№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Давід Шульман

Пейсах у хаце

Апавяданне

У тыя часы ў нашым горадзе жыло шмат габрэяў. Прыкладна палову з іх складалі тыя, хто нарадзіўся ў пазамінулым стагоддзі, потым ішлі іх дзеці, якія з’явіліся на свет ужо ў стагоддзі дваццатым — у дваццатыя-трыццатыя гады, і нарэшце былі мы, пасляваенныя падлеткі. Нам было па трынаццаць-пятнаццаць. Здаецца, мы былі апошнімі, каму пашанцавала быць звязанымі моцнымі повязямі з традыцыямі габрэйскага жыцця.

Большасць нашых габрэяў жыла ва ўласных драўляных хатах. Раніцай з комінаў клубіўся дым — гэта палілі ў печах. У іх варылася смачная ежа. Газавыя пліты з вялікімі чырвонымі балонамі былі яшчэ наперадзе, яны з’явіліся гадоў праз пяць-сем. Збольшага жанчыны, якім пераваліла за пяцьдзясят, былі хатнімі гаспадынямі: хадзілі з вялікімі валізкамі на рынак, куплялі прадукты, потым цягнулі гэтыя валізкі праз увесь горад — аўтобусы хадзілі пакуль не па ўсіх вуліцах.

Калі надыходзіў вечар і дахаты вярталіся мужы, у сталовым пакоі за вялікім сталом збіралася ўся сям’я і ўсе абедалі, хаця на гадзінніку быў час вячэраць. Але абедам было прынята лічыць такую трапезу, калі падавалася першая страва — суп, вадкае. А суп падаваўся, калі дахаты вяртаўся гаспадар.

Летнія вечары бавілі на дварэ. У сваёй хаце заўсёды знойдзецца праца: то адрамантаваць плот, то прыбраць у хлеўчуку, то пакапацца ў агародзе, нанасіць вады з калодзежа. Час для водаправодаў ва ўласных хатах яшчэ таксама не прыйшоў. А потым, ужо ў канцы вечара, на лаўках ля кожнай хаты вяліся няспешныя гутаркі з суседзямі пра жыццё-быццё.

Дажджлівая, гразкая восень прыносіць няўтульнасць. І хоць у хаце было цёпла і суха, зааконныя капрызы прыроды наганялі тугу.

Зіма, белая і светлая, падбадзёрвала. Прылятаў снег, казытаў мароз, нецвярозыя мяцеліцы замяталі двор і вуліцы. Раніца пачыналася з шуфля, шырокага, драўлянага. Трэба было пракопваць дарожкі, выходзіць да людзей. Але быў у канцы зімы час, калі па гэтых дарожках людзі ішлі да нас: у нашай хаце пяклі мацу.

Пачыналася ўсё за месяц-паўтара да Вялікадня — Пейсаха. Мацу пяклі таемна ў некалькіх прыватных хатах. Складаўся графік: у які дзень, у чыёй хаце. Да Пейсаха паспявалі напячы тоны мацы.

Гэта было шмат. Але столькі было патрэбна гораду. Кожны ахвотны павінен быць на Пейсах з мацой.

За некалькі дзён да падзеі прыходзіў старшы падраду. Так называліся тыя пяць-шэсць пастаянных сяброў брыгады, якія рабілі мацу. Звычайна гэта быў мужчына, заняты на вельмі важнай аперацыі: ён саджаў мацу ў печ. Пра ўсё было дамоўлена. "Вы хочаце працаваць таксама? — пытаўся ён у гаспадароў. — Тады вось на гэтай і на гэтай аперацыі. Акрамя грошай за хату і дровы будзеце атрымліваць яшчэ па дваццаць капеек з кілаграма".

Цяпер вам зразумела, чаму мацу пяклі таемна? Не толькі таму, што гэта было наогул забаронена, а яшчэ і таму, што тут зараблялі грошы. Не дужа вялікія, але ўсё ж грошы. А калі з’яўляюцца грошы, то дзяржаве трэба плаціць падатак. А як з забароненай дзейнасці спаганяць падатак?

Зараз стане зразумелым, чаму фінінспектар Міша Антановіч, які ўсё жыццё жыў сярод габрэяў, чакаў канца зімы, каб зрабіцца паважаным чалавекам. Ён браў... за маўчанне. Таму што ўсё ведаў і разумеў. Як гэта адбывалася і колькі ён браў, ведалі толькі ён і старшы падраду. Але што браў — ведалі ўсе габрэі і дзякавалі Богу за тое, што ёсць такі чалавек, які не перашкаджае. Таму што галоўнае — гэта маца і Пейсах.

Увечары напярэдадні, калі канчаткова цямнела, у двор заязджала кабыла з санямі, з якой упраўляўся дзядзька Макс з коннага двара пры гархарчгандлі. Выгружалі і заносілі ў хату станкі. Так-так, станкі, якія — з дапамогай людзей, безумоўна — рабілі мацу

А вы што думалі? Стаяць людзі з качалкамі і робяць круглыя лісты? Так, раней яно так і было, але прыйшлі іншыя часы, і галоўны механік аднаго завода, член КПСС Барыс Вульфавіч Задорнаў, сканструяваў і зрабіў у сябе на заводзе — безумоўна, таемна — тыя два галоўныя станкі і "трамбоўку". І меў потым таксама нейкую капейку з кожнага кілаграма. Праз некалькі гадоў эксплуатацыі Задорнаў прадаў станкі старшаму падраду Довіду. Гэтак ён, Довід, зрабіўся поўным гаспадаром падраду: сам наймаў працаўнікоў, у асноўным сваякоў, сам дамаўляўся, сам плаціў.

Пяклі мацу ўначы, пачынаючы гадзін з шасці вечара. Да гэтага часу ўжо некалькі гадзін палілася ў печы, каб набраць патрэбную тэмпературу, якую потым увесь час падтрымлівалі, падкідаючы дровы. Ужо стаяў напагатове ўвесь канвеер: табурэтка з вялікай місай у куце, побач — некалькі вёдраў з вадой і мука. Тут адбываўся замес. Ён лічыўся цяжкаватай працай. Рыўка была ў ліку некалькіх жанчын, якіх бралі на гэтую працу. А далей ішла трамбоўка. Ну, тут заўсёды працаваў Паўлік. Амаль ніхто не ведаў прозвішча гэтага трыццацігадовага гоя. Ён быў высокі, дужы, мог шмат выпіць. Але не "на мацы", безумоўна. Гадоў праз дзесяць ён усё-такі спіўся, паспеўшы папрацаваць усе гэтыя гады першым у горадзе запраўшчыкам двухлітровых сіфонаў з газіроўкай.

Але вернемся да Паўліка трыццацігадовага. Яго праца лічылася самай высокааплатнай і самай цяжкай. Паспрабуйце гадзін трынаццаць запар з Рыўкінага замесу рабіць цеста, якое праз кароткі час зробіцца мацой. Паўлік кідаў "прадукцыю" Рыўкі на стол і спачатку лупцаваў яе рукамі, а потым трамбаваў: падкладаў пад трубу, падымаў і апускаў яе, замацаваную на канцы спецыяльнага, метр на метр, стала, душыў, душыў цеста, пераварочваючы яго, складваючы, і потым зноў распластоўваў. Не кожны маляр мог адужаць такую справу. Чаму маляр? Таму што гэта была самая папулярная сярод маладых габрэяў высокадаходная праца. У малярных брыгадах працавалі на дзевяноста працэнтаў габрэі, маладыя, дужыя, задзірыстыя. Амаль штодня пасля працы яны заходзілі ў кавярню і бралі свае сто грамаў з "прычэпам" — гарэлку і куфаль піва. А потым ішлі дахаты. Рускія члены брыгады ў хуткім часе пачыналі разумець ідыш, размаўляць на ім. Але калі Паўлік раптам з нейкай прычыны не мог прыйсці, маляры выдзялялі для гэтай працы двух чалавек.

Пасля трамбоўкі гатовы кавалак цеста паступаў на станок, на валікі. Там Дора, жонка Довіда, прапускала цеста праз валікі туды-сюды, патанчаючы яго да патрэбнай таўшчыні. Круціў кола станка нехта з мужчын. Калі круціць кола палову сутак, можна застацца без рук. Так казаў круцільшчык Моцік.

Але вось ужо суцэльная стужка цеста пацягнулася да другога станка. Там таксама валікі, але з іголкамі. З гэтага станка выходзіць стужка з дзіркамі. Ну ўсё, далей самая танная праца: стужку разразаюць на кавалкі і вешаюць на тонкія двухметровыя палкі, па пяць-шэсць штук на адну. А далей ужо "зэцар", той, хто працуе ля печкі, распластвае лісткі, крутануўшы палку проста ў печцы. Гэта таксама вельмі цяжкая праца. Адстаяць ля гарачай печкі ўвесь час немагчыма, таму Довіда замяняе цётка Геня, у якой, нягледзячы на яе шэсцьдзесят, "яшчэ няма ціску". Зэцары працуюць па дзве-тры гадзіны, па чарзе, потым адпачываюць. Маца у печы. Вось тут трэба пільнаваць, заўважыць патрэбную кандыцыю і вялікай лапатай выцягнуць лісты на свабоду, на стол. Ну ўсё. Амаль. Цяпер маца астыне, і яе складуць у белую навалачку ці прасціну, завязаўшы рагі. А яшчэ лепш — у вялікі чамадан. Кардонныя скрынкі з’явяцца пазней.

І вось пацягнуліся ў хату людзі, пакупнікі мацы. Сёй-той ужо быў у нас раней, удзень, заносіў муку і навалачкі. Але большасць бярэ з падраднай мукі. Ім кажуць, калі прыйсці, і яны прыходзяць а гадзіне ночы ці а другой, самі складваюць цёплую мацу ў прынесеную тару, разлічваюцца з гаспадаром хаты і адыходзяць у цемру са сваімі пяццю-дзесяццю кілаграмамі за плячыма. Тыя, хто пёк больш, па дваццаць-трыццаць кілаграмаў, прыязджалі на Яшавым таксі. І Яша развозіў кліентаў па хатах. З ім дамаўляліся загадзя, каб ён узяў начную змену. А тыя, хто не мог забраць мацу свежанькай, з’яўляліся раніцай. Выслізгвалі з двара, азіраліся па баках, хутка пераходзілі на іншы бок вуліцы і спяшаліся дахаты.

У нашай хаце за перадвелікодны месяц пяклі мацу тры-чатыры разы. Шмат гадоў запар. Я сустрэў многа новых людзей. Некаторыя былі зусім не падобныя да габрэяў, але яны былі "нашыя". Некаторыя "вялікія габрэі" — дырэктары заводаў, інструктар райкама партыі, два старшыні калгаса — самі да нас не прыходзілі. Прысылалі жонак. Іх "абслугоўвалі" вельмі ўважліва, таму што шанавалі мужоў. Яны заставаліся габрэямі, нягледзячы на партбілет у кішэні.

Падчас разліку падлічвалі выпушчаную прадукцыю, дзялілі грошы. Між іншым, мне таксама сёе-тое перападала. Памятаеце, разрэзаныя кавалкі стужкі трэба было развешваць на палкі? Дык вось, гэтым займаўся я, мяняючыся з кім-небудзь з падраду. То вешаю на палкі, то кручу кола валікаў з іголкамі, каб не заснуць. Не, школу я не прапускаў, я быў выдатнікам. Проста ў нас пяклі найчасцей у ноч з суботы на нядзелю.

Увечары ў панядзелак зноў заязджалі ў двор санкі і перавозілі станкі і ўсё астатняе ў якую-небудзь іншую хату, і там усё паўтаралася.

І прыходзіў Пейсах. Сінагогі ўжо і... яшчэ не было. Міньян збіралі ў каго-небудзь дома. У горадзе было два міньяны. Вярталіся бацькі і дзяды прасветленыя, вясёлыя: "Гут йонтэф! — Са святам!", "У наступным годзе ў Ерусаліме!" Вінаградная настойка, свая, хатняя, талеркі і відэльцы з іншай шафы, вялікая талерка для мацы (яна ў мяне дома цяпер, ёй гадоў семдзесят, не менш). Тата расказвае, што і як адбывалася калісьці, а я ўжо чакаю ежы, смачнай-смачнай. Пейсах у хаце!

Чытайце таксама

Умбэрта Саба

Умбэрта Саба

Італьянскі паэт габрэйскага паходжання.

Ціт Макцый Плаўт

Ціт Макцый Плаўт

Значных рымскіх камедыёграфаў, першы рымскі аўтар, ад якога захаваліся цэлыя творы

Райнэр Марыя Рыльке

Райнэр Марыя Рыльке

Славуты аўстрыйскі паэт і перакладчык

Марыя Французская

Марыя Французская

Марыя Французская – паэтка, якая, як мяркуецца, нарадзілася ў Францыі ў канцы ХІІ ст

904