№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Міхал Вівэг

І ўсё ж нешта ў гэтых Калядах ёсць (Něco na těch Vánocích být musí)

Апавяданне

Пераклад з чэшскай Сяргей Сматрычэнка

Хутка змяркалася. “Чатыры гадзіны дня, а цемра як у труне — што вы ўсе ў гэтых Калядах пазнаходзілі?” — падумаў Эрнэста. Часам ён так рабіў: нячутна або напаўголасу паўтараў чэшскія фразы, якія ў той дзень недзе пачуў. Па Масарыкавай у абодва кірункі валіла бясконцая людская плынь. Парасоны, пакеты, каробкі, пакункі. Дастаткова было хвілінку пасачыць за тварамі, і шкала эмоцый неўзабаве рабілася поўнай: ад радасці праз нервовасць і ўцвеленасць да чыстай лютасці. “З гэтых Калядаў рэальна шызануцца можна”. Каляды яму больш, чым які іншы перыяд, нагадвалі абсурдны спектакль. Натуральна. Ён паціху збіраўся заплаціць і далучыцца да хапатлівага натоўпу, але потым падазваў афіцыянтку і замовіў сабе другую грапу. Ён традыцыйна пакінуў пошук калядных падарункаў на самы апошні момант — надвячорак дваццаць трэцяга снежня, што ў нейкай ступені сведчыла пра Эрнэставу ўпэўненасць у сабе: ён увогуле не дапускаў, каб ягоныя вынаходлівасць, эмпатыя (густы сваёй шматгадовай партнёркі ён у любым разе адгадваў значна лепш, чым яе муж) і ўменне хутка прымаць рашэнні маглі яго ў нейкі год падвесці. Больш за тое, перш чым рушыць у марш-кідок па крамах, ён шторазу заходзіў у сваю ўлюбёную кавярню і няспешна выпіваў эспрэса і грапу. Аднак сёння ён сядзеў тут ужо болей за дзве гадзіны, і ў ім нарастала нязвыклае адчуванне, што яму ўсё яшчэ не хочацца адсюль сыходзіць.

Тут было аж занадта прыемна. Гэтулькі святла і цяпла, падумаў Эрнэста. Зусім як улетку, калі так лёгка паддацца ілюзіі, што свет да цябе прыязны. Цемра і мароз, безумоўна, больш шчырыя. Ён думаў пра бацьку, які памёр у кастрычніку, праз тры месяцы пасля пастаноўкі дыягназу. Калі ён апошні раз прыехаў дадому, бацька яго ўжо не пазнаваў. Эрнэста намяшаў сёстрам і маці марціні і пайшоў прагуляцца. Маці падвыпіла, пералезла праз раму бацькавага медыцынскага ложка і заснула побач з ім, на бруднай падушцы. Эрнэста сядзеў і пераконваў сябе, што калі напраўду вырашыць расплаціцца, ніхто і нішто яму ў гэтым не перашкодзіць — ані гэтыя два землячкі, якія акурат увайшлі і віталіся з ім за руку, ані тая самотная стрыжаная брунэтка за суседнім столікам. Яна была не ягонага тыпу, але нешта ў ёй было. Fascino silenzioso e inascoltato. Ціхая, непачутая прывабнасць, спрактыкавана пераклаў ён. Халодны дождж узмацніўся, і кавярня паступова запоўнілася. Пад стаяком, абвешаным тыповымі ў гэтай краіне спартовымі курткамі (у кароткім наплыве гонару Эрнэста ўсвядоміў, што ён, бадай, адзіны з прысутных мужчын, хто мае якаснае зімовае паліто), нагрувасцілася адразу некалькі каробак са спажывецкай электронікай. Ён акінуў іх кароткім пагардлівым позіркам: мікрахвалёвая печ, DVD-прайгравальнік, тостар. Бацькава смерць надта многа рэчаў ператварыла ў непатрэбны хлам. Ён раптам зняпэўніўся, бо ўпершыню дапусціў магчымасць, што Рэнаце, з якой заўтра ў першай палове дня ён мае таемную сустрэчу, не паспее купіць ніякага каляднага падарунка. Бог знае чаму ён уявіў, як расчараванне і злосць перакрывяць яе аблічча. Гэта доўжылася ўсяго долю секунды, потым на Рэнацін твар зноў вярнуўся так добра знаёмы выраз, і ўсё ж гэты мімалётны вобраз яго збянтэжыў. Такой ён яе не ведаў. Ён замовіў сабе трэцюю грапу і пачаў корпацца ў памяці, стараючыся знайсці там нейкія доказы эгаістычнага падыходу Рэнаты да іх стасункаў.

Тым часам пад усеагульную весялосць па кавярні хадзіў па руках распакаваны тостар для цешчы, падвыпілы ўладальнік якога вырашыў паказаць яго субяседнікам; калі прыбор дайшоў да брунэткі, тая спачатку адмаўлялася яго ўзяць, але потым усё ж такі прыняла і хмурна перадала яго Эрнэста.

— Ці магу я вас нечым пачаставаць? — спытаў той, як толькі тостар нарэшце вярнуўся ў зыходны пункт, і паказаў на пусты келіх.

— Не, дзякую.

Невядома чаму ён не хацеў здацца. Ёй бы ён даў гадоў трыццаць, а можа, і трохі больш.

— Не зразумейце мяне няправільна. Проста мне падалося, што вы сумуеце, вось і ўсё.

Пражыўшы адзінаццаць гадоў у Брне, ён здольны быў размаўляць амаль без акцэнту, але цяпер трошкі падкрэсліў спецыфічнае вымаўленне і яшчэ наўмысна зрабіў дробную памылку. Спадзяваўся, што яна спытае, адкуль ён, і тым самым дасць яму нагоду скарыстацца шмат разоў апрабаванай формулай для пачатку размовы: дзяцінства ў Таскане, найменшы з трох дзяцей, адзіны сын, гімназіяльная паездка ў Прагу, на якую ён запісаўся ў дзень ад’езду, першае каханне, універсітэт у Пізе, далейшыя падарожжы ў Чэхію. І гэтак далей. Ён быў сам сабою расчараваны.

— Сумую? Бо мяне не насмяшыў тостар для цешчы?

Яна нязгодна пазірала яму ў вочы, але нешта ў абліччы Эрнэста яе раздражнёны адпор урэшце змякчыла.

— Я стамілася, — сказала яна амаль вінавата. — Смяротна стамілася.

У афіцыянткі з тацы саслізнула шклянка і разбілася. Брунэтка крыху тэатральна заплюшчыла вочы.

— Тады давайце гаварыць пра сум і смяротную стому, — спакойна прапанаваў Эрнэста.

Ён умеў адгадаць сітуацыю. Вычэкваў. Экран ягонага мабільніка засвяціўся. Эрнэста кінуў на яго кароткі позірк.

— Гэта добрая тэма, — дадаў ён.

Дысплэй пацямнеў.

— Добра, — нарэшце пагадзілася яна неахвотна. — Але ў мяне адна ўмова: не будзем адно аднаму прадстаўляцца.

Эрнэста кіўнуў.

— Нават не будзем ссоўваць сталы. Нічога такога.

Яны абое сядзелі тварам да вокнаў кавярні. Ён падняў рукі на знак, што здаецца, і ўжо наперад з уцехаю ўяўляў, як у яго з рукавоў пінжака выслізнуць белыя манжэты. Эстэтычная дэталь, да якіх ён заўсёды меў слабасць.

— Яшчэ нейкія ўмовы?

Каб чуць адно аднаго, яны мусілі нахіляцца наперад. Гэта было нязручна і забаўна.

— Так, будзем трымацца тэмы.

Афіцыянтка пацікавілася, ці не жадаюць яны яшчэ нечага. Хоць яны па-ранейшаму сядзелі кожны паасобку, яна з іх ужо зрабіла пару. Эрнэста адчуў прыхаваную нязгоду брунэткі.

— Што будзеце? — спытаў ён.

— Без розніцы.

— Два марціні, калі ласка.

Афіцыянтка адышла. Музыка запаўняла прастору кавярні да самай столі, і Эрнэста на момант паддаўся ілюзіі, што каляровыя астраўкі парасонаў плывуць па Масарыкавай у яе рытме.

— Ну пачынайце, — прамовіла яна нецярпліва, але без цікавасці. — Пераканайце мяне, што маеце што расказаць пра сум.

Яна пакруціла галавой.

— Месяц таму ў мяне памёр бацька, — сказаў ён без ваганняў. — Я, вядома, разумею, што гэта дае мне несправядлівую, можа, нават танную фору.

Яна з недаверам назірала за ім.

— У пэўным сэнсе гэта таксама несправядліва, як туз у рукаве, — дапусціў Эрнэста.

— Вашая чэшская паляпшаецца на вачах, — кусліва заўважыла яна. — Такі прагрэс на кожным кроку не пабачыш.

— У мяне талент на мовы.

Абое памаўчалі.

— Працягвайце.

— Мая сям’я жыве ў Таскане. Не бойцеся, гэта датычыць тэмы. Бабуля, бацькава мама, жывая дагэтуль. У яе крэпкае здароўе. Увесь наступны год яна будзе хадзіць у чорным, гэтаксама як мая маці і абедзве сястры. А я буду выседжваць у брненскіх кавярнях, за тысячу кіламетраў ад іх.

Яна паціснула плячыма. Тое, што выклікае такую небывалую шчырасць, — гэта ўзаемная абыякавасць, падумаў ён. Грапа і абыякавасць.

— Акрамя як вам я нікому іншаму пра бацькаву смерць не казаў.

“Выстаўляе свой сум напаказ”, — прамовіў ён у думках па-чэшску. Тым не менш гэта была праўда, пра бацькаў скон ён не сказаў нават Рэнаце. У памяшканні нешта гарэла. Ён павярнуўся і ўбачыў дым. З уключанага тостара на супрацьлеглым стале выскачыў прапалены гаманец.

— Што вы тут увогуле робіце? — спытала яна, калі рогат суняўся.

— Давайце трымацца тэмы.

Яна ўпершыню ўсміхнулася. Афіцыянтка ўцвелена праветрывала, у памяшканне падзьмула халоднай вільгаццю.

— Ад чаго вы стаміліся?

— Ад жанатых мужыкоў. Асабліва ад аднаго.

На дзіва, яму гэта было непрыемна чуць.

— Не прыйшоў, — ухмыльнулася яна. — Не паспеў прапыласосіць і купіць карпа.

— А я хаджу з замужняй, — падзяліўся з ёю Эрнэста.

Яна хмыкнула.

— Я ўжо прывыкла. Гэта мой трэці жанаты. Мабыць, я іх нечым прыцягваю.

Ён кіўнуў.

— Ён хірург. Я яму не званю, магу толькі пісаць. Ні на што не прэтэндую, усё разумею. Проста ідэальная каханка.

Афіцыянтка паставіла перад ёю марціні. Эрнэста паспрабаваў вычытаць з яе твару, якой яна пачуваецца ў жыцці — хутчэй шчаслівай ці хутчэй няшчаснай. Раней ён гэтага не рабіў. Брунэтка падняла келіх і без усмешкі з ім чарканулася.

— Але ж на дварэ Каляды, каб на іх трасца! — выгукнула яна.

Такім адзінокім ён не здаваўся сабе нават адзінаццаць гадоў таму. Ён не мог уцяміць, чаму сёння ўсё так раптам павярнулася. Жыццё ў скароце, падумаў ён.

— Так, Каляды на гэта паганыя, — пагадзіўся ён.

— На Каляды ўсё проста мацней адчуваеш, вось і ўсё.

Ён думаў пра бацьку.

— На Шчодры вечар я, натуральна, у бацькоў, — працягвала яна. — Усе прыкідваемся, што так яно ўсё ў парадку. Я паспытаю салату, а бацька кажа: Ну, з вячэрай, мусіць, пачакаем маму.

У радыё загучала “Merry Christmas”. Яна засмяяліся.

— З гэтых Калядаў рэальна шызануцца можна, — сказаў Эрнэста.

— Вы ў нараджэнне Пана нашага таксама не надта верыце, праўда?

— Так.

— Вось і я.

— Часам і хацелася б, але... Не выходзіць. Проста я не здатная.

— Me neather, — адказаў ён на аўтамаце нязмушана.

— Яселькі! — выгукнула яна з апломбам. — Вам гэта не здаецца дзяціным? Усе гэтыя фігуркі?

Яна на імгненне кранулася ягонай рукі. Ён пазіраў са згодай, пазабаўлена, але адчуваў расчараванне. Усё ішло надта хутка. Яе прыцягальнасць не была ціхаю. Дзіва знікла.

— Нават тую шафку на боты мне не сабралі, — прамовіла яна праз хвіліну. — “Ikea”, ну, вы ведаеце... Кожны з тых трох жанацікаў спачатку паабяцаў, але як убачыў, колькі там шрубак, дык замяў справу. Бо тады б яны не паспелі мяне трахнуць.

Марнасць, падумаў ён. Нічога, акрамя марнасці.

— Два гады ў вітальні стаіць каробка. Маё жыццё — гэта несабраная шафа на боты.

Гэтыя словы прагучалі п’янавата.

— Рахунак! — крыкнуў ён афіцыянтцы.

Эрнэста забарабаніў пазногцямі па стале, напэўна, каб зноў не правароніць гэты момант уласнай упэўненасці. Мо яшчэ паспее купіць хоць парфуму. У вачах брунэткі чыталася пакрыўджанасць. Яна выпрастала спіну. Ён развітаўся, кіўнуў землякам, надзеў паліто і выйшаў на вуліцу. Трэба было ўзяць парасон, падумаў ён. Натоўп прыспешыў ягонае рашэнне, у які бок скіравацца. Некаторыя крамы ўжо зачыняліся. Ён паглядзеў у найбліжэйшую асветленую вітрыну і ледзь не наступіў на дзіця гадоў пяці.

— Глядзі, куды прэшся! — віскнула маці малога.

Ён перапрасіў. Яму пачынала быць холадна, але паліто ён упарта не хацеў зашпільваць. Было памылкай, што на Каляды ён не паехаў дадому. Цяпер ужо было позна. Ён зайшоў у нішу супрацьлеглага дома і нерашуча там спыніўся. “Той, хто ведае, дзеля чаго жыве, пераадолее амаль кожнае як”, падумаў ён саркастычна. Ён абышоў квартал і вярнуўся ў кавярню. Яна ўбачыла яго амаль імгненна. Ягоны твар быў зусім мокры. Ён паціснуў плячыма.

— Ciao.

Яна паказала, каб прысеў побач.

— Але ж нешта ў гэтых Калядах дакладна ёсць, — сказала яна праз хвіліну.

Пераклад з чэшскай – Сяргей Сматрычэнка © 2015

Чытайце таксама

Жорж Экгаўт

Жорж Экгаўт

Франкамоўны бельгійскі пісьменнік, сацыяліст, анархіст, ураніст, як у ХІХ ст. называлі геяў, упадніцкі эстэт, акадэмік, класік бельгійскай літаратуры.

Грыцько Чубай

Грыцько Чубай

Украінскі паэт і перакладчык, адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў львоўскага андэграўнду 1970-х гг

Станіслаў Бараньчак

Станіслаў Бараньчак

Польскі паэт, літаратуразнаўца, крытык, эсэіст, перакладчык, актыўны дзеяч Салідарнасці

Марыя Шцястна

Марыя Шцястна

Нарадзілася ў Валашскім Мэзыржычы, у Астраве вывучала гісторыю мастацтва, цяпер жыве ў Празе і прафесійна займаецца вырабам ювелірных упрыгожанняў

954