№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Віторыё Альф'еры

Пра ўладара і літаратуру (Del principe e delle lettere)

Кніга першая

Пераклад з італьянскай Аксана Данільчык

...Virtus, et summa potestas non coëunt [1].

Лукан, “Фарсалія”, Кніга VII, вершы 494—495

Secordiam eorum inridere libet, qui præsenti potentiâ
credunt extingui posse etiam sequentis ævi memoriam [2].

Tацыт, “Аналы”, Кніга IV

 

Прадмова

 

Мне снілася, што, каб скарыць гару святую,
На лёгкім крыллі я ўздымаюся ў прасторы
І бачу ў вышыні цнатлівіц-сёстраў [3] хоры,
Якім сваё жыццё паэта ахвярую.
 
“Мы прывялі цябе сюды, — ад першай чую, —
Не сузіраць у прыгажосці марнай горы,
А каб ты выкрыў па-майстэрску ў новым творы
Да нас зласлівасць і няўважлівасць людскую.
 
Страх, хітрасць, невуцтва ці іншую прыроду
Дае Юпітэр-бацька ўсім, але хавае:
Сапраўднай маці нашай лічым мы Свабоду.
 
Ідзі, і сэрца мудрае хай прамаўляе,
А словы так грымяць, каб з соннага народу
Маглі падняць раба, што нема спачывае”.


Кніга першая

Уладарам, якія не апякуюцца пісьменствам

Сіла кіруе светам (на жаль!), а не веды. Таму той, хто ўладарыць, можа быць і часцяком бывае неадукаваным. Такім чынам, уладар, які апякуецца літаратурай, робіць гэта з чыстага славалюбства або дзеля амбітнай пыхлівасці. Вядома, што пасрэдныя справы робяцца велічнымі ў вуснах выдатных пісьменнікаў, а значыць, той, хто не ёсць вялікім сам па сабе, выдатна робіць, калі шукае таго, хто яго вялікім пакажа.

Аднак усе добрыя людзі нямала пакутуюць ад таго, што такія ілжывыя пёры знаходзяцца і прадаюцца за танна; што часта самыя выключныя і высокія розумы прастытуююць, каб уславіць самыя нікчэмныя; што, спрабуючы падмануць нашчадкаў, пісьменнікі пазбаўляюць гонару сваё мастацтва і саміх сябе.

Вам, уладары, што не апякуюцца літаратурай, накіроўваю першую з маіх кніг, прысвечаную стасункам уладароў і пісьменнікаў. Прысвячаю яе вам, сапраўднай удзячнасці поўны, бо, не купляючы ніякіх пісьменнікаў, вы пакорліва паказваеце сябе такімі, якімі вы ёсць, як цяперашнім, так і будучым пакаленням, нават калі тыя ніколі не пачуюць вашага імені.

Раздзел першы

Ці павінен уладар апекавацца пісьменствам

“Спрыянне, пашана, заахвочванне, узнагароды!” — чую з усіх бакоў крыкі ненажэрнага натоўпу, які святым пісьменствам, нібы самай нізкай рэччу, хоча гандляваць і прыбытак з яго мець. Але што яшчэ з гэтых крыкаў вынікае, акрамя подласці просьбы ды ганьбы адмовы?

Адкажа ўладар: “Тое, што ад пісьменнікаў няма ніякай карысці люду паспалітаму (пад якім ён мае на ўвазе выключна сябе самога), што іншым разам яны шкодныя дасканалай паслухмянасці як даследчыкі таго, што мусіць заставацца схаваным, і ў любым выпадку пісьменнікаў значна больш трэба баяцца, чым ганарыцца імі”.

Я збіраюся разгледзець настолькі глыбока, наколькі здолею, палітычныя пытанні, якія тут закрануў. А найперш бяру абавязанне наколькі змагу, разважаючы пра ўладара, даследаваць у гэтай кнізе матывы, якія змагаюцца ў ім на карысць або супраць пісьменства і ці павінен ён абараняць яго.

Раздзел другі

Хто такі ўладар

Але мне здаецца перш за ўсё неабходным дзеля далейшага разумення і тлумачэння дакладна вызначыць два словы, якія будуць, так бы мовіць, пастаянным апірышчам нашага трактата. І паколькі менавіта я павінен вызначыць, што маецца на ўвазе пад словам “уладар”, то скажу, што ў наш час гэтае слова азначае таго, хто можа рабіць што пажадае, а жадае таго, што яму найбольш падабаецца, і аб справах сваіх нікому не дакладае; ёсць людзі, якія саступаюць яго жаданням, а таксама тыя, хто яго ўладзе і жаданням супрацьстаіць.

Той, хто сярод людзей пачуваецца як леў сярод статка авечак, хто не мае іншай сувязі з грамадствам, акрамя той, што існуе між гаспадаром і рабом, не мае ні вышэйшага за сябе, ні роўнага сабе, ні сваякоў, ні сяброў, і, хоць яму ворагам увесь род чалавечы, сілы ў іх, аднак, згодна з агульным меркаваннем, настолькі няроўныя, што можна сцвярджаць: ён не мае ворагаў. Ён не лічыць сябе такім, як астатнія, і сапраўды павінен лічыць сябе іншым, каб усе астатнія, у каго (прынамсі, вонкава) чалавечыя твары, учынкі і разуменне, слепа яму падпарадкоўваліся і ў сваім паслушэнстве верылі як ва ўласную ніжэйшасць, так і ў ягоную вышэйшасць. Ён у большай ці меншай ступені не прывык разважаць, а тым больш думаць, не ведае і не цэніць іншага адрознення між людзьмі, апроч перавагі сілы, і не сілы цялеснай (якой ён зусім не мае), а сілы, якая хаваецца ў меркаваннях многіх прадажных выканаўцаў уладарскай волі. Уладар бачыць, што яму падпарадкоўваецца любая заслуга, любое вучэнне, любая цнота, якія адрозніваюць аднаго чалавека ад другога; бачыць, як усе аднолькава дрыжаць перад ім: вучоны не менш за невука, смелы не менш за баязліўца, дужы не менш за слабога. Такім чынам, не напружваючы моцна розум, уладар сам па сабе прыходзіць да высновы (і яшчэ як прыходзіць!), што сапраўды найвышэйшы чалавек — той, хто камандуе і наводзіць жах на як мага больш людзей.

Узяўшы за аснову гэтае правіла, справядлівае на думку таго, хто кіруе, уладар пачынае больш за ўсё паважаць і песціць сябе самога і браць пад крыло толькі тых, хто больш за ўсё яго слухаецца і больш за ўсіх прыпадабняецца да яго ў сваіх меркаваннях.

Раздзел трэці

Што такое літаратура?

Але што такое сапраўдная літаратура? Вельмі цяжка дакладна яе акрэсліць, але, несумненна, гэта нешта цалкам супрацьлеглае прыродзе, розуму, здольнасцям, заняткам і жаданням уладара. Сапраўды, ніводзін уладар ніколі не быў і ніколі не зможа стаць сапраўдным літаратарам. Як жа ён можа разумна абараняць і спрыяць таму высокаму, чаму з найвялікшай цяжкасцю можа быць суддзёй з прычыны сваёй няздольнасці? А калі кампетэнтным суддзёй быць не можа, то як ён можа стаць прасветленым дабрадаўцам? Зыходзячы з меркаванняў іншых. Каго? Таго, хто побач з ім. А хто знаходзіцца побач з ім?

Калі літаратура ёсць мастацтвам навучаць забаўляючы, кранаць, выхоўваць, а таксама накіроўваць у правільны бок пачуцці людзей, то якім чынам можна закранаць сапраўдныя жарсці, развіваць душу чалавека, весці яго да дабра і адводзіць ад зла, узвышаць яго ідэі, напаўняць яго высакародным і карысным імпэтам, натхняць яго на гарачую любоў да сапраўднай славы, адкрываць яго святыя правы і рабіць яшчэ тысячы і тысячы іншых рэчаў, якія знаходзяцца ў веданні сапраўднай здаровай літаратуры, то якім чынам можа яна па жаданні ўладара так уздзейнічаць? І якім чынам можа заахвоціць яе да гэтага сам уладар?

Паноўнай асаблівасцю таленавітых твораў, народжаных на землях уладара, павінная абавязкова быць вытанчанасць маўлення, а не дасканаласць і сіла думкі. Такім чынам, найважнейшыя ісціны, сціпла згаданыя тут і там і ў дадатак моцна прыхаваныя, здадуцца вам амаль што знішчанымі праз ліслівасць і памылкі. І так ёсць, што найвыбітнейшыя літаратары (чыю веліч я вымяраю выключна найбольшай карысцю, якую ад іх атрымліваюць людзі) ніколі не былі ўзгадаваныя пры ўладарах. Воля іх нараджае, незалежнасць іх выхоўвае, адсутнасць страху робіць іх вялікімі; а тое, што ніхто ніколі іх не “абараняў”, робіць напісанае імі карысным для самых далёкіх нашчадкаў і памяць пра іх — дарагой і шанаванай. Да прыўладных літаратараў, такім чынам, варта залічыць Гарацыя, Вергілія, Авідыя, Тыбула, Арыёста, Таса, Расіна і многіх сучасных пісьменнікаў, што ўвесь час баяцца, каб чытач не меў надта моцных адчуванняў, калі яны закранаюць іншыя пачуцці, акрамя кахання. Але пісьменнікі, якія нібыта выбухі праўды, значна менш чытаюцца праз тое, што здаюцца менш вытанчанымі; і паколькі яны больш мужныя, больш праўдзівыя, упартыя і суворыя, яны нашмат меней пачутыя светам, бо прымушаюць значна больш адчуваць. Тыя пісьменнікі ніколі не былі на баку ўладара. Часткова ці цалкам такімі ёсць Дэмасфен, Фукідыд, Эсхіл, Сафокл, Эўрыпід, Цыцэрон, Лукрэцый, Салюстый, Тацыт, Ювенал, Дантэ, Мак’явэлі, Бойл, Мантэск’ё, Мілтан, Лок, Робертсан, Х’юм і многія іншыя пісьменнікі праўдзівага слова, якія калі і не ўсе нарадзіліся вольнымі, то, прынамсі, жылі незалежна і не мелі нічыёй пратэкцыі.


Раздзел чацверты

Якія мэты ставіць перад сабой уладар, а якія — літаратура?

Калі можа існаваць супольнасць, сяброўства, згода і сувязі між людзьмі, то яны нараджаюцца і падтрымліваюцца роўнасцю пастаўленых мэтаў і ўзаемнасцю інтарэсаў.

Аднак хто адважыцца сцвярджаць, што ў сапраўднага літаратара і ва ўладара аднолькавыя мэты ды інтарэсы? Уладар жадае і павінен жадаць, каб яго падданыя былі сляпыя, неадукаваныя, прыніжаныя, падманутыя і прыгнечаныя, бо калі б яны былі іншымі, ён адразу ж перастаў бы існаваць. Пісьменнік жадае або павінен жадаць, каб яго творы неслі як мага большай колькасці людзей святло, праўду і радасць. Уладар у якасці мэты свайго майстэрства ставіць сваю неабмежаваную і вечную магутнасць, разам са славай, калі такую прыдбае, калі ж не, то ўсё роўна яму застаюцца магутнасць і ўлада. Пісьменнік нічога іншага за мэту не мае (і мець не павінен), акрамя шырэйшай славы, а любая іншая прычына, што яго пісаць штурхае, хутчэй адрывае яго ад сапраўдных літаратараў. Да чыстай і поўнай славы пісьменніка неабходна дадаць карысць большасці, бо без яе недастаткова аднаго толькі задавальнення, каб здабыць сапраўдную славу. Дык вось, карысць большасці паказвае на тое, што ніколі не можа быць карысцю ўладара, які не жыве нічым, акрамя слепаты і шкоды іншым. І дзякуючы непазбежным наступствам сваіх прафесій адны — сябры людзей, а другія — іх лютыя ворагі, і яны ні ў чым не могуць і не павінныя мець згоды.

Але што так часта іх яднае? Ва ўладароў гэта прага незаслужанай славы, у літаратараў — прага фальшывага ўганаравання і незаконнага багацця. Адны, выпрошваючы незаслужаныя ўсхваленні, усім паказваюць, што цалкам перакананыя, нібыта іх не заслугоўваюць, а другія, здабываючы сабе непатрэбныя багацці ці ганебную пашану, паказваюць, што не вартыя высокага даручэння прыносіць карысць свету сваім талентам.

Раздзел пяты

Якім чынам абароненыя літаратары прыносяць карысць уладару

Але ў любым выпадку, паколькі для ўладара больш за што іншае мае значэнне добрае аб ім меркаванне, то найлепшы сродак ажыццявіць такі намер — а не заслужыць яго — гэта трымаць вакол сябе, узнагароджваць, уганароўваць і даваць пратэкцыю больш ці менш значным пісьменнікам, якія створаць яму славу і якія ўжо набылі славу сабе ці творамі, ці прамовамі, ці падманам: такая слава пэўны час роўная сапраўдным заслугам, а бывае, і пераўзыходзіць іх.

У любую эпоху і ў любым месцы рэдка нараджаюцца сапраўды вялікія асобы, а пасрэдных, што дзякуючы ўпартым заняткам набылі пэўную спрытнасць стылю і якіх чытаюць і слухаюць, кожны дзень можна з лішкам сустрэць у любой адукаванай краіне Еўропы, і яны складаюць аснову прыдворнай літаратуры. Калі ўзнікае больш магутны за іх пісьменнік, то вельмі спрытнымі яны робяцца ў мастацтве так яго здушыць, што іншым разам ад літаратуры адціскаюць, калі ў яго душы няма такога Бога, што з усяе сілы штурхае пераадольваць усялякія перашкоды.

Па прыродзе сваёй уладар у большай ступені залежыць ад пасрэдных пісьменнікаў: ці то як ад больш блізкіх яго здольнасцям і якія, такім чынам, менш абражаюць ягоную ўяўную вышэйшасць, ці то як ад больш падатлівых, каб маўчалі або прамаўлялі на патрэбны яму лад. Але і самыя вялікія таленты, да сораму свайго і свайго часу, часта апыналіся сярод прыдворнага бруду, і той уладар-абаронца павінен быў моўчкі сам сабе пляскаць у ладкі, і нямала за тое, што змог падарункамі і пашанотамі паменшыць каштоўную жоўць, якая толькі і ёсць маці любога вартага твора. Прадбачлівы і сапраўды разумны той уладар, што найвялікшых літаратараў абараняе не менш за пасрэдных, бо ад пасрэдных, калі толькі ім заплаціць, ён атрымае для сябе тую славу, якая адпавядае яго заслугам, ад вялікіх часта дамагаецца ганьбы іх саміх ці, прынамсі, перапынку ў той іх вайне, якая прынесла б яму нашмат больш шкоды, чым прыносяць карысці салодкія хваласпевы першых.

Раздзел шосты

Пра тое, што ігнараваныя пісьменнікі прыносяць уладару страту аўтарытэту

Дык вось: вядомасць, бляск, славу і спакой даюць уладару пісьменнікі пад пратэкцыяй, а ігнараваныя нясуць яму страту аўтарытэту. У сучаснай сістэме нашай Еўропы амаль усе ўладары ўтрымліваюць навукоўцаў, а не далей як два стагоддзі таму імкнуліся ўтрымліваць блазнаў, якімі, аднак, нашмат больш карысталіся. Такім чынам, уладар, які не надае належнай увагі літаратуры, сёння рызыкуе тым, што які-небудзь ігнараваны ім пісьменнік з ліку яго падданых знойдзе хлеб і пашану ў доме іншага ўладара, што абернецца для першага вялікім сорамам. Люд, вечна сляпы, вечна легкаверны і задаволены тым, што мае, аддае ўвесь дзень услаўленню ўладара, які, не разбіраючыся зусім у літаратуры і ўсімі сваімі ўчынкамі робячы супрацьлеглае таму, што кажа літаратура, яе зневажае яшчэ больш тым, што дае пратэкцыю, ежу і кожны дзень яе ганьбіць. Агульнаму голасу народа рэхам адгукаюцца тыя пісьменнікі, што, кажучы пра рэчы, якія іх хвалююць, пакорліва не жадаюць казаць праўду. І тым не менш, калі добра ўсё ўзважыць, якую больш моцную знявагу ўладар можа нанесці літаратуры, чым не пасвіць яе і не перашкаджаць ёй? Але, безумоўна, калі ігнараваныя літаратары выстаўляюць у кепскім святле сучаснага ўладара, то варта таксама прызнацца, што абароненыя літаратары выстаўляюць сябе ў нашмат горшым святле; і яно тым больш пагібельнае, чым больш такая пратэкцыя можа пашкодзіць і шкодзіць дасканаласці іх мастацтва, не выклікаючы ніякага шкадавання ў пасрэднага ўладара, які дае ім пратэкцыю. Пра гэта я буду шырока разважаць у другой кнізе.

Раздзел сёмы

Як пераследаваныя літаратары няславяць і шкодзяць уладару

А што я скажу пра незадаволенага ўладара, які пераследуе пісьменнікаў? Ён вельмі сябе няславіць і яшчэ больш сабе шкодзіць. Калі тое, што слабае па прыродзе сваёй (ці, прынамсі, мае не ўсім відавочную, але павольную і далёкую сілу), можа нават ніколі і не нашкодзіць моцнаму, то адзіны спосаб дамагчыся шкоды — варагаваць з ім, паказваючы свой страх. Людзі па прыродзе сваёй схіляюцца на бок слабага, і знявагаў, нанесеных свету ўладаром, ужо так шмат, што, каб асудзіць і ненавідзець яго, трэба нашмат меншае, чым пераслед літаратараў. Аднак кажа ўладар: “Яны асуджаюць мяне ўголас, мала і амаль бязгучна, але калі б я не прыгнятаў ці не выганяў іх, не крыўдзіў, яны б асуджалі мяне пісьмова, што было б нашмат горшым”. І вельмі добра разважаў бы ён, калі б ніводнага кутка на зямным шары не засталося, адкуль схаваны ў бяспечным месцы літаратар не мог бы пасля скіроўваць супраць яго ўсялякія сачыненні і смяяцца з яго маланак. Але пакуль хоць адзін такі прытулак у Еўропе застаецца, якую яшчэ адплату атрымае ўладар, змушаючы пісьменніка туды ўцячы, акрамя сораму, якім паказвае, наколькі маленькім колам яго ўлада абмяжоўваецца?

Дык вось, пры цяперашнім стане рэчаў здаровай і мудрай палітыкай васямнаццатага стагоддзя, прыдатнай да любога ўладара — і вялікага, і малога, і пасрэднага — будзе такая палітыка, якая дае пратэкцыю, апякуе і, узнагароджваючы, прыніжае пісьменнікаў, пазбаўляючы такім чынам вартасці і славы літаратуру і найперш пазбаўляючы славы яе прадажных стваральнікаў.


Раздзел восьмы

Пра тое, што ўладар сам па сабе павінен мала баяцца таго, хто чытае, і зусім не павінен баяцца таго, хто піша

Але паколькі страх заўсёды ёсць неад’емнай часткай кожнага з тых, хто ў любым выглядзе змушае падпарадкоўвацца сваёй волі многіх іншых, то я сцвярджаю і спадзяюся гэта даказаць, што менавіта страх павінен скіроўваць сучасных уладароў да таго, каб толькі падарункамі і апякунскай знявагай пераследаваць пісьменнікаў.

Пісьменнікі, хоць і могуць быць гарачымі, а таксама апантанымі, але зрэдку бываюць небяспечнымі самі па сабе: ці таму, што іх павольнае і сядзячае жыццё робіць іх малапрыдатнымі да здзяйснення або да спробы здзяйснення вялікіх справаў, ці таму, што адтуліна пісьменства аслабляе большую частку іх сілы і памяншае іх гнеў. Такім чынам, варта баяцца толькі напісанага імі ў асобах іх разнастайных чытачоў. Але разгледзім каротка, хто ёсць чытачамі ў нашым стагоддзі, у якім шмат чытаецца і пішацца, а таксама што і як яны чытаюць. Пабачым, якая менавіта душа, запаленая шматлікімі слаўнымі момантамі з антычнай гісторыі, выяўляе прыкметы таго, што атрымала ад іх глыбокае ўражанне, ці ў справах, ці ў словах, ці ў спробах дзеяння, ці хоць бы ў гарачым ўсхваленні тых высокіх і незабыўных падзей, якія сучаснікі называюць халодным і подлым словам “вар’яцтвы”. Але дапусцім таксама, што гэтыя дзеі выяўляюцца яшчэ і праз чытанне і нават даюць нейкія плады; хто пра іх чытае? Не народ, пахаваны ў забабонах, прыгнечаны рабствам, атупелы ад беднасці, які ледзьве ўмее чытаць і не мае ні часу, ні сродкаў, ні дапамогі, каб навучыцца разбірацца ў сваіх правах, а ён мог бы надаць ім сілы, калі б іх ведаў. Па ўсім уладарстве насамрэч чытаюць толькі нешматлікія гарадскія жыхары; а сярод іх — найменшая колькасць сапраўдных чытачоў, інакш кажучы, тых нямногіх, што не маюць патрэбы займацца якім-небудзь рамяством, каб выжыць, не прагнуць ніякіх пасадаў, не гоняцца ні за якімі задавальненнямі, не атручаныя заганамі, не зайздросцяць вялікім, не прагнуць пахваліцца вучэннем, але сапраўды, поўныя нейкай рэфлексійнай меланхоліі, шукаюць у кнігах салодкі папас для душы і мімалётную ўзнагароду людскіх пакутаў, што, магчыма, адчуваюцца больш востра тымі, каму яны найменш шкоды робяць. І хіба такія чытачы (а толькі іх я і называю гэтым словам), якіх можа быць адзін на дзесяць тысяч, могуць напалохаць уладара?

Чытаць у маім разуменні — значыць глыбока думаць; думаць — значыць быць, а быць — значыць падтрымліваць. Калі прааналізаваць гісторыю, то можна пабачыць, што ўсе народы, якія вярнуліся ад рабства да свабоды, зрабілі гэта не з дапамогай святла і праўды, якія трапілі ў кожнага індывідуума, а дзякуючы пэўнаму ўздыму, натхнёнаму якім-небудзь прасветленым, упартым і палымяным розумам, не розумам, пахаваным у бяздзейнасці вучэння, а такім, што разважае сам, і з тых развагаў нараджаецца натуральнае і глыбокае пачуццё, магчыма, абуджанае нейкім урыўкам ці кнігай, але ніколі не пазычанае са шматлікіх кніг. І сапраўды: Юній Брут, Пелапід, Вільгельм Тэль, Вільгельм Аранскі, Вашынгтонды іншыя нямногія вялікія людзі, што прадумалі і здзейснілі найважнейшыя рэвалюцыі, не былі прафесійнымі літаратарамі. Я хутчэй паверу (а вынікі да нядаўняга часу мне пацвярджалі гэта, на жаль!), што святло розуму, памножанае і рассеянае сярод многіх людзей, прымушае апошніх шмат гаварыць, нашмат менш адчуваць і зусім нічога не рабіць. У Парыжы і гавораць, і чытаюць, і пішуць, а паслухмянасці там на дадзены момант нашмат больш, чым у Канстанцінопалі, дзе ніхто не піша і мала хто чытаць умее. Тым не менш, і сярод туркаў таксама, як у любой азіяцкай дэспатыі, час ад часу з’яўляецца галава, што, не ведаючы ніякага іншага вучэння, акрамя моцна прачутых законаў прыроды, гаворыць з энергічнай грубасцю многім з гэтых неразумных людзей: “Гэты наш уладар не верыць, ён тыран, ён не ваяр, яго трэба зрынуць і забіць”. І часта апошняга зрынаюць і забіваюць.

Не адмаўляю, аднак, што з цягам часу дух кніг робіцца часткай, я б сказаў, духу народа, захоўваецца ў яго мове і пранікае ва ўсіх індывідуумаў дзякуючы традыцыям, або чытанню, або іншаму спосабу думаць, што пракладае сабе дарогу ў хатніх гутарках; а пранікае ў тым сэнсе, што ў пачатку якога-небудзь стагоддзя цалкам мяняецца агульнае меркаванне. Але з такім самым павольным рухам наперад мяняюцца таксама сродкі і майстэрства кіраваць, і людзі (на жаль!), як і раней, застаюцца ў цуглях таго, хто ўмее іх вывучыць і пераважаць над імі.

Дык вось, здаецца мне, што, зважаючы на поспехі літаратуры, якая не мае ўжо перашкодаў, сучасныя ўладары не пераследуюць літаратараў, бо ў гэтым не было б ніякай карысці, але, умеючы лавіраваць сярод пісьменнікаў і, так сказаць, далучаць іх да сябе, змогуць, магчыма, з цягам часу зрабіць літаратуру не надта супрацьлеглай верхавенству сваёй неабмежаванай улады, а толькі злёгку незадаволенай празмерным чынам яе праўлення.

Раздзел дзявяты

Пра тое, якая карысць была б уладару, калі б ён, каб мог, зусім знішчыў літаратуру

Калі б на гэтай зямлі быў толькі адзін уладар, або калі б не было на ёй ніякага іншага ўрада, акрамя ўрада ўладара, або калі б існавала выспа пад такой добрай аховай, што ні адзін чалавек не мог бы ні выйсці, ні ўвайсці, думаю, у гэтых трох выпадках уладарства магло б сваёй відавочнай перавагай забараніць усякае святло літаратуры і ўсякую кнігу, што не вучыць прыслугоўваць. Несумненна, чалавек у падпарадкаваным стане па прыродзе сваёй імкнецца слухацца як мага менш, а суверэн хоча камандаваць як мага больш. Уладарству, такім чынам, была б вялікая карысць ад поўнай слепаты і неадукаванасці ўсіх падданых, і мне здаецца, гэтае сцверджанне не мае патрэбы ў доказах. Але скажу больш: пры такім стане рэчаў неадукаванасць падданых карысная ўладару нашмат больш, бо не могуць нашкодзіць яму тады і шматлікія светачы розуму, якіх мы, здаецца, маем. І думцы маёй я знаходжу пацверджанне фактамі. Не зважаючы на гэтых нашых шматлікіх светачаў розуму, не зважаючы на тое, што многія з нас добра ведаюць, што ўсялякая неабмежаваная ўлада можа мець асновай толькі нашую слабасць, а ні ў якім разе не сваю сілу, бо ніводны чалавек не мае ў сабе дастатковай сілы для агульнага прымусу, а мы кожны дзень любому яго капрызу слепа і моўчкі падпарадкоўваемся. Наадварот, у краінах з поўнай неадукаванасцю абсалютная ўлада лічыцца ці дадзенай па божым праве, ці прыналежнай аднаму пэўнаму роду, ці неабходнай і ўласцівай прыродзе чалавека, і тады кожная фантазія ўладара прымаецца без нараканняў як справядлівы, непарушны і святы закон. Несумненна, што ў выпадку простых душаў самае спакойнае і надзейнае — калі імі, гэта значыць тымі, хто не сумняецца, падпарадкоўвацца ці не, камандуюць, але гэтае каштоўнае сумненне, перададзенае сучасным еўрапейскім нацыям праз антычныя кнігі, ніводзін уладар ніякімі сіламі не можа вынішчыць. І сапраўды, як бы ні пераследаваліся сёння літаратура і літаратары, цалкам адмовіць Тацыта нельга, і гэтага больш чым дастаткова, каб адкрыць людзям усе сакрэты майстэрства ўладарыць. Такім чынам, мне здаецца ясным, што спроба сучаснага ўладара часткова перашкодзіць любому семені сапраўднай літаратуры не ёсць ні асцярожнай, ні рацыянальнай, ні хітрай. Калі ўладар паказвае баязлівасць перад тым, чаго, зыходзячы з уласнага вопыту і меркаванняў, мала павінен баяцца незалежна ад крыніцы гэтага, то ён ніяк не ўзмацняе ўласную бяспеку, а ў значна большай ступені здабывае сабе агульную нянавісць і знявагу.

Магамет Другі пасля авалодання Александрыяй спаліў усе кнігі, сабраныя Пталямеямі, як непатрэбныя тым, хто ўмеў падпарадкоўвацца, і шкодныя тым, хто не ўмеў. Але шмат стагоддзяў да гэтага тыя самыя Пталямеі былі абсалютнымі ўладарамі ў Егіпце; шмат стагоддзяў пасля іх Людовік Чатырнаццаты, а таксама іншыя, што былі ў Еўропе абсалютнымі ўладарамі, узнагароджвалі ды ўшаноўвалі бясконцую колькасць пісьменнікаў. Цяпер я пытаюся: тыя Пталямеі з Егіпта, тыя Людовікі, Карлы, Францыскі ў Еўропе жадалі бачыць падданых менш паслухмянымі, чым той Магамет? Не думаю, але яны прытрымліваліся меркавання, што паслухмянасці падданых або ніяк, або зусім мала шкодзяць і пісьменнікі, і кнігі.

І нашыя ўладары, верачы ў гэта, зусім не падманваліся, зважаючы на тое, якімі сталі цяперашнія часы і еўрапейскія норавы. З гэтымі нашымі норавамі усё даецца напалову, адукацыя напалову паслабляе чалавечую прыроду, а ў астатняй яе частцы разбураюцца і часта знішчаюцца вынікі выхавання; тыя самыя норавы, якім не можа не падпарадкоўвацца і ўладар, бо ён таксама сярод іх нарадзіўся, робяць з яго асобу, што ніколі не жыве ў згодзе сама з сабой. І сапраўды, у ім яднаюцца самыя моцныя вечныя супярэчнасці: ён хацеў бы і не хацеў бы; ён цвёрды, але чалавечны; дэспат і прыватная асоба; і тысяча яшчэ самых розных рэчаў, што адна адной супярэчаць, але ад якіх заўсёды паходзяць нашыя паслухмянасць і страх; і тое, што мы не ёсць, папраўдзе кажучы, ні егіпцянамі, ні туркамі, ні рымлянамі, ні грэкамі.

Раздзел дзясяты

Паколькі ўладар не можа з коранем вырваць літаратуру, то карысць сваю мае з таго, што ўзнагароджвае і падтрымлівае літаратараў

Падарожжы, гандаль і майстэрства мены разняволілі, так сказаць, жыхароў Еўропы, і нашыя гаспадары і палітычныя выхавальнікі не могуць больш нас, быццам дзяцей, ад усяго ўтрымліваць. Акрамя таго, застаецца маленькая частка Еўропы, дзе чалавек нараджаецца ці свабодным, ці меней прыгнечаным, таму нават самыя рашучыя прыгнятальнікі прытрымліваюцца некаторых непазбежных перасцярог у зносінах з падданымі. Пры такім стане рэчаў лёгка (да жалю ўладароў) распаўсюджваюцца іншыя меркаванні і хутка пашыраюцца на ўсю Еўропу, калі выбітнымі людзьмі пісьмова выкладаюцца. Любоў да новага, баўленне часу, цікаўнасць, а таксама салодкая мэта палепшыць сябе самога — вось прычыны, з якіх некаторыя людзі няпростага паходжання чытаюць, а сярод усіх кніг, здаецца, найбольш чытаюцца і найбольш асалоды даюць тыя, што найбольш кранаюць людскія сэрцы. Аўтар дабіваецца гэтага ўзрушэння рознымі спосабамі, але ні адзін з іх не ёсць такім дзейсным, як адлюстраванне высакароднымі і яркімі фарбамі вялікіх дзеяў саміх па сабе і тых, што мелі важныя наступствы. І рабіць гэта трэба наступным чынам: ці перадаваць паэтычнымі сродкамі, ці браць з гісторыі, ці прамаўляць народу, ці філасофстваваць аб праблемах чалавека ўвогуле. Калі аўтар жадае выкарыстаць якое-небудзь пачуццё акрамя любоўнай жарсці, якая пад любым урадам можа пусціць карані, а найбольш пад нявытанчаным, то, прыводзячы добрыя прыклады, у любым разе павінен заўсёды звяртацца да свабодных народаў. Такім чынам, моладзь вывучае дзеі Рыма, Афінаў, Спарты, але зрэдку ці ніколі не расказваюць ёй пра Персію, Асірыю, Егіпет і пра іх тыранаў. Жадаючы пад любым покрывам вучыць цноце, пісьменнік вымушаны шукаць яе там, дзе яна мела месца, даследаваць ці вызначаць яе прычыны, расказваць пра яе наступствы; заахвочваць, нарэшце, чытачоў прыпадабняцца да яе. Таму, здаецца мне, не патрабуецца доказаў таго, што кніга здаровай літаратуры не можа быць такой, каб (незалежна ад таго, якім чынам яна да вас трапляе) не мець сваёй найгалоўнейшай і адзінай мэтай заўсёды вучыць цноце. І пад цнотай я маю тут на ўвазе тое высакароднае і карыснае мастацтва, праз якое чалавек да вялікай карысці іншых здабывае ў часе сваю найвышэйшую славу.

Пасля такога азначэння, якое мне здаецца неаспрэчным, любая добрая кніга, якая не належыць да дакладных навук, пра якія скажу ў прыдатны момант, павінная абавязкова амаль ва ўсіх уладарах абражаць неабмежаваную ўладу, бо ў той меры, у якой сам пісьменнік жадае быць памяркоўным і захоўваць пашану, ён не можа ні выкрываць заганы, ні тым больш вучыць сапраўднай цноце, не паказваючы ці не згадваючы, што яе крыніцай ніколі не былі ні паслушэнства капрызам аднаго чалавека, ні паслужлівасць, ні страх.

І таму я кажу, што ні сапраўдная найвышэйшая эпічная паэзія, ні трагедыя або камедыя, ні гісторыя, ні сатыра, ні філасофскі твор, ні аратарскае майстэрства, ні ўвогуле ніякая галіна прыгожага пісьменства (за выключэннем чыста любоўнага санэта, мадрыгала і пастаралі) ніколі не зможа дасягнуць ва ўладарстве сваёй неабходнай мэты ці сказаць праўду, не крыўдзячы так ці інакш абсалютную ўладу. І калі б я не жадаў быць як мага больш кароткім у гэтай першай кнізе, то мог бы цалкам даказаць тое, што сцвярджаю. Але адна прычына больш важкая для мяне за тысячы іншых, і гэта пацвярджаецца фактамі. Пытаюся: якая добрая кніга (што сапраўды такой лічыцца), развіваючы чалавечыя пачуцці, адрозныя ад кахання, не была калісьці забароненая якім-небудзь уладаром ці цалкам, ці часткова, ці зняслаўленая, ці абсмяяная, не падвяргалася паклёпу ці не пераследавалася? Але што за карысць ад гэтага, кнігі існуюць і трываюць у часе насуперак злосці, магутнай ці бяссільнай.

Сучасны ўладар ніяк не можа цалкам перашкодзіць таму, каб ужо напісаныя добрыя кнігі працягвалі існаваць і чыталіся, ці каб некаторыя новыя добрыя кнігі, але заўжды ў невялікай колькасці, пісаліся; ён хітра зробіць, калі здолее паказаць, што не цалкам супраць літаратуры, і зможа своечасова ўзнагародзіць яе стваральнікаў, ставячы, тым не менш, наперад пасрэдных, а не найлепшых, і ўпарта імкнучыся зрабіць так, каб найлепшыя заставаліся ці здаваліся пасрэднымі, ласкава перашкаджаючы ім думаць і пісаць пра тое, пра што было б неабходна. З гэтай самай прычыны ён добра зробіць, калі будзе ўдаваць, быццам шануе памерлых пісьменнікаў, перавыдаючы іх творы; хоць тых, што пісалі пад яго ўладарствам, ён, калі б змог, хутчэй задушыў бы, чым надрукаваў. Магчыма, так уладар пераканае большасць, што ён не баіцца свабоды думкі і літаратуры. І сама гэтая вонкавая пагарда будзе найвялікшым расчараваннем для таго, хто спадзяваўся зрабіць сабе імя, думаючы і пішучы вольна, бо пераслед кніг, моцна і па-асветніцку праўдзівых, стварае як мінімум аснову для яго пачатковай славы, такім чынам яшчэ больш і хутчэй ім спрыяе і нашмат больш карыснымі за карацейшы час можа іх зрабіць.


Раздзел адзінаццаты

Якія ўзнагароды ўладару найбольш выгадна даваць літаратарам

Паступова паўстаў у Еўропе клас, які, думаючы і пішучы, узяў на сябе абавязак прымушаць думаць іншых і які, расказваючы пра ўласныя ідэі, можа сярод многіх распаўсюджваць святло розуму. А ўладары, што праз наследаванне прымаюць абавязак перашкаджаць думкам, аказаліся ў выніку неабходнасці ворагамі пісьменнікаў. Але ўзаемны страх (як убачым, праз многія іншыя чалавечыя патрэбы) іх хутчэй зблізіў: аўтараў, як я ўжо згадваў, штурханых баязлівасцю і славалюбствам дзеля хуткай, хоць і непрацяглай, славы, і уладароў, якімі рухаюць ганарыстасць і страх быць падманутымі, выкрытымі і назаўсёды дыскрэдытаванымі талентам, а яшчэ прага здавацца добрымі; урэшце яны не могуць дзейнічаць інакш, чым чакае абсалютная большасць сучасных літаратараў. Вось сапраўдныя прычыны ці, прынамсі, якія такімі мне здаюцца, з якіх прыродныя ворагі ператвараюцца ў тых, хто дае пратэкцыю, і тых, хто яе прымае.

Спосаб, якім атрымліваюць узнагароду літаратары ад уладароў, часцей за ўсё мае грашовае ўвасабленне, якім закрываюць яны рот усякай прасветленай праўдзе ясна, і дакладна выказанай — такой, якой яна і павінная быць, каб пракласці дарогу да падурнелага розуму неадукаванага і прыслужлівага народа. Пісьменнікі, у сваю чаргу, дзячаць уладарам саладжавымі хваласпевамі, абагаўленнямі, ілжывымі паэмамі, фальсіфікаванымі гісторыямі, кнігамі дзеля ўвесялення, але без аніякай карысці, ілжывымі максімамі ў палітыцы, ілжывай філасофіяй і г.д. Між тым ад гэтага гандлю ўзаемным прытворствам публіка застаецца чым далей, тым больш сляпой і падманутай, і ўсё больш аддаленай ад моцных пачуццяў і ад праўды, якія ёсць адзінымі крыніцамі высокіх дзеянняў.

Але паколькі ў гэтай першай кнізе я імкнуся (наколькі гэта можна вольнаму чалавеку) асвятляць уладара, а не літаратара, я павінен сказаць, што ўладары робяць вельмі добра, калі дзейнічаюць так; бо дзякуючы гандлю ў спалучэнні са страхам у большасці выпадкаў у іх вельмі добра атрымліваецца абломваць стрэлы пісьменніцкай ярасці. А каб пацвердзіць і гэта, у мяне дастаткова фактаў. Хто будзе сумнявацца, напрыклад, у тым, што Мантэск’ё і Карнэль, не будучы ні аплачанымі, ні ўшанаванымі ўладаром і ведучы цалкам незалежнае ад яго жыццё, пайшлі б значна далей у сваіх максімах, развіваючы і асвятляючы сваімі моцнымі пёрамі шмат найважнейшых рэчаў што да чалавечага шчасця, якія мы бачым ледзь-ледзь закранутымі і прыхаванымі ў іх палахлівых творах?

Але ўладары не могуць сваёй добра наладжанай пратэкцыяй у дастатковай ступені перашкодзіць высокім талентам. І больш за любы іншы грамадскі інстытут уладар пацвярджае глыбокую аксіёму боскага Мак’явэлі пра тое, што людзі не могуць быць ні абсалютна добрымі, ні абсалютна дрэннымі. Кажуць, што вялікі Вальтэр у часы сваёй маладосці выказваў моцнае жаданне прыслужваць каралям у замежных даручэннях, і я з лёгкасцю ў гэта веру, бо гэты аўтар, які не вылучаўся добрай памяццю наконт сябе самога, не чырванеў, калі заўсёды падпісваўся: Вальтэр, камергер караля. Уладар або міністр, які яго не задзейнічаў, дапусціў памылку ў майстэрстве ўладарыць, і памылку немалую: Вальтэр на службе ў караля і як прадстаўнік караля зрабіўся б маленькім, як той, каго ён прадстаўляў; ён быў бы заўсёды пераможаны і звязаны; ён нічога б не напісаў ці напісаў бы толькі тое, што захацелі б іншыя. Так вялікі аўтар ператварыўся б у пасрэднага пасла ці, можа, нават выдатнага пасла; так расла б слава караля і памяншалася б святло для народа; так, нарэшце, не давялося б болей пакутаваць уладарам ад зневажальнага параўнання, бачачы, як пляскаюць Вальтэру ў яго апошнія дні ў Парыжы, як ідуць за ім, вітаюць яго так, як ніколі не віталі ніводнага ўладара. А надыдзе час, калі будуць ведаць, які парадкавы нумар меў Людовік, што тады правіў, толькі дзякуючы таму, што трыюмфаваў у тыя часы ў Парыжы Вальтэр.

Такім чынам, уладары, што жадаюць пазбавіць саміх сябе вялікага сораму і адначасова пазбегнуць буры, павінныя, узнагароджваючы пісьменнікаў, заўсёды даваць ім такую пашану або тавар, які цалкам адцягне іх ад напісання сапраўды вялікіх твораў, і, звязваючы іх удзячнасцю, проста ці ўскосна вымусіць іх зняславіць саміх сябе і дыскрэдытаваць свае філасофскія высновы, забруджваючы іх усхваленнямі ўладара, недарэчна з імі змяшанымі.

Раздзел дванаццаты

Заключэнне кнігі першай

Як відаць, я каротка абмаляваў тое, чаго могуць чакаць уладары ад пісьменнікаў. І хоць мне здаецца, што сказаў я дастаткова, мне б трэба было дадаць яшчэ больш, калі б я не прамаўляў да чытачоў, якім, думаю, няма патрэбы тлумачыць усё. Але калі нехта сумняецца ў тым, што я тут сцвярджаю, хай пачытае пра тое, што адбывалася з літаратурай у межах уладарстваў, і пабачыць, што ўладары рабілі або імкнуліся рабіць тое, што я вышэй акрэсліў, і што большы ці меншы спрыт, які яны здолелі задзейнічаць у гэтай вайне таемных ці відавочных хітрасцяў, душыў або так ці інакш ганьбіў пісьменнікаў, у большай ці меншай ступені дазваляў распаўсюдзіцца святлу між народамі, здабыць большую ці меншую славу або няславу і пісьменнікам, і ўладарам.

Такім чынам, уважаючы, што сказаў я дастаткова ў гэтай першай кнізе, і зводзячы ўсё сказанае да караценькай аксіёмы, раблю выснову: у цяперашнія часы, не зважаючы на тое, што ўладар амаль вымушаны ствараць уражанне, нібыта ён дае пратэкцыю літаратуры, калі ён умее па-ўладарску ўзнагародзіць пісьменства, то атрымлівае ад яго (на жаль!) нашмат больш карысці, чым шкоды.

1786

Каментар

1. Цнота і найвышэйшая ўлада несумяшчальныя (пер. з лаціны А. Ф. Брыля).

2. Прыемна высмейваць глупства тых, хто думае, нібыта сённяшняй моцай зможа знішчыць нават памяць наступных вякоў (пер. з лаціны А. Ф. Брыля).

3. Цнатлівіцы-сёстры — маюцца на ўвазе музы.

Пераклад з італьянскай – Аксана Данільчык © 2013

Чытайце таксама

Ганна Марголін

Ганна Марголін

Беларуска-амерыканская ідышамоўная паэтка.

Эльзэ Ласкер-Шулер

Эльзэ Ласкер-Шулер

Нямецкая паэтка і празаік габрэйскага паходжання, адна з прадстаўніцаў нямецкага экспрэсіянізму.

Вацлаў Панкаўчын

Вацлаў Панкаўчын

Славацкі празаік, аўтар кніг для дзяцей

Юльян Тувім

Юльян Тувім

Польскі паэт і перакладчык Юльян Тувім нарадзіўся ў горадзе Лодзь у польскай габрэйскай сям’і

1015