№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Алан Аляксандр Мілн

У трыдзявятым каралеўстве (Once on a Time)

Урывак

Пераклад з ангельскай Алесь Кудраўцаў

Раздзел першы

У якім на снеданне да караля Еўраліі прыйшоў няпрошаны госць

Кароль Еўраліі Мерывіг снедаў на даху адной з вежаў свайго замка. Зняўшы залатую накрыўку з залатой місы, ён акуратна ўзяў стронгу і паклаў яе на залатую талерку. Чалавек ён быў непераборлівы, але што зробіш, калі ў тваёй цёткі днямі адкрыўся дар ператвараць усё, да чаго яна дакранецца, у золата. Трэба ж даць ёй папрактыкавацца. Добра яшчэ, што не ператварае ў чыгун.

— Ага, — сказаў кароль, — вось і ты, мая дарагая.

Ён пачаў шукаць сурвэтку, але прынцэса хуценька дала бацьку буську ў макаўку і села насупраць.

— Добрай раніцы, татусік, — сказала яна, — я спазнілася? Ездзіла на прагулку ў лес.

— Былі якія прыгоды? — абыякава спытаўся кароль.

— Ніякіх. Вось толькі раніца проста цудоўная.

— Час зусім ужо не той. Вось калі я быў малады, дык у лес увайсці было немагчыма, каб не напароцца на якую прыгоду. Каго толькі там не сустракалі. Вядзьмаркі, волаты, хохлікі... Дарэчы, у тым лесе я і сустрэў тваю маці, — задуменна дадаў ён.

— Шкада, што я зусім не памятаю яе, — сказала Гіяцынта.

Кароль крэкнуў і крыху нервова зірнуў на дачку.

— Што ж ты хочаш, Гіяцынта. Сямнаццаць гадоў таму яна памерла. Табе было толькі шэсць месяцаў. Я вось апошнім часам думаю, ці не зрабіў памылку, пакінуўшы цябе без матчынай ласкі на такі доўгі час.

Прынцэса здзіўлена зірнула на бацьку.

— Але ты не вінаваты, што маці памерла.

— О не, не. Я і не кажу гэтага. Як ты ведаеш, яе схапіў цмок і... і ўсё. Але што, калі б я, — ён вельмі няўпэўнена паглядзеў на дачку, — калі б я зноў ажаніўся?

Прынцэса збянтэжылася.

— З кім? — спытала яна.

Кароль задуменна паглядзеў у свой куфаль.

— Ну-у, — сказаў ён, — ёсць людзі.

— Калі б гэта быў нехта вельмі добры, — сур'ёзна сказала прынцэса, — магло б быць даволі няблага.

Кароль пачаў разглядаць куфаль звонку.

— Чаму “магло б быць”? — спытаў ён.

Прынцэса ўсё яшчэ не разумела.

— Але я ўжо дарослая, — сказала яна. — I цяпер не так хачу мець маці.

Кароль павярнуў куфаль і пачаў вывучаць яго з другога боку.

— Пяшчотныя, э-э-э, матчыны рукі, — сказаў ён, — э-э-э, нікому яшчэ не...

І тут здарылася зусім скандальнае.

 

***

Пачалося ўсё з падарунка каралю Бародыі на дзень нараджэння. А падарункам гэтым было не абы-што, а сямімільныя боты. Кароль — чалавек заняты, таму праверыць боты яму выпала толькі праз тыдзень. Але цэлы тыдзень ён толькі пра іх і гаварыў за абедам, а перш чым ісці спаць, нашароўваў іх да бляску. У вялікі дзень выпрабавання ботаў ён цырымонна развітаўся з жонкай і дзецьмі, праігнараваў безліч насоў, прыліплых да вокнаў палаца, і адляцеў.

Хуткасць, як вы, напэўна, ведаеце, спачатку крышку палохае, але да яе неўзабаве прызвычайваешся. Потым яна проста захапляе. Кароль праляцеў тысячы дзве міль і толькі тады ўсвядоміў, што можа заблудзіцца. Так і здарылася. Рэшту дня ён лётаў туд-сюд і толькі выпадкова, пад раніцу, раз'юшаны трапіў у расчыненае акно свайго палаца. Ён зняў боты і ціха лёг спаць...

Гэта была яму навука. Кароль вырашыў, што надалей трэба лётаць толькі там, дзе ён усё добра ведае, ад аднаго пункта да іншага. Такі маршрут склалі яму прыдворныя географы: замест ранішняй гімнастыкі лёгкі палёт міль на трыста, дзесяць разоў перад снеданнем. Ён пачакаў з тыдзень, каб супакоіць нервы, і пачаў рэгулярныя палёты.

Еўралійскае каралеўства мяжуе з Бародыяй. Бародыя — раўнінная краіна, Еўралія ж — пагорыстая. Натуральна, што прыдворныя географы, шукаючы арыентыраў, знайшлі іх у Еўраліі. Таму цяпер, у час, калі ў хатах і палацах снедалі, кароль Бародыі лунаў над Еўраліяй.

 

***

— Пяшчотныя, э-э-э, матчыны рукі, — сказаў кароль Еўраліі, — э-э-э, нікому яшчэ не... Божа! Што гэта?

Пачуўся рэзкі шум, нешта на імгненне засланіла ад яго вялікасці сонца, і зноў усё сціхла.

— Што гэта было? — спытала крыху спалоханая Гіяцынта.

— Вельмі-вельмі дзіўна, — прамовіў кароль. — Здаецца, я бачыў нейкія вялізныя боты і рыжыя вусы. Мы каго-небудзь ведаем з рыжымі вусамі і ў вялізных ботах?

— У караля Бародыі, — сказала Гіяцынта, — рыжыя вусы, а вось пра боты не ведаю.

— Але што ён робіць у небе? Калі толькі...

Зноўку пачуўся шум. Зноў на імгненне схавалася сонца, але гэтым разам была ясна відаць спіна манарха Бародыі, які хутка ляцеў да свайго палаца.

Мерывіг з годнасцю падняўся.

— Чыстая праўда, Гіяцынта, — рэзка сказаў ён. — Гэта быў кароль Бародыі.

Гіяцынта вельмі ўсхвалявалася.

— Але нельга ж так хутка лётаць над сталом, дзе снедаюць. Праўда, тата?

— Ніякіх манераў, дарагая. Я іду ў кабінет пісаць Суровую Ноту. Трэба трымацца фармальнасцяў.

І, гледзячы навокал так сурова, як гэта дазваляў ад прыроды лагодны твар, кароль з годнасцю пайшоў у бібліятэку, разважаючы, ці правільна ён ужыў слова “фармальнасці”.

Бібліятэка была любімым пакоем яго вялікасці. Раніцай ён абгаворваў тут дзяржаўныя справы з канцлерам ці прымаў высокіх гасцей, што прыязджалі ў каралеўства шукаць прыгодаў. Тут ён адпачываў пасля вячэры з якой-небудзь кнігай у руках накшталт “Што адказваць чараўніку” ці што яшчэ там траплялася на паліцах. І менавіта ранішнія высокія госці давалі каралю спажытак для вячэрніх разваг. Вось і цяпер у каралеўстве было сама меней сем розных прынцаў на сямі розных выпрабаваннях. Усім, калі пашанцуе, ён абяцаў руку Гіяцынты і палову каралеўства. Не дзіва, што ён адчуваў: Гіяцынце патрэбная кіраўнічая рука маці.

Суровай Ноце да караля Бародыі не было наканавана пабачыць свет. Кароль усё яшчэ вагаўся, якім пяром пісаць, калі адчыніліся дзверы, і лёкай абвясціў, што прыйшла верная графіня Бэлвэйн.

Графіня Бэлвэйн! Як апісаць вам гэтую цудоўную, жудасную, чароўную жанчыну? Яна была вельмі-вельмі амбітная, бясконца неразборлівая ў сродках дасягнення мэты, але ў яе захапленні вядзеннем дзённіка, а таксама простымі лірычнымі вершамі праглядалася чалавечнасць. Што яна вялікая зладзейка, я добра ведаю: у кнізе “Мінуўшчына і сучаснасць Еўраліі” знакаміты гісторык Роджэр Крываног не шкадуе яе. Але я ніколі не скажу, што ў яе не было добрых якасцяў.

Тае раніцы яна пісала вершы і апранулася ва ўсё зялёнае. Яна заўсёды насіла зялёнае, калі да яе завітвала Муза. Цудоўны звычай, які не лішне было б пераняць сучасным паэтам. Пад пахай яна трымала вялізны дзённік, а ў галаве — колькі варыянтаў апісання свайго шляху да палаца.

— Добры дзень, дарагая графіня, — сказаў кароль, з палёгкай адклаўшы пёры. — Вы сёння рана.

— Спадзяюся, вы не супраць, вашая вялікасць, — з хваляваннем пачала графіня. — У нашай учарашняй гутарцы застаўся пункт, наконт якога я не вельмі ўпэўненая.

— Пра што мы ўчора гаварылі?

— О, вашая вялікасць, пра дзяржаўныя справы, вядома, — яна кінула на яго гарэзлівы, нявінны, дзёрзкі і абсалютна скандальны позірк, якога ён ніколі не мог вытрымаць. Між іншым, я ўпэўнены, што ніхто з вас таксама не вытрымаў бы яго.

— Так, так, дзяржаўныя справы, — усміхнуўся кароль.

— Я нават зрабіла асобны запіс у дзённіку.

Яна паклала на стол вялізны том і пачала лёгка гартаць старонкі.

— Вось! “Чацвер. Яго вялікасць зрабіў мне гонар, параіўшыся наконт будучыні сваёй дачкі, прынцэсы Гіяцынты. Застаўся на чай і быў вельмі...” Нешта я тут не магу разабраць.

— Дайце паглядзець, — сказаў кароль, і ягоны і без таго румяны твар зрабіўся яшчэ больш румяным. — Выглядае на “чароўны”, — абыякавым тонам сказаў ён.

— Падумаць толькі! — сказала Бэлвэйн. — Гэта напісала я?! Я, ведаеце, пішу толькі тое, што натуральна прыходзіць у галаву, — і яна паказала, як гэтае нешта трапляе ёй у галаву, а потым зноў вярнулася да дзённіка. — “Застаўся на чай і быў вельмі чароўны. Пасля я разважала пра зменлівасць жыцця”, — яна глянула на караля шырока раскрытымі вачыма. — Я часта разважаю, калі застаюся адна.

Кароль усё яшчэ глядзеў на дзённік.

— А ці ёсць у вас запісы... падобныя... да апошняга? Можна глянуць?

— О, вашая вялікасць! Баюся, гэта ўжо абсалютна прыватная справа.

Яна хутка закрыла кнігу.

— Мне здалося, я бачыў нейкія вершы, — сказаў кароль.

— Проста невялічкая ода маёй любімай канаплянцы. Яна вас не зацікавіць.

— Я горача люблю паэзію, — сказаў кароль, што сам аднойчы напісаў рыфмаваны куплет, які можна чытаць як злева направа, так і наадварот. Яшчэ яго можна выкарыстоўваць для адмены дзеяння замоваў. Паводле вялікага гісторыка Роджэра Крыванога, куплет быў даволі папулярны ў Еўраліі і гучаў так:

Бо, бол, біл, боўл.
Во, вол, віл, воўл. 

Глыбокая думка, да таго ж перададзеная з тэмпераментам.

Але вернемся да графіні. Яна, безумоўна, адно прыкідвалася. Папраўдзе, яна вельмі хацела прачытаць верш.

— Гэта вельмі кароткая рэч, — сказала яна.

 

Вітаю я цябе, мой птах,
Вітаю, канаплянка,
Пяеш ты на альбо ў хмызах
Ад самага ад ранку!
І твой дыскант птушыны хор
Бярэ заўсёды як узор [1]. 

— Цудоўна, — сказаў кароль, і трэба з гэтым згадзіцца. Праз шмат гадоў іншы паэт па імені Шэлі скраў ідэю, але аформіў яе даволі штучна і, на маю думку, зусім бяздушна.

— Гэта вы апісалі сапраўдную птушку? — спытаўся кароль.

— Маю ўлюбёнку.

— Ёй спадабалася?

— На жаль, вашая вялікасць, яна памерла, так і не пачуўшы верша.

— Бедная птушка! — сказаў яго вялікасць. — Мне здаецца, ёй бы спадабалася.

А тым часам Гіяцынта, зусім не падазраючы пра блізкасць свае будучае маці, заставалася на вежы і спрабавала снедаць. Гэта было сапраўдным выпрабаваннем. Урэшце, сапраўды раздражняе, калі табе даводзіцца раз за разам адрывацца ад бекону ці што там у цябе на талерцы і глядзець, як замежны манарх пралятае ў небе. Яшчэ васямнаццаць разоў кароль Бародыі праплываў над Гіяцынтай. У канцы гэтага спектакля ў яе пачала круціцца галава, і яна пайшла да бацькі.

Гіяцынта знайшла яго ў бібліятэцы з дурной усмешкай на твары, але без усялякіх прыкмет ліста да караля Бародыі.

— Ты ўжо адаслаў Ноту? — спыталася яна.

— Ноту? Якую Ноту? — здзіўлена перапытаў ён. — Якую... а, ты маеш на ўвазе Суровую Ноту да караля Бародыі? Я якраз планую яе, дарагая. Даволі цяжка знайсці адпаведную камбінацыю суровасці з ветлівасцю.

— Я б не рабіла яе надта ветлівай, — сказала Гіяцынта. — Пасля таго як ты пайшоў, ён праляцеў над вежай яшчэ васямнаццаць разоў.

— Васямнаццаць разоў, васямнаццаць, васям... Дарагая, гэта проста абуральна.

— У мяне ніколі не было такога напружанага снедання.

— Гэта проста абраза, Гіяцынта. Тут Нотай не абыдзешся. Мы пагаворым з ім на мове, якую ён зразумее.

І кароль пайшоў да капітана сваіх лучнікаў.

 

[1] Верш пераклала Ганна Янкута.

Пераклад з ангельскай – Алесь Кудраўцаў © 2017

Чытайце таксама

Гюнхільд Эехаўг

Гюнхільд Эехаўг

Нарвежская пісьменніца, паэтка і выкладчыца.

Гілберт Кіт Чэстэртан

Гілберт Кіт Чэстэртан

Ангельскі празаік, паэт і эсэіст

Лінда Клакен

Лінда Клакен

Нарвежская пісьменніца і журналістка.

Оскар Мілаш

Оскар Мілаш

Французскі паэт і літоўскі дыпламат, дзядзька Чэслава Мілаша

1259