№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джордж Оруэл

Ліст пра ўзмацненне таталітарызму

Ліст

Пераклад з ангельскай Раман Патапчук

Ліст Джорджа Оруэла, напісаны за тры гады да стварэння і за пяць — да выдання рамана “1984”, тлумачыць, чаму пісьменнік узяўся за напісанне гэтага твора.

 Ноэлу Ўілмэту

18 траўня 1944

 

Шаноўны містэр Ўілмэт!

Вялікі дзякуй за ліст. Вы пытаецеся, ці сапраўды таталітарызм, культ асобы і да т.п. на ўздыме, і даводзіце, што ў нас і ў ЗША гэта відавочна не так.

Я ж баюся, што такія з’явы ў свеце пашыраюцца. Гітлер, без сумненняў, хутка знікне, але толькі за кошт узмацнення Сталіна, ангельска-амерыканскіх мільянераў і ўсіх магчымых фюрэрчыкаў кшталту дэ Голя. Паўсюдныя нацыяналістычныя рухі, нават тыя, што паўсталі як супраціў нямецкаму панаванню, набываюць недэмакратычныя формы, аб’ядноўваюцца вакол пэўнага суперчалавека-фюрэра (Гітлера, Сталіна, Салазара, Франка, Гандзі, дэ Валеры ці падобных да іх) і прымаюць на ўзбраенне тэорыю, паводле якой мэта апраўдвае сродкі. Паўсюдна свет зрушваецца ў бок цэнтралізаваных эканомік, што ў эканамічным сэнсе могуць і запрацаваць, аднак арганізаваныя яны недэмакратычна і ствараюць падмуркі каставай сістэмы. Разам з гэтым паўстае небяспека эмацыйнага нацыяналізму і тэндэнцыі да адмаўлення аб’ектыўнай ісціны, бо ўсе факты павінныя адпавядаць прамовам і прадказанням пэўнага беспахібнага фюрэра. Гісторыя ў пэўным сэнсе ўжо перастала існаваць, бо ўніверсальна прынятай гісторыі нашага часу, напрыклад, няма, а дакладныя навукі апынуцца пад пагрозай, як толькі чалавецтва праз вайсковыя патрэбы перастане трымаць марку. Гітлер можа сказаць, што вайну распачалі габрэі, і калі ён перажыве вайну, гэта стане афіцыйнай гісторыяй. Ён не можа сказаць “двойчы два — пяць”, бо дзеля патрэбаў, скажам, балістыкі гэта павінна складаць чатыры. Аднак калі будзе створаны свет кшталту таго, якога я асцерагаюся, свет з двума-трыма супердзяржавамі, няздольнымі заваяваць адна адну, двойчы два можа ператварыцца ў пяць, калі фюрэр так скажа. А паводле маіх назіранняў, мы пакуль што рухаемся акурат у гэтым кірунку, хоць, пэўна, гэты працэс абарачальны.

Што да адноснай устойлівасці Брытаніі і ЗША, то што б ні казалі пафіцысты і іншыя, мы пакуль не захопленыя таталітарызмам, і гэта абнадзейвае. Я глыбока веру, як ужо тлумачыў у сваёй кнізе “Леў і Аднарог”, у ангельскую нацыю і яе здольнасць да цэнтралізацыі ўласнай эканомікі без руйнавання свабодаў. Аднак трэба памятаць, што Брытанія і ЗША, па сутнасці, яшчэ не выпрабаваныя, яны не зазналі ні паразаў, ні цяжкіх пакутаў, і некалькі трывожных сімптомаў могуць быць супрацьпастаўленыя добрым. Пачаць трэба з агульнай абыякавасці да заняпаду дэмакратыі. Ці ўсведамляеце вы, напрыклад, што ніхто ў Англіі, маладзейшы за 26 гадоў, не мае права голасу, і што дагэтуль, як можна бачыць, ніхто з гэтай вялікай колькасці людзей і ў галаву нічога не бярэ? Па-другое, вядома, што інтэлектуалы больш таталітарныя ў поглядах, чым звычайныя людзі. Агулам ангельская інтэлігенцыя супрацьстаяла Гітлеру, аднак за кошт падтрымкі Сталіна. Большасць з іх падрыхтаваная для дыктатарскіх метадаў, сакрэтнай паліцыі, сістэматычнай фальсіфікацыі гісторыі і да т.п., пакуль яны адчуваюць, што гэта на “нашую” карысць. Той факт, што ў Англіі няма фашысцкага руху, насамрэч азначае, што моладзь цяпер шукае свайго фюрэра недзе яшчэ. Ніхто не можа быць упэўнены, што гэта не зменіцца, і ніхто не можа быць упэўнены, што праз дзесяць гадоў звычайныя людзі не пачнуць разважаць так, як цяпер інтэлектуалы. Спадзяюся, што не пачнуць, я нават веру, што не пачнуць, але калі так — гэта будзе за кошт барацьбы. Калі нехта проста абвесціць, што ўсё да лепшага і не згадае пра злавесныя сімптомы, ён проста наблізіць такім чынам таталітарызм.

Вы пытаецеся, чаму я падтрымліваю вайну, калі свет, на маю думку, коціцца ў фашызм. Гэта выбар паміж двума ліхамі; я схіляюся да таго, што ці не любая вайна — зло. Я дастаткова ведаю пра брытанскі імперыялізм, каб яго не любіць, але я буду падтрымліваць яго супраць нацызму або японскага імперыялізму, бо гэта меншае ліха. Таксама я падтрымаю СССР супраць Германіі, бо думаю, што СССР не зможа цалкам пазбегнуць свайго мінулага і вернецца да пачатковых ідэалаў рэвалюцыі, каб стаць больш пазітыўным феноменам, чым нацысцкая Германія. Я мяркую, і я так лічыў ад пачатку вайны, у 1936 ці каля таго, што наш выпадак лепшы, але мы павінныя старацца рабіць яго яшчэ лепшым, дзеля чаго патрэбная пастаянная крытыка.

Сардэчна ваш,
Дж. Оруэл

Пераклад зроблены паводле: http://www.thedailybeast.com/articles/2013/08/12/george-orwell-s-letter-on-why-he-wrote-1984.html

Пераклад з ангельскай – Раман Патапчук © 2013

Чытайце таксама

Ціт Макцый Плаўт

Ціт Макцый Плаўт

Значных рымскіх камедыёграфаў, першы рымскі аўтар, ад якога захаваліся цэлыя творы

Джэймс Дуглас Морысан

Джэймс Дуглас Морысан

Амерыканскі паэт, эсэіст, аўтар песняў, вакаліст гурта The Doors

Алег Коцараў

Алег Коцараў

Украінскі паэт, празаік, журналіст

Рышард Капусціньскі

Рышард Капусціньскі

Польскі рэпарцёр, журналіст, празаік, паэт, фатограф, “імператар рэпартажу”

1568