№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Дар'я Трайдэн

Вампірызм

Апавяданне

Ісці было лёгка, бо яе прыгажосць рассоўвала натоўп, рабіла Марту непадуладнай правам вялікага горада. Кнігарня з цяжкімі дзвярыма на праспекце, летняя тэраса ўлюбёнай кавярні, газеты, якія па-ранейшаму выдаюцца, — хутка тут будуць прадаваць кнігу Марты, чытаць яе, пісаць пра яе з нянавісцю і жарсцю, тут будуць маўчаць пра яе з вялікай пашанай.

Марта стаяла ў душным вагоне метро побач з дзвярыма — ехаць адну станцыю — і трымала паставу, нібы на яе галаве стаяла нешта каштоўнае і далікатнае. П'янаваты мужчына глядзеў на яе непрыстойна цяжкім позіркам, але Марта, якая звычайна лёгка ранілася і страчвала рашучасць, цяпер не адчувала пагрозы. І жанчына побач, якая круцілася, рэзка ўзнімала далонь ад жывата да твару, ад твару да парэнчаў, і не глядзела, ці не закране каго, — нават гэтая жанчына не прымусіла Марту адчуць безабароннасць.

Паміж імі здаўна існавала пэўнае прыцягненне, якое Марта гарэзліва ігнаравала (яе лёгкая цікаўнасць была несувымерным адказам на закаханасць Лялі).

Учора Марта піла віно, якое замовіла Ляля, ела стэйк (тры гады без мяса, грэблівасць да катаванняў — і вось сківіцы ўхапілі гэты кавалак, ірвуць і насалоджваюцца). Выпіла болей, чым можна для халоднай размовы, і пасля чарговага келіха распавяла пра мінулую ноч — жудасную, поўную сумневаў і няпэўнага шукання словаў. Ляля з паслухмянай пяшчотай дурніцы шукала, чым падтрымаць, абірала самыя непатрэбныя і бязглуздыя суцяшэнні (“заўсёды захаплялася тым, як ты пішаш, як бачыш свет”). Марту ванітавала ад гэтых цытатак са школьнага сачынення, але яна не спрачалася — толькі загадкава ўздыхала і выводзіла на абрусе меланхалічныя крывуліны.

Марта амаль нічога не чула з прамоваў Лялі. Стаяла пасярод пустэчы і цішы, колькі б ні піла віна — вусны былі сухія, засмяглыя, колькі б ні глядзела на дзявочую крохкасць шыйных костак — вочы заставаліся хворымі і слабымі.

“Навошта табе гэтая чортава кніга, Марта, хай гарыць, хай гіне, божа, давай, давай”, — Ляля ледзь дыхала, гучна глытала паветра, бо рух не пакідаў па-за сабою нічога, усё было ў ім, у гайданні, у барацьбе супраць смяротнасці і бязрадаснасці, супраць бязлітаснасці і маўклівасці. Ад рэзка выкінутай убок рукі ўпала крыштальная крэманка, і падталае марозіва пацякло паміж шчыльна ссунутымі талеркамі. Ляля працягвала рухацца, Марта глядзела на белы раўчук.

Струмень густога салодкага малака ішоў лавінай, ледавіком; пакідаў след на бялюткай скамечанай тканіне.

Марта імгненна асядлала рытм бегу дзікай пачвары, што ўнутры піша яе крывёю, прывяла гэты бег у суладдзе з пальцамі Лялі і павольным рухам падталага марозіва. На піку асалоды мяккае святло таршэра адбілася ад краю крыштальнай крэманкі і завостранай дзідай увайшло ў Марціна вока. Праляцела наскрозь цёмныя адтуліны і шчыльнасці яе цела, асвяціла ашчэраныя іклы пачвары, што стала ва ўвесь рост і закрычала.

У гэтае імгненне ў Марты з'явіліся словы. Яна гарыць, гіне — але ведае, як расказаць пра рыфмы колераў у пакоі, пра гіпнатычны струмень пацяплелага марозіва, пра пяшчоту да высілкаў цела пад ёю. Яна гарыць — і з гэтага попелу народзяцца словы і рассунуць натоўп, развядуць яго на дзве часткі, і прыгожая Марта будзе водападзелам, любімай і ненавіснай, і кніга стане насуперак гэтаму ўсяму.

Лялі яна не патэлефанавала — ні раніцай, ні праз тыдзень, ніколі.

Чытайце таксама

Маўрыцыё Бліні

Маўрыцыё Бліні

Італьянскі пісьменнік, шмат гадоў працаваў следчым

Вацлаў Граб’е

Вацлаў Граб’е

Чэшскі паэт, адзін з галоўных прадастаўнікоў біт-пакалення ў Чэхаславакіі

Джэйн Остэн

Джэйн Остэн

“Першая лэдзі” ангельскай літаратуры, якая запачаткавала сямейны раман

Ўолес Стывенс

Ўолес Стывенс

Амерыканскі паэт нямецка-нідэрландскага паходжання

449