№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

Вольга Бабкова

М

Эсэ

Мядзвежына

Дотык ядвабнай травы даўняга ўрочышча казыча мяне ў сне. Трава дакраналася да плячэй. На беразе жоўта-зялёнага мора сядзеў сівы дзеді плёў кош. Донца было ўжо зробленае, і ён далей перабіраў пальцамі гнуткія пруты, размаўляючы з намі і з імі. Побач стаяла хата і рос вялікі дуб. Дах майго дома быў бачны ззаду па-над травой, але адлегласць здавалася падманлівай, бо тут, каля дзеда, віраваў разам з пчоламі зусім іншы свет. Напэўна, гэта былі апошнія гады існавання рэшткаў вёскі Малое Мядзвежына, на месцы якой паўсталі новыя вуліцы. Дзедавай мясціне пасавалі б назвы Белы Дзед, Божы Дар ці Рай, якія мне даводзілася сустракаць пазней у старых дакументах, але імёны блізкага наваколля былі іншыя — Доўгая Ніва, Тучынка, Нядзвежына, Плешчанка, Грушаўка... У Паўла Шпілеўскага нядаўна прачытала апісанне Мядзвежына: “Хутар, што красуе пагоркамі ды палямі, паміж якімі заўважныя дзве глыбокія лагчыны, падзеленыя паплавамі і ўпрыгожаныя размаітымі травамі”. Вось менавіта гэтыя рознакаляровыя травы з пругкімі мяцёлкамі, пабачаныя вандроўнікам Шпілеўскіму сярэдзіне пазамінулага стагоддзя, казыталі мяне ў сярэдзіне мінулага, а дотык іх застаецца жывым у гэтым стагоддзі. Люблю лавіць такія ланцужкі.

Што засталося мядзвежынага ў гэтым куточку Мінска? Асабіста для мяне — неверагодная прытульнасць ад голасу начных цягнікоў, які працінае прасторубылых ўрочышча, хутара і вёскі Мядзвежына. І калі ты ляжыш захутаны ў коўдру і чуеш іх тужлівы гуд — раптам адчуваеш сябе як у мядзведзя за пазухай.

Мухля

Мухлю нейкі дабрадзей узнагародзіў белымі і ружовымі лілеямі. Мухлі больш за сто гадоў, і велізарная колькасць гараджанаў былога Нямецкага квартала гадаваліся тут у вазочках, у вадзе і на лёдзе, таму ўганараванне яе вады лілеямі цешыць вока і душу. Крынічны ставок упрыгожвае стары гарадскі квартал. У вадзе звыкла адлюстроўваюцца дрэвы, рыбакі, сонца і месяц, зоры і ліхтары, а таксама цені вечных качак і кірляў. Безумоўна, у ёй няма адбітку профілю ці анфасу татарскага князя БекіраАлександровічаМухлі, але менавіта вада гэтай азярынкі захавала памяць пра яго праз імя —Мухля. Цэлы татарскі род Мухляў жыў у Менску і валодаў апроч іншага землямі непадалёк блізкай Кальварыі. Чуткі, шэпты, пераказы спляліся невядомым чынам, замацаваліся тут і ўкараніліся. Ставок атрымаў імя. Калі я бачу бегуноў з навушнікамі, што наразаюць колы вакол Мухлі, то ўяўляю гучанне “Паравінаў году” Вівальдзі. Бо менавіта тут яны змяняюцца раз ад разу як на адвечнай кінастужцы без кінамеханіка з вузкімі вачыма .

Мора

Калі горад не стаіць на беразе мора ў атачэнні гор, гэты недахоп часам выпраўляюць аблокі. Ідзеш па галоўным праспекце Мінска ці едзеш на якіх колах — і раптам вочы засціць нечуваны краявід на даляглядзе: снегавыя шапкі з ружовым падсветам ці пеністае бурлівае мора, што вось-вось зальегорад да самай Круглай плошчы. Вочы вільгатнеюць ад уявы, а ў душы расце прадчуванне дараванай свежасці, якая чакае за паваротам. Насамрэч Мінск мае іншыя прыўкрасныя экзоты. З даху любога хмарачосу ці чортавага кола ў Гарадскім садзе заўсёды бачны край лесу ўдалечыні, які вабіць і дае спадзеў на ўратаванне. А калі пільна паўзірацца ў пэўны бок, на даляглядзе можна пабачыць і люстра Мінскага мора.

Калі ўначы глядзіш з вяршыні Мтацмінды, тбіліскай святой гары, на мапе асветленага горада ўнізе бачныя дзве велізарныя цёмныя плямы — гарадскіх могілак і Тбіліскага мора. Гэтая цемра вабіць і заварожвае. Мора затоена дыхае, а могілкі затойваюць маўчанне.

Менчукі добра ведаюць натуру свайго аддаленага ад горада мора, напрыклад, ягоную звычку зелянець у жніўні, але вада ўсё роўна прыцягвае, і цягнікі выкульваюць новыя полчышчы распранутых цягамусяго лета. Тут усё амаль па-сапраўднаму — хвалі, пірс, пясок, хвоі, яхты, ветразі, блакіт, чэрвеньскі лубін на белых пагорках, які дадае фарбаў сціпламу мору. Тут завязваліся раманы і выспявалі шлюбы, паліліся вогнішчы, з’ядаліся кавуны нават пасярод восені. Калі ўсё ж зеленкаватая раска бязлітасна зацягне водны краявід да сярэдзіны, а аер з асакой наструняцца ды запануюць, я буду ведаць дзе шукаць логава самага вялізнага менскага Вадзяніка.

Майстар

Горад быў слаўным сваімі гільдыямі, зэгармістрамі ды злотнікамі пад размаітымі штандарамі цэхаў. Майстра, народжанага па вызначэнні, пазнаць няцяжка. З ім не гуляецца час, не кладзе на яго свой зменлівы адбітак. Добры майстар у горадзе заўсёды на сваім месцы. На вуліцы Чырвонай уздоўж трамвайных рэек, дзе калісьці пахла кавай з крамы “Нектар”, працуе ў маленькай майстэрні-пад’езде гадзіннікавых справаў майстар. Ужо гадоў колькі трымае там свой пост за высокай катэдрай з дзясяткамі маўклівых і тахкіх механізмаў. Лупа на складцы ля вока, ліхтарык на сівых валасах, тонкія прылады ў вялікіх мяккіх пальцах. Гулівер, які запускае праз зубчастыя колцы час для ліліпутаў. Ён кіруе тым часам і пануе ў малой прасторы свайго прытулішча. Ты глядзіш на яго знізу ўверх, працягваючы руку з мёртвым гадзіннікам на высокую стальніцу катэдры, і чакаеш прысуду. А пакуль азіраеш насценныя гадзіннікі, карэньчыкі кніг ў старой шафе, мапу светуі ўсё, што можа ўхапіць вока на краі ягонага стала. Сама дзея адбываецца ў глыбокай нішы, атуленай святлом лямпы. Дзіва, але калі трапляеш у гэты пад’езд з шумлівай вуліцы і прычыняеш за сабой дзверы, застаешся сам-насам з маўклівым часам і мудрым менскімгабрэем-зэгармістрам, які — так хочацца верыць мне — ніколі не пакіне свой пост.

Месцы

Горад зладаваны так, што на яго скрыжаваннях часам паўстаюць надзвычай запамінальныя месцы. Такой была і засталася ў памяці UPTEKA — файная кавярня непадалёк Нямігі, насупраць старога кінатэатра “Перамога”. Колькасць шматлікага посудку ў кавярні адпавядала колькасці размаітых наведнікаў і мілай абслугі. Твары былі знаёмыя і незнаёмыя. Пульхныя і загостраныя, зграбныя і не вельмі. Увагу забіралі ножкі афіцыянтак, якія мільгалі з-пад шырокіх разрэзаў даўгіх кармінавых спадніц-накідак, абкручаных вакол попак накшталт хустак. Нізкая хада абутку нараджала плаўнае слізганне па паверхні каменнай падлогі з выявамі накрэсленых лацінскіх выразаў. Можа, гэта былі фрагменты медычных парадаў Парацэльса, а можа,урыўкі старой рэцэптуры, знойдзеныя на паддашку менскай камяніцы, дзе аптэкарам колісь быў МатысЧаховіч? Такі самы фрагмент, але адбіты на паперы, ляжаў на стале пад таўстасценным парцалянавым кубачкам кавы, якой было роўна столькі, каб зрабіць тры глыткі, акурат як прымаючы мікстуру са сталовай лыжкі. Толькі гэтым разам мікстуры духмянай, гаючай, чорнай, з дымком, што цягнуўся амаль ад кожнага століка да столі, дзе перамешваўся і на хвіліну ўтвараў фігуры, расшыфраваць якія мог бы толькі ўтрапёны дэшыфроўшчык сваіх і чужых відзежаў. Кава, як і цыгарэта, рабілі свет на імгненне шчаслівейшым.

Вежа касцёла на КАЛЬВАРЫІ заўсёды была бачная з вокнаў майго дома, пакуль дрэвы былі меншымі. Так і тырчала ўдалечыні светлым шпілем з цёмнай купы могілкавых дрэваў. Цяпер гэтую відзежу мне замянілі залатыя дзюбы крумкачоў на блізкіх хвоях насупраць акна, якія разам з клёнамі, каштанамі ды ліпамі выраслі і разліліся зялёным морам да самага краягляду. Цяпер я не бачу, але адчуваю прысутнасць менскайКальварыі непадалёк. Могілкі вабяць. Гэта, бадай, адзінае месца ў горадзе, дзе пануе сапраўдная ціша. Восеньская, зімовая, вясновая, летняя маўкліня. Менавіта тут з лёгкім смуткам прымаеш да сэрца словы старой мовы пра свет, у якім жывем: прывідны, мізэрны, адменны, аблудны, нярозны, надзны.

Менавіта тут разам з людзьмі пахаваныя тысячы і тысячы маўклівых гісторыяў, таму цвінтарнаепаветра звініць не толькі гудам пчолаў ды чмялёў. Кальварыйскім могілкам пашанцавала, яны, спадзяюся, застануцца тут датуль, пакуль Менск будзе горадам. Бо ў астатніх мінскіх кладоў незайздросны лёс: спачатку яны хаваюць у сваіх нетрах жыхароў горада, а пасля горад паглынае могілкі ў сваіх.

Ёсць на мапе горада адно стракатае месца, пра якое ведаюць, напэўна,усе карэнныя жыхары — СТАРАЖОЎКА. Часам мне здаецца, што менавіта тут такхае сэрца Менска. У гэтай мясціне спляліся ўзоры самых розных канфігурацый, магчымых у гарадской прасторы, а таксама розныя водары і гукі. Тут каменнае мліва вырабляў Менеск, а далонь памятае вагу камянёў з часоў менскай мытні, якімі пасля брукавалі горад. Тут бомкаюць званы Магдалены, а калісьці пазвоньваў менскі трамвай, калі спыняўся каля царкоўнай брамы, тут і сёння можна пабачыць фрагмент старой рэчкі Пярэспы, што брала пачатак ад Камароўскага балота. Тут месцяцца старая і новая сінагогі, тут у архіўным сховішчы захоўваюцца самыя старажытныя дакументы нашай краіны, а калісьці і яе кінахроніка (у магутных сценах царквы). Тут спачываюць парэшткі праваслаўных жыхароў на былых, бясследных цяпер Старажоўскіх могілках. Тут пахне печанай скарынкай са старога хлебазавода, соладам з менскага бровара, вадой Свіслачы.Тут можна пачуць украінскую, анегельскую, беларускую мовы, ідыш… Зрэдку, але пачуць.

Маці

На Нямізе тоўпілася зграя здзічэлых сабак — вялізных і малых, чорных і рудых, як вавёркі. Якраз у тым самым месцы, дзе ўнізе было старое рэчышча. Бетонныя сцены і бліскучыя рэкламы засталіся недзе наўзбоч, увагу прыцягвалі менавіта яны — беспрытульныя і чуйныя. Круціліся, прысаджваліся, падскоквалі, беглі, нібы шукаючы кагосьці, па старых адрасах. Вось тут, на рагу вуліцы, на месцы шклянога дома, дзе падазрона пахне ежай, сядзіць клоўн у чырвоных чаравіках, а ўсярэдзінегучыць “Стары Ольса”, упяцідзясятыя стаяла старэнькая драўляная сіняя (ці зялёная) пошта №5, дзе мая маці — студэнтка ўніверсітэту атрымлівала пераводы з дому. Аднаго разу тры рублі з тых пераводаўу яе з рук выхапіў нейкі хлопец, калі яна выходзіла з жалезнай брамы інтэрната, каб зайсці у гастраном, у які, дарэчы, трэба было спускацца па лесвіцы ўніз. Так і ішла задуменная па няміжскімквартальчыку з трохрублёвікам у руцэ, пакуль не забралі. А непадалёк на другім баку вуліцы, калі ісці ў бок керасінавай лаўкі, была майстэрня жалезных вырабаў. Туды маці насіла рамантаваць патэфон, які прывезла ў Менск з Ваўкавыска. Якраз непадалёк у краме прадаваліся кружэлкі. Глядзець кіно хадзілі пераважна ў кінатэатр “Першы”, пабудаваны яшчэ немцамі. Самы ўлюбёны фільм таго часу — “Машанька”. Маці ў одуме выходзіла, брала новы квіток і ішла ізноў у глядзельную залу. У той час толькі яшчэ будаваўся Паштамт. Ён стаяў у рыштаваннях і быў завешаны афішай фільма “Сабор ПарыжскайБожай Маці” з велізарным прыгожым тварам Джыны Лолабрыджыды. Дзень, калі абвясцілі пра смерць Сталіна, запомніўся тым, як адна са студэнтак звыкла падфарбоўвала вочы каля люстэрка, на што атрымала абураную вымову ад старасты курса:“Сталін памёр, а яна вочы сурміць!”. Цікава, што лыжны крос студэнты-філолагі здавалі амаль за межамі горада, на пустцы, якая пачыналася ад цаглянай карункавай агароджы старых Нямецкіх (Лютэранскіх) могілак. Наперадзе была белая неруш з пагоркамі, а на даляглядзе справа чарнела купа дрэваў Кальварыі. Ці магла тады падумаць мая маці, што неўзабаве тут пабудуюць дамы, і яны пераедуць сюды сям’ёй з драўлянага дома на Артылерыстаў і прывязуць мяне, двухгадовую, і брата.

А я запомніла сваё, напэўна, першае з’яўленне на Нямізе — з татам за руку, з коскамі, у сандалях. Ішла па вузкім ходніку і зачыняла расчыненыя форткі, якія трапляліся ў дамах па дарозе, бо вокны раслі ад самага тратуара, так што варта было толькі выцягнуць руку…

Марына

Адной вясновай ноччу прысніла кагосьці ў доўгай лёгкай спадніцы, якая бясконца чаплялася за вуглы дамоў, за парэнчы на сходах, за шурпатыя сцены... А раніцай на пустой яшчэ станцыі метро сустрэла імклівую, з лёгкай хадой, Марыну Капілавуў чымсьціразвейным, струйным, паветраным. Дзіва, што такую істоту можна сустрэць пад зямлёй.

Дзе гадуюцца дзяўчаты, якія праз усё жыццё захоўваюць каштоўны дар пераўтвараць гэты свет з дапамогай свайго ўяўлення?У маім успрыняцці творчасці Марыны сышліся разам любоў да Менска, да гісторыі і літаратуры. Бацька Марыны Капілавай, журналіст і пісьменнік Аркадзь Капілаў, напісаў кнігу “Замкавая 2/7” пра жыхароў даваеннага Менска, пра той ягоны горад, які па вайне ўжо не адрадзіўся. Вельмі менская кніга. А Марына расла побач. Значна раней у камяніцах горада жыхары зацеплівалі масянжовыя ліхтары, прыбіралі ў шапыцынавы ды мядзяны посуд, а з цэхаў вярталіся рамеснікі-людвісары, што мелі справу з агнём, адліваючы і апрацоўваючы рэчы з медзі і мосенжу. Усё гэта запісана ў старых кнігах. Адкуль пра гэта пачула Марына? Калі я ўпершыню пабачыла ейныя вырабы ў мастацкім музеі — усіх гэтых заснулых стрыбляў, мятлікаў, цыбатых конікаў, драўляных лялек, што заглядалі табе ў душу і пераглядаліся, а пасля пабачыла саму мастачку,то выразна зразумела, што мой каханы горад, з такой любасцю апісаны Аркадзем Капілавым, зрабіў мне падарунак — знаёмства з ягонай дачкой.

Калісьці Марына тлумачыла сваю філасофію бачання металу:перадусім не сквапнае золата, а шчодры мосенж, цёплая медзь, мядовыя адценні ручнога металу, які так любіць чалавечы дотык.А ўсё астатняе — ейны прыдуманы і створаны свет. У ім няма месца вэрхалу і мітусні. На ім няма плямаўсытасці. Часам здаецца, што варта заплюшчыць вочы — і ўсё знікне, ці раптам падзьме вецер… Абранніцай мусіць пачувацца кабета, якая носіць ўпрыгожанні Марыны Капілавай. Гэта не проста пярсцёнкі ды завушніцы з бліскучымі каменьчыкамі. Гэта метал, на якім вецер пакідае свае адбіткі.

Пакуль Марына Капілаваў Менску, я чамусьці адчуваю сябе на месцы ў гэтым свеце. Як і яе пярсцёнкі на маёй руцэ.

Метро

Калі ў Мінску з’явілася метро, горад пабагацеў на новыя пахі. Свае пазнавальныя пахі маюць вакзал, шпіталь, басейн, тэатр, але дух новай падземкі казытаў па-асабліваму. Дараваў няўцямныя спадзяванні, накладаючыся на грукат, свіст і імклівы рух зырка асветленых вагонаў. Па нацёртым да бляску мармуры хацелася слізгаць з разбегу. Новае мінскае метро пахла сьвежасцю.

Цяпер пад зямлёй можна хадзіць гэтаксама, як і па яе паверхні. Прызначаць спатканні і смела азірацца назад. Тут не прыжываюцца людзі з бояззю замкнутай прасторы. Глыбіня пагружэння невялікая, але падэшва зямлі адчуваецца ўсё роўна, як і блізкая прысутнасць вады. Метро адразае ад нас неба і сонца. Толькі ўсё роўна ў гэтым змрочным месцы, дзе за святочнай ілюзіяй мармуру і ліхтароў точаць зямлю чэрві і звісае са столі і сценаў, схаванае за бліскучую плітку чаплістае карэнне, можна пабачыць самыя розныя праявы жыцця. Вось ідуць Міхась і Алена. Не ідуць — плывуць паўз усіх. Ён, такі звычайна ўнураны, нахіліўся да яе, невялічкай, і штосьці шапоча з усмешкай. Яна, бялёсая, заружавелася, вочы — долу, усмешка — у нікуды. Ад гэтага святло невымернае. Роўнае, глыбокае, цёплае. Як ад мандарынавай свечкі ў ночы... Рознае здараецца ў метро. Нядаўна зачапіў мяне за рукаво на станцыі “Якуба Коласа” ўшчэнт разгублены, запыханы чалавек. Казаць не мог, галавой матляў, вачыма лыпаў. Тыкаў у вочы пакамечанай сурвэткай(!). На ёй было неразборліва надрапанае слова. Углядаюся, разбіраю тры літары — “Ц У М”. Чалавек рукамі пытаецца, маўляў, у які бок? Паказваю. Пачціва кланяецца. Узбек. Згадалася адразу хроніка з СССРа. А яшчэ згадваю, як напярэдадні ягонага сыходу з гэтага свету сустрэла ў метро паэта Сяргея Грахоўскага— у берэце, у доўгім чорным палітоне. Ён ішоў у атачэнні невымоўнай цішы. Нагадваў рыцара.

Мінскае метро вельмі прыгожае. Асабліва станцыі “Акадэмія навук”, “Грушаўка”, “Міхалова”. На адной заварожваюць іншасветныякаменныя краявіды на слупах, на другой — улюбёная літара у слове ГрушаЎка з кранальнай масянжовай грушкай наверсе. Ну а “Міхалова” я з любасці называю “Міхалава” ў гонар недалёкай прысутнасці тут чалавека-аркестра Міхала Анемпадыстава. Урэшце, зоркі на станцыі “Міхалава” таксама сведчаць пра гэта.

Станцыя метро “Няміга” нітуецца з неразблытаным вузлом болю, з успамінам пра катлаван і менскую гісторыю. Ніколі не пакідала адчуванне, што разам з пластамі чорнай зямлі на паверхню падчас будаўніцтва выкопвалі спластаваныя маўклівыя да часу цені даўна мінулага разам з рэшткамі шматслойных драўляных тратуараў і шматлікімі слядамі на іх.

Падземкі ва ўсім свеце вядомыя сваімі чытачамі. Гэткая бібліятэка на хуткіх колах. Адзін вагон мінскага метро праз шпалеры з выявамі кніжных паліц паспрабавалі ператварыць ва ўтульны кабінет, але атрымалася адно абалонка без зместу, бо карэньчыкі ўяўных каляровых кніг былі пустыя, імёны аўтараў здзьмуў унівечметроўскі скразняк. А якім сэнсам напоўніўся б час у вагоне з накрэсленымі на кнігах імёнамі Платона, Гамэра, Гётэ, Быкава, Маркеса, Памука, Багдановіча, Караткевіча!

Чым можна было б займацца на падземным эскалатары, калі б ён быў удвая даўжэйшы за наш? Працягваць чытаць, размаўляць па тэлефоне, набіраць эсэмэскі, корпацца ў торбах, калупацца ў носе, завязваць матузкі, таропіцца ў нішто, абдымацца, гладзіць іншага па валасах, расшпільвацца, размаўляць, стаяць спінай, абапірацца, барабаніць пальцамі па гумавай парэнчы, кідаць уніз манеткі, і цалавацца-цалавацца… Хтосьці паспявае зрабіць з усяго гэтага толькі палову.

Маруднасць

Мне часам здаецца, прычынай таго, што Мінск “амаль не падлягае любові”, ёсць прычына метафізічная.І звязаная яна з вадой. Як нейкае таўро, ляжыць на горадзе пячатка нялюбасці. Места, працятае скразнякамі бязмежжа, прадзьмуванае з усіх бакоў нестваральнымі віхурамі, жыве неяк “знудліваправільна”, аж занадта размерана, нехапатліва, абыякава. Так падаецца тым, хто нарадзіўся ў іншых месцах, але абраў для жыцця Мінск, так пачуваюцца зрэдку і карэнныя жыхары. Для некаторых горад не збіраецца ў цэлае, не прымагнічваецца цэнтрам, распадаецца на фрагменты. Штосьці замінае гораду разгарнуцца і спраўдзіцца, дыхаць напоўніцу? Можа быць,застыглая рака?

Чаму не натхняе нас Свіслач?

“Вада з ракі — малітва”, — казалі ў на далёкім Поўдні. А ў Мінску галоўнай рацэ перакопвалі рэчышча, змянялі памеры, рабілі балюча і не давалі веры яе сапраўднасці. І рака ў горадзе знерухомела. Зрабілася маруднай. Перавучанай і перавыхаванай. Не плюскоча, не гамоніць, не бяжыць навыперадкі хваля за хваляй, не віруе пад кладкамі і парожкамі,як Вілейка, як Дзвіна і Палата, як Нёман, як Дзісна…Ціхая рака. Калісьці Свіслач хацелі зрабіць галоўнай артэрыяй горада, пасля, наадварот,аддалі перавагу Цэнтральнайплошчы, якая мусіла дамінаваць над ракой. Цяпер жа над ёй дамінуе ў небяспечнай блізкасці недарэчная гаргара, якая сваім цяжарам прыціснула рачную пойму, а ценем палохае качак ды мінакоў. А калісьці па яе вадзе шпарка плылі наўздагон адзін аднамучаўны пад ветразямі, ялікіды плыты. Вада Свіслачы кіпела не раўнуючы праспект угарачы час. А яшчэ раней у Менску быў порт.



“Шумяць за акном хвалі Свіслачы… цячэ і шапаціць Свіслач”, “пайшоў на бераг Свіслачы і доўга слухаў шум хваляў, шумяць хвалі Свіслачы, шумяць…” — пісаў ў трыццатых гадах Сяргей Пясэцкі. “Вада Свіслачы увечары мацней пахне гарадской цеснатой”, — адзначаў Кузьма Чорны. І ЯнкаЮхнавец бачыў яшчэ жывую раку:


…Вецер у Менску здаецца мне
                                      белы.
Між руінаў ён песня
                                      недапяяная.
І калі б Свіслач паводкай
                                      не шумела,
усе чулі б вецер з водарам падвалаў.


Але ўсё ж цяперашняя маруднасць ракі нібы запавольвае час на сушы, і праз гэта мы мусім быць удзячныя нашай рацэ. З імклівым часам дамовіцца немагчыма, а Свіслач, сама таго, магчыма, не ўяўляючы, зрабілася закладніцай паміж ім, Часам, і горадам, у якім маруднасць насамрэч ёсць утоеным і яшчэ нерасчытанымнамікляйнотам.

Падумалася вось пра што: усё урэшце зруйнуецца, спляжыцца — дамы, масты, платы. Заваліць друзам вялікія пляцы зямлі. Друзам нерухомым. А праз яго, як прывід, летнімі вечарамі будзе сачыцца вечаровы туман у тым месцы, дзе калісьці, безліч гадоў таму, была рэчка. Яе вады даўно няма, а вечаровы туман будзестаяць кожны пагодны вечар над руінамі роўненна-роўненька, свежа і натхняльна.

Маё

Памеры майго горада вызначаюцца па тым, як раніцай пасля летняй начной буры ці самай віхурыстай снежаньскай завірухі выпадковыя сустрэчныя цягам усёй тваёй некароткай дарогі дзеляцца ўражаннямі пра перажытае і пабачанае — у аўтобусе, краме, метро, у мімаходзь пачутай размове на праспекце, у падземным пераходзе… Арэол агульнага перажывання пашыраецца і пашыраецца ў розныя бакі, у залежнасці ад выбранага кірунку. Нібы чытаеш паветраную гарадскую газету, словы і абзацы якой пераносіць з месца на месца вецер. Менавіта тады горад набывае для мяне “чалавечае” вымярэнне. Ясная рэч, што недзе існуюць далёкія незнаёмыя вуліцы і дамы, дзе жывуць чужаватыя людзі, якія робяць абсалютна аднолькавыя рэчы, напрыклад, адмыкаюць ключом дзверы, але кожны робіць гэта і тысячы іншых справаўзусім па-рознаму. І я не ведаю гэтых людзей. І тады горад падаецца мне сотамі, сотамі бясконцымі,безаблічнымі сотамі... Алевось аднойчы зранку я згубіла з кішэні заплечніка тэлефон. А праз гадзіну затэлефанаваў нейкі чалавек, і неўзабаве прапажа вярнулася. Увечары таго ж самага дня з майго заплечніка выцягнулі гаманец. Гадзіны праз дзве затэлефанаваў нейкі чалавек і сказаў, што гаманец знайшоўся. Дзядзька аказаўся ахоўнікам цэнтра “Сталіца” і выдатна размаўляў па-беларуску. Гэтыя недарэчныя здарэнні шмат гавораць пра мяне саму… Але раптам горад падаўся проста вялікім домам, у якім твае згубленыя рэчы сямейнікі выцягваюць з розных куткоў ды закануркаў і вяртаюць са смехам.

Пакуль раслі дрэвы, за якімі спакваля хавалася вежа Кальварыйскага касцёла, здарылася шмат усяго.. Часам горад падкідваў, як на батуце, да самых вершалінаў сваіх дрэваў, а бывала, утоптваў у які біты шлях і рабіў нябачнай самой сабе. Ён меў здольнасць пашыраць вядомыя межы і ў той жа час звужацца на доўгі час да памераў маленькага пакоя. Тады мой горад не мог адшукаць мяне, бо я ўпарта баранілася ад ягоза шчыльнымі фіранкамі.

Свой Менск я заўсёды нашу пры сабе. У ім людзі адгукаюцца на позірк з паўнамёку, і паразуменне, хай нават на імгненне, запаляе звыклую прастору. За тысячы кіламетраў, у іншых гарадах, на чужых вуліцах я сустракаю “знаёмыя” твары і постаці, якія калісьці вылучала вачыма ля “Лакамкі” на мінскім праспекце, ці на Прывакзальнай плошчы, ці на прыступках кінатэатра “Перамога”… Алтарны Хрыстос у найстаражытнейшым храме Грузіі ў Мцхецеглядзеў на мяне ад самага ўваходу вачыма маёй бабулі.

Кажучы пра Менск, я кажу пра саму сябе.

На Нямізе ёсць дамок, які яшчэ колькі гадоў таму кідаўся ў вочы адсутнасцю дзвярэй для выхаду нагаўбец. Вось проста так віселі на глухой тынкаванай сцяне чыгунныя краткі. Заляталі да яго адно птушкі. Напэўна, адзін быў такі на ўвесь горад. Аднойчы цёмным зімовым ранкам я заўважыла ў асветленым акнегэтага дома маладую жанчыну, якая прычапляла перад люстрам завушніцы..

Рэчы — апошняе цела людзей, якое жыве найдаўжэй, напісаў калісьці Алесь Разанаў. Пра горад сапраўды можна расказваць праз дэталі…

Аднойчы на велізарнай каменяломні пад Лагойскам я пабачыла распілаваную сярэдзіну валуноў і знерухомела перад маўклівай таямніцай утоенай сярэдзіны ледавіковых вандроўнікаў. Цяпер хаджу па горадзе і заўважаю каменную структуру ягонайзабудовы. Лесвіцы, калоны, борцікі тратуараў, плітка ў метро —усё, па чым раней мімаходзь прабягаў пагляд,цяпер набыло змест, які можна прачытваць. Урэшце, гэтым камяням было б пра што паведаміць імклівым мінакам.

Колькі ног пратупала па нашым горадзе! Колькі імёнаў рэхам знеслася ветрам унівеч. Зямля Беларусі ўвогуле суцэльны Вавілон. Каго тут толькі не сустрэнеш, гартаючы старыя запісыў архіве:селяніна Пілата, мяшчанаў Буша, Коля ды Шродэра, нейкага Бабая, двараніна Гедыміна, рамесніка Кроненбэрга, ляснога аглядчыка Шумахера і чалавека з імем Максім Багданавіч Неба… А ў Менску колішнюю Юраўскую гару, на месцы якой цяпер стаіць Палац прафсаюзаў, абыходзілі ці паглядалі на яе здалёк габрэй Чарток, татарын Калдунка, Іван Непрывальніцкі (жыў, відаць, не пры самым вале), Цімафей Праява, АрлайГедэон, Вальтэр, Алена Гузікаўна, Фурс Галыбес, Арусяды Руся...

Калі я памру, Менск застанецца?

Таямніца асабістага ўспрымання горада — перадусім таямніца. Такая ж рэальная, як цень ад гадзіннікавай вежы каля былых езуітаў.

Дунін-Марцінкевіч, седзячы ў фатэлі ды прытупваючы нагою, дэкламаваў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя:


Няма як Мінск наш, дзетачкі, міленькі!
Прыгожы, відны, кругом весяленькі;
Ні адной мізэрнай не сустрэнеш хаты,
Вот, маўляў, снег белы, каменны палаты;
Пасярэдзіне ўецца круглай стружкай
Свіслач рака — зялёнай устужкай;
Вот не урокам — горад хоць куды!

А мой час вытуквае пад маімі крокамі на менскіх вуліцах Таццяніным і Касіным голасам зусім іншы рытм:


Мы — дзеці чорнага горада,
мы выйшлі з ягонага чэрава,
мы сталі ягоным голасам,
а голас не мае ценю.

Чытайце таксама

Рыку Коранэн

Рыку Коранэн

Фінскі пісьменнік. Нарадзіўся ў Турку. Дэбютаваў у 2003 годзе.

Анна Валенберг

Анна Валенберг

Пісьменніца, драматург, перакладчыца, прадстаўніца "залатой эры" шведскай дзіцячай літаратуры

Эн Сэкстан

Эн Сэкстан

Амерыканская паэтка, уладальніца Пулітцэраўскай прэміі.

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

843