№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Говард Філіпс Лаўкрафт

Падступны Хаос (Nyarlathotep)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Уладзіслава Гурыновіч
Ньярлатхатэп… Падступны Хаос… Я апошні… Я прамаўляю да пустэчы, якая здольная чуць…
 
Я не памятаю дакладна, калі ўсё гэта пачалося, — напэўна, некалькі месяцаў таму. Агульнае напружанне было жахлівым. Гэта быў час палітычных і сацыяльных узрушэнняў, і чалавецтва было ахопленае прадчуваннем пагрозы, спачатку глухой і невыразнай, але спакваля адчуванне небяспекі пашыралася і рабілася ўсёабдымным — небяспекі жудаснай, пякельнай, якая можа прымроіцца хіба ў жахлівых снах. Я памятаю, як людзі блукалі ў неспакоі, са збялелымі тварамі, і шапталі злавесныя прароцтвы, якія ніхто не асмельваўся вымавіць на поўны голас і ўсвядоміць іх сэнс. Цяжар недаравальнай віны прыгнятаў маю краіну — а з зорных безданяў дзьмуў ледзяны вецер, халодзячы душы простых смяротных, якія курчыліся ад жаху ў сваіх цёмных адасобленых сховішчах. І была пачварная змена ў порах году, і ўвосень надзвычай доўга трымалася ненатуральная гарачыня, і кожны з нас адчуваў, што свет — а магчыма, увесь Сусвет — больш не падпарадкоўваецца волі старых багоў, пераходзячы пад уладу багоў іншых, невядомых.
 
І тады Ньярлатхатэп выйшаў з Егіпта. Хто ён такі, не ведаў ніводзін са смяротных, вядома было толькі, што ён старажытнай і высакароднай крыві і выглядае як фараон. Фелахі кленчылі, калі бачылі яго, хоць і не маглі растлумачыць прычыну гэтай пашаны. Казалі, быццам ён паўстаў з цемры дваццаці сямі стагоддзяў, каб прынесці людзям вестку з іншых, незямных абшараў. Ньярлатхатэп, цемнатвары, станісты і велічны, вандраваў па краінах, якія лічыліся цывілізаванымі, і паўсюль набываў дзіўныя прылады са шкла і металу, ператвараючы іх у прылады яшчэ больш дзіўныя. Ён шмат казаў пра навукі, якія тлумачылі прыроду электрычнасці і чалавечай падсвядомасці, і тварыў цуды, і кожны, хто бачыў іх, сыходзіў агаломшаны, і слава яго ўзрастала і грымела па ўсёй зямлі. Людзі дрыжалі перад імем ягоным, але прагнулі яго пабачыць. І там, дзе з’яўляўся Ньярлатхатэп, не было больш сну і спакою, і ноч раздзіралі немыя крыкі, бо тых, хто спаў, мучылі жахлівыя мроі. Начныя кашмары зрабіліся сапраўдным бедствам, і некаторыя мудрацы разважалі, ці не варта ўвогуле забараніць людзям спаць уначы, каб іх дзікі лямант не парушаў спакой гэтай блаславёнай часіны, калі бледная поўня глядзіцца ў смарагдава-чорнае люстра віроў пад мастамі, а высокія спічакі старажытных званіц спяць і мрояць ў чарноцці нябёс.
 
Я памятаю, як Ньярлатхатэп прыйшоў у наш горад — вялізны, стары і жахлівы горад незлічоных злачынстваў. Мой сябар казаў мне пра яго і расказваў пра яго адкрыцці, нечувана натхняльныя і прывабныя, і я знемагаў ад спакусы далучыцца да гэтых дзівосных таямніцаў. Мой сябар папярэдзіў, што мяне чакае штосьці настолькі жудаснае і пачварнае, што нават я з маёй хваравітай фантазіяй не ў стане ўявіць, што відарысы, якія паўстаюць на сцяне ў прыцемненым пакоі, — прароцтвы, што немагчыма атрымаць ад ніводнага празорцы, апроч Ньярлатхатэпа, і што ў спакуслівым віраванні іскраў ён адбірае ў людзей тое, што яшчэ ніводная сіла не здольная была адабраць. І паўсюдна чуў я, быццам той, хто спазнаў Ньярлатхатэпа, сузірае відзежы, утоеныя ад недасведчаных.
 
У гэтую спякотную восень ішоў я скрозь ноч разам з узрушаным натоўпам, каб пабачыць Ньярлатхатэпа, скрозь душную ноч уверх па бясконцых прыступках, па лесвіцы, якая вяла ў прыцемнены пакой. І на сцяне паўсталі туманныя відзежы — постаці ў каптурах, якія блукалі сярод руін, і лютыя жаўтлявыя абліччы, якія луналі па-над разбуранымі помнікамі. І я ўбачыў, як чалавецтва ў адчаі змагаецца з цемрай, з разбуральнымі хвалямі, што абрынаюцца з міжзорных абшараў, і віраць, кружаць, лютуюць наўкруг цьмянага, астылага сонца. А потым іскры заскакалі ў дзіўным танцы вакол галоваў гледачоў, і валасы ва ўсіх усталі дыбарам, і цені, невымоўна пачварныя, зайшлі і паселі на галовах людзей. Я — мабыць, самы стрыманы і адукаваны з усіх — пачаў быў пратэставаць, бязладна мармычучы штосьці пра махлярства і статычную электрычнасць, але Ньярлатхатэп выгнаў нас прэч, пад зыбкія зоры, у волкую спякотную ноч, на спусцелыя вуліцы. І я голасна закрычаў, што мне не страшна, што мне ні на хвіліну не зрабілася страшна, і астатнія крычалі разам са мною, каб суцешыцца. І мы кляліся адно аднаму, што горад не змяніўся ні на каліва, што ён не загінуў. І нават калі электрычнае святло пачало цьмянець, мы адно лаялі электрычную кампанію, і жартавалі, і смяяліся, нібы вар’яты.
 
Пэўна, чыясьці злая воля ішла ад зелянявага месяца, бо ўсе мы раптам зрабіліся залежнымі ад месяцавага святла, і штосьці пацягнула нас наперад, прымусіўшы маршыраваць недарэчным строем. І хаця ўсім нам было вядома, ў якім кірунку мы рухаемся, мы не асмельваліся згадваць пра тое нават у думках. Зірнуўшы на ходнік, мы ўбачылі, што камяні бруку зніклі і замест іх рунее трава, а там, дзе калісьці хадзілі трамваі, цяпер іржавеюць рэйкі, ледзь прыкметныя ў буянні траваў. А потым мы заўважылі трамвайны вагон — самотны, без вокнаў, струхлелы, ён стаяў, амаль заваліўшыся набок. Потым мы паглядзелі на гарызонт і ўбачылі, што адна з трох вежаў над ракою знікла, а другая моцна абязвечаная, быццам згрызеная ля самай вяршыні. Затым мы падзяліліся на вузкія калоны, кожная з якіх рухалася ў сваім кірунку. Адна з калонаў раптоўна знікла ў алеі злева, і рэха данесла да нас вусцішныя енкі. Другая калона, заходзячыся вар’яцкім смехам, скіравалася да ўваходу ў тунэль метро, які чарнеў сярод пустазелля. Мая калона рушыла да адкрытай прасторы, і я адчуў холад — упершыню за гэтую спякотную восень. І мы выйшлі на цёмную верасовую пустку, і ўбачылі наўкол снягі, якія злавесна блішчалі ў месяцавым святле. У некранутых неспасціжных снягах была пракладзеная адзіная сцежка, і яна вяла толькі ў адным кірунку — да бездані, якая зеўрала апраметным чарноццем сярод зіхатліва-белых снягоў. Нашая калона напраўду была занадта вузкай, і я крочыў павольна, быццам трызнячы, у кірунку да прорвы. Я марудзіў, бо чорная расколіна сярод снягоў, азораных зелянявым святлом поўні, выглядала жахліва, і мне чулася водгулле адчайнага ляманту, калі тыя, хто ішоў наперадзе, знікалі ў цемры, але я не мог стаяць на месцы. Нібы зачараваны, я, дрыжучы, цягнуўся сярод велічэзных сумётаў да сляпых безданяў Няўяўнага.
 
Толькі багі ў сваёй крыклівай разважнасці і маўклівым шаленстве ў стане расказаць пра гэта. Жывы агідны цень курчыўся ў руках, якія насамрэч не былі рукамі, і невідушча вірыў усцяж прывідных поўначаў мёртвага і згнілага Сусвету. Плылі ў пустэчы загінулыя планеты з трупнымі плямамі гарадоў. Магільныя вятры кіпцюрылі змярцвела-бледныя зоры, зацьмяваючы іх ззянне. У міжзорных абшарах луналі пачварныя, хісткія цені велічэзных істот, і паўставалі цьмяныя абрысы д’ябальскіх храмаў, якія ўзвышаліся на безназоўных уцёсах дзесьці ля падножжа сусветаў, сягаючы вяршынямі неспасціжных пустэчаў па-за межамі святла і цемры. А над вірлівым могільнікам сусветаў разносіўся прыглушаны, дакучлівы грукат барабанаў і вісклівае, манатоннае выццё блюзнерскіх флейтаў. У цёмных зацішных пакоях па той бок Рэчаіснасці, пад агідны барабанны пошчак і енкі жалеек, кружыліся ў павольным, няўклюдным і бязглуздым танцы выродлівыя і змрочныя багі апошніх эпох — безгалосыя, звар’яцелыя хімеры, чыя душа — Падступны Хаос Ньярлатхатэп.
 
1920

Пераклад з ангельскай – Уладзіслава Гурыновіч © 2014

Чытайце таксама

Лешак Энгелькінг

Лешак Энгелькінг

Польскі паэт, перакладчык, мастацтвазнаўца, літаратурны крытык

Бэла Шагал

Бэла Шагал

Пісьменніца, жонка і муза мастака Марка Шагала.

Сара Тысдэйл

Сара Тысдэйл

Амерыканская паэтка Сара Тысдэйл нарадзілася 8 жніўня 1884 году ў сям’і, што адносілася да забяспечанага сярэдняга класу

Роберт ван Гулік

Роберт ван Гулік

Нідэрландскі ўсходазнаўца, дыпламат, музыка, аўтар ангельскамоўных аповесцяў пра суддзю Дзі

1018