№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Оскар Ўайлд

Тры лісты да Алфрэда ("Бозі") Дугласа (Letters to Alfred “Bosie” Douglas)

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута

І 

Студзень 1882, Бабакумб-Кліф

 

Мой дарагі хлопчык,

твой санэт цалкам някепскі, і гэта дзівосна, што твае чырвоныя, колеру ружы вусны створаныя для шаленства музыкі і верша не менш, чым для шаленства пацалункаў. Твая тонкая залацістая душа лунае паміж жарсцю і паэзіяй. Я ўпэўнены, што Гіяцынт, якога Апалон любіў так палка, быў табой у грэцкія часы. Чаму ты застаешся адзін у Лондане? Калі прыедзеш у Солсберы? Едзь туды, каб ахаладзіць свае далоні ў шэрым змярканні готыкі, прыязджай сюды ў любы час, як захочаш. Гэта цудоўнае месца — тут не хапае толькі цябе. Але найперш з’ездзі ў Солсберы.

З несмяротнай любоўю,

заўсёды твой Оскар

 

ІІ 

Сакавік 1883, гатэль “Савой”

 

Мой самы дарагі хлопчык,

твой чароўны ліст для мяне — нібы белае і чырвонае віно, але я не ў гуморы і мне сумна. Бозі, ты павінен перастаць ладзіць мне сцэны. Яны забіваюць мяне, знішчаюць усю прывабнасць жыцця. Я не магу глядзець на цябе — такога далікатнага, падобнага да старажытнага грэка, — калі твой твар скрыўлены гневам. Я не магу слухаць цябе, калі выгін тваіх вуснаў кідае мне жахлівае. Хай лепш мяне шантажуе першы-лепшы лонданскі хлопчык лёгкіх паводзін, чым я буду бачыць цябе такім жорсткім, несправядлівым, поўным нянавісці. Ты, боскі, вытанчаны і прыгожы, неабходны мне, аднак я не ведаю, як цябе ўбачыць. Можна я прыеду ў Солсберы? Я плачу тут 49 фунтаў на тыдзень. Дарэчы, у мяне з’явілася новая гасцёўня за Тэмзай. Чаму ты не тут, мой дарагі, мой цудоўны хлопчык? Баюся, мне трэба з’язджаць: няма ні грошаў, ні крэдыту, а на сэрцы цяжар.

Твой Оскар

 

ІІІ

Руан, жнівень 1897

Мой дарагі хлопчык,

атрымаў тваю тэлеграму паўгадзіны таму і адразу ж напісаў у адказ, што мая адзіная надзея стварыць цудоўны твор мастацтва звязаная з табою. Раней так не было, аднак цяпер усё змянілася, і ты сапраўды можаш вярнуць мне тую энергію і пачуццё радаснай сілы, ад якіх залежыць мастацтва.

Усе злуюцца, што я вяртаюся да цябе, аднак яны мяне не разумеюць. Я ўпэўнены, што толькі з табой я ўвогуле змагу што-небудзь стварыць. Пабудуй наноў маё зруйнаванае жыццё, і тады нашыя сяброўства і любоў загучаць для свету па-новаму.

Я хацеў бы, каб пасля сустрэчы ў Руане мы больш ніколі не разыходзіліся. Нас раздзяляе такая бездань — землі, адлегласці. Аднак мы любім адзін аднаго.

Дабранач, дарагі.

Заўсёды твой Оскар

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2017

Чытайце таксама

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

Брытанскі пісьменнік, чые дасціпныя, а часам змрочныя апавяданні былі сатырай на норавы эдвардыянскай Англіі

Генрых Кіршбаўм

Генрых Кіршбаўм

Паэт, літаратуразнаўца.

Мэры Шэлі

Мэры Шэлі

Ангельская пісьменніца, аўтарка славутага "Франкенштэйна"

Аўдун Мортэнсэн

Аўдун Мортэнсэн

Нарвежскі пісьменнік і мастак.

197