№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

О. Генры

Пасткі параду пыхлівасці (Lost on Dress Parade)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута

Містэр Таўэрс Чэндлер у сваім мэбляваным пакоі прасаваў вечаровы касцюм. Адзін прас грэўся на газавай плітцы, другі ж рашуча рухаўся туды-сюды, шчыруючы над такой жаданай складкай, якая вось-вось працягнецца роўнай лініяй ад лакаваных туфляў містэра Чэндлера да краю яго камізэлькі. Больш пра туалет нашага героя даводзіць да ўсеагульнага ведама няма чаго. Рэшту хай дадумваюць тыя, каго высакародная беднасць змушае да ганебных хітрыкаў. Наступным разам мы ўбачым містэра Чэндлера, калі ён будзе спускацца па лесвіцы мэбляваных пакояў, бездакорна і прыстойна апрануты, спакойны, самаўпэўнены і прывабны — акурат такі, якім мусіць выглядаць тыповы нью-ёркскі заўсёднік клубаў, трошкі знуджаны, але поўны рашучасці аддацца ўсім вечаровым забавам.

Чэндлер зарабляў 18 даляраў на тыдзень, працуючы ў канторы аднаго архітэктара. Яму было дваццаць два гады, ён лічыў архітэктуру сапраўдным мастацтвам і шчыра верыў (хаця не насмельваўся прызнацца ў гэтым у Нью-Ёрку), што хмарачос “Прас” [1] мае меншую эстэтычную каштоўнасць, чым вялікі Міланскі сабор [2].

Кожны тыдзень Чэндлер адкладаў з заробкаў адзін даляр. Сабраўшы такім чынам за дзесяць тыдняў дадатковы капітал, ён са зніжкай набываў у старога сквапнага Бацькі Часу адзін джэнтльменскі вечар. Узброіўшыся рэгаліямі мільянераў і прэзідэнтаў, ён выпраўляўся ў квартал, дзе кіпела самае яркае і бліскучае жыццё, і там абедаў, раскошна і густоўна. З дзесяццю далярамі ў кішэні чалавек можа, хай сабе ўсяго на некалькі гадзінаў, дазволіць сабе згуляць у багатага гультая. Гэтых грошай хопіць на добра прадуманую вячэру, бутэльку віна з прыстойнай этыкеткай, сувымерныя чаявыя, цыгару, рамізніка і звычайныя гэтак далей.

Адзін такі чароўны вечар, адабраны з сямідзесяці астатніх панылых вечароў, быў для Чэндлера крыніцай абнаўляльнай асалоды. Першы выезд здараецца ў дзявочым жыцці толькі раз, і калі сівеюць валасы, ён адзіны застаецца ў памяці свежым і салодкім. Чэндлер жа кожныя дзесяць тыдняў перажывае радасць такую вострую і трапяткую, якая бывае толькі ў першы раз. Сядзець сярод бонвіванаў пад пальмамі, у віры таемнай музыкі, аглядаць заўсёднікаў гэтага раю і трапляць у поле іх зроку — хіба зраўняецца з гэтым першы танец дэбютанткі і яе цюлевая сукенка з кароткімі рукавамі?

Чэндлер рухаўся па брадвейскім парадзе вечаровай пыхлівасці. У гэты вечар ён быў не толькі наведнікам выставы, але і яе экспанатам. Наступныя шэсцьдзесят дзевяць вечароў ён будзе апранацца ў шавіётавыя і камвольныя касцюмы і вячэраць у сумнеўных табльдотах, шумных буфетах — ці проста спажываць у сваім мэбляваным пакоі сандвічы з півам. Але ён нават хацеў гэтага, бо быў сапраўдным сынам вялікага мітуслівага горада, і адзін вечар у неонавым святле кампенсаваў яму мноства іншых змрочных вечароў.

Чэндлер зацягваў свой шпацыр, пакуль яго вялікі шлях, асветлены лімоннымі агнямі, не пачалі перасякаць саракавыя вуліцы. Вечар толькі пачынаўся, а калі далучаешся да бамонду толькі раз на семдзесят дзён, хочацца неяк працягнуць задавальненне. Позіркі — яркія, панурыя, цікаўныя, захопленыя, дзёрзкія, ваблівыя — былі звернутыя на яго, бо аблічча і строй Чэндлера выдавалі ў ім прыхільніка ўцехаў і асалодаў.

На рагу ён спыніўся і задумаўся, ці не час павярнуць назад, да бліскучых і фешэнебельных рэстаранаў, дзе ён зазвычай вячэраў у дні свае неверагоднае раскошы. Акурат у гэты момант дзяўчына, што весела вылецела з-за рога, паслізнулася на зледзянелым снезе і завалілася на ходнік.

Чэндлер з усёй далікатнасцю і пачцівасцю тут жа дапамог ёй падняцца. Дзяўчына, кульгаючы, падышла да сцяны, абаперлася на яе і сарамліва яму падзякавала.

— Здаецца, я расцягнула шчыкалатку, — сказала яна. — Яна падвярнулася, калі я ўпала.

— Моцна баліць? — спытаў Чэндлер.

— Толькі калі я пераношу на яе ўсю вагу. Думаю, праз хвіліну-дзве я змагу пайсці далей.

— Ці магу я чым-небудзь дапамагчы? — прапанаваў малады чалавек. — Злавіць кэб ці яшчэ што...

— Дзякуй вам, — мякка, але рашуча адмовіла дзяўчына. — Я ўпэўненая, што турбавацца не варта. Як гэта недарэчна з майго боку! І абцасы, як на злосць, сама зручнасць — няма нават каго абвінаваціць!

Чэндлер зірнуў на дзяўчыну і зразумеў, што цікавіцца ёй усё больш. У яе прыгажосці было штосьці вытанчанае, а вочы здаваліся адначасова вясёлымі і добрымі. На ёй была сціплая чорная сукенка, падобная да ўніформы, такой, напрыклад, як надзяваюць прадавачкі. Завітыя пасмы цёмна-каштанавых валасоў выбіваліся з-пад таннага чорнага капялюшыка, адзіным упрыгожаннем якога была аксамітная стужка з бантам. Яна магла б пазіраваць для партрэта найлепшай і самай годнай прадстаўніцы свайго класу — класу працоўных дзяўчат.

Нечакана ў галаве маладога архітэктара з’явілася ідэя. Ён запросіць гэтую дзяўчыну павячэраць. Вось чаго не хапала яго перыядычным раскошным, але самотным святам! Кароткія імгненні яго вытанчанага шыкавання зробяцца відавочна ярчэйшымі, калі ён залучыць у сваю кампанію лэдзі. А ён не сумняваўся, што гэтая дзяўчына лэдзі, — пра гэта сведчылі і яе мова, і манеры. Нягледзячы на ўсю прастату яе ўбрання, ён адчуваў, што сядзець побач з ёй за сталом будзе вельмі прыемна.

Гэтыя думкі імкліва пранесліся ў яго галаве — і рашэнне было прынятае. Ён, безумоўна, парушаў этыкет, але працоўныя дзяўчаты ў такіх справах часта гатовыя закрываць вочы на фармальнасці. Іх суджэнні пра мужчынаў вельмі праніклівыя, а таму нашмат карыснейшыя за ўсе гэтыя бессэнсоўныя ўмоўнасці. Дзесяці даляраў, калі траціць іх з розумам, хопіць на вячэру для дваіх. Няма сумневу, што абед застанецца для яе яркім уражаннем сярод панылага руціннага жыцця, а яе мілае захапленне толькі павялічыць яго трыюмф і асалоду.

— Мне здаецца, — са шчырай сур’ёзнасцю сказаў ён, — што вашай назе патрэбны даўжэйшы адпачынак, чым вы думаеце. А таму я хачу прапанаваць вам спосаб адпачыць і адначасова зрабіць мне вялікі гонар. Калі вы выбеглі з-за рога і спатыкнуліся, я акурат збіраўся ў поўнай самоце павячэраць. Давайце ў якім утульным месцы пасядзім і пагутарым — я ўпэўнены, што пасля гэтага вашая пашкоджаная шчыкалатка з лёгкасцю данясе вас дадому.

Дзяўчына хутка агледзела ясны прыемны твар Чэндлера. Яе вочы заблішчэлі, і яна шчыра ўсміхнулася.

— Але мы ж не знаёмыя — здаецца, так не заведзена? — з сумневам спытала яна.

— Нічога кепскага тут няма, — дабрадушна сказаў малады чалавек. — Дазвольце прадставіцца, мяне завуць містэр Таўэрс Чэндлер. Пасля вячэры, якую я паспрабую зрабіць як мага больш утульнай, я развітаюся з вамі ці праводжу вас дадому — як захочаце.

— Але Божа мой! — усклікнула дзяўчына, зірнуўшы на бездакорны строй Чэндлера. — У гэтай старой сукенцы і капелюшы?!

— Ды не хвалюйцеся! — весела супакоіў яе Чэндлер. — Мушу прызнацца, вы нашмат прыгажэйшая за ўсіх тых дамаў у добра прадуманых вечаровых сукнях, якіх мы, магчыма, убачым.

— Шчыкалатка пакуль яшчэ баліць, — прамовіла дзяўчына, робячы няўпэўнены крок. — Мабыць, давядзецца прыняць вашае запрашэнне, містэр Чэндлер. Можаце называць мяне міс Мэрыян.

— Тады хадзем, міс Мэрыян, — ажыўлена, але надзвычай пачціва прамовіў малады архітэктар. — Далёка ісці не давядзецца. У суседнім квартале акурат ёсць адзін вельмі някепскі прыстойны рэстаранчык. Вы можаце абаперціся на маю руку... так... і павольна пойдзем. Сумна ўвесь час вячэраць на самоце. Я ўжо нават трошкі рады таму, што вы паслізнуліся на гэтым лёдзе.

Калі іх пасадзілі за добра ўбраны стол і побач завіс у чаканні шматабяцальны афіцыянт, Чэндлер напоўніцу адчуў тую асалоду, якую заўсёды прыносілі яму яго рэгулярныя выхады ў свет.

Рэстаран гэты быў не такі бліскучы і напышлівы, як яго ўлюбёная ўстанова трошкі ніжэй па Брадвеі, але саступаў ёй зусім нязначна. За столікамі сядзелі надзвычай рэспектабельныя наведнікі, аркестр быў добры, і яго ненавязлівая музыка рабіла размову яшчэ прыемнейшай, а кухня і абслуга былі вартыя любой пахвалы. Спадарожніца Чэндлера, нягледзячы на танную сукенку і капялюшык, трымалася з годнасцю, якая толькі падкрэслівала прыроднае хараство яе тварыка і фігуры. І не было сумневу — яна глядзела на Чэндлера, які паводзіўся бадзёра, але стрымана, натхнёнымі і шчырымі блакітнымі вачыма, і на яе чароўным твары ўжо амаль чыталася захапленне.

І тут усё вар’яцтва Манхэтэна, уся ўтрапёнасць штучнае раскошы, бацылы самазадаволенасці, чума правінцыйнага пазёрства ўсяліліся ў Таўэрса Чэндлера. Ён на Брадвеі, вакол — багацце і бляск. І гэтыя скіраваныя на яго вочы! Ён быў на сцэне, ён граў у гэтай аднадзённай камедыі ролю легкадумнага франта і лянотнага знаўцы свету. Ён быў гатовы да гэтай ролі, і ўсе анёлы-ахоўнікі не здолелі б перарваць яго бенефіс.

Ён пачаў расказваць міс Мэрыян усялякую бязглуздзіцу пра клубы, прыёмы, пра гольф і скачкі, сабак, катыльёны і замежныя паездкі, не забыўшы спамянуць пра яхту, што стаіць дзесьці ў Ларчманце. Заўважыўшы, што яго балбатня робіць уражанне, ён разышоўся яшчэ больш, пачаў цьмяна намякаць на вялізную спадчыну і бесцырымонна скланяць імёны, якія працоўны клас згадвае не без трымтлівай пашаноты. Гэта быў яго дзень, і ён не ўпусціў магчымасці выціснуць з яго ўсё, на яго думку, найлепшае. І ўсё ж раз ці два чыстае золата дзявочае душы заззяла скрозь туман самазакаханасці, што затлуміў яму галаву.

— Той лад жыцця, пра які вы расказваеце, — прамовіла яна, — здаецца мне такім павярхоўным і несур’ёзным. Няўжо няма ў свеце працы, якая здолела б вас зацікавіць?

— Праца, мая дарагая міс Мэрыян?! — усклікнуў ён. — Толькі ўявіце сабе, што вам кожны дзень трэба пераапрануцца да вячэры, а ўдзень нанесці з паўтузіна візітаў — пры тым, што на кожным рагу паліцэйскія гатовыя скокнуць у вашую машыну і адправіць ва ўчастак, як толькі вы спрабуеце паехаць хутчэй за павозку, запрэжаную аслом. Мы, марнатраўцы часу, загружаныя працай больш, чым хто.

Абед скончыўся, афіцыянт атрымаў шчодрую ўзнагароду, і двое маладых людзей выйшлі на рог вуліцы, дзе яны ўпершыню сустрэліся. Цяпер міс Мэрыян ішла вельмі добра і амаль не кульгала.

— Дзякую вам за прыемны вечар, — шчыра сказала яна. — Але я мушу бегчы дадому. Вячэра была проста цудоўная, містэр Чэндлер.

Ён паціснуў ёй руку, сардэчна ўсміхнуўся і прамармытаў нешта пра брыдж у сваім клубе. Хвіліну ён глядзеў, як яна хутка крочыць ва ўсходнім напрамку, а потым узяў кэб і марудна адправіўся дадому.

Вярнуўшыся ў халодны пакой, Чэндлер адклаў свой вечаровы касцюм, які цяпер чакаюць шэсцьдзесят дзевяць дзён адпачынку. Потым задумаўся.

— Якая неверагодная дзяўчына! — прамовіў ён сам сабе. — Магу паклясціся, што яна — тое што трэба, хай сабе і працуе. Імаверна, калі б я сказаў ёй праўду замест усёй гэтай лухты, мы маглі б... Ды ну ўсё гэта! Я проста мусіў адпавядаць свайму касцюму!

Так разважаў дзікун, народжаны і выхаваны ў вігвамах манхэтэнскага племені.

Пакінуўшы свайго бенефіцыянта, дзяўчына паспешліва прабегла два кварталы на ўсход і апынулася перад прыўкрасным і паважным асабняком, што выходзіў фасадам на галоўнае авеню Мамоны і дапаможных багоў. Яна заскочыла ўсярэдзіну і паднялася ў пакой, дзе прыгожая маладая лэдзі ў вытанчанай дамашняй сукні ўжо трывожна паглядала ў акно.

— А вось і нашая гарэзніца! — усклікнула старэйшая дзяўчына, пабачыўшы ў дзвярах малодшую. — Калі ты ўрэшце перастанеш нас палохаць? Вось ужо дзве гадзіны як збегла з дому ў гэтых рызманах і капелюшы Мэры! Мама ўжо забіла трывогу. Яна адправіла на пошукі Луі з машынай. Ты кепская, легкадумная дзяўчынка!

Старэйшая націснула на званок, і праз хвіліну з’явілася служанка.

— Мэры, скажы маме, што міс Мэрыян вярнулася.

— Не сварыся, сястра. Я проста бегла да мадам Тэа, каб сказаць, што замест ружовай устаўкі трэба зрабіць ліловую. А гэтая сукенка і капялюш Мэры — акурат тое, што трэба ў такіх выпадках. Не сумняюся, што ўсе лічылі мяне прадавачкай.

— Мы ўжо павячэралі, дарагая, ты спазнілася.

— Я ведаю. Я паслізнулася на ходніку і падвярнула нагу. Ісці было балюча, а таму я дакульгала да рэстарана і пачакала, пакуль адчую сябе лепей. Вось чаму я спазнілася.

Дзяўчаты сядзелі ля акна і глядзелі на ліхтары і патокі экіпажаў, што імчалі па вуліцы. Малодшая сястра прыціснулася да сястры і паклала галаву ёй на калені.

— Аднойчы мы, ты і я, выйдзем замуж, — мройна сказала яна. — Але ў нас столькі грошай, што нам не дазволяць расчараваць публіку. Хочаш, сястрычка, я раскажу табе пра чалавека, якога магла б пакахаць?

— Ну давай, летуценніца, — усміхнулася старэйшая.

— Я магла б пакахаць чалавека з таямнічымі і добрымі сінімі вачыма, чалавека, які прыхільна і з павагай ставіўся б да бедных дзяўчат, які быў бы прыгожым і прыязным, але зусім не какетлівым. Але я змагу палюбіць яго толькі тады, калі ў яго будзе мэта, памкненне і нейкая справа ў жыцці. Няважна, будзе ён багатым ці бедным, — я дапамагу яму дамагчыся свайго. Але, дарагая сястра, вакол нас — толькі тыя лянотнікі, што дзеляць жыццё паміж прыёмамі і клубамі, і я не магу пакахаць аднаго з іх, нават калі ў яго сінія вочы і ён па-добраму ставіцца да бедных дзяўчат, з якімі знаёміцца на вуліцы.

 

Упершыню пераклад надрукаваны ў газеце “Літаратурная Беларусь”, №11 (75), 30 лістапада 2012.

 

Каментар

1. Хмарачос “Прас”, ці Флэтайран-Білдынг — 82-метровы будынак на Манхэтэне, размешчаны на месцы злучэння Брадвея, Пятай авеню і 23-й Усходняй вуліцы. Быў узведзены ў 1902 годзе, аднак сваю цяперашнюю назву атрымаў толькі ў 1930-м.

2. Міланскі сабор (іт. Duomo di Milano) — кафедральны сабор, пабудаваны з белага мармуру ў стылі палымянай готыкі. Будаўніцтва было пачатае ў 1386 годзе, а завершанае толькі ў ХІХ ст. на загад Напалеона. Асобныя дэталі дарабляліся да 1965 году.

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2012

Чытайце таксама

Наташа Герке

Наташа Герке

Польская аўтарка прозы і паэтка, майстарка кароткіх сюррэалістычных апавяданняў

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Нямецкі паэт. Адзін з выразнікаў ідэй “Буры і націску”.

Уладзімір Жылка

Уладзімір Жылка

Беларускі паэт, культурны дзеяч, перакладаў паэзію

Яльмар Сёдэрберг

Яльмар Сёдэрберг

Адзін з найбуйнейшых шведскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя

331