№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Ян Руар Лейквол

Пявучая птушка (Songfuglen)

Урывак з рамана

Пераклад з нарвежскай Лідыя Ёхансэн

Падзеі ў гэтым рамане адбываюцца ў горадзе N, дзе жывуць толькі жанчыны і куды мужчынам усякі доступ забаронены. Ад нараджэння Якубу выхоўвалі як дзяўчынку, і ніхто, акрамя маці і цёткі, не ведаў, што ён насамрэч хлопчык. Якуба сталее — і робіцца ўсё цяжэй хаваць ад людзей гэтую таямніцу.

 

Дзверы зноў грукнулі, і нейкі час я нічога не бачыў, але паступова ў цемры пачалі праступаць шэрыя кропкі. Яны паволі рухаліся ўніз па сцяне, амаль ператвараючыся ў рыскі, а пасля зноў рабіліся кропкамі. Кропкі сціскаліся ўсё мацней і пакрысе бялелі. Ад нерухомасці цела пачало ламіць, але я не варушыўся. На што б я наткнуўся, калі б выцягнуў перад сабою рукі або зрабіў некалькі крокаў наперад, і як далёка было ад мяне нешта, што можна намацаць? Калі б мае вочы былі заплюшчаныя і гэта было сном, я прачнуўся б у ложку і расказаў пра сон маці або цётцы, і з пачаткам дня хутка забыўся б пра яго, як і пра іншыя сны. Але кожны раз у гэтым сне я стаяў у сутарэнні блока. Я заплюшчыў вочы, і усё пачалося зноў: кропкі то павялічваліся, то памяншаліся. Расплюшчыў — і кропкі замітусіліся сюды-туды па памяшканні і заблішчалі. Адна мігцела на краі чагосьці металічнага, другая на чымсьці белым, але яны па-ранейшаму амаль не адкідвалі вакол сябе святла.

Мне было страшна падыходзіць да цёткі, але я зрабіў некалькі крокаў наперад, кропкі паярчэлі і разбегліся. Адна з іх блішчэла на жалезнай назе, крыху воддаль, іншыя збіліся ў купу над нейкай паверхняй — напэўна, сталом. Нейкая кропка адарвалася і паволі паплыла над стальніцай, нібы малюсенькая светлая аблачынка, паляцела над маленькай далонню, над тонкім бранзалетам, над рукою, да пляча і далей, да вачэй. Другая кропка засвяцілася над вуснамі, якія так часта мяне цалавалі, жадаючы добрай ночы, і пачала расці. Перад тым як знікнуць, кропкі забіраліся высока на сцены і падалі на падлогу, асвятляючы памяшканне знізу. Праз закратаваныя акенцы і шчыліны ў сутарэнне зазірнула ранішняе сонца. Дзверы, металічны рукамыйнік, водаправодная труба, што спускалася зверху, скручаная белая посцілка і зэдлік у самым куце — цяпер гэта ўсё можна было пабачыць.

І раптам святло заліло ўвесь пакой і цётку, якая ляжала на стальніцы, і мне так засляпіла ўваччу, што я ўжо нічога не бачыў. Нечая рука моцна схапіла мяне за плячо і пацягнула да дзвярэй, з грукатам іх зачыніўшы. Я ўпіраўся нагамі, не хацеў ісці, тады маці схапіла мяне за косы і павалакла прэч.

— Табе няма чаго тут рабіць, — прыгаворвала яна, цягнучы мяне з сутарэнняў.

Ранішняе святло рэзала мне вочы, уздоўж мураванай сцяны блока я бачыў няясныя вялікія плямы, яны няспешна рухаліся ў гэтым сляпучым святле і зусім хутка ператварыліся ў старых, якія сувора пазіралі на мяне, я непаслухмяна ішоў за маці, яна дала ім знак, каб заходзілі, яны прыйшлі памыць і прыбраць цётку.

Маці прысела на лаўку, а я пайшоў за блок, у якім мама, цётка і я жылі ўсё нашае жыццё, я ведаў у твар кожнага жыхара суседніх двароў, я ведаў імёны большасці маіх аднагодкаў, мянушкі ўсіх дваровых сабак, якія беспрытульна бегалі па дварах у пошуках ежы. Людзі хадзілі сюды-туды, занятыя сваімі справамі, і тое, што адбылося ў нас з мамай, іх мала турбавала. Большасць з іх нават не ведала, што здарылася з цёткай, а многія ніколі і не даведаюцца. Яны, можа, таксама некалі страчвалі сваякоў, аднак ні я, ні мама або нехта яшчэ ні пра што такое не ведалі. Я нават не здагадваўся, што хаваюць у душы тыя, хто тут праходзіў.

Крыху наводдаль стаялі высокае і тонкае дрэва, турнік для выбівання дываноў і лаўкі, там была дзіцячая пляцоўка, дзе бавіліся малыя, заўсёды бестурботныя і шчаслівыя: адна маладая маці гукнула дзіця, каб ішло да яе, другая намагалася загнаць сваю гарэзу ў хату, нейкі сабака задраў заднюю лапу на ліхтарны слуп, галубы ўзляталі пад самае неба, мяняючы афарбоўку ў залежнасці ад таго, якім бокам ляцелі да сонца.

Неўзабаве старыя пакінулі сутарэнне, і маці паклікала вартавых. Яны ўзнялі на плечы стальніцу з цётчыным целам, заматаным у белы саван, цётку вынеслі з двара і панеслі па Сігерсгата, мы з маці ішлі следам за рабінкай, якая чытала малітвы, а за намі крочылі суседзі, сябры і іншыя, хто быў знаёмы з цёткай, мы ішлі сцежкай праз невялікі луг да могілак, дзе сярод старых букаў чакала чорная яма. Усе сабраліся вакол магілы, вартавыя асцярожна паставілі стальніцу, і перад тым як пахаваць цётку, ёй пад галаву насыпалі чужой зямлі, а на вочы паклалі гліняныя чарапкі. Скрушным голасам рабінка прачытала памінальную малітву. Пакрытая белым саванам, на дне магілы цётка здавалася зусім маленькай, нібы пакінутае дзіця ў атачэнні дарослых. Цётка не любіла адзіноты, насіла цёмнае адзенне, баялася закрытых цесных памяшканняў, цётка заўсёды пыталася, калі мы з маці вернемся дадому. Яшчэ мінулай ноччу цётка была разам з намі, у поўнай бяспецы, а цяпер ляжыць там і будзе ляжаць, самотная, заўсёды.

Толькі на гарышчы, цьмяна асветленым адзіным закратаваным акенцам, яна наважвалася заставацца адна, разам са сваімі кнігамі.

Маці штурхнула мяне ў бок, я падышоў бліжэй да краю, пачыналася блаславенне памерлай, спачатку словы былі кароткімі, але пакрысе рабіліся даўжэйшыя, і мне даводзілася ледзь не падпяваць, пакуль іншыя мармыталі, і калі вартавыя ўзяліся за рыдлёўкі і пачалі закідваць яму зямлёй, усе мармытанні зліліся ў адзін працяжны спеў. Ніжэйшыя галасы падхоплівалі спеў высокіх, чыстыя і фальшывыя спявалі разам. Калі насыпалі магілу, маці надарвала край маёй сукенкі, а я ейнай. Яна абняла мяне, і мы пайшлі з могілак.

Пад вечар, пасля памінак, калі ўсе паразыходзіліся, мы з маці падняліся на дах шматпавярховіка, каб удыхнуць свежага паветра пасля такога клопатнага дня. Прыцемкі сям-там ужо захінулі неба, недзе прасвістаў цягнік, накіроўваючыся за горад.

— Я баюся, што з табой нешта здарыцца, Якуба, — сказала маці.

— Не здарыцца, — адказаў я.

Я паказваў на першыя зоркі, якія вылузваліся з неба, адна, дзве, тры, а маці заплятала мне косы.

— У цябе доўгія прыгожыя валасы, — сказала яна.

— Гэта была не цётка, — сказаў я.

— Ведаю, — адказала маці. — Але гэта была яна.

На даху было цёпла пасля сонечнага дня. Стоячы на краі, я бачыў ўдалечыні раку, а на яе іншым беразе — лес. Мне не было страшна, нават калі я з трывогаю ўнутры глядзеў на валуны, бо гэта былі проста камяні, дрэвы ў лесе — проста дрэвы, я — проста я, а маці — маці.

Маці нанасіла вады з крана на калідоры, вада там цякла з трубы, праведзенай з цёплых віроў на чорнай скале, набрала вады ў ванну. Пасля зачыніла дзверы і адкруціла кран у пакоі, у нас цякла толькі халодная вада. Маці сунула руку ў ванну і перамяшала халодную ваду з гарачай. Цётчына птушка сядзела на жэрдачцы высока на сцяне, вокны гэтай парою часта былі разнасцежаныя, але птушка ніколі не вылятала. Я сцягнуў штаны і швэдар, разуўся і кінуў боты на адзенне, якое ляжала кучай на падлозе, маці падабрала і расклала ўсё на месца, боты роўненька пад ложак, яна ніколі не сварылася. У ванну цякла халодная вада, уздымалася пара, а ў кране бухала і вішчала. Майткі ціснулі, гумкі націралі скуру паміж ног, але я мусіў іх насіць, толькі чухаўся, калі ніхто не бачыў. Вада даставала мне да лытак, калі я залез у ванну, было занадта горача, грудзі сцяліся, калі я сеў у ванну, вада абхапіла горла, я глыбока ўздыхнуў.

Мама сядзела на падваконні і дыхала свежым паветрам, пазіраючы ў цемру. Нешта выглядвала? Напэўна, не. Ёй трэба было на нечым затрымаць позірк, калі яна думала пра цётку, яна сядзела так нейкі час, а пасля пайшла да ложка, паправіла падушкі, іх па-ранейшаму было тры, хоць з пахавання мінула некалькі дзён. Яна ўзяла грабянец з начнога століка і распусціла валасы, і пакуль я слухаў, як падаюць кроплі халоднай вады з крана, доўгія валасы ўжо былі прычасаныя.

Вокны былі расчыненыя, але ў хаце па-ранейшаму пахла мылам і цёплай вадой.

— Што ты чытаеш, Якуба? — спытала маці.

— Пра кветкі, — адказаў я і падняў кнігу ўгору паказаць.

— Што цяпер цвіце?

— Начны звястун. Ён расце толькі ў цені. Калі пасадзіць гэтую ветку так, каб на яе падала сонца, яна завяне. Таму такія кветкі можна знайсці толькі ўдалечыні ад мясцін, дзе жывуць людзі.

— Яны, напэўна, шчаслівейшыя за нас, — сказала маці. — Ведаеш, Тэйбеле была такой шчаслівай у апошні тыдзень свайго жыцця.

— Чаму?

— Ты сам ведаеш. Таму што ты выйграў конкурс і пачнеш займацца ў Маліноўскай.

— Вось чаму.

— Не трэба блюзнерыць. Тэйбеле і я так хваляваліся, калі падышла твая чарга выходзіць на сцэну. А ты так прыгожа спяваў, што мы аж расчуліліся. О, як Якуба прыгожа спявае, нам шмат хто тады так казаў. Нават увечары, незадоўга да сваёй смерці, Тэйбеле казала мне, як яна табою ганарыцца.

— Я рабіў толькі тое, што ўмею.

— Ніхто іншы не здольны спяваць так, як ты. У цябе асаблівы голас. Гэта мне казала пазней сама Маліноўская.

— Хто ведае, што ў гэтых старых наўме, — сказаў я і паціснуў плячыма.

— Не гавары так. Яна найлепшая настаўніца спеваў ва ўсім горадзе.

Я ўтаропіўся ў кнігу. З таго конкурсу мне найбольш запомнілася дзяўчына, якая была разам з Маліноўскай. Я не ведаў, хто яна і што там рабіла, прынамсі, у конкурсе яна не ўдзельнічала, але я бачыў, як яна дапамагала Маліноўскай з рознымі паперамі і нотамі, якімі старая карысталася, калі акампанавала ўдзельнікам конкурсу. З тае пары я намагаўся выкінуць гэтую дзяўчыну з галавы, але так і не здолеў. Не ведаю, чаму і што я адчуваў, я не змог знайсці аніводнага тлумачэння, я проста хадзіў і думаў пра яе.

Нічога больш не гаворачы маці, я гартаў кнігу. Існуюць такія кветкі, якія растуць пад вадой, але як толькі яны расцвітаюць, дык падымаюцца над паверхняй. І калі наліць на гэтыя кветкі вады, яны загінуць. Можа, яны баяліся вады гэтаксама, як я баяўся прайграць у конкурсе. У кнізе пра гэта нічога не было. Маці спытала, ці бачыў я карты, я кінуў ёй зашмальцаваную скрынку, і яна злавіла яе адной рукой. Зноў зрабілася ціха. Кожны раз, калі цётка бывала на гарышчы, мы чулі яе крокі над нашай маленькай кватэрай, бо жылі на апошнім паверсе. Цяпер да нас далятае нечы смех з аднаго боку, з другога — гукі вады, што цячэ па вадасцёку. Уключылі радыё. Заплакала дзіця. На дварэ завухкала сава.

Пасярод ночы недзе далёка пачуліся крыкі, не такія, як у іншыя ночы, гэтыя былі мацнейшыя, яснейшыя. Адзін крык прыцягваў да сябе другі, мужчыны збіраліся разам і крычалі, з грудзей выпірала моц, і мужчыны магутна і спрытна беглі па зямлі, бліжэй да ракі, праз лес на тым беразе, шмат хто з іх скакаў з галіны на галіну, і крыкі іхныя мацнелі, вольна ляцелі ў паветра, нібы птушкі. Маці пайшла на вахту, праз акенца на падлогу лілося месячнае святло, я быў дома адзін. Нашая птушка трашчала на жэрдачцы, але ў галовах, як раней, не садзілася. Я ўстаў і падышоў да акна, крыкі былі моцнымі, месяц свяціў на валуны каля ракі, раз-пораз было чуваць, як льецца вада, то тут, то там мільгалі цені, і раптам усё знікла. Мне зрабілася страшна, што мужчыны мяне ўбачаць, хоць мы і жывем на самым апошнім паверсе, я адышоў ад акна, яны яшчэ ніколі так моцна не крычалі, як сёння ўночы.

Я стаяў, прытуліўшыся да дальняй сцяны, куды не даставала святло месяца, але мне дужа карцела паглядзець. Яны набліжаліся да рэчышча, спускаліся да каранёў дрэваў, аголеных веснавым разлівам ракі, пераскоквалі з каменя на камень, адзін паслізнуўся і ўпаў, не здолеўшы ўстаць, ляжаў і крычаў. Яны былі спрытныя і моцныя, я сам не адважваўся пераскочыць з аднаго каменя на другі, калі, бывала, малым дзіцем гуляў там, але дарослыя заўсёды строга загадвалі далёка не адыходзіць. Мужчыны хутка караскаліся праз мур на наш бок, злое рохканне перайшло ў крык, да якога далучылі свае галасы маладыя хлопцы, многія з якіх былі маладзейшыя за мяне, але ўжо выйшлі на справу разам з дарослымі. Яны здзіўлена азіраліся, мабыць, упершыню выправіліся на рабаванне. Вартавыя пачалі па іх страляць, кулі паласавалі цемру доўгімі бліскучымі паскамі, але мужчыны адказалі мацнейшым агнём, і вартавыя мусілі вярнуцца назад у дамы: хай рабуюць, абы толькі не ішлі далей у горад.У святле месяца мужчыны сабраліся ў двары паміж двума блокамі, маладыя нібы гулялі са старымі, яны ці то пхаліся, ці то біліся, цяжка было разабраць у змроку. Пасля кінуліся да склада, выбілі дзверы і пачалі цягаць да ракі скрыні, перакідваючы крадзенае адзін аднаму з каменя на камень. І толькі калі мужчыны адступілі, пералезлі праз мур і зніклі за дрэвамі, выйшлі вартавыя і голасна загаварылі.

Наступнага ранку маці заплятала мне косы даўжэй, чым звычайна, ужо ўсе павыходзілі на двор і гулялі вакол блокаў, выходны дзень заўжды кароткі, а я стаяў і пераступаў з нагі на нагу, ужо апрануты ў швэдар і штаны, абуты, а маці ўсё цягнула час. Рукі яе то запляталі, то зноў распляталі мае косы.

— Асцярожна на вуліцы, — сказала яна, балюча таргануўшы мяне за косы.

— Я ж сказаў, што нічога са мной не здарыцца.

— Чуў, які вэрхал быў мінулай ноччу?

— Не, я спаў. А што здарылася?

— Яны ўзламалі склад са зброяй і вынеслі скрыні з выбухоўкай. Цяпер панаробліваюць сабе бомбаў.

— Ты так думаеш?

— Ты быў яшчэ зусім малы, калі яны падарвалі ратушу. Але невялікія падрывы там-сям у горадзе, мусіць, помніш?

— Помню, адказаў я. Я буду асцярожна.

— Можа, занясеш Башэле і Малой паесці?

— Да малой ідыёткі не пайду, — сказаў я.

— Проста Малой, — паправіла маці. — Нельга ўжываць такія словы, час ужо навучыцца.

Яна цяжка дыхала.

— Я буду табе ўдзячная, калі ты аднясеш ім паесці. Здаецца, здароўе Башэле пагоршала.

— У яе заўсёды благое здароўе, — сказаў я.

— Я размаўляла з вартавой, якая з ёй знаецца. Вартавая нават не ўпэўненая, ці здольная Башэле стаяць на нагах. Апошні раз, каля яна яе бачыла, тая ўвесь час трымалася за нешта рукамі. Дык гэта было некалькі тыдняў таму. А яшчэ яна чула, што Малая хадзіла па суседзях і жабравала. Нічога тут не паробіш, але ў мяне баліць за іх сэрца.

— Але чаму мне нельга проста пагуляць на вуліцы з Брахай і іншымі?

— Толькі пасля таго як сходзіш да Маліноўскай. Мы з табой пра гэта ўжо размаўлялі. Баюся, каб чаго не здарылася.

— Але я асцярожна. А цяпер, калі цётка памерла, пра гэта ведаем толькі мы з табой.

Маці села на ложак і закрыла твар рукамі, тарганула плячыма. Я хацеў быў спытаць, што здарылася, аж тут яна заплакала. Вядома, праз цётку. Мы прачнуліся той ноччу, а яна не. Ні я, ні маці, ні суседзі, якія пакрысе заходзілі да нас, яе не дабудзіліся. І нават птушка, якая заўсёды будзіла нас на світанні.

— Якуба, — сказала маці, выціраючы вочы, — зрабі як я табе кажу. І не затрымлівайся.

— Я не забуду, што ў мяне заняткі па спевах.

— Ідзі, ідзі, — сказала маці, паказваючы на дзверы.

Я спыніўся ў дзвярах і паглядзеў на яе. Ці, можа, не трэба было? Маці паднялася і прынесла ў сетцы правіянту. Я падняў вочы на жэрдачку: у птушыных вачах адбівалася раніца.

У калідоры я так рэзка крутануўся, што ледзь не заблытаўся ў косах, паветра свістала ў вентылях бетоннага мура і шкуматала форткі, сям-там праз старыя дзіркі ад куль свяціла сонца, гэтыя дзіркі былі ў муры колькі я сябе помніў, мабыць, дзірак дзесяць-пятнаццаць, і праз чвэрць з іх прабіваліся тонкія сонечныя прамяні, сягаючы аж лесвічнай клеткі. На лесвіцы галасы суседскіх дзяцей чуюцца лепш, праз акно мне было відаць, як дзеці круцяцца на турніку на маленькай пляцоўцы, нейкая дзяўчынка круцілася на прамых руках, а астатнія падбадзёрвалі яе, гукаючы, каб круцілася хутчэй. Пасля таго як маці забрала мяне са школы, з дзецьмі я сустракаўся толькі на выходных, але цяпер і гэтага не будзе.

Далей за блокамі стаяў стары горад з нізкімі дамамі і чырвона-карычневымі дахамі, вузкімі прыгожымі вулачкамі, будынкам ратушы з бліскучым купалам, далей ішоў верхні горад з яго паркам, дзе гуляць забаранялася, там нядаўна зрабілі мемарыял у гонар загінулых пасля шматлікіх мужчынскіх нашэсцяў. А яшчэ далей, на іншым баку, ляжаў раён са шматпавярховымі блокамі, там і жыла Малая з маці.

Я збег уніз па лесвіцы. Я не сумняваўся, што сёння да мяне таксама многія будуць чапляцца, каб сказаць нешта добрае пра цётку, пра маці або пра мяне, але тыя, што былі занятыя гульнямі, працягвалі гуляць, старыя глядзелі малых, вартавыя нешта вартавалі, і толькі акулярыха з бібліятэкі сварылася: як я, маўляў, наважыўся скакаць па двары, калі прайшоў усяго тыдзень, няўжо я не маю выхавання або сораму, і трэсла мне ўслед кулаком, а я пераскочыў праз лаўку і пусціўся прэч, сцішыўшы хаду толькі калі адбег даволі далёка.

Уніз да старой сцежкі ўздоўж ракі вяла лесвіца, цэмент сям-там патрэскаўся, я не разумеў, чаму тут гэтым летам так мала народу, адсюль такі прыгожы від, сцежка разам з ракою рабіла плаўны паварот, і вада тут бегла спакойна. Адсюль пачыналіся краявіды, і рака з яе пясчанай водмеллю пашыралася, далей ляжалі валуны, усё было мірна. Сонца яшчэ не заліло дарожку, але ў спакойным імглістым лесе на тым беразе ракі ўжо пачыналі блішчэць прагалы ў шатах дрэваў, пясчаная водмель раптам азарылася святлом, а разам з ёй і ўвесь вербалоз, такі густы, што не адрозніць ад раскідзістага дрэва. Гэтай парою рака мялела, глыбока было толькі месцамі, вада блішчэла на сонцы і цямнела ў цені, а на пяску каля вады было багата ракушак. Каля невялікай насоснай станцыі сядзелі падлеткі і пра нешта гаварылі, некаторыя, пабачыўшы мяне, ківалі, а пасля зноў адварочваліся і працягвалі бяседу. Па нашым беразе хадзілі вартавыя, але хутка пойдуць дажджы, і вада ў рацэ падымецца аж да сцежкі, тады вартавым не давядзецца абыходзіць бераг, хоць і ў гэты час, здаралася, некаторыя мужчыны дабіраліся да нас.

Сцежка ўздоўж ракі пайшла наўскасяк і зрабілася няроўнай. Тут былі адбітыя вялікія кавалкі цэменту і праселы фундамент. Я падняўся па лесвіцы і пайшоў карацейшай дарогай, праз фабрычную тэрыторыю, прадзёрся праз даўно апоўзлы жвіровы кар’ер, прашчаміўся паміж штабялямі дошак. З высокіх фабрычных комінаў падымаўся дым, я перабег вялікі падворак і выйшаў нарэшце да вуліц. На выступах будынкаў па вуліцы Арбейдсгатан буркаталі галубы, я накіроўваўся да найвялікшага мікрараёна, з шэрымі высокімі блокамі, якія шыхтаваліся радамі адзін за адным. Наводшыбе стаялі старыя блокі. Мінаючы адзін з іх, я задраў галаву, з адчыненых вокнаў чуліся галасы, праветрываліся коўдры, посцілкі і падушкі, на правіслых вяроўках сушылася памытая бялізна, балконы поўніліся розным ламаччам, на зямлі вакол блока валялася смецце, а недзе непадалёк, дзе менавіта, я не бачыў, рэпетыраваў маленькі аркестр.

Я перакінуў сетку праз плячо і залез на вадасцёкавую трубу, недзе за метр ад зямлі ўхапіўся за праржавелыя жалезныя шрубы, яны зарыпелі, хутка я ўжо быў за некалькі паверхаў ад зямлі, вецер казытаў патыліцу, прадзімаў штаны, абдаваў халадком балючае прамежжа, асабліва моцна дзьмула на вузкім выступе сцяны пятага паверха. Я з усяе моцы некалькі разоў свіснуў, хутка з акна паблізу высунулася маленькая галава, падобная на кудлатую прыдарожную кветку, і заўсміхалася. Я яшчэ раз падцягнуўся на выступе і залез у акно. Нягледзячы на моцны вецер, валасы на гэтай круглай, нібы блін, галаве не варушыліся: Малая даўно не мылася. Кожны раз, калі яна ўсміхалася разяўленым ротам, я дзівіўся, які шырокі ў яе язык і які малы нос. Яна ўсё махала мне сваёй кароценькай шырокай рукой, нягледзячы на тое, што я ўжо стаяў насупраць яе.

— Якуба прыйшла, — сказала яна, радуючыся, як і кожнага разу, калі я заходзіў.

— Не стой на скавышы, — сказаў я, — ты і так з хваробаў не вылазіш.

— Я зусім здаровая, ха-ха, — сказала Малая.

— Хадзем, — сказаў я і павёў яе ў калідор. За дзвярыма нейкія жанчыны крычалі адна на адну. Я быў яе найлепшым сябрам, нягледзячы на тое, што ўдвая старэйшы. Яна сунула мне ў руку сваю далонь і папрасіла пайсці разам на двор.

— Занадта холадна, — сказаў я.

Мы пайшлі ў канец калідора, туды, дзе яна жыла з Башэле. У вялікім пакоі было ціха і пуста. У адным кутку два лядашчыя крэслы і маленькі ложак, у якім спала Малая. Праз прачыненыя дзверы ў меншы пакой я мелькам заўважыў дзве ступні, якія тырчэлі з-пад коўдры. У гэтым святле яны выглядалі так, нібы належалі майму аднагодку, або некаму на пару гадоў старэйшаму.

— Мама спіць, — прашаптала Малая і заўсміхалася, нібы ў гэтым хавалася нейкая забава.

— Сярод дня? — спытаў я, але адказу не дачакаўся.

— А што ў цябе ў сетцы?

— У мяне для цябе нешта ёсць, — сказаў я.

— А што? — спытала яна з цікаўнасцю.

Я дастаў ежу, якую дала мне з сабой маці, крыху хлеба і сыру, але Малая выхапіла з мае рукі толькі сыр і пачала жаваць гэты кавалак, не раўнуючы хатняя мышка.

— Хіба Тэкля не дала табе паснедаць?

Мне давялося паўтарыць пытанне. Мышка кіўнула галавой, ломячы і прагна глытаючы сыр.

— Пакінь жа крыху сваёй маці, — сказаў я, але яна не чула і працягвала есці з такім апетытам, што я і сабе адламаў крыху хлеба, накіроўваючыся ў іншы пакой. Пакой выходзіў на паўднёвы бок, сюды падала мяккае святло, Башэле ляжала на баку тварам да мяне, з разяўленым ротам і храпла. Не думаю, што яна чула, як мы ўвайшлі. Цяжка было зразумець, як тая, што ляжала тут, магла быць стрыечнай сястрой маёй маці і цёткі: яна была зусім не падобная да іх. Я паклаў хлеб на талерку, якая стаяла на начным століку, закрануў шклянку, шклянка зазвінела, але Башэле не прачнулася. Сонечнае святло падала на недапітую шклянку і адбівалася плямамі на твары і руках. Раптам Башэле расплюшчыла вочы, так і не варухнуўшыся. Я паказаў на ежу, але яна толькі пазірала на мяне. Тэкля, напэўна, ужо ёй расказала, яна паўсюль бывае і пра ўсё ведае, але я ўсё ж сказаў, нягледзячы на тое, што маці прасіла гэтага не рабіць:

— Цётка памерла.

Башэле рохкнула.

— Тэйбеле, — сказаў я. Яна пачала румзаць, па-ранейшаму не варушачыся. Некаторы час пазірала на мяне, пасля заплюшчыла вочы і, здавалася, зрабілася недасягальнай. Я так і не дачакаўся, калі яна зноў на мяне паглядзіць, ціхенька выйшаў з пакоя і зачыніў дзверы.

— Давай у скакалку? — папрасіла Малая, як толькі мяне ўбачыла.

— Не сёння, — адказаў я.

— А чаму?

— Цётка памерла, — патлумачыў я. — Мне трэба ісці дадому да маці.

Малая перастала жаваць, доўга на мяне глядзела, думала, думала, а пасля зноў прынялася за харчы.

— Можа, заўтра?

— Паглядзім, — адказаў я.

Яна правяла мяне ў калідор і далей на лесвіцу, і я бачыў, як яна пазірае мне ўслед праз парэнчы і з кожным пралётам робіцца ўсё меншай і меншай.

Маці з маркотным тварам самотна сядзела на лаўцы каля пад’езда, яна не пакідала думаць пра цётку, цётка была прычынай матчынай маркоты. Убачыўшы мяне, яна паднялася і павяла за сабой да мура, а там паказала ўніз на раку. Некалькі вартавых сабралася вакол параненага мужчыны, я бачыў уночы, як ён сарваўся з мура, не здолеў падняцца і бегчы ў лес. Адна вартавая тыкала ў яго стрэльбай. Мужчына ледзь прыкметна паварушыўся, ён, напэўна, змерз, праляжаўшы на зямлі ўсю ноч, а можа, страціў шмат крыві пасля падзення. Вартавая пайшла ў сутарэнні, вярнулася з каністрай, адкруціла крышку і выліла змесціва на мужчыну. Той пачаў круціцца, адкрыў рот і паспрабаваў закрычаць, але не змог. Вартавая выкінула пустую каністру, астатнія адышлі ўбок, а яна стаяла побач і падпальвала вехаць, па спіне мужчыны хутка замітусіліся языкі полымя, агонь разгараўся ўсё мацней, у высокае вогнішча, адкідаючы вакол сябе доўгія цені. Недзе пасярод агню з адкрытага рота вырваўся апошні натужны крык, але яго паглынуў трэск, які было не перакрычаць.

Так рабілі вартавыя, каб запалохаць мужчын, я ведаў гэта, ніхто ніякую паліцыю не выклікаў. Але чаму маці так хацелася мне ўсё гэта паказаць? Яна ніколі не дазваляла мне глядзець на расправу над мужчынамі. Калі мы прыйшлі дадому, маці пагладзіла мяне па галаве і пяшчотна тузанула за косы, правяла пальцамі спярша па бровах, а пасля па шчоках, я ведаў, так яна правярае, ці не з’явілася яшчэ цёмнае жорсткае шчацінне на маім твары, і гэтым разам яна яго такі намацала.

— Сядзь, Якуба, — загадала маці.

Я прысеў да стала. На дварэ было цёпла, але вокны яна ўсё ж зачыніла.

— Ніякай шчэці не павінна быць, — сказала яна.

Яна пачала трывожыцца за мяне нашмат больш, чым звычайна, асабліва цяпер, калі не стала цёткі, я заставаўся дома адзін кожны раз, калі яна ішла на вахту. Ніхто не глядзеў,чым я займаюся, куды хаджу. Мы з маці засталіся адны, і мне даводзілася рабіць так, як яна загадвала. Я часта казаў маці пра тое, што сумую па цётцы, але ніколі пра тое, што мне зрабілася крыху лягчэй, бо цяпер за мной ніхто не глядзеў кожны раз, калі маці даводзілася ісці на двор. Цяпер я мог рабіць тое, што мне хацелася, ісці з дому або вяртацца тады, калі мне трэба было. Але больш ніколі мне не давядзецца супакойваць цётку, якая хвалявалася, больш ніколі не давядзецца сядзець у ванне і слухаць, як яна чытае або нешта расказвае, уладкаваўшыся на ложку, больш ніколі мне не давядзецца ляжаць там, калі цётка прымае ванну.

Маці выйшла ў калідор і вярнулася з вядзерцам, напоўненым гарачай вадой, дастала з шуфляды ў стале нож і паклала перада мною, пасля пераставіла стос кніг, якія засталіся пасля цёткі, намыліла анучу ў гарачай вадзе, прыклала да маіх шчок, адной рукою ўзяла нож, а другою моцна заціснула мне твар, лязо бязлітасна драла скуру, скрабучы па рэдкім шчацінні, але калі я паглядзеў на сябе ў люстра пасля галення, то ніякай крыві не пабачыў. Адно што скура была чырвонай і гарачай. У люстры было відаць, як за спінай распранаецца маці, яе вузкая моцная спіна, круглыя клубы, я павярнуў люстра так, што сонечны зайчык трапіў ёй на спіну, пасля на клубы, з кожным днём у мяне ўсё больш свярбела ў майтках, чухацца забаранялася, з гэтым нічога нельга было зрабіць, пра гэта ніколі нельга было гаварыць, ніхто не павінен быў ведаць пра гэта, ніхто гэтага ніколі не зразумеў бы. Але як толькі я пачынаў думаць пра нейкую дзяўчыну, напрыклад, пра тую, якую я бачыў разам з Маліноўскай, свярбець пачынала так, што хацелася ўцячы і пераседзець на даху або ў сутарэннях, схавацца некуды за валуны каля віроў з цёплай вадой, куды заўгодна, абы застацца аднаму.

Я хацеў падняцца.

— Ты нікуды не пойдзеш, — сказала маці.

— Да ўроку спеваў яшчэ доўга.

— Паглядзі на сябе ў люстра, сказала яна, — ты ружовы з твару, як малое парася. Што падумаюць суседзі, калі цябе пабачаць? Хіба ты не бачыў, што зрабілі з тым мужчынам?

І тут маці памякчэла.

— Якуба, я пагаварыла па душах з Маліноўскай. Яна ведае, чаму ты спяваў лепей за ўсіх. Так, яна пра гэта ведае. Закрый рот.

Яна з цяжкасцю стрымлівалася, каб не заплакаць.

— Маліноўская — адзіная, хто можа нам дапамагчы, і адзіная, каму мы можам давяраць. Гэта наш шанец, Якуба. Ты выйграў конкурс і сёння ўвечары пачынаеш займацца спевамі. Я ведаю, што пасля таго, што здарылася з Тэйбеле, будзе цяжка, але ў цябе няма выбару.

Я лёг у ложак, птушка тачыла дзюбу аб жэрдачку, пасля задзерла галаву і заспявала. Маці абаперлася рукамі на падваконне і нахілілася да акна.

— Калі ты будзеш рабіць так, як я табе кажу, нам не давядзецца больш хвалявацца. У нас знікне патрэба ўсё трымаць у таямніцы. Гэта спачатку цяжка. Баюся ўявіць сабе, што будзе, калі ты пасталееш.

— А ўяві, што я не змагу спяваць.

— Табе трэба займацца спевамі ў Маліноўскай. Не трэба страчваць такую магчымасць. Што можа быць лепшым за гэта?

— Я мог бы працаваць на фабрыцы.

— Ты нічога не разумееш, Якуба. Калі яны ўсё раскрыюць, — сказала маці, паказваючы на мяне пальцам, — яны прагоняць цябе ў лес. У найлепшым выпадку ты апынешся ў бардэлі.

— Мяне прымуць у лесе. Я адзін з іх.

І зноў маці давялося стрымлівацца, каб не расплакацца. Мне не варта было даводзіць яе да слёз.

— Не, ты не адзін з іх. З імі ты доўга не працягнеш. Зусім нядаўна я страціла сястру, і мне б не хацелася страціць яшчэ і цябе. Ты павінен гэта зрабіць дзеля мяне. Ты павінен гэта зрабіць дзеля нас. Тэйбеле і я ўсё для цябе рабілі.

Я нічога на гэта не адказаў, бо ўсё, пра што гаварыла маці, было праўдай. Яна ведала, як лепей, яна рабіла так, каб было добра, таму мне не даводзілася ўвесь час нечага асцерагацца. Можа, мне варта было б хадзіць у іншых майтках, не такіх малых, у якіх ходзяць у маім узросце, або кароткіх шортах. Я не ведаў, што мне рабіць, можа, нешта з’есці, і калі я запытаўся, адказу не пачуў. Мы сядзелі ў цішыні, вось як цяпер. Але ў цішыні я мог зноў вярнуцца думкамі да той дзяўчыны, што была разам з Маліноўскай. Або да таго мужчыны, пра якога некалі мне расказала цётка, а маці не ведала, што мне пра яго вядома, гэта быў мой бацька. Ён таксама не быў падобны да іншых мужчын. Ён быў не з тых, каго трымалі на развядзенне патомства або для ўцехаў у бардэлі, і ён не кідаўся на маці супраць яе жадання. Ён быў маладым чалавекам, які таксама насіў сукенкі і абутак. Я пытаўся ў цёткі, ці ведаў ён пра маё існаванне, але яна не адказвала. Я пытаўся таксама, ці жыве ён па-ранейшаму ў горадзе, цётка сказала тады, што, наколькі ёй вядома, ён яшчэ недзе тут жыве.

Мы з маці захоўвалі маўчанне. Толькі птушка тачыла дзюбу аб жэрдку, задзірала галоўку і шчабятала. Маці расчыніла акно, павеяла цёплым ветрам. Паленым больш не пахла, пахла лесам і блокамі. Аднекуль пачуўся птушыны пошчак. Учуўшы яго, птушка схіліла набок галоўку і з цікавасцю зірнула на нас, нібы гэта мы з маці раптам зашчабяталі.

Колькі я сябе помню, я заўсёды спаў ў гэтым ложку з маці і цёткай, штоночы ўладкоўваўся паміж імі. Нічога іншага я не помню, хіба што калі маці ішла на змену, мы заставаліся з цёткай адны. Я з імі гадаваўся, з імі быў у бяспецы, з імі думаў і з імі чытаў, з імі смяяўся і з імі плакаў, хворы чхаў і кашляў, бачыў добрыя і дрэнныя сны, аж пакуль аднойчы не прачнуўся ад таго, што было холадна. Я падумаў спярша, што захварэў, але халоднаю была цётка, а я змерз, таму што ляжаў, прытуліўшыся да яе. Я паспрабаваў яе сагрэць, як заўсёды рабіў, калі яна мерзла, лёг блізка да яе і абняў, маці адарвала мяне ад яе. Цётка не прачнулася. Хутка яе ад нас вынеслі, вынеслі адтуль, дзе яна пражыла ўсё сваё жыццё, панеслі па калідоры да лесвіцы, па якой яна заўсёды хадзіла, уніз у сутарэнні, куды яна ніколі не наважвалася спускацца. Кожную ноч туліўся я да цётчынай спіны, маёй аховы і засцярогі, да маіх маці і цёткі. Я прыадкрыў вочы, маці паспешліва мылася ў халоднай вадзе з-пад крана, грудзі пагойдваліся, калі яна мыла пад пахамі, парослымі чорнымі валасамі, грудзі былі не такімі цяжкімі, як цётчыны, маці зірнула на мяне і загадала:

— Спі

З чалавека выходзіць хлопец або дзяўчына, з хлопца або дзяўчыны выходзіць дабро або зло, выходзяць словы, пяшчота і жаданне, выходзяць гукі, каханне і сны. А пазней ціхенька выходзіць пралеска. Пралеска, я — глеба, прарасці ўва мне. Птушкі, я — дрэва, ляціце ў маю засень.

© Christine Leikvoll / Samlaget

Пераклад з нарвежскай – Лідыя Ёхансэн © 2017

Чытайце таксама

Артур Сайманз

Артур Сайманз

Ангельскі паэт-сімваліст, выдавец, драматург, эсэіст, перакладчык і літаратурны крытык.

Ян Руар Лейквол

Ян Руар Лейквол

Нарвежскі пісьменнік.

Мантэгю Родс Джэймс

Мантэгю Родс Джэймс

Ангельскі пісьменнік, тэкстолаг і бібліёграф-медыявіст, майстар ghost story

Сірошка Пістончык

Сірошка Пістончык

Альтэр-эга берасцейскага паэта Сяргея Прылуцкага

113