№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

Аксана Данільчык

Па-за межамі сябе самой

Эсэ

Назваць — значыць абмежаваць, але не назваць — значыць не вызначыць.

 

1. Лад жыцця

Паэзія — гэта прачнуцца між лясоў далёка ад людзей, пакарміць ката, які недзе бадзяўся ўсю ноч, і думаць, што сёння будзе шчаслівы дзень. І пра гэта напісаць. Раней гэта выглядала крыху інакш: прачнуцца, залезці на дах “шалашыка” з дровамі, глядзець, як сонца скача па вадзе, і адчуваць, як на цябе сыходзіць паэзія, нешта ірацыянальнае, звязанае з плынямі энергіі сонца і зямлі. Для мяне гэта звязана з вельмі канкрэтным месцам, дзе я адчуваю сябе абароненай продкамі, як бы пафасна гэта ні гучала. (З іншага боку, хай сабе гучыць як хоча, гэтыя рэчы адчуваюцца на клетачным узроўні.)

Хоць гэта не заўсёды і не для ўсіх ёсць вызначальным фактарам. Але здольнасць узняцца над рэчаіснасцю ці абстрагавацца ад яе непасрэдна звязаная з паэзіяй (ці, можа, з уяўленнямі пра паэзію рамантыкаў?). Погляд зверху і збоку. “Заўжды быў мілы мне пустынны ўзгорак гэты”, — пісаў Леапардзі ў “Бясконцасці”.

Паэзія, як інфрачырвоны прамень, прасвечвае тваё жыццё і запускае пэўныя працэсы, іншым разам у самы непрыдатны момант. Галоўнае не ігнараваць свае думкі ў такія моманты, не адпускаць іх, а нейкім чынам занатоўваць. Усведамляць іх каштоўнасць, прынамсі, для сябе. І перачытваць праз некаторы час.

Раней я ўсе свае вершы ведала на памяць. Цяпер ужо не…

 

2. Спосаб мыслення

Калі свае думкі я падсвядома імкнуся адпаведна аформіць, а яшчэ часцей — калі думка сама афармляецца пэўным чынам, пакідаючы астатнія па-за маёй увагай, мая энергія канцэнтруецца вакол намаганняў сказаць.

Мне заўсёды цікава чытаць (слухаць) крытычныя разборы паэзіі, у якіх вельмі часта аўтарам надаецца свядомая роля ў выбары мастацкіх сродкаў, формы і г.д. Не магу сказаць, што ў мяне гэта адбываецца свядома. Нешта кшталту “сёння я напішу верш адзінаццаціскладовікам пра тое, як падае лісце... не, лепей, чатырохстопным ямбам”. Такое толькі ў школе магчымае.

Мера сапраўднасці — калі напісанне тэксту мае на мэце выключна напісанне тэксту. Сумленнасць пасылу, магчыма, у тым, што найчасцей ён не мае канкрэтнага адрасата. Кажу “найчасцей”, бо не выключаная магчымасць яго мець. Сумленнасць таленту ў тым, што ён не прымае хлусні на падсвядомым узроўні, то бок не можа пісаць дзеля іншай мэты.

 

3. Камунікацыя з іншасветам

Наконт ірацыянальнасці — усё так. Некалі я для сябе гэта агучыла ў адным з інтэрв’ю, калі на пытанне “Паэзія павінная быць найперш прыемнай ці карыснай?” адказала: “Паэзія — як вера. Дзеля чаго чалавек верыць? Таму, што гэта прыемна? Ці таму, што гэта карысна? Калі вера мае месца з такіх меркаванняў, то чаго тады яна вартая? Так і паэзія”. Сама пра гэта забылася, а ў нетрах інтэрнэту мая думка жыве.

Час ад часу паэзію імкнуцца зрабіць карыснай, і гэта ўжо цікава. Але паэзія нікому нічога не павінная. Як і прыгажосць. Хоць, можа, я памыляюся. Паэзія павінная быць сумленнай. Ці аўтар? Ці і тое, і гэтае? Мабыць, так. Сумленнасць паэзіі — у шчырасці імпульсу, сумленнасць аўтара — у тым, каб пайсці за імпульсам і даць яму свабоду. У гэтым і сапраўднасць. Можна быць добрым паэтам і абы-якім чалавекам? Камбінацый можа быць колькі заўгодна, але найчасцей талент адпавядае чалавеку. Хоць усе мы памятаем: “Врёте, подлецы: он мал и мерзок — не так, как вы, — иначе”.

Паэзія не павінная быць карыснай у сэнсе ўтылітарным, аднак тады варта спытацца, а ці ёсць ад паэзіі карысць і для каго яна ёсць.

А прыгажосць? Паэзія і прыгажосць — тоесныя? Сучаснае мастацтва адпрэчвае прыгажосць, і паэзія тут не выключэнне. Але злачынства таксама можа быць дасканалым.

 

4. Псіхатэрапія

Сапраўды, дзеля чаго мы пішам? Асабліва калі замілаванне светам даўно мінула. Каб даць волю імпульсу, што ўзнік недзе ў глыбінях свядомасці ці падсвядомасці?

Калі я чытаю кнігу паэзіі, то шукаю ў першую чаргу цэласнасці. Кніга, якая цікавая з пункту гледжання эстэтыкі, але не насычае мяне думкамі і адчуваннямі, не будзе мне цікавай. Прынамсі, я да яе не вярнуся. Не згаджуся, што няважна, пра што, а важна, як. Тэкст — гэта не проста набор метафар.

Кнігі, якія ўжо ведаю, часта перачытваю, адкрываючы на любой старонцы.

Некаторыя аўтары лічаць, што над вершам нельга працаваць. Але я цяпер абсалютна спакойна магу сказаць, што працую над вершам, бо, па-першае, элементарна бракуе часу, каб скончыць яго за адзін раз, па-другое, я зрабілася жудаснай занудай, чытаю гэтыя вершы і перачытваю. І выпраўляю. Чаго раней амаль ніколі не рабіла (можа, гэта ўплыў працы над перакладамі?).

 

5. Ізноў пра лад жыцця

Учора праглядала артыкулы, напісаныя пра мае кнігі. А. Данільчык літаратурная і рэальная існуюць у розных вымярэннях. Цікава, канечне. Я нават не ўяўляю, што значыць жыць актыўным літаратурным жыццём. То бок існаваць выключна як паэтка. Выключна ў гэтай якасці. Можа, я яшчэ не гатовая да гэтага? Можа, факт успрымання цябе як адной з многіх дазваляе назіраць за паводзінамі людзей, застаючыся незаўважнай?

Пабла Неруда, Мігель Анхель Астурыяс, Актавіё Пас… Пытанне: што яднае гэтых пісьменнікаў, акрамя прыналежнасці да літаратуры Лацінскай Амерыкі? Яны працавалі пасламі. І вось я думаю: якім паслом быў Пабла Неруда? Як паэт упісваецца ў бюракратычную сістэму, вертыкаль, іерархію? Дзе самае галоўнае — падпарадкаванне. Ці гэта магчыма толькі цягам пэўнага часу дзеля назапашвання вопыту? Бо чалавек, які ўвесь час падпарадкоўваецца, рана ці позна страчвае сябе.

З іншага боку, паэт не існуе ў вакууме, то бок можна пісаць выключна аб прыродзе, гэта таксама спосаб існавання ў паэзіі. Баюся, гэта не пра мяне. Зноў жа, тут мы выходзім на пытанне "паэт = інтэлектуал?" Не заўсёды.

 

6. Пра пераклады

Першы штуршок да перакладу паэзіі — Чэзарэ Павэзэ “Verrà lа morte e avrà i tuoi occhi...”. Захацелася вымавіць гэта па-беларуску, пачуць, як гэта прагучыць па-беларуску. Паэзію можна перакладаць толькі ў тым выпадку, калі верш “адгукаецца” ў тваёй душы, у тваім асабістым вопыце, жыццёвым і мастацкім. Існуе думка, што паэзію нельга перакласці, але мне здаецца, што менавіта пераклад паэзіі ўдасканальвае перакладчыка і яго мову. І пераклады я перачытваю Бог ведае колькі разоў, пакуль не знаходжу больш-менш адпаведны варыянт.

Пераклад — магчымасць уважліва прачытаць твор, напісаны на іншай мове. І зрабіць яго прыналежным да сваёй мовы.

 

7. Пра ўзаемадзеянне

Наколькі паэзія павінная падпарадкоўваць нашае жыццё? Хто тут гаспадар — вось гэтая ірацыянальная плынь ці я, homo sapiens? Але наколькі я sapiens? Іншым разам чытаю ўласныя вершы і не магу паверыць, што гэта я напісала…

Назваць — значыць абмежаваць. Але паэзія — заўсёды выхад за межы. Часта нават за ўласныя межы…

А ўрэшце, я неаднаразова спрабавала даць азначэнне паэзіі сродкамі самой паэзіі…

 
***
не зважаючы на ўсе сродкі камунікацыі
на мноства гукаў што запаўняюць прастору
 
паэзія і толькі паэзія
застаецца маім адзіным сродкам
зносін са светам
 
бо паэзія —
гэта любоў тут і адразу
паэзія — гэта тое што не патрабуе адказу
паэзія — гэта вада — мёртвая і жывая
паэзія — гэта тое што мяне апраўдае
 
сонца заходзіць і неба за ім
радком чырвоным палае

Чытайце таксама

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Многімі лічыцца першым афрыканскім паэтам-мадэрністам

Оскар Мілаш

Оскар Мілаш

Французскі паэт і літоўскі дыпламат, дзядзька Чэслава Мілаша

Эрнэст Сава

Эрнэст Сава

Франкамоўны пісьменнік беларускага паходжання

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Нямецкі пісьменнік-рамантык, кампазітар, дырыжор, мастак, музычны крытык, юрыст

103