№17: Гульня ў гарады

№17: Гульня ў гарады

У новым, сямнаццатым, нумары мы спрабуем паглядзець, якімі бачаць свае гарады нашы сучаснікі і аднадумцы, пісьменнікі і пісьменніцы ХХІ стагоддзя.

Чытаць далей

Сяргей Прылуцкі

Разбурыць крэпасць

Эсэ

Я маю мару. Коратка яна агучаная ў назве, але вам, падазраю, трэба ўсё растлумачыць.

Як пісаў Яўхім Карскі ў пачатку ХХ стагоддзя, сучаснае Берасце — гэта булачка без варэння, якая нікому не цікавая. На яго месцы я б дадаў, што ў тую булачку яшчэ і насралі, у прамым і метафарычным сэнсе. Да таго ж не свае, а нейкія прыхадні, якія заадно пабудавалі тое, што сёння завецца Брэстам.

Ёсць два гарады.

Той, стары, на месцы якога пабудаваны і дагэтуль стаіць псеўдаархітэктурны ансамбль песні і пляскі імя Мікалая І з алкагалічна-пафаснай назвай "Крэпасць-герой". І другі, гапатычна-мускулісты, як вахцёр, і адначасна такі сабе рамантычна-абаяльны, як пацефон. Тут людзі жывуць у будынках, пра якія няма што расказаць. Ну, хіба што вунь там піў Троцкі, а ў гэтым, з балконам, быў шлёндрадром. Пагадзіцеся, глыбіня паднятых культурных пластоў уражвае. Інакш кажучы, якая гісторыя ў вуліцы Савецкай або ў Камбінатаўскага завулка? Ніякая, нават не на паўшышачкі. Нуль міліметраў перспектывы. Максімум, куды можна зазірнуць, — у ХІХ стагоддзе, то бок у сраку. Прычым у чужую і прыгарнізоннага тыпу.

Я люблю Брэст, не падумайце нічога такога. Але я з той катэгорыі, якія родную старонку гатовыя ў пуп цалаваць, але любіць яе ва ўсіх праявах не лічаць за метафізічны абавязак.

Берасьце, як кажуць, абнулілася акурат пасля будаўніцтва на яго месцы крэпасці і з'яўлення побач Брэста. Сувязь паміж імі чыста геаграфічная, то бок амаль ніякай. З такім жа поспехам яго маглі назваць, скажам, Граеўскам ці Трышынскам. Але маскалі вырашылі не напружвацца і пакінулі як ёсць. А потым накачалі горад гераічным пафасам і навезлі КДБістаў, якія цяпер у светлых плашчах шпацыруюць па Набярэжнай і ніяк, сукі, не перадохнуць.

Калі твой горад асацыююць з 41-м годам нават самі яго жыхары, думаць пра яго будучыню, пагадзіцеся, неяк праблематычна. Такі сабе памежны морг з якога тырчаць мілітарысцкія ногі, а бетонная башка галоўнай крапасной кампазіцыі глядзіць як на гаўно не толькі на мясцовых, але і на ні ў чым не вінаватых гасцей горада.

Таму, дзеля нашай светлай будучыні, давайце паглядзім на праблему цвяроза. Хаця не, давайце лепш вып'ем для смеласці, каму яе не хапае, і прызнаем, што было б вялікім, я б нават сказаў, сямімільным крокам для горада ажыццявіць простую і элегантную ідэю — Брэсцкую крэпасць акуратна разабраць, скласці на грузавікі БелАЗ, вывезці ў далёкае шырокае поле і там наноў сабраць пад шыльдай "Музей-герой". Можна, канечне, дадаць феерыі: на 1000-годдзе горада запусціць у крэпасць тысячу бульдозераў і расфігачыць усе гэтыя вечныя агні і трогацельныя красныя пліты. Стэлу падарыць памежнікам у якасці ўнікальнага назіральнага пункта. А кампазіцыю "Смага", тую, дзе мужык паўзе да рэчкі папіць, паставіць на тэрыторыі лікёра-гарэлачнага завода, каб рабочыя ведалі, што нават у іхным жыцці можна знайсці месца для подзвігу і ўстрымацца ад забуху хаця б да канца змены. Але ж мы не варвары. Мы беларусы і нават ад хуйні пазбаўляемся культурна.

Аперацыю можна назваць "Раскрэпашчэнне". А на вызваленым месцы адбудаваць Старое Берасце. Так яго на мапе і пазначыць, як цэнтральны раён. А выдаткаванае бабло вярнуць потым за кошт турыстаў. А яны папруць, не сцыце. Галоўнае, каб рэканструктары і гарвыканкам прытрымліваліся майго праекта. Вядома, аднаўляць трэба ўсё — царкву, дзе Унію падпісвалі, сінагогі, кляштары, жылыя будынкі, магістрат, езуіцкі калегіюм, брукаванку, трамваі… Хаця не, трамваяў у часы Скарыны, здаецца, яшчэ не было. Можна нават для рэлігійнай разнастайнасці капішча аднавіць. Абавязкова трэба сюды перанесці гарвыканкам ці аблвыканкам, паадчыняць гатэляў і рэстаранаў. А таксама галоўпаштамт сюды абавязкова: каб па ўсім свеце разляталіся сцільныя магніцікі, паштоўкі і тэлеграмы пра тое, як тут ахуенна. Плюс трэба пачысціць рэчку ад усякай хрэні і пусціць па ёй гандолы тутэйшай мадыфікацыі, каб госці са спальных раёнаў Штутгарта і Касабланкі маглі праплываць міма велічных сцен Цудоўнага Горада і казаць: "Глядзі, Гертруда, гэтую веліч адгрохаў суворы народ, які нашаму сувораму народу пад Грунвальдам навешаў не менш велічных піздзюлін". Або: "Галя, давай прычалім пад кусцік і зробім пад ім маленькага берасцейца".

І з назвамі вуліц там не будзе ніякіх праблем. Замкавая, Грунвальдская, Радзівіла… Адчыніць сетку недарагіх алкасталовых "Зізаній" і кінатэатраў "Будзівід". А калі мы канчаткова прыйдзем да ўлады (а да яе трэба прыйсці, бо інакш ні халеры з вышэйапісанага не выйдзе) і легалізуем лёгкія наркотыкі, блэкджэк і прастытуцыю, то адчынім у Старым Берасьці, у самым яго сэрцы, публічны дом "Іпацій" і казіно "Čorny Radzivil Luxe". Плюс пару кафэшопаў "Дым айчыны".

Я так разумею, немцы з саветамі па-свойму любілі крэпасць, гэтую канкрэтную і наогул як паняцце, як сімвал іхных імперскіх дэвіяцый. Таму ў Старым Берасці варта было б зрабіць два "Куточкі ганьбы" — адзін чырвоны ў зорачкі, а другі чорненькі ў свастыкі. У памяць пра "геройствы". Што цікава, геройскай крэпасць стала не пасля яе абароны ў 39-м, у асноўным мясцовымі рэзервістамі, а пасля 41-га, калі мясцовым была да сракі тая бітва прыезджых з прыезджымі. Некаторыя алені, бо людзьмі такіх персанажаў не назавеш, папракаюць берасцейцаў у нежаданні дапамагаць саветам у той бітве. А вось я б нават медалі ім уручыў, за здаровую грамадзянскую пазіцыю. Бо абараняць канструкцыю, дзеля якой знішчылі твой горад, амаральна і непатрыятычна. У ідэальным Берасці, дарэчы, варта было б паставіць помнік здароваму глузду і не менш здароваму пахуізму, якія часта блытаюць з талерантнасцю.

Вы скажаце: "Хлопчык, харэ фантазіраваць". І дрэнна зробіце, бо я такі тон не люблю. Бо такім тонам размаўляюць тыя, хто не прызнае кніжак без карцінак і кіно без піздзілак. Тыя, хто не разумее, што менавіта дзякуючы ўяўленню жывуць не ў пячоры, а ў кватэры на вуліцы Хлебнай з люстрай, дыстанцыйным пультам і чыгуннай батарэяй. І сяруць не ў лесе з ваўкамі, а ў цёплым сарціры з элегантнай зашчолкай.

Але гэта ўсё быў базіс. А зараз пра надбудову. Калі людзі кожны дзень будуць памятаць, што вунь там адгрохалі той, старажытны, горад, то ў дзяцей іхных ужо не будзе пытанняў "хто мы" і "адкуль мы". Бо будуць бачыць гісторыю, а не вуліцу Будзённага. І тады кожнаму заезджаму вялікадзяржаўнаму хлышчу з Таганрога пацаны змогуць на пальцах і нават кулаках паказаць культуру і веліч сваіх дзядоў. Калі хуліганы будуць не па савецкіх казематах лазіць, а па кішэнях турыстаў у магістрацкай сталовай з партрэтамі Альгерда і Казіміра Лышчынскага, тады можна будзе крыху супакоіцца наконт будучыні.

І ўсё гэта мае зрабіць меншасць. Вы скажаце: "Алё, што за гоніва, большасць супраць". Так, супраць. Але гэта нармальна. Запомніце: большасць слухаць не трэба, яе трэба карміць і паказваць відовішчы. І лепш гэта рабіць у сталоўках і кінатэатрах Старога Берасця.

Чытайце таксама

Вацлаў Панкаўчын

Вацлаў Панкаўчын

Славацкі празаік, аўтар кніг для дзяцей

Пэтра Дваржакава

Пэтра Дваржакава

Чэшская пісьменніца, публіцыст, медык

Джон Мэйсан Ніл

Джон Мэйсан Ніл

Ангельскі гімнограф, англіканскі святар

Юрый Вінічук

Юрый Вінічук

Украінскі пісьменнік, журналіст, містыфікатар, укладальнік анталогіі гатычнай літаратуры

422