№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Неверагодныя падарожжы сушай і морам, ваенныя паходы і вясёлыя авантуры барона фон Мюнхгаўзэна (Wunderbare Reisen zu Wasser und Lande, Feldzüge und lustige Abentheuer des Freyherrn von Münchhausen)

Урывак

Пераклад з нямецкай Ігар Крэбс

Я пачаў сваё падарожжа ў Расію ў сярэдзіне зімы[i], цалкам справядліва вырашыўшы, што мароз і снег палепшаць дарогі праз поўнач Германіі, Польшчу, Курляндыю і Ліфляндыю, не патрабуючы асаблівых выдаткаў ад высокашаноўных і клапатлівых мясцовых уладаў. А паводле апісанняў падарожнікаў гэтыя дарогі ледзьве не горшыя за шляхі, якія вядуць да храма Дабрадзейнасці. Я выправіўся ў дарогу на кані, бо гэта найзручнейшы спосаб падарожнічаць, калі, канечне, з канём і вершнікам усё ў парадку. У такім выпадку не рызыкуеш ні ўблытацца ў affaire d'honneur[ii] з якім-небудзь “ветлівым”[iii] нямецкім паштмайстрам, ні тым, што сасмаглы фурман будзе спыняцца разам з табой ля кожнай піўной.  Я быў даволі лёгка апрануты і чым далей прасоўваўся на паўночны ўсход, тым болей няўтульна сябе адчуваў.

 

А таму ўявіце сабе стан старога, які ляжаў  на нейкім бязлюдным выгане ў Польшчы і якога наскрозь працінаў норд-ост, а яму амаль не было чым прыкрыць галізну.

Ад усёй душы я пашкадаваў небараку. І, хаця ў мяне самога душа ажно заходзілася ад холаду, я накінуў на яго свой дарожны плашч[iv]. Раптам з нябёсаў пачуўся голас, які пахваліў мяне ў такіх незвычайных выразах: “Чорт мяне пабяры, сын мой, гэта не павінна застацца без узнагароды!”

 

Зусім не здзіўлены, я паехаў далей, пакуль мяне не заспелі ноч і цемра. Нідзе не было ні чуваць, ні відаць ніякай вёскі. Усю зямлю пакрыў снег, і было цёмна хоць вока выкалі.

Стомлены яздой, я сышоў з каня і прывязаў яго да нечага падобнага на завостраную жардзіну, якая тырчала з-пад снегу. Дзеля бяспекі я дастаў свае пісталеты, лёг непадалёку на снег і задаў такога храпака, што не расплюшчыў вачэй, пакуль зусім не развіднела. Як жа я быў уражаны, высветліўшы, што ляжу ў нейкай вёсцы пасярод царкоўнага двара! Спачатку я нідзе не мог знайсці свайго каня, але неўзабаве нада мной пачулася ржанне. Падняўшы вочы ўгару, я ўбачыў, што прывязаны конь звісае з царкоўнага флюгера. Я адразу скеміў, як гэта адбылося. Рэч у тым, што вёску ўначы цалкам занесла снегам. Надвор’е раптам перамянілася, і я мала-памалу, вельмі мякка, апускаўся ўва сне, пакуль раставаў снег. Тое ж, што я прыняў за абрубак дрэўца, было ці то царкоўным крыжам, ці то флюгерам.

 

Не доўга думаючы, я схапіў адзін з пісталетаў, стрэліў у аброць і, вярнуўшы сабе ў такі спосаб каня, працягнуў падарожжа.

 

Усё было цудоўна, пакуль я не дабраўся да Расіі, дзе не прынята ездзіць узімку верхам. Я ўзяў сабе за правіла прытрымлівацца мясцовых звычаяў, і таму знайшоў невялікія аднаконныя сані і весела памчаў у Санкт-Пецярбург. Нават дакладна не ведаю, дзе гэта здарылася, у Эстляндыі ці Інгерманляндыі, але, наколькі памятаю, я апынуўся пасярод жудаснага лесу, дзе заўважыў вялізнага ваўка, якога неадольным зімовым голадам — як ветрам — несла за мной. Неўзабаве ён нагнаў сані, і я ўжо ніяк не мог уцячы ад яго. Я машынальна паваліўся ніцма і дазволіў каню дзейнічаць самастойна дзеля нашай узаемнай карысці. Амаль у той жа момант адбылося тое, пра што я падумаў, але на што не наважваўся ні спадзявацца, ні разлічваць. Воўк зусім не зацікавіўся маёй сціплай асобай, а пераскочыў мяне, разарваў і адразу праглынуў усю заднюю частку майго беднага каня, які ад страху і болю пабег яшчэ хутчэй. Незаўважаны і ацалелы, я крадком падняў галаву і ў жаху пераканаўся, што воўк усё глыбей і глыбей угрызаецца ў каня. Як толькі ён туды ўціснуўся, я з хуткасцю, якой заўсёды славіўся, даў ваўчынай скуры пакаштаваць бізуна. Такі нечаканы напад моцна напужаў ваўка ў гэтым футарале. На ўсе жылы ён ірвануў наперад, мёртвае цела каня звалілася на зямлю — і бач ты! — замест яго ў збруі апынуўся воўк. Я ж не кінуў лупцоўкі, і мы шалёным галопам, насуперак узаемным спадзяванням і на немалое здзіўленне ўсіх разявакаў, уехалі ў Санкт-Пецярбург.

 

Я не хачу, сябры, надакучваць вам балбатнёй пра законы, мастацтвы, навукі ды іншыя дзіўныя рэчы. Яшчэ менш я хачу займаць вас інтрыгамі і вясёлымі прыгодамі ў колах bonton[v], дзе прынята, каб гаспадыня кожны раз сустракала госця чаркай гарэлкі і моцным пацалункам. Я хацеў бы забавіць вас больш значнымі і шляхетнымі прадметамі, у прыватнасці коньмі і сабакамі, чыім вялікім аматарам я заўсёды быў, а таксама лісамі, ваўкамі і мядзведзямі, бо і іх, і іншай дзічыны ў Расіі процьма, як ні ў адной краіне ў свеце, - і ўрэшце, тымі забавамі, рыцарскімі практыкаваннямі і пахвальнымі ўчынкамі, якія пасуюць шляхціцу лепш за крыху заплеснелую грэцкую, ці лаціну, ці ўсе гэтыя надушаныя падушачкі, кутасы і выкрутасы французскіх эстэтаў ды… цырульнікаў.

Спатрэбіўся некаторы час на тое, каб мяне залічылі ў армію, таму ў мяне было некалькі месяцаў поўнай свабоды і вольнага часу, які я, як і грошы, мог марнаваць найвысакароднейшым у свеце чынам. Некаторыя ночы я бавіў за картачным сталом, а многія — пад звон поўных бакалаў. Халодны клімат краіны і нацыянальныя звычаі адвялі бутэльцы значна больш важную ролю падчас свецкіх забаў, чым у нашай цвярозай Германіі. З гэтай прычыны я часта сустракаў у Расіі людзей, якіх можна было лічыць сапраўднымі віртуозамі ў высакародным мастацтве піцця. Але ўсе яны былі вартымі жалю дылетантамі ў параўнанні з сівабародым генералам з медна-чырвоным тварам, які трапезнічаў з намі за агульным сталом. Стары пан страціў у нейкім баі супраць туркаў верхнюю частку чэрапа і таму, сустракаючы ў кампаніі новага чалавека, з ветлівай дабрадушнасцю выбачаўся за тое, што вымушаны заставацца за сталом у капелюшы. Звычайна за абедам ён апаражняў некалькі бутэлек брэндзі, дадаючы ў канцы бутэльку араку[vi], і ў залежнасці ад абставінаў мог некалькі разоў паўтарыць усё da capo[vii]. Але ж па ім ніколі не было бачна, што ён п’яны. Вы не можаце ў гэта паверыць? Я дарую вам, сябры. І мне гэта здавалася неверагодным. Я доўга не мог зразумець, як усё растлумачыць, пакуль выпадкова не падабраў ключык. Час ад часу генерал прыўздымаў капялюш. Я часта такое назіраў і не бачыў у гэтым нічога незвычайнага. Натуральна, яму рабілася горача, і ён ўсяго толькі праветрываў галаву. Але потым я заўважыў, што разам з капелюшом ён прыпаднімае і прымацаваную да яго срэбную пласцінку, якая замяняла яму чэрап, пасля чаго пара ад прынятых ім спіртных напояў лёгкім воблачкам уздымалася ўверх. Разгадка знайшлася, і я расказаў пра гэта некалькім добрым сябрам. Калі я зрабіў сваё назіранне і прапанаваў даказаць ягоную слушнасць з дапамогай аднаго эксперымента, якраз быў вечар. З люлькай у руках я падышоў да генерала ззаду і, як толькі ён прыўзняў капялюш, падпаліў тое воблачка кавалкам паперы. Нашым вачам адкрылася вельмі незвычайнае і ў той жа ступені маляўнічае відовішча. Воблачка над галавой нашага героя імгненна ператварылася ў вогненны слуп. Тая ж пара, што затрымалася паміж валасамі і капелюшом, утварыла найпрыгажэйшы агністы німб блакітнага колеру, чароўнейшы за любы німб, што асвечваў галаву самага вялікага святога. Утаіць гэта ад генерала мы не маглі, але ён зусім не раззлаваўся і шмат разоў дазваляў нам паўтараць эксперымент, які надаваў яму такі ўзвышаны выгляд.


[i] Гістарычны барон Мюнхгаўзэн выправіўся ў Расію ў 1738 г.

[ii] Справа гонару, спрэчка (фр.).

[iii] У першым нямецкім выданні літары ў слове “ветлівым” перавернутыя дагары нагамі.

[iv] Пар. з легендай пра св. Марціна Турскага (316 — 397 гг. н.э.), які ў зімовую сцюжу аддаў жабраку палову свайго плашча.

[v] Высакародныя манеры, тут: найвышэйшыя колы.

[vi] Моцны спіртны напой, які гатуюць з соку какосавай ці фінікавай пальмы або з рысу. Ад араб. arag — пот.

[vii] Спачатку (іт.).

Пераклад з нямецкай – Ігар Крэбс © 2015

Чытайце таксама

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

Тадэвуш Ружэвіч

Тадэвуш Ружэвіч

Польскі паэт, празаік, драматург і перакладчык.

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Нямецкі пісьменнік-рамантык, кампазітар, дырыжор, мастак, музычны крытык, юрыст

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Многімі лічыцца першым афрыканскім паэтам-мадэрністам

720