Цікавая са мной адбылася гісторыя, расказваў хатні настаўнік, адзін з тых дзівосных і фантастычных выпадкаў, якія здараюцца з чалавекам у жыцці. Я страціў найлепшае месца працы, якое толькі мог атрымаць. Але я задаволены тым, што трапіў у Торп-Плэйс, бо прыдбаў... але пра тое, што я прыдбаў, вы даведаецеся з майго аповеду.
Я не ведаю, ці знаёмая вам тая частка цэнтральных графстваў Англіі, якую прарэзвае Эйван. Гэта самая ангельская частка Англіі. Шэкспір, гэтая кветка на сцябле нацыі, нарадзіўся якраз у яе цэнтры. Гэта зямля ўзгорыстых пашаў, што ў заходнім кірунку робяцца вышэйшымі і ўрэшце ператвараюцца ў Малвернскія пагоркі. Тут няма гарадоў, а толькі шматлікія вёскі з шэрай нарманскай царквой у кожнай. Цагляныя будынкі паўднёвых і ўсходніх графстваў застаюцца за вашай спінай, паўсюль толькі камень: сцены і замшэлыя каменныя пліты дахаў. Усё тут змрочнае, суворае і масіўнае, як і мусіць быць у сэрцы вялікай нацыі.
У цэнтры гэтага краю, недалёка ад Іўшэма, у старым спадчынным доме Торп жыў сэр Джон Боламар, і менавіта туды я прыехаў вучыць двух ягоных малых сыноў. Сэр Джон быў удаўцом — ягоная жонка памерла тры гады таму, пакінуўшы яго з хлопчыкамі васьмі і дзесяці гадоў і чароўнай сямігадовай дзяўчынкай. Міс Ўізэртан, а цяпер мая жонка, была выхавацелькай дзяўчынкі. Ці магла існаваць больш відавочная прэлюдыя да заручынаў? Цяпер яна выхоўвае мяне, а я вучу двух нашых уласных малых хлапчукоў. Але вось я і выдаў, што менавіта прыдбаў у Торп-Плэйс!
Гэта быў стары, неймаверна стары дом, часткова яшчэ данарманскіх часоў, і Боламары сцвярджалі, што жылі тут задоўга да заваявання Англіі нарманамі. Калі я трапіў туды ўпершыню, маё сэрца працяў холад: гэтыя таўшчэзныя сцены, грубыя раскрышаныя камяні, пах, які ішоў ад старадаўняга занядбанага будынка, нібы ад хворай жывёліны. Але сучаснае крыло блішчэла, а сад быў добра дагледжаны. Дом, у якім жыве чароўная дзяўчына, а ля ўваходу буяюць ружы, не можа падавацца злавесным.
Акрамя поўнага набору слуг у доме нас было толькі чацвёра. Міс Ўізэртан, якой было тады дваццаць чатыры і якая здавалася такой жа прыгожай, як, бадай што, цяперашняя місіс Колмар, я — трыццацігадовы Фрэнк Колмар, ахмістрыня місіс Стывенс, сухая маўклівая жанчына, і містэр Рычардс, высокі, ваеннага выгляду мужчына, які кіраваў уладаннямі Боламараў. Мы чацвёра заўсёды харчаваліся разам, а сэр Джон звычайна еў асобна ў бібліятэцы. Часам ён далучаўся да нас за абедам, але мы адчувалі сябе не горш і без ягонага таварыства.
Быў ён асобай досыць злавеснай. Уявіце мужчыну ростам шэсць футаў тры цалі, з магутнай паставай, высокім носам, арыстакратычным тварам, валасамі з сівізной, калматымі бровамі, маленькай вострай мефістофелеўскай бародкай і нібы выразанымі сцізорыкам барознамі над бровамі і вакол вачэй. У яго былі шэрыя вочы, стомленыя і безнадзейныя, гордыя, але сумныя, вочы, што просяць вашай спагады і адначасова забараняюць яе паказваць. Ягоная спіна ад доўгіх вучоных заняткаў ссутулілася, але ў астатнім гэта быў вельмі прыгожы мужчына для сваіх, відаць, пяцідзесяці пяці гадоў — любая жанчына ахвотна звярнула б на яго ўвагу.
Але ягоная прысутнасць не радавала. Ён быў заўжды ветлівым, заўжды прыязным, але надзвычай маўклівым і замкнёным. Ніколі я не жыў так доўга з чалавекам, ведаючы пра яго так мала. Калі ён быў дома, то бавіў час у сваім маленькім пакойчыку ва ўсходняй вежы ці ў бібліятэцы ў сучасным крыле. Ягоны штодзённы распарадак быў такім аднастайным, што ў любы час можна было дакладна сказаць, дзе ён цяпер. Двойчы ў дзень ён наведваўся ў свой кабінет, першы раз пасля снедання і другі — каля дзясятай вечара. Па груку ягоных цяжкіх дзвярэй можна было звяраць гадзіннік. Рэшту дня ён праводзіў у бібліятэцы, і толькі гадзіну-другую апоўдні шпацыраваў ці катаўся на кані — самотна, як усё ягонае існаванне. Дзяцей сваіх ён любіў і ахвотна цікавіўся іх поспехамі ў навучанні, але іх палохала гэтая маўклівая фігура з кудлатымі бровамі, і яны пазбягалі яе, калі маглі. Так, папраўдзе, рабілі мы ўсе.
Я далёка не адразу даведаўся хоць пра якія абставіны жыцця сэра Джона Боламара, бо місіс Стывенс, ахмістрыня, і містэр Рычардс, які кіраваў маёнткам, былі занадта адданымі слугамі, каб свабодна размаўляць пра справы свайго гаспадара. Што да гувернанткі, то яна ведала не больш за мяне, і нашая агульная цікавасць, акрамя іншага, прыцягвала нас адно да аднаго. Аднак нарэшце здарыўся выпадак, дзякуючы якому я бліжэй пазнаёміўся з містэрам Рычардсам і больш даведаўся пра жыццё таго, каму служыў.
Прычынай гэтага зрабілася падзенне Персі, малодшага з маіх вучняў, у запруду перад млынавым колам, праз што ў небяспецы аказаліся і хлопчык, і я, бо мне давялося рызыкнуць сабой і выратаваць яго. Змоклы і стомлены — бо я выдыхнуўся нашмат больш, чым малы, — я скіраваўся ў свой пакой, калі сэр Джон, пачуўшы шум, адчыніў дзверы свайго маленькага кабінета і спытаў, што здарылася. Я паведаміў пра здарэнне, але запэўніў яго, што цяпер хлопчыку нішто не пагражае. Ён слухаў мяне з нерухомым каменным тварам, і яго эмоцыі выдавалі хіба што пільныя вочы і сціснутыя вусны.
— Пачакайце хвілінку... зайдзіце! Раскажыце мне падрабязнасці, — сказаў ён, паварочваючыся ў адчыненых дзвярах.
Вось так я і трапіў у той невялікі кабінет, куды, як даведаўся пазней, апошнія тры гады не ступала ніводная душа, акрамя старой прыбіральшчыцы. Гэта быў круглы (у адпаведнасці з формай вежы, у якім месціўся) пакой з нізкай столлю, адным вузкім акном, абвітым плюшчам, і самай сціплай мэбляй. Стары кілім, адно крэсла, пісьмовы стол і невялікая кніжная паліца — вось і ўсё, што ў ім было. На стале стаяла фатаграфія жанчыны ў поўны рост — я не разгледзеў рысаў яе твару, але запомніў уражанне ціхмянасці і дабрыні. Побач ляжала вялікая чорная лакаваная скрынка і адзін-два стосы звязаных стужкай лістоў ці папераў.
Нашая гутарка была кароткай, бо сэр Джон Боламар разумеў, што я змок і мушу як мага хутчэй пераапрануцца. Аднак пазней мяне чакала павучальная размова з Рычардсам, які ніколі не быў у пакоі, куды выпадкова трапіў я. У той жа самы дзень ён, сама цікаўнасць, падышоў да мяне, і мы прагуляліся садовай сцежкай, пакуль мае навучэнцы гулялі побач на лузе ў тэніс.
— Вы наўрад ці ўяўляеце, якое выключэнне для вас зрабілі, — сказаў ён. — Гэты пакой трымаецца ў такой сакрэтнасці і сэр Джон так рэгулярна і часта яго наведвае, што ў доме да яго ставяцца амаль прымхліва. Будзьце ўпэўненыя: як толькі я перакажу вам плёткі пра гэты пакой, гісторыі пра яго таямнічых візіцёраў і пра падслуханыя слугамі галасы, вы адразу ж западозрыце, што сэр Джон зноў узяўся за старое.
— Што значыць “за старое”? — спытаў я.
Ён здзіўлена паглядзеў на мяне.
— Няўжо вы нічога не ведаеце пра мінулае сэра Джона?
— Зусім нічога.
— Вы мяне здзіўляеце. Я думаў, уся Англія хоць нешта ведае пра ягоныя подзвігі. Я б не стаў чапаць гэтую тэму, калі б вы не былі адным з нас, і калі я прамаўчу пра гэтыя факты, яны ўсё адно дойдуць да вас у больш грубай форме. Я заўсёды лічыў, што вы ведаеце, каму служыце — Д’яблу Боламару
— Але чаму Д’яблу? — спытаў я.
— Ах, вы яшчэ малады, а свет хутка змяняецца! Дваццаць гадоў таму імя Д’ябла Боламара было адным з самых вядомых у Лондане! Ён быў галавой кампаніі закаранелых шалапутаў, баксёрам, аматарам коней, гульцом, выпівохам — нашчадкам старога тыпу людзей і не лепшым за найгоршага з іх.
Я здзіўлена паглядзеў на яго і ўсклікнуў:
— Як?! Такі ціхмяны, працавіты чалавек з сумным тварам?..
— Найвялікшы распуснік і дэбашыр у Англіі! Але ўсё гэта толькі паміж намі, Колмар. Цяпер вы разумееце, што я маю на ўвазе, калі кажу, што жаночы голас у яго пакоі дагэтуль можа выклікаць падазрэнні.
— Але што магло так яго змяніць?
— Маленькая Бэрыл Клэр, калі рызыкнула стаць ягонай жонкай. Гэта быў паваротны пункт. Ён зайшоў так далёка, што яго адрынула нават яго бязладная кампанія. Вы ж ведаеце, паміж выпівохам і п’яніцам велізарная розніца. Яны ўсе выпіваюць, але п’яніцу ў сваё кола не дапусцяць. Ён зрабіўся рабом бутэлькі — безнадзейным і бездапаможным. Тады з’явілася яна, убачыла магчымасці выбітнага чалавека, з якім здарылася бяда, і пагадзілася на рызыку выйсці за яго замуж, хаця магла выбіраць з тузіна іншых. Яна прысвяціла яму сваё жыццё і вярнула чалавечую годнасць. Вы заўважылі, што ў доме зусім няма алкаголю? Яго й не было з таго моманту, як яна пераступіла гэты парог. Нават цяпер яго кропля была б як кроў для тыгра.
— Значыць, яе ўплыў дагэтуль яго стрымлівае?
— І ў гэтым якраз сапраўдны цуд. Калі яна тры гады таму памерла, усе мы чакалі і баяліся, што ён возьмецца за старое. Яна сама баялася гэтага больш, чым смерці, бо была для мужа анёлам-абаронцам і ў гэтым бачыла сэнс свайго жыцця. Дарэчы, ці бачылі вы ў ягоным пакоі чорную лакаваную скрыначку?
— Бачыў.
— Думаю, там лісты ад яе. Кожны раз, калі ён хаця б на адну ноч некуды з’язджае, ён абавязкова скрынку з сабой. Ох, Колмар, мабыць, я сказаў вам больш чым трэба, але я чакаю ад вас таго ж, калі вы раптам дазнаецеся пра нешта цікавае.
Было відаць, што гэты добры чалавек проста памірае ад цікаўнасці і крыху пакрыўджаны на тое, што я, прыбыш, першы пабываў у забароненым пакоі. Затое я вырас у яго вачах, і з таго часу мы з ім сталі больш адкрытымі адзін з адным.
Так я больш зацікавіўся маўклівай і магутнай постаццю майго гаспадара. Я пачаў разумець той дзіўна чалавечны выраз яго вачэй, тыя глыбокія барозны на яго ўстурбаваным твары. Гэты чалавек з ранку да вечара вёў сам-насам бясконцую вайну з жудасным ворагам, які заўжды быў ад яго на адлегласці выцягнутай рукі — ворагам, які знішчыў бы яго цела і душу, калі б толькі змог яго апанаваць. Калі я заўважаў у калідоры або ў садзе яго змрочную згорбленую фігуру, мне здавалася, што блізкая пагроза набывае фізічную форму, і я амаль бачыў, як агідны і небяспечны вораг крадзецца проста ў ягоным цені, быццам напалову ўтаймаваны драпежнік, што сочыць за гаспадаром, гатовы напасці ў першы ж момант, калі той аслабіць пільнасць. Яшчэ я ўяўляў мёртвую жанчыну, якая аддала жыццё, каб адвесці ад яго небяспеку. Я адчуваў яе цьмяную, але прыгожую прысутнасць — яна нібы ўвесь час стаяла, раскінуўшы рукі, каб абараніць каханага.
Неяк незаўважна ён здагадаўся пра маё спачуванне і ў сваёй маўклівай манеры выказаў сваю ўдзячнасць. Аднойчы ён нават запрасіў мяне на паабедзенны шпацыр, і хаця тады мы не прамовілі ні слова, гэта быў знак даверу, якога ён ніколі не выказваў да іншых. Да таго ж ён папрасіў мяне праіндэксаваць яго бібліятэку (адну з найлепшых прыватных бібліятэк у Англіі), і я шмат гадзін правёў побач з ім ці нават у яго кампаніі, бо калі ён чытаў за сталом, я ў нішы ля акна ператвараў хаос яго кніг у парадак. Нягледзячы на такія блізкія адносіны, мяне больш ніколі не запрашалі ў пакой у вежы.
Але аднойчы маё стаўленне да яго змянілася: адзінае здарэнне ператварыла маю сімпатыю ў нянавісць. Я зразумеў, што мой працадаўца застаўся ранейшым, прыдбаўшы дадаткова загану крывадушнасці. А адбылося вось што.
Аднойчы вечарам міс Ўізэртан паехала ў суседнюю вёску Бродуэй спяваць на канцэрце для адной дабрачыннай арганізацыі, а я, выконваючы дадзенае ёй абяцанне, выправіўся па яе, каб праводзіць дадому. Дарожка агінала ўсходнюю вежу, і, ідучы там, я заўважыў, што ў круглым пакоі гарыць святло. Быў летні вечар, і трохі вышэйшае за нашыя галовы акно было адчыненае. Як гэта звычайна бывае, мы заглыбіліся ў размову і прыпыніліся на лужку, што атачаў старую вежу, але раптам адна акалічнасць забрала нашую ўвагу і адцягнула думкі ад тэмы гаворкі.
Мы пачулі голас — несумненна, гэта быў голас жанчыны. Ціхі, такі ціхі, што яго можна было пачуць толькі ў такую бязветраную ноч, — але, нягледзячы ні на што, было ясна, што ён належаў жанчыне. Голас паспешліва і з цяжкасцю прамаўляў некалькі фразаў, а пасля замаўкаў — жаласліва, задыхана, умольна. Міс Ўізэртан і я адзін момант стаялі і глядзелі адно на аднаго. Затым мы хутка пайшлі да ўваходных дзвярэй.
— Голас чуўся з акна, — сказаў я.
— Мы не маем права падслухоўваць, — адказала яна. — Мы мусім забыць, што ўвогуле яго чулі.
Яна не здзівілася, і гэта падштурхнула мяне да новай думкі.
— Вы чулі яго раней! — закрычаў я.
— Я не магла не чуць. Мой пакой знаходзіцца ў той жа вежы вышэй. Такое здараецца часта.
— Кім можа быць гэтая жанчына?
— Не ведаю. І не хачу гэта абмяркоўваць.
Па яе голасе я зразумеў, што яна пра ўсё гэта думае. Але калі наш гаспадар вёў падвойнае сумнеўнае жыццё, кім магла быць загадкавая жанчына ў старой вежы? Я сам бачыў, якім маркотным і пустым быў гэты пакой. Там яна дакладна не жыла. Але адкуль тады яна з’яўлялася? Гэта не мог быць нехта з прыслугі. Усе яны знаходзіліся пад пільным вокам місіс Стывенс. Візіцёрка мусіла прыходзіць звонку. Але як?
І тут я раптам успомніў, які стары гэты дом — а значыць, у ім можа быць сакрэтны ход. Без такога падземнага ходу не абыходзіцца ніводны стары замак. Загадкавы пакой размяшчаўся ў сутарэнні вежы, і калі нешта такое існавала, уваход туды вёў праз падлогу. Зусім побач месцілася шмат катэджаў. Сакрэтны ход мусіў выходзіць на зямлю недзе ў зарасцях ажыны ў суседнім лесе. Я нікому нічога не сказаў, але адчуў, што таямніца гаспадара ў маёй уладзе.
І чым больш я пераконваўся ў сваіх здагадках, тым больш дзівіўся таму, як ён хаваў сваю сапраўдную сутнасць. Часта, гледзячы на ягоную змрочную постаць, я задаваўся пытаннем, ці мог такі чалавек весці падвойнае жыццё, і стараўся запэўніць сябе, што мае падазрэнні могуць аказацца памылковымі. Але быў жа той жаночы голас, былі таемныя спатканні ў вежавым пакоі! Ці можна знайсці тут нявіннае тлумачэнне? Я ўяўляў сабе жудасную сутнасць гэтага чалавека. Мяне напаўняла нянавісць да такой глыбокай паслядоўнай крывадушнасці.
Толькі аднойчы за тыя месяцы я бачыў яго без маскі стрыманасці і суму, у якой ён заўжды паказваўся людзям. На імгненне я заўважыў у яго вачах бляск вулканічных агнёў, якія ён так даўно патушыў. Выпадак быў непрыгожы, бо яго гнеў выліўся на пажылую прыбіральшчыцу — як я казаў, яна адна магла ўвайсці ў таямнічы пакой. Я ішоў калідорам, які вёў у вежу (у тым кірунку знаходзіўся мой уласны пакой), калі раптам пачуў крык жаху і потым адразу — грозны рык мужчыны, які ад злосці страціў здольнасць гаварыць па-чалавечы. Гэта быў рык яраснай дзікай жывёліны. Затым я пачуў яго голас, які зрываўся ад гневу. “І вы смееце, — крычаў ён, — вы смееце парушаць мае загады?!” Праз імгненне прыбіральшчыца, дрыжучы, са збялелым тварам, прабегла перада мной цераз пераход, а жудасны голас грымеў ёй услед: “Вы атрымаеце разлік у місіс Стывенс! Каб нагі вашай больш не было ў Торп-Плэйс!” Паміраючы ад цікаўнасці, я не стрымаўся, пайшоў за ёй і знайшоў яе за рогам: яна прыхінулася да сцяны і дрыжала, як напужаны трусік.
— Што здарылася, місіс Браўн? — спытаў я.
— Гаспадар! — сказала яна. — О, як ён мяне напалохаў! Калі б вы бачылі яго вочы, містэр Колмар, сэр! Я думала, ён мяне заб’е.
— А што вы зрабілі?
— Што я зрабіла, сэр? Прынамсі, нічога такога, каб рабіць столькі шуму. Я толькі паклала руку на тую яго чорную скрыначку, нават не адчыняла яе, і тут ён увайшоў. Вы чулі, што было далей. Я страціла працу, і дзякуй Богу, бо я нізашто не хацела б зноў аказацца з ім сам-насам.
Значыць, прычынай гэтай успышкі гневу была лакаваная скрынка, тая самая, якую ён заўжды трымаў побач. Якая сувязь была, і ці была ўвогуле, паміж ёю й таемнымі візітамі дамы, чый голас я выпадкова падслухаў? Ярасць сэра Джона Боламара была доўгай і моцнай, бо з таго дня місіс Браўн, прыбіральшчыца, знікла з дому, і ў Торп-Плэйс яе больш не бачылі.
А зараз я хачу расказаць пра незвычайнае здарэнне, якое дапамагло знайсці адказы на гэтыя заблытаныя пытанні і раскрыла таямніцу майго працадаўцы. Гісторыя гэтая можа прымусіць вас засумнявацца, ці не ахвяраваў я гонарам дзеля цікаўнасці і ці не выступіў у сумнеўнай ролі шпіёна. Калі вы прыйдзеце да такой высновы, я нічога не змагу зрабіць, але магу вас запэўніць, што ўсё было менавіта так, як я вам расказваю.
Першым этапам развязкі было тое, што маленькі пакой у вежы стаў нежылым. Да гэтага спрычынілася падзенне з’едзенай чарвякамі дубовай бэлькі, што падтрымлівала столь. Струхлелая ад часу, аднойчы раніцай яна зламалася і ў пыле тынкоўкі абрынулася ўніз. На шчасце, сэра Джона там тады не было. Ён выцягнуў сваю каштоўную скрынку з-пад абломкаў і перанёс у бібліятэку, дзе замкнуў у стале. Сэр Джон нічога не зрабіў, каб выправіць шкоду, і я так і не атрымаў магчымасці адшукаць патаемны праход, існаванне якога западозрыў. Што да лэдзі, то я быў ужо вырашыў, што яе візіты скончыліся, але аднойчы вечарам пачуў, як містэр Рычардс пытае місіс Стывенс, з якой жанчынай сэр Джон размаўляў у бібліятэцы. Я не пачуў яе адказу, але з таго, як яна сябе паводзіла, зразумеў, што ёй не ўпершыню даводзіцца ўнікаць адказу на такія пытанні.
— Вы чулі голас, Колмар? — спытаў містэр Рычардс.
Я прызнаўся, што чуў.
— І што вы пра гэта думаеце?
Я паціснуў плячыма і сказаў, што гэта не мая справа.
— Ну-ну, вы ж не менш цікаўны, чым любы з нас. Гэта жанчына ці не?
— Безумоўна, жанчына.
— У якім пакоі вы яе чулі?
— У вежы, перад падзеннем столі.
— А я ў бібліятэцы мінулай ноччу. Ішоў у сваю спальню міма дзвярэй і пачуў нейкі крык і маленне гэтак жа дакладна, як чую цяпер вас. Гэта магла быць жанчына…
— Ну а што яшчэ гэта магло быць?
Ён цяжкім позіркам паглядзеў на мяне.
— Ёсць болей з'яў на свеце [1], — сказаў ён. — Калі гэта сапраўды жанчына, як яна сюды трапляе?
— Не ведаю.
— Вось і я не ведаю. А калі гэта тое, пра што я думаю… але для практычнага дзелавога чалавека ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя трохі смешна пра такое гаварыць.
Ён пайшоў, але я зразумеў, што ён падзяліўся толькі часткай сваіх сумневаў. Да ўсіх гэтых гісторыяў пра прывідаў Торп-Плэйс проста на нашых вачах далучылася яшчэ адна. Магчыма, такой яна і засталася, бо ўсю праўду дазнаўся толькі я і ніхто іншы.
І вось як я пра ўсё дазнаўся. Праз неўралгію я пакутаваў на бяссонніцу і прыкладна апоўдні прыняў вялікую дозу хларадыну, каб суцішыць боль. Тады я завяршаў індэксаванне бібліятэкі сэра Джона і звычайна працаваў там з пяці да сямі. У гэты дзень я адначасова змагаўся з бяссонніцай і лекам. Я ўжо адзначаў, што ў бібліятэцы была ніша, у якой я меў звычку працаваць. Я грунтоўна ўладкаваўся, каб заняцца сваёй справай, але мяне адолела стома, і я моцна заснуў.
Не ведаю, колькі я спаў, але калі прачнуўся, было ўжо зусім цёмна. Затлумлены прынятым хларадынам, я нерухома ляжаў у паўпрытомным стане. Вакол мяне маячылі высокія сцены вялікага пакоя з кнігамі. У святле слабых промняў месяца, што прабівалася праз аддаленае акно, я ўбачыў сэра Джона Боламара, які сядзеў за сваім пісьмовым сталом. Яго прыгожая галава і вытачаны профіль рэзка выдзяляліся на фоне бліскучага квадрата за ім. Раптам ён нахіліўся, і я пачуў рэзкі паварот ключа і скрыгатанне металу аб метал. Нібы ў сне, я ўсвядоміў, што перад ім стаіць лакаваная скрынка і што ён дастаў з яе нешта тоўстае і дзіўнае — цяпер гэта ляжала перад ім на стале. Я нічога не разумеў, і ў затлумленую і млявую галаву не прыходзіла думка пра тое, што я ўмешваюся ў яго прыватныя справы, што ён не ведае пра маю прысутнасць. І калі я гэта зразумеў і жахнуўся, калі ўжо прыўзняўся, каб паведаміць пра сябе, то пачуў дзіўны хруст, металічнае шчоўканне, а затым і голас.
Так, гэта быў голас жанчыны, у гэтым не было сумневу. У гэтым голасе чулася столькі мальбы, суму і кахання, што ён заўсёды будзе гучаць у маіх вушах. Разам з голасам я чуў нейкі дзіўны аддалены звон, але кожнае слова было ясным, хаця і слабым, бо гэта былі словы жанчыны, якая памірала.
— Не вер, што я адышла, Джон, — сказаў ціхі прыглушаны голас. — Я тут, побач з табой, і буду з табой, пакуль мы не сустрэнемся зноў. Я паміраю шчаслівай ад думкі, што ранкам і ноччу ты будзеш чуць мой голас. О, Джон, будзь моцным, будзь моцным, да самай нашай новай сустрэчы.
Як я казаў, я ўжо прыўзняўся, каб паведаміць пра сябе, але не змог гэтага зрабіць, пакуль гучаў голас. Я мог толькі застыць, напаўлежачы, напаўседзячы, здранцвелы, здзіўлены, і слухаць гэтыя сумныя і далёкія музычныя словы. А ён… ён быў так заглыблены ў сябе, што не пачуў бы мяне, нават калі б я загаварыў. Але калі голас змоўк, я прамармытаў словы выбачэння і тлумачэння. Ён ускочыў, імгненна праляцеў праз увесь пакой і ўключыў электрычнае святло, у белым мігценні якога я ўбачыў, што вочы сэра Джона гараць ад гневу, а твар перакасіўся ад хвалявання, як некалькі тыдняў таму.
— Містэр Колмар! — закрычаў ён. — Вы тут! Што ўсё гэта значыць?
Запінаючыся, я ўсё растлумачыў: і пра сваю неўралгію, і пра хларадын, і пра нечаканы сон, і пра незвычайнае абуджэнне. Пакуль ён слухаў мяне, ярасны выраз знікаў з яго твару, які зноў хаваўся за маскай суму і стрыманасці.
— Мая таямніца ў вашых руках, мстэр Колмар, — сказаў ён. — За нядбайнасць я магу вініць толькі сябе. Адкрыць палову сакрэту горш, чым увесь сакрэт, а таму, калі вы ўсё роўна столькі ведаеце, то можаце даведацца і пра астатняе. Калі мяне не стане, можаце расказваць пра гэта каму заўгодна, але да таго часу я спадзяюся на вашую годнасць, на тое, што ніводная жывая душа ні пра што не ад вас не дазнаецца. Я яшчэ маю гонар — Божа, дапамажы мне! Мяне прынамсі абурае шкадаванне, якое можа выклікаць да мяне гэта гісторыя. Я смяяўся з зайздрасці, пагарджаў нянавісцю, але шкадаванне — гэтага для майго цярпення зашмат.
Вы бачылі крыніцу гэтага голасу, які, як я разумею, абудзіў у маім доме столькі цікаўнасці. Мне вядомыя чуткі, якія ён выклікаў. Гэтыя чуткі, скандальныя або забабонныя, я магу не заўважаць і дараваць. Вось чаго я ніколі не дарую, дык гэта здрадніцкага падглядвання і падслухоўвання дзеля задавальнення нездаровай цікаўнасці. Але ў гэтым, містэр Колмар, я вас не абвінавачваю.
Калі я быў малады, значна маладзейшы, чым вы цяпер, я трапіў у Лондан без адзінага сябра або дарадцы і з такой колькасцю грошай, якая прыцягнула да мяне безліч ілжэсяброў ды ілжэдарадцаў. Я прагна піў віно жыцця — калі ёсць чалавек, які выпіў яго больш, я яму спачуваю. Мае грошы марнаваліся, характар псаваўся, здароўе пагаршалася, я больш не мог жыць без спіртнога, я быў істотай, пра якую агідна ўспамінаць. І вось у гэты час, у час майго найгоршага падзення, у маё жыццё ўвайшла самая пяшчотная і ціхмяная душа, якую Бог пасылае з нябёсаў, як анёла-абаронцу. Яна кахала мяне, кахала такога зламанага, якім я быў, і прысвяціла жыццё таму, каб зноў ператварыць у чалавека таго, хто апусціўся да ўзроўню жывёлы.
Але яе адолела смяротная хвароба, і яна чэзла на маіх вачах. У час сваіх найгоршых пакутаў яна думала не пра сябе, не пра свой боль і смерць. Яна думала пра мяне. Лёс палохаў яе толькі адным: яна думала, што без яе ўплыву я зноў зраблюся такім, як быў. Дарма я абяцаў ёй, што ў маім роце ні кроплі віна не будзе. Яна занадта добра ведала, як моцна гэты д’ябал трымае мяне, бо зрабіла столькі намаганняў, каб паслабіць ягоную хватку. Дзень і ноч яе мучыў страх, што мая душа зноў акажацца пад яго ўладай.
Ад адной сяброўкі, што прыходзіла наведаць хворую, яна пачула пра новае вынаходніцтва, фанограф, і адразу з імклівай кемлівасцю закаханай жанчыны зразумела, як яго можна выкарыстаць. Яна адправіла мяне ў Лондан набыць найлепшы і найдаражэйшы апарат. Ужо паміраючы, яна прашаптала ў яго словы, якія з таго часу ахоўваюць мяне. Самотны і зламаны, якую я яшчэ маю ва ўсім свеце падтрымку? Але досыць. Калі будзе на тое Божая воля, мне не будзе сорамна сустрэць яе, калі Ён вырашыць зноў злучыць нас! Вось мой сакрэт, містэр Колмар, і пакуль я жыву, я давяраю вам яго захоўваць.
Каментар
“Ёсць болей з'яў на свеце…” — цытата ўзятая з “Гамлета, прынца дацкага” Ўільяма Шэкспіра (акт 1, сцэна 5). Цытуецца паводле перакладу Юркі Гаўрука.