№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Янка Запруднік

Пра фемінізм з беларуска-амерыканска берага

Янка Запруднік пра стаўленне да фемінізму ў беларускай дыяспары ў ЗША. Адказ на пытанні Наталлі Гардзіенка.

Правапіс арыгіналу захаваны.

 

Дарагая Натальля!

 

Да часу пакуль не атрымаў Вашых пытаньняў, тэмай фэмінізму не займаўся й ня цікавўся актыўна. Але часта, слухаючы штодзённа навіны, чую пра адзін з найбольш актуальных аспэктаў фэміністычнага руху — пра дамаганьні жанчын, каб за іхную заробкавую працу плацілі столькі ж, колькі плацяць мужчынам за такую ж працу. Дамаганьні гэтыя выклікаюць шырокі водгук у грамадзтве. У капіталістычнай Амэрыцы шмат што вымяраецца грашыма — як, прыкладам, папулярнасьць кнігі (бэстсэлер = найбольш продажная) або папулярнасьць сьпевака/сьпявачкі ці спартоўца (такі а такі прыбытак, такі а такі аклад). Падобнае ж і на біржы працы: жанчыны дамагаюцца аднолькавай зарплаты, баронячы сваё права роўнасьці. У навінах дня часта можна пачуць-пабачыць паведамленьні пра скаргі з жаночага боку, пратэсты, пікетаваньне, судовыя позвы й да г. пад. Справа працаўладкаваньня жанчын й аднолькавай аплаты — хоць шмат чаго жанчыны дамагліся ўжо ў гэтай галіне — вельмі няпростая й па сёньняшні дзень. Бо вольны рынак ёсьць вольны рынак. Але й галосная яна, бо свабода ёсьць свабода. А судовая ўлада незалежная ні ад працадаўца ні ад ураду. Так што фэміністычны рух і спрэчкі вакол яго маюць шырокую прастору да выяўленьня свайго дынамічнага патэнцыялу.

Наш імігранцкі брат пра ўсё гэта менш-больш ведае, бачыць, і ў меру свае натуры дастасоўваецца да новых жыцьцёвых абставінаў, пад уплывам якіх “фэмінізуецца” ў залежнасьці ад узросту, адукаванасьці, ступені інтэграванасьці й г.д. Але ніякіх сацыялягічных дасьледаваньняў сярод нашага беларуска-амрыканскага грамадзтва дасюль не рабілася. Прынамся я ня чуў пра іх. Дык можна толькі, карыстаючыся лёгікай, меркаваць, што ў малодшых беларуска-амэрыканскіх сем’ях (“гамагенных” і мяшаных) фэмінізму больш, чымся ў некаторых нашых старэйшых, у якіх глыбей захоўваюцца рудымэнты айчынна-традыцыйнага сьветагляду і ўкладу жыцьця.

Што да нас з Надзяй, дык мы да такіх “традыцыйных” не належым. У нас натуральна, безь ніякіх вонкавых уплываў, а ў моц асабістых якасьцяў характуру, замацаваліся моцныя “фэміністычныя” элемэнты. Яны выніклі з разуменьня, што жаночая праца ў сямейным жыцьці пэнсіянераў вымагае “фэмінізму”, г.зн. мужчынскае дапамогі ў выконваньні часаёмкай і някідкой у вочы кухонай працы. Тупаніна, часта зацяжная, вакол сквародаў і талерак вычэрпвае больш энэргіі, чымся гэта відавочна, і жанчыне патрэбная звычайная фізычная дапамога, ня кажучы ўжо пра маральны ўплыў дапамогі. Разумеюць гэта і ў малодшых беларуска-амэрыканскіх сем’ях. Асабліва тых, што маюць дзяцей і дзе абое бацькоў занятыя заробкавай працай. Там “фэмінізм” у кухні й вакол дому ўспрыймаецца як нармальная зьява. І ён, думаю, у маладых нашых сем’ях ні большы ні меншы за сярэдне амэрыканскі. Ён залежыць, бадай, найбольш ад асабістага характару мужа й жонкі, бацькі й маці.

Агульна кажучы, фэмінісцкі рух у амэрыканскім грамадзтве мае за сабой немалыя здабыткі ня толькі ў галіне выраўнаньня аплаты працы, але і ў галіне даступнасьці жанчын да новых або вышэйшых пасадаў ва ўрадавых установах і ў карпарацыях, у бізнэсе. І тым ня менш, ён застаецца актуальным і дынамічным, бо жыцьцё свабоднага грамадзтва шматграннае й бясконца супярэчлівае ў выніку ягонай прыроднай зьменлівасьці.

Студзень 2016

Чытайце таксама

Гюнхільд Эехаўг

Гюнхільд Эехаўг

Нарвежская пісьменніца, паэтка і выкладчыца.

Гілберт Кіт Чэстэртан

Гілберт Кіт Чэстэртан

Ангельскі празаік, паэт і эсэіст

Лінда Клакен

Лінда Клакен

Нарвежская пісьменніца і журналістка.

Оскар Мілаш

Оскар Мілаш

Французскі паэт і літоўскі дыпламат, дзядзька Чэслава Мілаша

1235