzoniere
які пасля назавуць
даўгою непераўзыдзенай размовай пра сутнасць кахання.
Песні Canzoniere складаюцца з 366 вершаў
па адным на кожны дзень года
з шостага красавіка да шостага красавіка.
 
Сёння
нядзеля шостага красавіка
я саджуся ў цягнік з Ніцы да Авіньёна
каб прайсціся вуліцай да Л’іль-сюр-ла-Сорг
і далей пешкі да Фантэн-дэ-Ваклюз
дзе Петрарка пабудаваў сабе дом
дзе ён адасобіўся ад свету
каб пісаць.
Я прыляцеў у Ніцу
пасяліўся ў танным гатэлі
ля чыгуначнага вакзала.
Нумар нагадваў турэмную камеру
цесная блакітна-шэрая каморка і нары
якія адкідваліся ад сцяны
рукамыйнік акно
на задні двор.
Калі акно расчынялі — урываліся вільгаць
і гарачы смурод алею з кухні гатэля
проста ў нумар
і праз пару хвілін на сцены
наліпалі чорныя плямы
яны рухаліся
а часам ляцелі праз пакой
да голай лямпачкі над рукамыйнікам
або асядалі на запясці і за вушамі
таго хто намагаўся заснуць.
Гэты пранізлівы піск камароў
я намагаўся забіць іх як мага больш
гучна ляпаў скручанай газетай па сцяне
чорныя плямы чырванелі
тонкія крывава-чырвоныя плямы над ложкам
гэта была не мая кроў
а чыя гэта магла быць кроў
мужчыны ці жанчыны
хутка іх кроў
змяшаецца з маёй.
Немагчыма было заснуць
у гэтым цесным пакоі
дзе я ляжаў і ўслухоўваўся ў гул машын
якія запаланілі ноч
у горадзе
гукі машын і матацыклаў
галасы і крыкі
іх глушыла святло
калі займаўся світанак
і рабілася яшчэ горш
ад поўнай цішыні
у замкнёнай прасторы.
Я пэўна заснуў на пару гадзін
бо калі паспрабаваў падняцца
рукі і ногі гарэлі
ад безлічы камарыных укусаў
па ўсім целе
пухіры і камарыныя ўкусы
і было адчуванне
што мяне ліхаманіць
і пазней сапраўды была тэмпература
і я захварэў.
 
Я захварэў
але мусіў быць у Авіньёне
шостага красавіка
я так вырашыў.
Больш за год я чытаў
песні Петраркі напісаныя для Лауры
і цяпер я схацеў убачыць месца
дзе Петрарка сустрэў Лауру ўпершыню
і наведаць дом пабудаваны ім
у самотнай даліне Ваклюз:
недзе з пяць міляў ад Авіньёна я распазнаў
малую й зацішную даліну з назваю Ваклюз
дзе бярэ свой пачатак
найпрыгажэйшая з рэк
рака Сорг.
Зачараваны прыгажосцю месца
я пасяліўся тут
са сваімі кнігамі.
У доме дзе жыў Петрарка
адзін са сваім сабакам
пісаў паэт кнігу
пра жыццё самотнае і някідкае
De vita solitaria:
На парозе саракагоддзя
калі яшчэ жывыя ўва мне юнацкія парывы
і запал
я начыста адмовіўся ад стасункаў
я не пакінуў месца нават
самой ідэі пра гэта
нібы раней ніколі
жанчыны не бачыў.
 
Магчыма быць самотным
магчыма кахаць адну жанчыну
усё жыццё
нават калі яе не стала
калі гэта магчыма
тады магчыма жыць і без жанчынаў іншых
без сэксуальнасці
тады магчыма жыць у цэлібаце
і сапраўды магчыма
сёння
жыць так як апісаў Петрарка
амаль семсот гадоў таму.
І сёння
нядзеля шостага красавіка
дзве тысячы чатырнаццаты год
у мяне гарачка
няма ніякіх сіл пасля бяссоннай ночы
але я з ложка падымаюся яшчэ да полудня
выходжу з гатэля цалкам потны
і тры кварталы крочу золкім днём
да чыгуначнага вакзала
каб сесці на цягнік у Авіньён.
 
Нядзеля шостага красавіка:
І натуральна, што Петрарка Лауру параўноўвае
з сонцам яна той каляндар
які зняпраўдзіў хаду часу
каб на зямлі застацца назаўсёды
сонца-Лаура.
А вось і сонца льецца
праз шыбу цягніка сумую па табе ўсё мацней я
кожны дзень імклівы
кожны месяц
кожны год
імклівы.
Цягнік шалёна ляціць паўз пляжы
мінае блакітнае ўзбярэжжа на звышвысокай хуткасці
лазурныя Кань Антыб Гольф-Жуан
Канаў не разгледзець
усе гарады што пралятаюць міма.
Мы неба бачым і мора і сонца бачым
яно ідзе ўслед за цягніком і свеціць праз акно
на мой апухлы твар ад гарачыні падвойнай
палаючая спёка на скуры і ў купэ: А ЦІ МОЖНА
АДЧЫНІЦЬ АКНО?
Не
нельга на такой хуткасці
нельга ў ікарусе такога тыпу.
Яшчэ крыху і я згару
задыхаюся страчваю прытомнасць
яшчэ крыху і ўваччу сцямнее.
Гарачка ахапіла ўсё цела
і рвецца вонкі ўсё нутро і пачынаецца:
я ванітую ў пакет і ўглядаюся ў сонца
коле ўваччу і негатыў праступае
пад заплюшчанымі павекамі: Твой твар.
Затым я засынаю. Цямнее. Халадзее.
Расплюшчваю вочы на падлозе ў праходзе
нехта паклаў мяне тут так добра
так добра ляжаць
так добра быць беспрытомным
так добра ляжаць у поўным спакоі і несціся
на шалёнай хуткасці праз краявіды
туды куды кіруешся.
 
Авіньён. Нядзеля шостага красавіка я знаходжу гатэль
у цэнтры горада светлы нумар з кандыцыянерам
уключаю яго напоўніцу захінаю гардзіны
у пакоі цёмна і прахалодна так спакойна
і ціха адно шапаценне кандыцыянера яго халодны
і асвяжальны гук
нібы вецер нібы дождж нібы дома
нібы ты побач
ліхаманкавая мроя: Ты стаіш ля акна
адкрываеш гардзіны і цябе залівае святло
ты ў ім амаль растаеш
а калі паварочваешся да мяне
то знікаеш.
 
Што любім мы — адно імклівы сон
піша Петрарка
у першым санеце Canzoniere
і ў гэтым радку ісціна
як і ў гэтым выказванні: Значэнне слова
гэта яго ўжыванне ў мове [1].
Радок Петраркі вывераны і дакладны
як навуковае сцверджанне
ці матэматычная формула: Нельга ўтрымаць
таго каго мы любім.
Што любім мы — адно імклівы сон
гэта паэтычная ісціна
якую пацвярджае ўвесь наш досвед.
Каханне не можа доўга цягнуцца [2]
яно не бывае няшчасным
або шчаслівым
на дне кожнага смутку радасць
на дне кожнай радасці смутак.
Само жыццё выяўляецца ў Петраркавым
радку і аб’ектыўным і жорсткім
непадуладным зменам часу
сама прырода
закладзеная ў чалавеку
нібы сказ.
Панядзелак раніца я спаў адзінаццаць гадзін запар.
Няма нічога лепшага
для самотнага чалавека
за сон.
У сне ты не самотны ніколі.
Сон гэта дар
як каханне як забыццё
ахінуты сном кахае і часам
у глыбокім сне
губляе каханне
і сябе самога:
Няма ні імя
няма ні адрасу
няма ні грошай ні маёмасці
няма ні абутку ні адзення
няма ні горада ні мітусні
няма ні гатэля ні парка
няма ні клопату ні хваляванняў
няма ні хваробы ні гарачкі.
Я прачынаюся
і замаўляю снеданне ў нумар
круасан
чорную каву
шклянку памаранчавага соку.
Тонкая паска святла між гардзінамі душыць
сонца бледна-жоўты колер разліваецца па пакоі нібы
слабое цяпло новы сонечны дзень я снедаю і
кладуся ў ложак.
 
© Tomas Espedal / Gyldendal
 
Заўвагі рэдактаркі:
 
[1] Людвіг Вітгенштайн, “Філасофскія даследаванні”.
 
[2] Антон Чэхаў, “Дуэль”.
Пераклад з нарвежскай – Лідыя Ёхансэн © 2017

Чытайце таксама

Сяргій Жадан

Сяргій Жадан

Культавы ўкраінскі паэт, эсэіст, перакладчык, арганізатар літаратурных фестываляў

Марэк Вадас

Марэк Вадас

Сучасны славацкі пісьменнік. У 2006 годзе атрымаў прэстыжную прэмію Anasoft Litera

Квінт Гарацый Флак

Квінт Гарацый Флак

Адзін з найбуйнейшых рымскіх паэтаў эпохі Актавіяна Аўгуста

Альфрэд Дзёблін

Альфрэд Дзёблін

Нямецкі пісьменнік-мадэрніст, знакавая постаць экспрэсіянізму 10-20- х гадоў мінулага стагоддзя.

123