№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Небяспечны звер (Det farliga djuret)

Шведская народная казка

Пераклад са шведскай Алеся Башарымава

(Усходнегёінгскі хэрад)


Дарагі дружа, перад табой адна з гёінгскіх жартаўлівых казак. Гёінгцам жылося нялёгка: і суседзі іх прыгняталі, і ўласныя ўлады, але была ў іх зброя, якая заўжды дапамагала ў нягодах, — гёінгскі гумар, якім яны і вядомыя.

Здарылася неяк, што адзін гёінгец паехаў на раўніну прадаваць дровы, а як у быкоў яго скончыўся корм, дык ён, праязджаючы паўз вялікае поле канюшыны, узяў серп ды нарэзаў ім ладны ахапак — толькі вось серп забыўся на полі.

Праз нейкі час у той жа дзень прыйшоў туды раўнінны селянін, што быў гаспадаром таго поля. Глядзіць — аж нехта тут быў: відаць, нейкі звер набягаў ды выеў яму канюшыны. Пакуль ён так стаяў ды разважаў, што гэта за тварына такая магла быць, яму на вочы трапіўся серп.

— А вось і звяруга! — усклікнуў селянін, і як раней ён ніколі такога звера не бачыў, то, спалохаўшыся, пабег дадому, схапіў ражок і задзьмуў у яго, склікаючы сялянаў. Калі тыя сабраліся, ён расказаў ім, што бачыў у сябе на полі звера, які аб’еў яго канюшыну, і папрасіў суседзяў, каб дапамаглі таго звера злавіць. Усе хутка ўзброіліся важкімі сукаватымі дубінамі і гуртам рушылі да поля.

Серп ляжаў — дзіва што — там, дзе яго пакінулі, і ўбачыўшы яго, сяляне страшна перапалохаліся.

— Каб жа з намі тут быў наш Пэр, ды шчэ суседскі Пэр, ды Пэр-са-схіла, ды Пэр-з-Закуцця, — казалі сяляне, — ды каб гэты крукач ляжаў у печы, ды каб кожны ўкінуў па хапунку сена, тады б мы ўжо разабраліся з гэтай пачварай!

— Дык вось гэта хто, сябры мае, — крукач! — сказаў урэшце самы разумны з іх. — Гэта вельмі небяспечны звер. Каб яго злавіць, трэба немалая адвага. Я за тое, каб яго забіць!

Астатнія пагадзіліся, што зрабіць так было б разумней за ўсё, адно каб яшчэ знайшоўся той, хто напаў бы на крукача першым. Але чамусьці нікому не карцела. Урэшце давялося гэта зрабіць таму, чыё было поле, бо калі б ён даў гэтаму ненажэрнаму зверу пасвіцца на ім даўжэй, дык ад сакавітай канюшыны хутка нічога б не засталося. Таму, набраўшыся смеласці, ён ляснуў дубінай па дзяржальне сярпа, бо думаў, што гэта галава крукача. Ад гэтага ўдару серп так высока падскочыў, што ўпаў селяніну на плечы, зачапіўшыся за шыю. Той ну крычаць, каб ратавалі яго ад дзікага драпежнага звера, які, з’еўшы столькі канюшыны, хоча цяпер і яго самога зжэрці!

Не, гэта было ўжо занадта: тут чалавечае жыццё трэба ратаваць ад крукача, а не поле! Як накінуліся яны ўсе на серп, як схапілі яго за дзяржальна ды так ірванулі, што галава селяніна і адрэзалася.

Такога дзікага звера сяляне ў жыцці не бачылі! Тут ужо ўсе спалохаліся за свае галавешкі! Лепш было даць адтуль драла — і ліха на яе, на тую канюшыну.

Калі сяляне несліся як падсмаленыя дадому, іх спыніў той самы гёінгец і спытаў, куды яны бягуць.

— Там дзікі звер, што завецца крукачом! — закрычалі яны. — Спачатку ён выеў воз канюшыны ў нашага суседа, а потым і яму самому галаву адгрыз!

— Крукач, кажаце, — сказаў гёінгец. — У нашых мясцінах іх шмат. Яны ў нас абгрызаюць збожжа, але мы з імі ўсё адно ўжываемся.

— Ах, дарагі наш, забярыце ж гэтага ліхога звера! Мы ахвотна вам адплацім за ўсе турботы і небяспеку, толькі забярыце яго ад нас! — узмаліліся сяляне.

Гёінгец не даў сябе доўга ўпрошваць і прызначыў ладную цану за тое, што пайшоў дзеля іх на рызыку для жыцця і зрабіў усё, каб толькі ўратаваць іх ад крукача. А серп ён, гэты хітрун, паклаў сабе на воз ды паехаў дахаты.

 

Каментар

Гёінгец — жыхар хэрада Гёінге ў паўночна-ўсходняй частцы самай паўднёвай шведскай правінцыі Сконэ. Хэрад, або сотня — прававая адміністрацыйная адзінка ў Паўднёвай Швецыі, існавала да 1971 году.

Пераклад са шведскай – Алеся Башарымава © 2015

Чытайце таксама

Мікалай Гогаль

Мікалай Гогаль

Рускі празаік, драматург, паэт, крытык, публіцыст украінскага паходжання

Актавіё Пас

Актавіё Пас

Мексіканскі празаік, паэт і дыпламат, даследчык цывілізацый Захаду і Усходу, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

Леапольда Лугонэс

Леапольда Лугонэс

Аргентынскі паэт, пісьменнік, журналіст. Прадстаўнік мадэрнізму

Іда Ліндэ

Іда Ліндэ

Шведская пісьменніца і перакладчыца.

765