№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Іда Ліндэ

Мама забойцы (Mördarens mamma)

Урыўкі з рамана

Пераклад са шведскай Наталля Паваляева

Мой хлопчык аднойчы спытаў: ці будзеш ты любіць мяне, калі я кагосьці заб’ю? Тады мы яшчэ нічога не ведалі. Ён быў проста маленькі хлопчык, які спытаўся: ці будзеш ты любіць мяне, калі я кагосьці заб’ю? І я адказала: так.

* * *

Праз некалькі дзён мы сядзелі ў італьянскім рэстаране — таго кшталту, дзе замест крэслаў драўляныя лаўкі. Грэйс прапанавала гэтае месца, і я зрабіла выгляд, быццам хадзіць па рэстаранах — звычайная справа для мяне. Але чужыя позіркі нервавалі — і што рабіць з гэтай крэмавай тканай сурвэткай? Я не ведала, як есці пасту карбанара, якую Грэйс замовіла для нас, але жаўток на талерцы выглядаў нібыта зіхоткае сонца. Я спытала: ці думала ты, што такое можа здарыцца з тваім сынам? Грэйс, відавочна, не хацела адказваць, таму я асцярожна праткнула жаўток кончыкам нажа, і залацістая жыжка выцекла, нібыта лава. Натуральна, пытанне было няёмкае. Побач з намі расшумелася вялікая кампанія "пінжакоў". Грэйс уздыхнула і, запінаючыся, пачала расказваць: ён прыйшоў дамоў з разбітым тварам, левае вока цалкам заплыло. Я пацягнула яго ў прыбіральню, узялася адціраць кроў, крычала на яго —упершыню ў жыцці; не памятаю ўжо, што я крычала, а ён проста сядзеў на ўнітазе, заткнуўшы вушы. І толькі калі ён ляжаў у ложку, нацягнуўшы коўдру да падбароддзя, як малое дзіця, я трохі супакоілася і спытала: чаму ты робіш гэта са мной? Ён прашаптаў: я ж нічога табе не зрабіў. Але калі я спыталася, каму ён тады зрабіў гэта ці хто зрабіў такое з ім, ён не змог адказаць, толькі скуголіў, як падстрэленая жывёла. Я не ведала, што магу быць такой раз’юшанай, і ён таксама не ведаў; потым злосць прайшла, але не забылася, і ўсё проста працягвалася.

Я акуратна накручвала спагеці на лыжку, стараючыся рабіць гэтак жа спрытна, як Грэйс; некалькі кропляў падліўкі ўсё ж такі трапілі мне на сукенку, я сцерла іх крадком і спытала: што працягвалася? Ён працягваў біцца, сказала Грэйс і сумна ўсміхнулася. З кожным, хто трапляўся яму на шляху, пакуль хтосьці не навучыў, як рабіць на гэтым грошы. Тады ён быў ужо не адзін супраць усяго свету. Добра памятаю, як аднойчы ён прыйшоў дадому з круглай татуіроўкай на перадплеччы; такі быў горды, а я заплакала — яму ўсяго дваццаць было, і тады я ўпершыню зразумела, што ягоная скура мне не належыць. Грэйс адпіла глыток вады, і я падумала, што такія вось найпрасцейшыя дзеянні дапамагаюць нам трымацца за жыццё. Цяпер словы пацяклі з яе ракой: магчыма, я мусіла навучыць яго супраціўляцца, неяк утаймоўваць гэтую нянавісць, каб яна не пералівалася праз край, але ўсё роўна кожны павінен сам несці адказнасць за свае ўчынкі.

Я думала пра мам, чыіх хлопцаў забілі нашыя хлопцы. Я не магла вытрываць думку пра тое, што мой хлопец такім вось чынам скраў у жыцця жыццё. Я ўяўляла, быццам прадаю тое нямногае, што маю — напрыклад, пярсцёнак, які атрымала ў спадчыну, — і аддаю ўсё той маці. Не тое каб яна магла захацець гэтых грошай; было б абразай нават прапанаваць такое, бо адзінае, чаго яна хацела, больш не існавала. Мёртвыя не стануць жывымі. Я думала пра тое, што сказала Грэйс: ці праўда, што кожны сам нясе адказнасць за сябе, альбо ўсе мы так моцна звязаныя паміж сабой, што пацягнеш за нітачку — і гэта адразу ж закране кагосьці іншага? Ці не таму тузаеш вузел, бо іншыя ўжо развязаліся? Ці ёсць увогуле нешта, што адрознівае аднаго ад усіх астатніх? Ці адзіная альтэрнатыва ўсяму гэтаму — самота? Тут мяне накрыла знаёмай злосцю. Тыя мамы маглі суцешыцца хаця б тым, што супраць іх было здзейсненае сапраўднае злачынства. Злачынства — гэта няправільна, і таму іншыя маглі падзяліць іх смутак. У мяне такой магчымасці не было. Я засталася сам-насам са смуткам і роспаччу. Мы працягвалі есці моўчкі. Потым Грэйс узяла ў руку маю далонь, нібыта нованароджанае кацяня, і спытала: цябе напужала мая злосць? Я адчула, як на яе запясці пульсуе кроў — менавіта ў гэтым месцы робяць надрэз. Не, адказала я, пасля таго, што здарылася, мяне ўжо нішто не пужае; цяпер застаецца толькі неяк трымацца, пакуль доўжыцца гэты кашмар. Яна выпусціла маю далонь, і я паспела, як ідыётка, пашкадаваць пра гэта, але ў наступны момант Грэйс падсунулася бліжэй і сказала лісліва: я не супраць, калі мы пойдзем да мяне разам.

Мы сядзелі адно насупраць аднаго, і паколькі ён ведаў мяне як аблупленую, то напэўна заўважыў змены. Бо мае шчокі палалі ад адной толькі думкі пра яе вусны, яе язык. Мне хацелася спытаць у майго хлопца — можа, ён ведае яе сына, можа, чуў што-небудзь пра ягонае злачынства, можа, яны пасябравалі, але я не магла нават вымавіць "Грэйс". І не ягоная гэта справа — расказваць мне пра тое, што я сама не наважвалася спытаць яе. Таму я сядзела моўчкі, і ён таксама маўчаў, як бывае, калі яшчэ не надышоў час адкрыць таямніцы, якія рана ці позна адкрыюцца.

Па дарозе з турмы ў горад, пакуль туман цёрся аб вокны аўтобуса, Грэйс расказвала, як нейкая газета спрабавала ў судзе атрымаць інфармацыю пра злачынства, якое здзейсніў яе сын, хаця яна прасіла захоўваць прыватнасць. Спадзявалася, што гэта не будуць варушыць ізноў, ён жа атрымаў усяго пяць гадоў. У аўтобусе пахла бананавай кажурынай і сырасцю — тыповы смурод. Пяць гадоў — амаль нічога, сказала Грэйс, і мне захацелася, каб яна ніколі не казала гэтага. Пяць гадоў падаваліся вечнасцю, таму што калі майго хлопца пасадзілі ў турму, час замёр. Я ўявіла сабе, што час спыніўся назаўжды. Каб прагнаць паніку, я паморгала і паспрабавала палічыць блакітныя крэслы ў салоне, а Грэйс працягвала: яны казалі, што ім трэба асвятляць навіны, але якая ж гэта навіна? Я не ведала, што адказаць; не ведала, што мне рабіць з часам, з маім хлопцам — думкі знікалі, нібыта ў чорнай дзірцы. Сорак два месцы было ў гэтым аўтобусе. Я заплюшчыла вочы. Можа, хаця б у гэтай цемры, адмежаванай ад усяго свету, адшукаецца нейкая стабільнасць. Але раптам я адчула язык Грэйс проста ля майго вуха, і яна прашаптала: адзінае, што цягне на навіну, — гэта што я зачараваная табой. У грудзях запякло. Ці насамрэч гэта магчыма — такое каханне пасярод жудаснага адчаю.

Мы прыехалі да Грэйс, і я аказалася не гатовая ўбачыць дом гэткіх памераў. Перш чым падысці да ўваходных дзвярэй, мы прайшлі праз сад. Ты любіш кветкі? — спытала я, і яна ўсміхнулася ў адказ. Як мала ведала я пра жанчыну, якой дазволіла ўвайсці ў мяне — ва ўсіх магчымых сэнсах. Яна стварыла ўсю гэтую ружова-зялёную раскошу! Півоні былі ашаламляльныя. Летняе паветра дыхнула ў патыліцу, і я зразумела, што прапусціла вясну, што не толькі я, але і сама зямля перамянілася, і кожная кветка ўжо распусцілася. У доме было светла; Грэйс паспрабавала пацалаваць мяне проста ў вітальні, але мне трэба было прызвычаіцца да прахалоды, якая ішла ад сцен і драўлянай падлогі. Я адхінулася і прайшла ў вялікую гасцёўню з акном, якое выходзіла на мора. Як ты можаш так жыць, спытала я. Грэйс выглядала абражанай, і я зразумела, што маё пытанне прагучала абвінаваўча — ці, магчыма, яно і было такім, бо я не разумела, як можна жыць у гэткай раскошы. Выбачай, я не тое хацела сказаць — проста тут вельмі прыгожа. Яна прагнала абражаны выраз з твару і абняла мяне ззаду, пакуль я глядзела на ваду. Мой сын купіў гэты дом для мяне, сказала Грэйс. За паўгода да таго, як яго арыштавалі. Я ніколі не пыталася, дзе ён узяў грошы, проста прыняла ўсё як ёсць і жыву тут з адчуваннем, што гэты дом, відавочна, належыць камусьці іншаму.

Мы кахаліся на вялікім ложку ля расчыненага акна, за якім спявалі птушкі. Гэта было неяк разбуральна прыгожа. Ніколі раней не даводзілася мне сутыкацца з такой прыгажосцю, яна прасякала ўсё і нібыта выціскала нешта прэч, але я пакуль не ведала — што. Грэйс прынесла два крыштальныя келіхі, і мы пілі віно голыя, закруціўшыся ў прасціны. Яна частавала мяне трускалкамі з узбітымі вяршкамі ды ромам. Мы перапэцкалі ўвесь ложак. Я падумала: як добра, што мая маці ніколі не даведаецца пра гэта ўсё і не зможа нічога сказаць. Закруціўшыся ў коўдру, я падышла да акна, і мне падалося, што я бачу, як бурліць хларафіл. Божачкі, прашаптала я, і Грэйс засмяялася. Хадзі сюды, сказала яна, хадзі да мяне.

 

Publіshed wіth a permіssіon from Norstedts Agency

 

Пра раман "Мама забойцы"

У інтэрв’ю газеце Svenska Dagbladet ад 16 сакавіка 2018 г. Іда Ліндэ расказала, што зыходным пунктам для яе рамана стала гісторыя Сью Кліболд — маці хлопца, які ў 1999 годзе здзейсніў масавае забойства ў школе "Калумбайн" (ЗША). Асабліва ўзрушылі аўтарку наступныя словы Сью Кліболд: "Я разумею, што свету было б лепш, калі б мой сын ніколі не нараджаўся, але гэта не было б лепшым для мяне". Іда паспрабавала зразумець гэта, асэнсаваць пачуцці маці, якая аказалася ў такім трагічным становішчы.

Менавіта "мама забойцы", а не злачынца, злачынства ці яго прычыны — у цэнтры ўвагі ў рамане. Аповед вядзецца ад першай асобы, што надае тэксту глыбокае псіхалагічнае вымярэнне. Генрыета — жанчына, чый сын здзейсніў забойства шаснаццацігадовага юнака, і цяпер яна мусіць прызвычайвацца да новых умоваў жыцця: да сацыяльнай ізаляцыі, да пастаянных думак пра сваю віну, да паездак у турму на спатканні з сынам. Але пасярод цемры і адчаю здараецца нечаканае: падчас чарговай паездкі ў турму Генрыета знаёміцца з Грэйс — такой жа, як яна, "мамай забойцы", і гэтая сустрэча прыносіць у жыццё Генрыеты сапраўднае каханне.

Такім чынам, у рамане "Мама забойцы" пераплятаюцца дзве тэмы: матчына любоў (ці мае яна нейкія межы, ці ёсць нешта, што маці не зможа дараваць свайму дзіцяці) і каханне, якое не ведае межаў і можа з’явіцца нават у самы безнадзейны момант
жыцця.
Пераклад са шведскай – Наталля Паваляева © 2018

Чытайце таксама

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

Тадэвуш Ружэвіч

Тадэвуш Ружэвіч

Польскі паэт, празаік, драматург і перакладчык.

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Нямецкі пісьменнік-рамантык, кампазітар, дырыжор, мастак, музычны крытык, юрыст

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Многімі лічыцца першым афрыканскім паэтам-мадэрністам

2665