№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Малгажата Шэйнэрт

Востраў-ключ (Wyspa-klucz)

Урыўкі

Пераклад з польскай Ганна Янкута

З раздзела І. Прыліў


Лені-ленапэ

Астравок індзейцаў лені-ленапэ называецца Каёшк. Ён плоска ляжыць на водах заліва, маленькі, як лісток. На ім расце салёны балотны трыснёг, шэры плюшч, жорсткія паўзучыя травы. Амерыку ўжо адкрылі, але навокал пануе ціша і пустэча, чуваць толькі вада, вецер і крыкі птушак.

На мове лені-ленапэ “kioshk” — гэта “востраў чаек”, жанчына — гэта “xkwe”, змяя — “xkuk”, конь — “nehënaonkčs”, качка — “kakw”, сонца і месяц — “kišux” (нібыта дзень і ноч — аднолькавыя), а лені-ленапэ — гэта “сапраўдныя людзі”. З часам, аднак, іх усё часцей называюць дэлаварамі. Новая назва паходзіць ад ракі, а па сутнасці — ад прозвішча губернатара Віргініі Томаса Ўэста, лорда дэ ла Вара, нашчадка старога ангельскага роду. Так Сапраўдныя Людзі страчваюць не толькі спрадвечныя месцы лоўлі, але і сваё спрадвечнае імя. Узамен яны атрымліваюць імя чужога чалавека, аднак усё яшчэ завязваюць на галаве тугі вузел і ўторкваюць туды доўгае і вострае пяро.

Ленапэ трымаюць на Востраве Чаек сціплую гаспадарку — пара чаўноў, шалашы і ачагі. Яны ловяць рыбу і збіраюць малюскаў, якіх тут столькі, што з часам Востраў Чаек пачынаюць называць Востравам Вустрыц. Вустрыцы тут такія вялікія і тлустыя, імі лёгка можна падавіцца. Індзейцы разразаюць вустрыцу яе ўласнай ракавінай, вострай, як нож. Хаваючы памерлых — людзей і сабак, — ленапэ шчыльна пакрываюць целы гэтымі ракавіннымі створкамі: знішчыць іх немагчыма.

Аднак Сапраўдныя Людзі не пачуваюцца тут у бяспецы і ў 1630 годзе прадаюць астравок галандцам з Вест-Індскай кампаніі. Бяруць за яго “некалькі скрынак розных тавараў” (за пару гадоў да гэтага іншыя індзейцы падобным чынам прадалі суседні Манхэтан) і перабіраюцца ўглыб кантынента, пакінуўшы на востраве сваіх продкаў у панцырах з ракавін.

Яны вернуцца амаль праз трыста шэсцьдзесят гадоў і будуць зноў называцца лені-ленапэ.

Пакінуты Востраў Вустрыц пераходзіць з рук у рукі. І хоць вустрычныя калоніі, што атачаюць яго, набываюць усё большую вядомасць і нават сам ён авальнай формай нагадвае вустрыцу (з аднаго боку надкушаную), яго назва змяняецца на Востраў Шыбеніцы.

Цяпер тут вешаюць піратаў, і адзін з шыбенікаў такі знакаміты, што востраў пасля яго смерці на некаторы час атрымлівае яшчэ адну назву: Андэрсан.

У 1774 годзе востраў набывае Сэмюэл Эліс. Ён заможны грамадзянін вялізнай краіны — а купіў усяго нічога! Рымскі Калізей займае амаль тры гектары. Рынак у Кракаве — нейкія шэсць з паловай тысяч кіламетраў адтуль, — чатыры гектары. Марское Вока ў польскіх Татрах — каля трыццаці пяці гектараў. Астравок Чаек, Вустрыц, Шыбеніцы налічвае трохі больш за тры акры — адзін і тры дзясятыя гектара.

 

Пагадненні Сэмюэла Эліса

Гандляр рыбай Сэмюэл Эліс — адзін з дваццаці пяці тысяч жыхароў Манхэтана. Ён жыве ў доме нумар адзін на балоцістай вуліцы Грынвіч, якую час ад часу залівае Гудзон.

Магчыма, калі воды заліва спакойныя, ён глядзіць з акна на свой новы набытак. Нават і цяпер, калі я пішу гэтыя радкі (навокал восень і з дрэваў у парку Бэтэры апала лістота), астравок адтуль бачны. Адтуль — гэта значыць з месца, дзе мог стаяць дом Сэмюэла. Вуліца Грынвіч усё яшчэ носіць сваю назву, але на яе пачатку замест дома нумар адзін уздымаецца каласальны бетонны куб з дзіркай ля асновы, у якой бесперастанку знікаюць аўтамабілі. Гэта ўезд у падводны тунэль Манхэтан — Бруклін; каб прабіць яго, спатрэбілася больш за мільён фунтаў дынаміту.

Зрэшты, дом нумар адзін мог стаяць бліжэй да берага, напрыклад, тут, дзе галандцы ў 1926 годзе ўзвялі свой пампезны падарунак нью-ёркцам — вялікую стэлу з флагштокам. Барэльеф на цокалі нагадвае пра заслугі дарыльшчыкаў перад Новым Светам: гандляр з жабо, у капелюшы, у чаравіках са спражкамі ўручае індзейцу нітку пацерак. Абодва вельмі задаволеныя.

А можа, ён мясціўся трошкі далей — там, куды некалькі гадоў таму перанеслі залаціста-срэбраны шар, выцягнуты з-пад руінаў Сусветнага гандлёвага цэнтра. Гэтая бліскучая сфера стаяла перад вежамі-блізнятамі як помнік цывілізацыі і надзеі на еднасць свету, была шэдэўрам мастацтва і тэхнікі, а цяпер выглядае як пабіты яблык, з якога часткова аблупілі скурку.

Але дзе б Сэмюэл Эліс ні жыў і адкуль бы ні глядзеў на свой набытак, ён не ўяўляў, што купіў.

Ключ — так хоча назваць астравок вялікі архітэктар Фрэнк Лойд Райт, а дакладней, яго ідэйныя спадчыннікі з Таліесінскага брацтва. Яны плануюць пабудаваць тут “Метраполіс”, блытаніну са шкляных купалаў і цыліндраў, металічных тросаў, падвесных тэрасаў — такую густую, што вялікая прастора аўтарам праекта не патрэбная. Пакуль што, аднак, Сэмюэл Эліс жыве ў сваім доме на вуліцы Грынвіч, за акном — трэцяя чвэрць XVIII стагоддзя, а людзі Райта абнародуюць сваю ідэю ў другой палове века ХХ. Зрэшты, падтрымкі не знойдуць ні эскізы, ні назва, хаця ўсе ўжо ведаюць, наколькі яна трапная. Ключ можа адчыніць свет, а можа і зачыніць. Гэтак жа, як востраў Эліс.

Сэмюэл Эліс зусім не ўяўляе, што ён купіў, і ўжо праз чатыры гады паведамляе ў мясцовай газеце пра жаданне пазбыцца “добра размешчанага” вострава, а прынагодна рэкламуе і іншыя тавары, якія мае на продаж: драўніну для будоўлі докаў, некалькі бачурак адборных селядцоў і яшчэ некалькі — горшай якасці, аднак прыдатных для забеспячэння марскога транспарту, пару тысяч чырвоных селядцоў уласнага вэнджання, якія гарантавана вытрымаюць падарожжа ў любую частку свету, пэўную колькасць вяроўкі — таннай, але першакласнай: для сетак. А таксама “амаль новыя вялікія сані для прыемных прагулак”.

Чаго ён урэшце пазбавіўся, невядома. Вядома, што востраў нікога не зацікавіў, але Сэмюэла Эліса гэта не засмуціла. На другім беразе Гудзона ў яго сотні акраў, сады, быдла, коні, стайні і клеці: ён усё больш адыходзіць ад водных промыслаў дзеля зямных. У садах і пры свойскай жывёле ён пачуваецца лепш, чым на Манхэтане, дзе так шмат янкі, а ён падтрымлівае торы і ангельскага караля.

Калі цяпер астравок яшчэ цікавіць Эліса, то толькі таму, што той прысвоіў сабе яго прозвішча. Такая прысутнасць у заліве гандляра, відаць, цешыць, ён хоча замацаваць фамільную назву і адпісвае востраў будучаму дзіцяці адной са сваіх чатырох дачок пры ўмове, што гэта будзе хлопчык і яго назавуць Сэмюэл Эліс. Але ўнук памірае немаўлём, і пачынаецца бязлітасная барацьба за спадчыну, якую і згадваць не варта.

У наступныя гады астравок выкарыстоўваюць вайскоўцы: інжынерны корпус размяшчае тут гарматныя батарэі. Будуюцца баракі для брытанскіх палонных. А потым на ім зноў боўтаюцца піраты. Пакаранні служаць цяпер не толькі выхаваўчым мэтам, але і навуцы. Трупы едуць, а дакладней, плывуць на Манхэтан, у Вышэйшую школу хірургіі. У 1839 годзе студэнты прэпаруюць на абабітым бляхай стале цела авантурніка Карнэліюса Вільгельмса з карабля “Браганца”.

Аднак вісельная назва не вяртаецца. Востраў носіць і ўжо заўсёды будзе насіць імя свайго даўняга гаспадара — Эліса.

 

Liberty

Пад канец дзевятнаццатага стагоддзя ў заліве адбываюцца з’явы, якіх звычайны чалавек і ўявіць не можа.

Каля вострава Эліс, дзе цяпер месціцца склад выбуховых рэчываў, што належыць флоту Злучаных Штатаў, над вадой вырастае нешта падобнае да вежы. Над ёй тырчыць велізарны кокан. Можна было б падумаць, што пад ім хаваецца слон, які стаў на заднія ногі і выцягнуў у неба хобат, аднак такіх вялікіх сланоў у свеце няма. Да астраўка Бэдлаў (цяпер — востраў Ліберці) пад вежай з коканам прычальвае карабель, загружаны зіхоткімі магутнымі формамі. Яны гладкія ці складкавыя, у іх угадваюцца фрагменты рук, плячэй, драпіроўкі. Ёсць тут і ступня, дзіўным чынам сплюшчаная — яна, напэўна, не меншая за сані Сэмюэла Эліса. Аднаго дня над вадой з’яўляецца загадкавая галава, вялікая, як дом. Вочы глядзяць трохі ўверх, у нявызначаную далеч, нос прамы, рымскі, верхняя губа даволі тонкая, ніжняя — мясістая, шчокі маладыя і пухлыя, аднак выраз твару апісаць складана. На ім, як на масцы з антычнага тэатра, няма ні болю, ні трывогі, але радасці і надзеі таксама няма. Хутчэй абыякавы спакой і нават холад. Галава цёмная, але гэта ўжо пытанне тэхнікі аксідавання: пакуль яна карычневая, потым пачарнее, а з часам набудзе колер яр-мядзянкі.

Калі з хобата здымаюць кокан, ён аказваецца рукой, што ўзносіць зніч.

У 1886 годзе рабочыя падымаюць галаву з дапамогай кранаў, насаджваюць яе на карычневую шыю і вянчаюць каронай з востраканечных прамянёў. А праз чатыры гады суседні востраў Эліс, цяпер — уласнасць двух штатаў, Нью-Ёрк і Нью-Джэрсі, — пачынае неўтаймоўна расці.. Докеры топяць ля яго берагоў тысячы кубоў глею, змяшанага з гліністым пяском і жвірам.

Паверхня астраўка неўзабаве перавышае адзінаццаць акраў — амаль чатыры з паловай гектары. Цяпер ён у тры разы большы за Востраў Чаек, Вустрыц і Шыбеніцы. На кракаўскім рынку ён ужо не змесціцца.


Юзаф Ягельскі — жонцы Францішцы

Узнясенне статуі Свабоды і павелічэнне плошчы вострава Эліс у тры разы шчыльна звязаныя паміж сабой.

Уплываюць гэтыя падзеі і на працу цэнзараў, якія сочаць за карэспандэнцыяй з Амерыкі ў польскія гарады, мястэчкі і вёскі, што знаходзяцца ў складзе Расійскай імперыі. Працы ў іх робіцца істотна больш.

У 1891 годзе, калі астравок расце як грыб пасля дажджу, з Амерыкі ў трумах параходаў, а часам і паруснікаў плывуць мяхі, поўныя лістоў. Іх напісалі людзі, якія кепска ведаюць літары, ці надыктавалі не нашмат больш вучоным пісарам.

Амаль ва ўсіх лістах паўтараецца слова “шыфкарта”.

“Дарагая жонка, хвала Ісусу Хрысту, пішу табе дарагая жонка, што я здаровы чаго і табе разам з дзецьмі жадаю, добрага здароў’я і ўдачы ад Госпада Бога і пішу табе, што я табе ўжо дасылаў ліст, а прайшло ўжо 11 тыдняў і няма ад цябе ніякага адказу і не ведаю, што гэта значыць, ліст не дайшоў ці ты не адказала, напішы ты мне, ці атрымала грошы, якія я табе даслаў 15 рублёў, ты мне зараз жа адкажы ці атрымала ты іх ці не. І напішы ты мне яшчэ калі атрымала, а адказваць не хочаш, ці ты злуеш на мяне, а ці не захоўваеш мне вернасць, дык я таксама магу раззлавацца і сказаць табе чаго добрага, бо ў Амерыцы за малыя грошы можна прыдбаць шмат жонак. Я мусіў выслаць табе шыфкарту, але не вышлю а калі адкажаш на ліст то вышлю табе шыфкарту і прыедзеш да мяне разам з дзецмі і я абдымаю цябе дарагая жонка і дарагія дзеці...”

Так піша Юзаф Ягельскі з Пітсбурга, штат Пенсільванія, Францішцы Ягельскай з Дульска, павет Голюб-Добжынь. На гэтым лісце жонцы ад мужа і на тысячах іншых канвертаў з Амерыкі цэнзар побач са штэмпелем расійскай пошты напісаў ад рукі “Задержать”. Царскі ўрад не хоча, каб сем’і падданых, што здолелі выехаць з польскіх абшараў імперыі, атрымалі шыфкарту. Эміграцыя працоўнай сілы набывае ўсё больш трывожныя памеры, і каб яе перапыніць, любыя спосабы добрыя.

Юзаф Ягельскі паплыў у Амерыку агледзецца і падрыхтаваць глебу для сям’і (было гэта, відаць, за год ці два да адпраўлення ліста, які захаваўся дзякуючы цэнзару, што падшыў яго да справы) і спусціўся на бераг у паўднёвай частцы Манхэтана пад назвай Бэтэры, дзе месцілася іміграцыйная станцыя Касл-Гардэн, добра бачная з астраўка Эліс.

Касл-Гардэн, круглы, як абаранак, быў калісьці фортам, што абараняе Нью-Ёрк, вялікай забаўляльнай пляцоўкай для гараджан (феерверкі, палёты на паветраным шары, выставы карцін і мармуровых бюстаў), канцэртнай залай, месцам для палітычных сходаў, купальняй, цэнтрам рэгат, рынкам. У 1855 годзе былы форт зрабіўся іміграцыйнай станцыяй штата Нью-Ёрк, а значыць, пачаў прымаць большую частку тых, хто эмігруе ў ЗША.

Калі Юзаф Ягельскі прыплывае ў Нью-Ёрк, станцыя Касл-Гардэн дажывае свае апошнія дні. Яна прыняла восем мільёнаў імігрантаў і націску новых ужо не вытрымлівае. У Амерыку прыбываюць натоўпы людзей, якім на радзіме не хапіла хлеба, бяспекі, свабоды. Сюды плывуць немцы, скандынавы, ірландцы, французы, нідэрландцы, эльзасцы, да іх далучаюцца палякі, паўднёвыя італьянцы, грэкі, чэхі, рускія і габрэі з розных краін, у асноўным расійскія і аўстра-венгерскія, бо Польшчы на карце няма. Яны плывуць ужо не паруснікамі, а параходамі, на ніжніх палубах ім цесна, як селядцам у бочцы: суднаўладальнікі добра на гэтых няшчасных зарабляюць.

Юзаф Ягельскі напэўна меў на параходзе суседзяў з Польшчы. Яго ліст жонцы Францішцы аказаўся ў скрыні разам з дзясяткамі іншых лістоў з Амерыкі, затрыманымі цэнзарам у 1891 годзе і прызначанымі для жонак, братоў ці іншых сваякоў з ваколіц Голюба-Добжыня ў плоцкай губерні. Такім суседам мог быць, напрыклад, Войцех Альберт Мялерскі, цяперашні жыхар Нью-Ёрка, Вудлан-цэметры, які высылае шыфкарту швагру Грабоўскаму і раіць “зараз жа збірацца і прыяжжаць чым хуччэй, бо калі доуга сумнявацца, то пазней можна доуга чакаць работы...” Альбо Уладзіслаў Баркоўскі з Пітсбурга, які абяцае шыфкарту жонцы Мар’яне і просіць: “напішы мне пра маіх дарагіх сіротак і ці тая наймалодшая дзяўчынка ужо добра ходзе і гавора”. Альбо Пётр Бароўскі з нью-ёркскага Брукліна, які абяцае брату Антонію: “а што да фрайкарты, то атрымаеш яе 15 сакавіка”. Альбо Ян Цыбульскі (адрас не пазначаны), які папярэджвае жонку, што праз чатыры дні вышле ёй шыфкарту, і дадае: “не трэба браць ніякіх уюкоў, ніякіх трантаў толькі адзежу на дарогу, калі маеш якую пасцель то прадай”. Альбо Ян Есяноўскі са штата Нью-Джэрсі, які шыфкарту швагру Каралю Фензцы не дашле, але хай той сам прадае гаспадарку і прыязджае, “бо чаго тут з’ясі з жонкай і шысцю дзіцямі дык там такога ня убачаш на Каляды і Вялік Дзень”. Альбо Валенты Левандоўскі з Колінзвіла, штат Канектыкут, які піша дарагой жонцы Фільці, каб не баялася ехаць да свайго мужа, бо “тут табе будзе лепей як бы я быў арганістам, і не баіся мора бо той хто так баіцца таму лепш за усё пасля ў дарозе”. Альбо Станіслаў Васілеўскі, таксама з Колінзвіла, які далікатна нагадвае Тэафілі Левандоўскай, што яе муж (напэўна, той самы Валенты) чакае ад яе ліста і “сохне ад тугі”. Альбо Ганна і Ян Тыфсы з Адамса, штат Масачусэтс, якія высылаюць “сіфкарту” сястры Марыі Эдэльман і нагадваюць: “пярыны с сабой не бяры бо занадта гэта няпроста на граніцы, хустку зімовую бяры...”

У цэнзарскай скрыні яшчэ шмат іншых лістоў, адрасаваных адпраўшчыкамі над раку Дрвенцу.

Будзем спадзявацца, што, ступаючы на бераг Амерыкі, суседзі трымаліся разам, бо афармленне ў Касл-Гардэн — сапраўднае пекла для прыбылых. Але для іміграцыйнай службы, якую ўсё часцей крытыкуюць палітыкі, прэса і выканаўчая ўлада, гэта таксама катарга. Саракагадовы выдавец нью-ёркскай газеты World Джозэф Пулітцэр, эмігрант з Венгрыі, які і сам трапіў у Амерыку ў 1864 годзе праз Касл-Гардэн, праз дваццаць тры гады нападае на станцыю за беспарадак, прыніжэнне імігрантаў, парушэнне законаў. Гэта той самы Пулітцэр, які ў 1904 годзе заснуе самую вядомую ў свеце прэмію для журналістаў.

Амерыцы патрэбная сучасная і зручная станцыя, на якой будзе панаваць новы дух. Станцыя мусіць быць адасобленая ад горада, дзе на імігрантаў адразу ж кідаюцца ашуканцы, злодзеі і гандляры жывым таварам, і кантраляваць яе павінен федэральны ўрад.

Веравызнанне камісара Ўэбера

Спачатку выбар падае на востраў Бэдлаў — той, на якім стаіць статуя Свабоды. Аднак гэта выклікае скандал не толькі ў Нью-Ёрку, дзе пратэстуе Пулітцэр (яны ж ператвораць статую ў Вавілонскую вежу!), але і ў Парыжы, дзе ашаломлены скульптар Фрэдэрык Агюст Бартольдзі, стваральнік статуі, называе гэтую ідэю жахлівай і блюзнерскай.

Газета Пулітцэра яшчэ раней звяртае ўвагу на востраў Эліс. Прапанову гэтую, аднак, сустракаюць стрымана, бо востраў невялікі і ляжыць на мелкаводдзі. Высокі чыноўнік, якога адпраўляюць агледзець мясцовасць, вяртаецца вельмі незадаволены:

Мы плылі невялікім грузавым катэрам і папрасілі афіцэра, каб той даставіў нас на востраў Эліс. Афіцэр адказаў, што на лодцы туды дабрацца немагчыма, бо вада недастаткова глыбокая. Я сказаў яму падвезці нас так блізка, як толькі можна, і далей да берага ішоў, я так думаю, метраў сто пяцьдзясят, а можа, і менш. Да вострава складана дабрацца і складана за ім з гэтай адлегласці назіраць, хоць здаецца, што ён ляжыць амаль на ўзроўні вады. Ён так мала падыходзіць для іміграцыйнай станцыі, што мы паплылі назад, перакананыя: нават калі адтуль прыбраць размешчаны там цяпер парахавы склад і зрабіць востраў бяспечным, ён не будзе тым месцам, якое нам патрэбнае...

І ўсё ж у 1890 годзе станцыю Касл-Гардэн закрываюць. Плынь імігрантаў накіроўваюць у суседні каменны будынак — Баржавае аддзяленне, да якога раней прычальвалі баржы, што курсавалі паміж прыбярэжнымі астравамі. На новай станцыі цесна, афармляць пасажыраў яшчэ цяжэй, чым у Касл-Гардэн, але ўсе ведаюць, што нязручнасці хутка скончацца, бо працы на востраве Эліс ужо пачаліся і з кожным днём вядуцца ўсё актыўней.

З вострава прыбіраюць выбуховыя рэчывы, узводзяць будынкі і капаюць каналы для парома. Выцягнутае з дна абляпляе востраў і павялічвае яго плошчу. Ужо ў тым жа годзе прэзідэнт-рэспубліканец Бэнджамін Гарысан запрашае ў Вашынгтон бізнэсоўца з Бафала, палкоўніка Джона Баптыста Ўэбера, вернага рэспубліканца, каб прапанаваць яму надзвычай важную для краіны новаствораную пасаду іміграцыйнага камісара порта Нью-Ёрк са штаб-кватэрай на востраве Эліс.

Кандыдат на гэтую пасаду, якога выбіраюць на чатырохгадовы тэрмін, заўсёды прызначаецца непасрэдна прэзідэнтам Злучаных Штатаў і мусіць мець дасканалую біяграфію і моцны характар. Джон Б. Ўэбер, ветэран Грамадзянскай вайны, гэтым патрабаванням цалкам адпавядае. Ёсць толькі адна дзіўная акалічнасць. Палкоўнік, які паходзіць з высакароднай сям’і эльзаскіх землеўласнікаў, лаяльных французаў (яго маці ў 1830 годзе прыплыла ў Амерыку паруснікам, на што спатрэбілася шэсць тыдняў), напэўна мусіць быць католікам, але на пытанне пра веравызнанне ён заяўляе: амерыканскае. Варта, аднак, дадаць, што адказ на пытанне ён дае ў незвычайных умовах.

Пакуль на востраве Эліс будуецца іміграцыйная станцыя, камісар Ўэбер там яшчэ не патрэбны. Таму ўрад Злучаных Штатаў адпраўляе яго ў Расію, каб ён паспрабаваў разабрацца, чаму ўсе расійскія габрэі хочуць у Амерыку.

Місія Ўэбера надзвычай важная для іміграцыйнай палітыкі Злучаных Штатаў. Амерыка асвоілася з першай хваляй іміграцыі — галоўным чынам ангельскай, ірландскай і нямецкай, — і цяпер баіцца другой, з краін Паўднёвай і Усходняй Еўропы, што лічыцца горшай. Найбольшую трывогу выклікае ўсё мацнейшая хваля габрэйскай беднаты з Расіі і польскіх зямель, што апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Тыя, хто супраць гэтай хвалі, усяляк намякаюць, што прыбылыя габрэі дарэшты дэградаваныя, адсталыя, слабыя фізічна і маральна, няздольныя ўліцца ў амерыканскае жыццё і могуць зрабіцца цяжарам для грамадства — a public charge. Наступныя гадоў дваццаць пяць гэты выраз будзе на востраве Эліс самым частотным, а потым саступіць месца словазлучэнню red scare — “чырвоная паніка” <…>.

Палкоўніку Ўэберу сорак дзевяць гадоў, у тыя часы чалавек такога ўзросту набліжаецца да старасці, але расійская місія яго, мусіць, падбадзёрвае, бо дзейнічае ён з надзвычайнай энергіяй — дабіраецца да ахвяраў і сведак пагромаў, да закутых у кайданы вязняў правінцыйных турмаў, да работніц панчошнай фабрыкі, якія зарабляюць сорак капеек (дваццаць цэнтаў) у дзень — іх хапае толькі на “чорны хлеб, паліты слязамі”, — да банкіраў, што зарабляюць ад чатырох да сямі тысяч рублёў у год, але застаюцца ізгоямі, да студэнтаў, якія з цяжкасцю прабіліся праз сістэму квотаў, да сірочых прытулкаў, да салдат і скалечаных ветэранаў (“дзякуй Богу, што я быў салдатам Штатаў, не Расіі”), да шпіталя, дзе ён распытвае дактароў і пераконваецца ў неверагодным: выгоды метаду Пастэра, што ратуе жыццё хворым на шаленства, недасяжныя для габрэяў толькі таму, што яны — габрэі. Дарога пракладаецца хабарамі, ніхто не саромеецца выдаваць сябе за кагосьці іншага. Палкоўнік наведвае Маскву, Мінск, Варшаву, Гародню, Вільню. У Каўнасе пытае людзей, чаму яны хочуць у Амерыку. “Бо там ёсць надзея”, — адказваюць тыя.

Усе пакутуюць, галоўным чынам ад прыніжэння. Нават банкіры. Законы, звязаныя з пасяленнем, робяцца больш жорсткімі. Габрэі маюць права жыць толькі на тэрыторыі так званай мяжы аселасці, сярод іншага ў тых губернях, дзе цяпер знаходзяцца Літва, Беларусь, Польшча. Доўгі час гэты закон не тычыўся габрэяў, што займаліся гаспадарчай дзейнасцю і мелі адукацыю, хоць доступ да найвышэйшых навучальных установаў быў для іх моцна абмежаваны квотамі. У апошні час, аднак, нават гэтыя эмансіпаваныя габрэі, што здаўна ўкараніліся ў глыбінях краіны, атрымалі загад выбірацца за мяжу аселасці.

Сярод выселеных падчас майго побыту былі касіры, чыноўнікі, банкаўскія бухгалтары, кіраўнікі гаспадарчых аддзелаў, прамыслоўцы — піянеры важных галінаў вытворчасці, створаных габрэямі, якія былі ў Расіі лідарамі таго, што мы называем прагрэсам і прадпрымальніцтвам.

Гвалт супраць правоў чалавека, убачаны на ўласныя вочы, так уражвае палкоўніка Ўэбера, што той дае ў справаздачы выхад эмоцыям:

Час і адлегласць робяць гэты жах бляднейшым, і часам я задумваюся: а ці не зрабіўся я падчас праведзеных у Расіі некалькіх тыдняў ахвярай галюцынацыі? Я хацеў бы пра гэта забыць, але яно дагэтуль вісіць нада мной, як начны кашмар. Успамін пра схуднелыя фігуры, спакутаваныя твары, глыбока запалыя шчокі, тужлівы выраз гэтых вялікіх вачэй, як у зацкаванага звера, заўсёды пры мне і ніколі мяне не пакіне. Калі я сплю ці хаджу, я ўвесь час выразна бачу гэтых людзей з выцягнутымі рукамі, людзей, што просяць, ах, так жаласліва просяць пра дапамогу, а мы нічога не можам зрабіць.

Нічога не можам зрабіць? Гэта рыторыка: магчымасці ў Злучаных Штатаў ёсць. Джон Б. Ўэбер дадае:

З нашага боку было б не па-чалавечы запіхваць тых людзей назад у нару, з якой яны выпаўзлі. Калі мы так робім, то выбіваем зніч з выцягнутай рукі нашай багіні Свабоды ў прыгожым заліве Нью-Ёрка.

Ужо бліжэй да канца падарожжа, у Гародні, палкоўніка Ўэбера выклікаюць з гатэля ва ўчастак. Гэта так яго чапляе, што ён наймае найлепшы ў горадзе экіпаж, хоць гэты ўчынак цалкам супярэчыць яго сціплай салдацкай натуры і ўсяму яго досведу. Палкоўнік ведае, чаго варты вонкавы бляск. Сярод яго баявых таварышаў у змаганні з Поўднем былі два браты, Дэйв і Білі. Першы — сапраўдны франт і спрытнюга, другі — поўная яго процілегласць: азызлы твар, валасы ў беспарадку, гузікі не начышчаныя. Ён блытаўся ў штанінах, а боты чысціў толькі спераду. Але падчас знакамітай бітвы за Гановер-корт-хаўз у Вірджыніі менавіта Білі аказаўся героем. Аднак прагматызм падказвае Ўэберу, што Расія — краіна вонкавага бляску, і ён мусіць з гэтым лічыцца. На паліцэйскі ўчастак ён уязджае ў імперыялістычным стылі <...>.

Начальнік паліцыі (у сваёй справаздачы Ўэбер выкарыстоўвае рускае слова “пристав”) новы і старанны, ёсць падазрэнне, што ён мае нейкія звесткі пра місію амерыканца, якая царскаму ўраду спадабацца не можа. Памочнік “пристава” ўважліва разглядае пашпарт камісара, правярае імя, прозвішча, месца нараджэння і раптам пытае пра рэлігію.

Палкоўнік, ні імгнення не вагаючыся, адказвае: амерыканская.

Такая заява дзівіць чыноўніка, але “пристав” шэпча яму па-руску — “ну её, религию, эти американцы ни во что не верят”. Ён гатовы на мір, бо перакладчык Ўэбера своечасова сунуў яму дзесяць рублёў хабару. Камісар Ўэбер упісвае іх потым у каштарыс падарожжа, які падае ў фінансавы дэпартамент у Вашынгтоне.

Справаздачу з падарожжа разаслалі важным асобам у Еўропе, у тым ліку кабінету міністраў Расіі. Адпраўленне вярнулася адрасантам з пячаткай расійскага цэнзара як забароненае.

Такім чынам, камісар Ўэбер атрымаў адказ прынамсі ад цэнзара, у адрозненне ад Юзафа Ягельскага і яго суседзяў, чые лісты зніклі, як камень пад вадой. Ўэбер, які ўжо мае досвед знаёмства з царскай цэнзурай, не ведае, што адбываецца з карэспандэнцыяй польскіх эмігрантаў. Бо калі б ведаў, то напэўна апісаў бы гэта ў сваіх паперах, а можа, нават паспрабаваў бы ўмяшацца.

 

Дзесяць даляраў Эні Мур

1 студзеня 1892 году Джон Б. Ўэбер прачнуўся вельмі рана, яшчэ зацемна, але для былога салдата гэта нескладана. Сёння пачынае працаваць станцыя на Элісе — гістарычны дзень для вострава. Пазней высветліцца, што гістарычны для Амерыкі і важны для ўсяго свету.

У гэты дзень палкоўнік ужо б не прызнаўся (але напісаў пра гэта потым ва ўспамінах), што, пагаджаючыся на прапанову прэзідэнта Гарысана, ён не ўяўляў, што такое іміграцыйная служба.

Але калі яго выбіралі шэрыфам у акрузе Эры, ён таксама не ведаў права, але ведаў затое, што неяк справіцца: ужо ў чатырнаццаць гадоў ён уступіў у 65-ты міліцэйскі полк, а пазней, падчас Грамадзянскай вайны, кіраваў чорнымі амерыканцамі 89-га пяхотнага палка Каляровых аддзелаў Злучаных Штатаў, — баяўся толькі, што давядзецца прысутнічаць пры смяротных пакараннях. Права ён вывучыў хутка і знайшоў параграф, паводле якога замест шэрыфа на выкананні смяротных выракаў можа прысутнічаць яго памочнік.

А калі ён зрабіўся намеснікам начальніка пошты, то ведаў толькі, што на канверт трэба прыклейваць марку.

Навучыцца можна ўсяму, трэба толькі быць цярплівым і ўпэўненым у сабе. Больш за ўсё цярплівасці патрабуюць скрыжаванні. Апошнія дванаццаць гадоў палкоўнік Ўэбер незалежна ад іншых абавязкаў займаецца скрыжаваннямі і лічыць гэты занятак надзвычай важным. Амерыка ператвараецца ў краіну праезных дарог і пуцей, якія робяцца ўсё гусцейшымі і ўсё часцей перасякаюцца, утвараючы небяспечную для чалавека і неспакойную для гаспадаркі сетку. Жывучы ў Бафала, палкоўнік і сам рэгулярна ў яе трапляе. Ён палічыў, што па дарозе з дома на ўскрайку горада да канторы ў цэнтры яму даводзіцца перасякаць пяцьдзясят пяць розных бальшакоў. А таму ён настойліва працуе над тым, каб Амерыка зразумела неабходнасць раздзяліць рух і пачала будаваць бяспечныя пераходы, тунэлі і віядукі.

Мы не ведаем, у якой ступені на гэтае зацікаўленне паўплывала асабістая драма палкоўніка. Пра сваё прыватнае жыццё ён не расказвае. На трэці год Грамадзянскай вайны падчас салдацкага адпачынку ён ажаніўся з паненкай Элізабет Дж. Фартынг з Бафала. Яму тады быў дваццаць адзін год. Элізабет загінула, выпаўшы з экіпажа, калі яго памчаў спужаны, відаць, на дарозе конь.

Сёння палкоўнік Ўэбер шпацыруе па востраве Эліс, дзе няма ніводнага скрыжавання. Ён праводзіць інспекцыю.

Уся каманда вострава заняла свае месцы, а каля паўднёвага ўзбярэжжа Манхэтана нецярпліва чакаюць тры караблі, “Вікторыя”, “Невада” і “Сіці оф Пэрыс”, поўныя імігрантаў, якія не ўяўляюць, што ўдзельнічаюць у выключнай падзеі. Ведаюць пра гэта, аднак, уласнікі суднаходных лініяў і капітаны, і кожны з іх хацеў бы першынства для некага са сваіх пасажыраў, бо гэта рэклама, а значыць, і грошы.

Камісар Ўэбер ужо з ранку, а можа, нават з учарашняга дня ведае, хто будзе першым, гэта дакладна.

Эні Мур — яшчэ дзяўчынка, сёння ў яе дзень нараджэння. Яна з’явілася на свет пятнаццаць гадоў таму, першага студзеня, у ірландскім Корку. Учора вечарам яна разам з братамі, адзінаццацігадовым Энтані і сямігадовым Філіпам, якімі ўсю дарогу апекавалася, прыплыла на параходзе “Невада”. Яны бедныя, на траіх маюць усяго адно месца багажу. На каюту ім не хапіла, туліліся ў трэцім класе, steerage (назва паходзіць ад стырнавой сістэмы, што месціцца побач), самым нізкім узроўні для пасажыраў, які называюць таксама Zwischendeck, то бок сярэдняй палубай. Сярэднюю палубу, як вынікае з ужо тады багатай літаратуры на гэтую тэму, варта хутчэй называць чыстцом. Аднак Эні — паненка мужная, яна не губляецца і нават не забывае пра свой выгляд. На ёй завужаная ў таліі камізэлька, а на бялявай галаве — капялюш з круглымі палямі, які яна прытрымлівае рукой, каб яго не скраў зімовы вецер з-над заліва. Мы гэта ведаем з помнікаў, бо Эні Мур на сённяшні дзень паставілі два помнікі — адзін на востраве Эліс, куды яна прыбыла, а другі ў Ірландыі, якую пакінула.

Эні і яе братоў ужо чакаюць бацькі, які прыплылі раней у Нью-Ёрк і жывуць на Манхэтане, на вуліцы Манро.

Спачатку разгружаецца параход “Невада”. Іміграцыйная служба выводзіць з карабля пасажыраў сярэдняй палубы (паводле адных крыніц, сто сем чалавек, паводле іншых — сто сорак восем) і садзіць іх на ўпрыгожаны сцяжкамі паром, які весела, пад музыку, біццё карабельных звонаў і радасны свіст, адплывае з Манхэтана на востраў Эліс. Такі рэйс доўжыцца цяпер трошкі больш за дзесяць хвілін і тады напэўна доўжыўся столькі ж.

Эні Мур спускаецца трапам з братамі і першай ступае на тэрыторыю станцыі.

Ніякай рызыкі тут няма, важны чыноўнік фінансавага дэпартамента ў Вашынгтоне Чарлз М. Хендлі іх ужо праверыў, і вядома, што Злучаныя Штаты прымуць усю тройку.

Няцяжка зразумець, чаму выбар — а палкоўнік Ўэбер напэўна пра яго ведаў і ўхваліў — спыніўся на Эні. Варта зазірнуць у спіс пасажыраў рэйса, якім прыплыло сямейства Мур — у інтэрнэце ён ёсць. Сярод ста сямі пасажыраў сярэдняй палубы — восем ірландцаў, дзесяць ангельцаў, двое немцаў, чатырнаццаць шведаў, двое французаў, двое італьянцаў. Найбольшая колькасць людзей — семдзесят сем — прыплыло з Расіі. Аднак амаль усе яны носяць габрэйскія імёны — Ісак, Давід, Шлёма, Фейга, Юда, Сара, Элі, Герш і гэтак далей.

Выбраць першага варта было б сярод самай шматлікай групы, аднак імігранты-габрэі не падыходзяць на ролю хросных бацькоў новай іміграцыйнай станцыі. Яе адкрыццё не мусіць цвяліць Амерыку. Ганараванне імігранта-габрэя зашкодзіла б у першую чаргу габрэйскім перасяленцам. Першы госць вострава Эліс павінен абуджаць цёплыя, прыязныя пачуцці да новапрыбылых. Эні Мур мусіць зрабіцца гераіняй казкі — ахайнай Папялушкай, якая ператворыцца ў Амерыцы ў каралеву.

Камісар Ўэбер вітаецца з паненкай і ўручае ёй на знак пачатку новага, шчаслівага жыцця падарунак — залатую манетку ў дзесяць даляраў са статуяй Свабоды, вельмі дарэчную, бо манумент бачны адтуль ва ўсёй сваёй раскошы, хіба што павернуты бокам, а камусьці і спінай: Свабода ж мусіць вітаць караблі з акіяна.

Эні робіць рэверанс і запэўнівае, што ніколі з дарагім падарункам не расстанецца.

 

З раздзела ІІ. Паводка

 

Ф’ярэла і Франчэска

У самы пік іміграцыйнага руху на востраве Эліс працуе трыццаць шэсць перакладчыкаў. Згодна са спісам, складзеным у канторы камісара, яны валодаюць наступнымі мовамі: албанская, ангельская, арабская (сірыйская), армянская, балгарская, баснійская, венгерская, галандская, герцагавінская, грэцкая, далмацінская, дацкая, ідыш, італьянская, літоўская, македонская, мараўская, нарвежская, нямецкая, партугальская, персідская, польская, румынская, русінская, руская, сербская, славацкая, славенская, турэцкая, фінская, фламандская, французская, харвацкая, чарнагорская, чэшская, шведская.

Адным з найлепшых перакладчыкаў лічыцца Ф’ярэла, італьянец з паходжання, невысокі, рухавы, з круглым і лагодным тварам. Усе называюць яго Бутончык, парушаючы ў пэўнай ступені сур’ёзную атмасферу станцыі. Нікому не прыходзіць у галаву, ды і не можа прыйсці, што прозвішча Бутончыка, якое тут так часта апускаецца, будуць калісьці ведаць ва ўсім свеце як назву аднаго з самых ажыўленых аэрапортаў у Амерыцы, а ён сам будзе паглядаць на пасажыраў з мармуровага помніка — скульптар надасць круглаватым рысам мадэлі энергічную цвёрдасць.

Ф’ярэла Рафаэле Энрыка Ла Гуардыя ведае наступныя мовы: італьянскую, сербахарвацкую, нямецкую, ідыш, трохі французскую і, безумоўна, ангельскую, бо нарадзіўся ў Нью-Ёрку. На востраве ён працуе нядаўна. Перад гэтым ён некалькі гадоў быў амерыканскім консулам у Ф’юме на Адрыятычным моры. У свае дваццаць з нечым гадоў ён меў кантору з двух пакояў, адзін з якіх быў спальняй.

Ф’юме налічвае тады трыццаць тры тысячы жыхароў. З порту ж штомесяц адчальвае дзве з паловай тысячы эмігрантаў, галоўным чынам з Аўстра-Венгрыі. Трансатлантычная кампанія “Кунард” акурат увяла сталы маршрут Ф’юме — Нью-Ёрк.

Начальства маладога консула сядзіць у амбасадзе ЗША ў Будапешце, сам жа ён не мае ніякага досведу працы з эміграцыяй у Амерыку. Ла Гуардыя збірае і вывучае ўсе магчымыя законы і робіць выснову, што пасажыраў перад пасадкай на судна трэба вельмі ўважліва абследаваць, каб іх потым не дэпартавалі з ЗША. Ён абмяркоўвае гэтае пытанне з паважным доктарам, які клапоціцца пра здароўе жыхароў Ф’юме, і разам з ім падымаецца на карабель, што выклікае рашучы пратэст кампаніі “Кунард”. Аднак іміграцыйныя законы на баку Ла Гуардыі, які папярэджвае капітанаў, што не выдасць ім адпаведных сертыфікатаў. З гэтага часу ўсіх пасажыраў з Ф’юме старанна абследуюць. У 1903—1906 гадах у порце праходзіць праверку каля дзевяноста тысяч чалавек. Пасажыраў адсюль радзей за іншых (у працэнтных суадносінах) дэпартуюць са Штатаў.

Дамы з Ф’юме лічаць такую праверку інтрыгоўным прадстаўленнем і назіраюць за ёй з верхняй палубы карабля. Аднаго дня Ла Гуардыі паведамілі пра візіт эрцгерцагіні Марыі Ёзэфы. Але для таго, каб яна магла паглядзець спектакль, трэба было затрымаць на трое сутак пасажыраў, якія ўжо селі на карабель. Ф’ярэла адмаўляецца.

Такое рашэнне абсалютна нечуванае. Ла Гуардыя ведае, што неўзабаве разгарыцца скандал і на яго пачнуць ціснуць. Самы крытычны час даводзіцца ператрываць у доме сяброў, што ўмеюць захоўваць таямніцы. Карабель адплыў, не чакаючы эрцгерцагіні.

Пасля трох гадоў працы ў консульстве ў Ф’юме, калі ўсё ўжо паспяхова дзейнічае, Ф’ярэла вырашае шукаць новых выклікаў і вярбуецца на ангельскі карабель, што плыве ў Штаты. Білет ён атрымлівае задарма, бо дапамагае карабельнаму доктару рабіць пасажырам прышчэпкі.

У Нью-Ёрку ён хутка вучыцца стэнаграфіі, адхоплівае някепскую працу за дваццаць даляраў на тыдзень і здае перакладчыцкі экзамен на Элісе.

На востраве ён найперш кіруецца да Фрэнка Марточыі.

Фрэнк, а дакладней Франчэска, нарадзіўся ў Італіі і зрабіўся на востраве сапраўдным ветэранам перакладчыцкай справы, ён валодае італьянскай, ангельскай, гішпанскай, французскай, нямецкай і нават польскай. Ён такі ж адкрыты і лагодны, як Ф’ярэла, і ахвотна дапамагае яму парадай. Гэта вельмі важна, бо абавязкі перакладчыка на востраве Эліс не толькі напружаныя, але і двухсэнсоўныя; зрэшты, двухсэнсоўнасць ёсць часткай ролі перакладчыка. Аднак тут гэтая двухсэнсоўнасць ці, хутчэй, дваістасць, асабліва непрыемная. Перакладчыкі добра ведаюць лёс эмігрантаў. Франчэска, перш чым прыплыць у Штаты, быў цырульнікам у Італіі, бацька Ф’ярэла нарадзіўся яшчэ ў Каралеўстве абедзвюх Сіцылій, маці ж паходзіла з сям’і габрэяў-сефардаў, што аселі ў Трыесце пасля выгнання з Гішпаніі. Зрэшты, Ф’ярэла і сам ужо нямала дазнаўся пра эміграцыю, працуючы консулам у Ф’юме. Некаторыя перакладчыкі на станцыі — зусім простыя людзі, і камісар Ўільямс жаліцца ў адной справаздачы, што частка гэтых работнікаў насамрэч размаўляе на замежных мовах, але не можа на іх чытаць і пісаць, іншыя ж, наадварот, чытаць і пісаць умеюць, але не спраўляюцца з размоўнай мовай.

Усе перакладчыкі знаходзяцца на дзяржаўнай службе ЗША, але дагэтуль духоўна належаць да краіны, з якой з’ехалі, да асяроддзя, якое пакінулі, і неабходнасць працаваць на карысць урада і яго законаў змагаецца ў іх са спачуваннем да перасяленцаў. Цяжар гэты жахлівы, бо ад перакладу шмат залежыць. Паказанні, дадзеныя перад радай яшчэ да спецыяльных расследаванняў, могуць чалавека ўратаваць, калі даюцца з патрэбным спрытам, а могуць і сапсаваць справу, калі гучаць наіўна, тым больш што рада кожны дзень разбірае сотні пытанняў, і ўсе яны тэрміновыя.

Зрэшты, некаторыя законы выклікаюць столькі сумневаў, што падпарадкоўвацца ім цяжка. Гэта тычыцца, напрыклад, працы па кантракце.

На востраве працуе група інспектараў, якія сочаць, каб імігранты не зрабіліся ў Злучаных Штатах канкурэнтнай працоўнай сілай. Правяраюць збольшага моцных і здаровых мужчынаў. Марточыя ведае і можа падказаць Ла Гуардыі, як шмат залежыць ад таго, каб замежнік не адказваў занадта шчыра, калі яго пытаюць, ці мае ён ужо працу. Ён памятае, як са станцыі “дэпартавалі трыццаць чатырох работнікаў, бо адзін з іх сумленна адказаў, што прыехаў па кантракце, і мімаволі выдаў усю групу”.

Ла Гуардыя лічыць, што гэты закон супярэчыць здароваму сэнсу. Вядома ж, што чалавек эмігруе для таго, каб працаваць.

Дзіўна, чаму адна пастанова іміграцыйнага закона забараняе ўезд імігранту, у якога няма працы, і акрэслівае яго як патэнцыйны цяжар для грамадства, а іншая пастанова забараняе ўезд імігранту, бо ён працу мае!

Ф’ярэла, як і Франчэска, лічыць, што любой асцярожнасці замала, калі імігрант аказваецца перад камісіяй.

Адказваючы на пытанні камісіі, імігранты мусяць быць пільнымі, бо калі яны будуць гарэць вялікім энтузіязмам, іх могуць затрымаць як падазраваных у парушэнні закона пра кантрактную працу. Але гэтак жа ім могуць забараніць уезд, калі яны будуць трымацца занадта стрымана, не будуць мець знаёмых, не будуць ведаць, куды падацца, каб знайсці працу

Перакладчык не можа нічога падказваць ці браць чыйсьці бок. Можа, аднак, у патрэбны момант прымусіць прыбылага задумацца з дапамогай кароткай паўзы ці погляду. Можа разрадзіць напружанне, трымаючыся спакойна, змякчыць пытанне ці адказ. Адным словам, можа быць чуйным. Гэта дапамагае не толькі тым, хто трапляе пад следства, але і самім інспектарам, бо, як сцвярджае Ла Гуардыя, большасць з іх — сумленныя людзі, якія хочуць паводзіцца прыстойна.

А тым часам былы прафсаюзны дзеяч камісар Ўатхорн, якога Ф’ярэла вельмі шануе і які адразу прызначыў яму вельмі добры заробак (тысяча дзвесце даляраў штогод, перш за ўсё за такую патрэбную харвацкую мову), катэгарычна трымаецца закона. Насамрэч ён і сам шмат гадоў таму прыехаў сюды працаваць на шахтах, але тады ў законе такіх патрабаванняў яшчэ не было, да таго ж ён сам знайшоў сабе працу, ну, можа, з дапамогай братоў метадыстаў.

Ла Гуардыя, якога закон здзіўляе, дапускае, аднак, думку (магчыма, пад уплывам камісара), што гэты акт, абмяжоўваючы наплыў працоўнай сілы, абмяжоўвае таксама эксплуатацыю людзей на рудніках, сталеліцейных і аўтамабільных заводах, ткацкіх фабрыках і бойнях Амерыкі.

Калі Ф’ярэла пачынае працаваць на востраве, Франчэска Марточыя ўжо стомлены і, як ён сам прызнаецца, часам траціць цярпенне. Часцей за ўсё гэта здараецца, калі падчас кароткага рэйсу паромам з Бэтэры яму даводзіцца ўцісквацца ў людскі натоўп, што плыве на востраў Эліс з надзеяй пабачыць сваіх блізкіх, якіх там затрымалі да высвятлення абставінаў ці паклалі ў шпіталь. Збольшага гэта італьянцы. Марточыю яны лічаць амаль сваяком, а бачачы яго службовы мундзір, хапаюць яго “за крысо, за плячо і нават за шыю” і ходзяць за ім следам, молячы, каб ён пра нешта дазнаўся, чымсьці дапамог, нешта патлумачыў. У пакоях затрыманых на востраве Марточыя таксама чуе безліч пытанняў: іх задаюць з верай, што чалавек, які гаворыць на іх роднай мове, абавязкова дапаможа:

Ты бачыў майго сына? Ты бачыў маю дачку? Ты ведаеш яго, майго Джузэпэ? Калі ён прыедзе па мяне?

Вось што чакае перакладчыка на востраве Эліс, папярэджвае Марточыя Ла Гуардыю, які праз шмат гадоў напіша:

Мы ўсведамлялі, што вялікі працэнт людзей, якія прыплывалі на востраў Эліс, хутчэй за ўсё дасць сабе рады і будзе мець лепшае жыццё, чым тое, да якога яны прызвычаіліся там, адкуль прыбылі, — і гэта было нашай узнагародай, калі не лічыць заробкаў, за ўдзел у сцэнах, што разрывалі нам сэрцы.

 

Дзесяць даляраў Роберта Ўатхорна

Вызначыць, высокі камісар Роберт Ўатхорн ці нізкі, амаль немагчыма. На самым знакамітым сваім партрэце ён сядзіць у фатэлі, а здымкі, зробленыя фатографам станцыі Агастэсам Шэрманам, на якіх камісар добра асветлены і бачны вельмі выразна, гавораць яшчэ менш.

На першым Шэрман паставіў Ўатхорна і яго намесніка Джозэфа Мюрэя побач з чалавекам, чые імя і прозвішча на здымку не пазначаныя. На картцы падпісана толькі “Рускі гігант”. Надзвычай элегантны волат у камізэльцы, з цыліндрам, у вялізных бліскучых чаравіках па-апякунску паклаў рукі на плечы абодвух чыноўнікаў, а яго белая кісць не нашмат меншая за лёгкае камісара, над якім яна навісае.

На другім здымку Ўатхорн і Мюрэй стаяць побач з чалавечкам, які абазначаны як “бірманец”. Чалавечак гэты такі маленькі, што змясціўся б у шуфлядзе пісьмовага стала камісара, і такі ж элегантны, як волат.

Абодва перасяленцы, і гігант, і карузлік, трымаюцца гэтак жа годна, як выяўлены на іншым фотаздымку Перумал Сэмі з чатырма ніжнімі канцавінамі. Мы не ведаем, ці пусцілі іх у Штаты, але ніводны з гэтых трох не выглядае разумова ці псіхічна недаразвітым і напэўна не будзе грамадскім цяжарам у краіне, дзе так любяць рэкорды.

Становішча Роберта Ўатхорна можна параўнаць з яго ростам, які здаецца на адным здымку нізкім, а на другім — высокім. На пасадзе камісара кожнае рашэнне адразу ж выклікае цалкам процілеглыя ацэнкі.

Камісар не дазваляе пабожным хрысціянам падыходзіць на востраве да габрэяў і сунуць ім у рукі рэлігійныя тэксты, перакладзеныя на іўрыт ці ідыш. Ён тлумачыць гэта тым, што большасць габрэяў збягае ў Штаты ад дыскрымінацыі, у тым ліку паводле веравызнання, і што такая цікавасць місіянераў можа іх устрывожыць, асабліва калі яна праяўляецца на тэрыторыі ўрадавага прадстаўніцтва. За гэтае рашэнне ён атрымлівае падзяку ад габрэйскіх арганізацый, але адно з хрысціянскіх таварыстваў скардзіцца на яго ў Белы дом.

Ён выганяе з вострава Эліс юрыстаў, якія выцягваюць з імігрантаў апошнія грошы, абяцаючы вырашыць безнадзейныя справы. Гэтую чыстку пачаў ужо камісар Ўільям Ўільямс: з 1904 па 1908 год з вострава выправадзілі дваццаць пяць такіх адвакатаў. Тут ужо камісары ні ад кога чакаць удзячнасці не могуць.

Роберт Ўатхорн з вялікай павагай ставіцца да арганізацыйных пастановаў свайго папярэдніка Ўільяма Ўільямса, аднак адмяняе вызначаную ім умову ўезду ў краіну, паводле якой імігранты мусяць мець на руках дзесяць даляраў і квіток да месца прызначэння. Ён сцвярджае, што шмат добрых работнікаў дэпартавалі толькі за тое, што ў іх няма грошай, як патэнцыйны грамадскі цяжар, тым часам як з іншых пунктаў погляду яны мелі права ўехаць у Штаты. Нацыянальныя суполкі былі задаволеныя, а кіраўніцтва — не: на думку вышэйшых чыноў, камісар развязаў рукі інспекцыі.

Затое падчас працы Роберта Ўайтхорна ў красавіку 1906 году з вострава Эліс адплывае тысяча імігрантаў, дэпартаваных як работнікі па кантракце. Людзі, якім адмовілі ва ўездзе, былі ў роспачы, вытворцы, якім была патрэбная танная працоўная сіла, — у гневе, прафсаюзы ж дзеянні камісара ўхвалілі.

Нельга не пагадзіцца з Ўайтхорнам, які скардзіўся свайму начальніку ў радзе: “На гэтай пасадзе задаволіць кожнага не мог бы нават найпабожнейшы святы з нябёсаў”. Такім чынам, ён паўтарае словы камісара Ўільямса, які лічыў, што шчасце на востраве немагчымае.

Пад канец свайго тэрміну ён з відавочнай палёгкай кажа рэпарцёру “Нью-Ёрк Таймс”: “Урэшце гэта скончылася”.

 

Як знайсці ахвяру?

Матроны і іншыя грамадскія апякункі мусяць дапамагаць ахвярам гандляроў жывым таварам, але як зразумець, хто з’яўляецца ахвярай? Сямнаццацігадовая габрэйка з Польшчы, якая сышла з парома вострава Эліс у кампаніі прыстойнага, добра апранутага амерыканца, стварае ўражанне шчаслівай і закаханай. Прадстаўляюцца яны як муж і жонка і сцвярджаюць, што едуць у штат Мантана. Іх паперы ніякіх сумневаў не выклікаюць, і ніводная з матронаў — ні Мод Мошэр, ні Сесілія Грынстан — не мела б ніякіх нагодаў задаваць дзяўчыне пытанні. А таму пара пакідае востраў па правым ці левым баку “лесвіцы разлукі”, і няшчасныя, што спускаюцца па сярэдняй частцы, прызначанай для тых, каму ўезд забаронены, праводзяць іх поглядамі. Як склаўся далейшы лёс сямнаццацігадовай дзяўчыны, мы ведаем з так званага даклада камісіі сенатара Дылінгхема “Importing Women for Immoral Purposes” (“Увоз жанчын дзеля амаральных мэтаў”), прадстаўленага Кангрэсу Злучаных Штатаў у 1909 годзе.

Пара і праўда едзе ў штат Мантана. Дзяўчына (імя ў дакладзе не пазначанае) спадзяецца, што спадарожнік, які насамрэч ёй не муж, хутка выканае сваё абяцанне і ажэніцца з ёй.

Ён, аднак, размяшчае яе ў нейкай развалюсе і прымушае займацца прастытуцыяй. Гарады, бардэлі, іх уласнікі і таварышкі па няшчасці (японкі, францужанкі, габрэйкі) увесь час змяняюцца. Шлюб ужо ніхто не абяцае, асабліва калі высвятляецца, што дзяўчына цяжарная. Яе прымушаюць займацца прастытуцыяй ажно да самых родаў, адбіраюць усе грошы і адзенне, у якім яна магла б выйсці на вуліцу. Неўзабаве пасля родаў дзяўчыне даводзіцца вярнуцца да нявольніцкай працы, хоць яна яшчэ не да канца паправілася і такая слабая, што з цяжкасцю ходзіць. Урэшце яна трапляе ў шпіталь для бедных, а зводнік адпраўляецца па новы тавар. Што сталася з дзіцем, невядома.

У дакладзе прыводзіцца нямала такіх прыкладаў. Праз два гады працы камісія Дылінгхема сабрала і прааналізавала дадзеныя з паліцыі, судоў, самых розных арганізацый і ад уласных агентаў (адну з агентак падчас збору інфармацыі моцна пабілі) і выслухала шматлікіх сведак. Даследаванне ахапіла сярод іншага Нью-Ёрк, Чыкага, Сан-Францыска, Сіэтл, Портлэнд, Солт-Лэйк-Сіці, Бафала, Бостан і Новы Арлеан.

Даклад пачынаецца наступным чынам:

Увоз і выкарыстанне іншаземных жанчын і дзяўчат для амаральных мэтаў і прастытуцыі, так званы гандаль белымі нявольніцамі — гэта той аспект праблемы з іміграцыяй, які выклікае найбольшае спачуванне і найбольшую агіду.

Аднак наколькі лёгка на востраве Эліс выкрыць трахому ці струп, настолькі ж немагчыма знайсці на целе чалавека знакі будучага няшчасця. Яно паказвае свой твар ужо за межамі вострава, часта тады, калі дапамагчы амаль няма мажлівасці.

Як і ў выпадку з сямнаццацігадовай габрэйкай з Польшчы, жывы тавар, які яшчэ нічога не ведае пра свой лёс, прыбывае разам з фальшывым мужам ці братам альбо з запрашэннем ад амерыканскага грамадзяніна, што бярэ на сябе адказнасць за лёс новапрыбылай у Штатах. Японак часта чакаюць мужчыны, шлюб з якімі ўзяты per procura — згодна з традыцыяй іх краіны. Часам будучы шлях гэтых дзяўчат можна было б вычытаць у карабельных спісах, бо пададзеныя там адрасы прызначэння вельмі падазроныя, напрыклад, Французскі клуб пры Заходняй 29-й вуліцы. Але сутэнёры дзейнічаюць вельмі гнутка. Калі інспектары заўважылі, што дваццаць пяць пасажырак адправілі свой багаж у клуб, гэтае месца знікла са спісаў, саступіўшы іншым адрасам.

Камісія прайшлася слядамі шасцідзесяці пяці імігрантак з Еўропы, што прыплылі ў Нью-Ёрк у студзені 1908 года.

Вынікі былі наступныя: трыццаць дзяўчат жыло ў адпаведных умовах, дзевяцера размясціліся па ўказаных у спісе адрасах, але потым пераехалі, пяцёра не знойдзеныя і ў спісе ніякага адраса няма, васьмёра не знойдзеныя, бо ў спісе пададзеныя няправільныя адрасы, дзевяць адрасоў было праверана, але дзяўчаты там не жылі і ніхто пра іх не чуў, трое дзяўчат знойдзеныя ў вельмі падазроных абставінах, а менавіта: ірландка ў распараджэнні нейкага грэка, расіянку ўтрымлівае мужчына, якія выдае сябе за яе дзядзьку, але, як высветлілася пазней, яе сваяком не з’яўляецца, да таго ж выглядае як тыповы габрэйскі сутэнёр і адмаўляецца паведаміць яе сапраўдны адрас, а ў мужа дзевятнаццацігадовай полькі, з якой ён ажаніўся перад самым ад’ездам, знайшлася ў тых краях яшчэ адна жонка.

Камісія Дылінгхема прадставіла спіс самых небяспечных гандляроў жывым таварам, якія атрымалі адпаведныя прыгаворы, апісала сістэму заваблівання і эксплуатацыі жывога тавару, падала звесткі адносна коштаў (ад трохсот да трох тысяч даляраў за жанчыну), дадаткова паведаміла, што самымі таннымі лічацца японкі, а самымі дарагімі — кітаянкі, бо закон пра забарону ўезду кітайцам павысіў прывабнасць гэтых рэдкіх у Штатах дзяўчат. Звярнула камісія ўвагу і на тое, што калі гандляроў і зводнікаў прысуджаюць за іх гнюснае рамяство да штрафаў, кара гэтая падае ў выніку на галовы няшчаснага тавару, з якога трэба выціснуць больш грошай.

Ствараецца ўражанне, што ўсе зацікаўленыя ў эксплуатацыі імігрантак у межах апісанай тут сістэмы маюць з гэтага прыбытак, апроч самой дзяўчыны. Яна зарабляе грошы за кошт свайго цела і душы, але рэдка можа пакінуць нешта сабе.

Камісія знайшла мноства розных сведчанняў, аднак устрымалася ад публікавання дадзеных пра аб’ёмы гандлю, бо “прырода гэтага бізнэсу выключае, зразумела, магчымасць атрымаць дакладную статыстыку”.

У дакладзе прыводзіцца толькі інфармацыя пра справы начнога суда ў Нью-Ёрку. Цягам чатырох месяцаў на мяжы 1908 і 1909 гадоў гэты суд пакараў, адправіў у працоўныя дамы ці даў настаўленне пяцьсот восемдзесят адной народжанай за мяжой жанчыне. Найбольш сярод іх было габрэек (дзвесце дваццаць пяць), францужанак (сто пяцьдзясят чатыры), немак (шэсцьдзесят дзевяць), ірландак (дваццаць дзевяць) і паўднёвых італьянак (дваццаць шэсць). Полькі (дзесяць) аказаліся на сёмым месцы.

У гэты самы суд адправілі перакладчыка Ф’ярэла Ла Гуардыя. Ён задаволены, што атрымаў начную працу, бо цяпер можа вывучаць права на дзённых курсах. Кожную ноч ён прысутнічае пры трыццаці-сарака справах. Разглядаюцца яны нядоўга. Здараецца, аднак, што паліцэйскі патруль прывозіць у суд цэлы экіпаж прастытутак.

Для мяне было відавочна, што гэта за брудны гандаль.

Праз колькі гадоў Эдыт Эбат з універсітэта ў Чыкага зацікавілася лёсам асобных дзяўчат, якія самастойна прыплылі ў Штаты, трапілі на востраў Эліс і ніколі не прыехалі на ўказаныя ў спісе адрасы, дзе іх чакалі. Эмілі Андэрсан марна чакала цётка ў Чыкага, Мар’яну Паякевіч і Тэрэзу Альшэўску — кузэн Юзаф Паякевіч у Нью-Ёрку, Мар’яну Куцыньску — яе цётка і дзядзька зноў жа ў Чыкага. Пошукі ніякіх вынікаў не прынеслі.

У адным з адказаў, прысланых з вострава Эліс, было напісана:

Мы не ведаем пра гэтую дзяўчыну нічога, апроч таго, што яна паспяхова прайшла праверку і выбыла ў месца прызначэння. Спадзяемся, што яна не апынулася ў кепскіх руках.

 

З раздзела VІІ. Лаўцы

 

Liberty

За дваццаць гадоў да з’яўлення на востраве Эліс музея на Манхэтане адкрылі Сусветны гандлёвы цэнтр. Праз адзінаццаць гадоў пасля адкрыцця музея з манхэтанскага комплексу, што бачны з вострава як на далоні, зніклі дзве вежы.

11 верасня 2001 года наглядчык Вінсэнт Дып’етра расстаўляў вешалкі для дзіцячых куртак у адукацыйным аддзеле музея і пачуў далёкі выбух. Калі ён выбег на бераг, там ужо стаяла групка яго калег — усе яны глядзелі на Манхэтан. Пазней Дып’етра расказваў, што ўсе задавалі сабе пытанне: “Няўжо астатнія таксама гэта бачаць?”

Садоўнік Алфрэд Фаруджа стаяў тады пад флагштокам. Потым ён апавядаў, што чайкі, якія звычайна кружлялі над патыа кавярні ў пошуках ежы, селі на зямлю, сціснуліся і схавалі галовы.

Але здранцвенне гэтае цягнулася нядоўга. Людзі пачалі бегаць туды-сюды, тыкаць пальцамі ў мабільнікі. Яны баяліся. Сімвалы Амерыкі — статуя Свабоды і Музей іміграцыі на востраве Эліс — маглі зрабіцца мэтай наступнага замаху. Прагучаў загад неадкладна эвакуяваць востраў Ліберці, паліцэйскія лодкі атачылі яго з усіх бакоў, каб прадухіліць хаця б напады з мора. Каля двухсот працаўнікоў Эліс сабралася на абнесеным Сцяной гонару газоне, як за барыкадай, чакаючы, калі лодкі забяруць іх у Нью-Ёрк ці Нью-Джэрсі. Вузкі працоўны мост, што злучае востраў Эліс з Джэрсі-сіці, адразу ж замкнулі: высадзіць яго ў паветра вельмі лёгка.

Было так рана, што ні на адзін з астравоў турысты яшчэ не прыплылі. Першая эвакуацыйная лодка, “Liberty IV”, з работнікамі, якіх забралі з-пад Статуі і з вострава Эліс, дабралася да Бэтэры на Манхэтане ў той самы момант, калі абрынулася першая вежа. Эвакуяваныя трапілі ў воблака з попелу і пылу. Паліцыя адправіла іх да парома на востраў Стэйтэн, там яны бяспечна і высадзіліся. Капітан “Liberty IV” вярнуўся на Эліс і забраў наступную групу працаўнікоў, аднак перш чым ён паспеў паўтарыць сваю памылку і высадзіць пасажыраў на Бэтэры, абрынулася другая вежа, і “Liberty IV” павярнула назад.

Цяпер ужо ніхто не сумняецца, што эвакуацыя мусіць ісці ў адваротным кірунку — з Манхэтана на востраў Эліс. Эліс мусіць узяць на сябе ролю ратаўнічай станцыі. Востраў някепска падрыхтаваны: тут ёсць шмат пустой прасторы на свежым паветры і пад дахам, санітарныя памяшканні, кухні, а частка яго персаналу добра ведае, як працаваць з натоўпам і аказваць першую дапамогу. Але перадусім востраў Эліс вылучаецца чымсьці, што заўсёды было яго козырам: ён адасоблены ад метраполіі, якой сёння больш чым калі завалодаў хаос.

А таму каманда вострава рыхтуецца прыняць першых ахвяраў. Выносіць на паветра крэслы, сталы і пераносныя туалеты. На парадным газоне рыхтуе медыцынскае абсталяванне. Неўзабаве прыплываюць лодкі з параненымі. Большасць з іх сур’ёзных пашкоджанняў не атрымала, але ўсе яны выглядаюць як цяжка хворыя. Яны спускаюцца з лодкі, хапаючы ротам паветра, задыхаючыся і кашляючы, белыя, нібы толькі што са снежнай завірухі (хтосьці адзначае: з цукровага завода), ці чорныя, аблітыя змазачным маслам, аблепленыя сажай. У іх безуважныя твары, іх пустыя вочы быццам нічога не бачаць. Яны водзяць рукамі ў паветры. Іх адзенне ператварылася ў лахманы. Многія ідуць басанож.

Арганізуюцца тры групы. Першая — дактары-ратаўнікі, што прыбылі з бальніцы ў Джэрсі-сіці, якія аказваюць першую дапамогу, другая — апекуны, якія стараюцца супакоіць прыбылых, трэцяя — забеспячэнцы, якія кормяць, пояць, прыносяць насоўкі, ручнікі, коўдры, бутэлечкі для немаўлят і ўсё, што толькі могуць.

Кожная чарговая лодка прывозіць ад пяцідзесяці да сямідзесяці пасажыраў. Усіх іх адмываюць ад пылу, часам даводзіцца выкарыстоўваць шланг. Потым ратаўнікі запісваюць іх імёны, адрасы, час прыбыцця, тэлефоны — хатні і кантактны, і ўсе гэтыя звесткі адразу ж уводзяцца ў кампутар: ствараецца база дадзеных. Нехта яшчэ сочыць за лодкамі, складае дакладны расклад іх руху і спіс пасажыраў кожнага судна. Усю інфармацыю адразу ж атрымлівае паліцыя, каб сем’і маглі знайсці сваіх блізкіх. На ўсялякі выпадак кожнаму з прыбылых на руку чапляюць стужку з імем, прозвішчам і яшчэ — страхавым нумарам, калі чалавек быў у стане яго паведаміць.

Хтосьці, імаверна, пастаўшчык музейнай крамы, ахвяруе новыя футболкі, якія могуць паслужыць і як зменнае адзенне, і як пялёнкі.

Апечаных і параненых цяжэй адпраўляюць далей, у суседнія шпіталі.

Цяжкапараненых няшмат. Крызісны цэнтр на востраве Эліс працягвае чакаць людзей з вежаў, але неўзабаве ўсе пачынаюць разумець, што там цяпер засталіся толькі загінулыя. У гэты ж час прыходзіць загад рыхтавацца да прыёму мёртвых. Гэтай ноччу востраў будзе нью-ёркскім моргам.

Каманда хутка прыбірае адзін з вялікіх складаў і падводзіць туды асвятленне. З Нью-Джэрсі прывозяцца лядоўні. Такім чынам, на востраве зноў ёсць свой дом памерлых, але памерлыя не прыбываюць. Яны пахаваныя пад бетоннымі глыбамі. Лядоўні адпраўляюцца назад.

Праз некалькі месяцаў пасля гэтых падзеяў Вінсэнт Дып’етра заўважае, што на адной з пячатак, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйных праграмах, так і засталася дата 11 верасня. Пазней яе, відавочна, ніхто больш не выкарыстоўваў. Дып’етра не дазволіў памяняць дату.

Працаўнікоў Эліса і Ліберці на пару дзён адпраўляюць дадому, а потым запрашаюць да антыстрэсавых псіхолагаў, якія выслухоўваюць іх скаргі. Ніхто не жаліцца на самае страшнае, а толькі на правалы ў знаёмым сілуэце Манхэтана, на смурод гару і дыму, на пыл, што ўсё яшчэ вісіць у паветры. Потым людзі вярнуліся на працу. Вяртанне гэтае ім запомнілася, бо ўсё начальства выйшла на ўзбярэжжа і стала ў шэраг, нібыта са службовага судна мусіў сысці, як калісьці раней, прэзідэнт Тэадор Рузвельт ці Ўільям Тафт.

Музей на востраве Эліс зноў адкрыўся для наведнікаў 19 снежня 2001 году.

Востраў Ліберці пачаў прымаць турыстаў толькі 3 жніўня 2004 году. Праўда, пускаюць іх толькі да п’едэстала пад нагамі Статуі. Той, хто падымецца на апошні паверх, акажацца пад шкляной столлю і, задраўшы галаву, зможа зазірнуць у гіганцкі тунэль — чэрава свабоды. У ім, паводле праекта вялікага інжынера Густава Эйфеля, — перасячэнні злучаных заклёпкамі балак, і толькі зрэдчас скрозь гэты стальны шкілет праблісквае залаціста-зялёнае цела, да якога ўжо нельга дакрануцца.

 

Лені-ленапэ

Недалёка ад Сцяны гонару, у цені некалькіх райскіх яблынек у траве, ляжыць невялікі шэра-ружовы камень індзейцаў лені-ленапэ.

На ім выбітая чарапаха, від зверху. Яна выглядае як клякса і высоўвае з-пад панцыра галаву, лапы і хвост. Злева ад яе — пячатка племені дэлавараў-ленапэ, справа — пячатка народу магіканаў. Абедзве — спрэс сімвалы: воўк, мядзведзь, след драпежнай лапы, крыж, шчыт, лук, лісток.

Унізе надпіс:

Магілы індзейцаў-дэлавараў. Адкрытыя на астравах Эліс і Ліберці. Рэшткі перапахаваныя 1 траўня 2003 году.

Ранкам таго дня з будынка музея на Элісе выйшла група мужчын і жанчын у штодзённым адзенні, швэдрах, джынсах, куртках. Было, відаць, холадна, хоць, згодна з традыцыяй ленапэ, першага траўня племя вітае вясну. Таму гэтую дату і выбралі дзеля ўрачыстага вяртання продкаў на сваё месца.

У групе — супрацоўнікі Нацыянальнага парка і старэйшыны племені ленапэ. Трое з іх нясуць невялікія кедравыя скрынкі з парэшткамі, знойдзенымі на востраве ў сярэдзіне 80-х. Археолагі не сумняваліся, што косці, перамяшаныя з ракавінамі вустрыц і датаваныя не пазней чым сямнаццатым стагоддзем, належаць племені ленапэ. Ужо тады па дамоўленасці з прадстаўнікамі племені было вырашана перадаць рэшткі пад апеку парка, пакуль на востраве будуць цягнуцца рамонтныя працы.

Потым іх пахаваюць у сумесна вызначаным месцы на востраве Эліс.

З часу той дамоўленасці прайшло сямнаццаць гадоў. У апошні дзень красавіка 2003 году выкапалі магілу. Гэта зрабілі правадыр ленапэ Джо Брукс, прадстаўнік племені Джон Самптэр (абодва — ветэраны амерыканскага войска) і Брус Гансалес, галава народа ленапэ з Анадарка, штат Аклахома.

Цяпер, майскім ранкам, індзейцы марудна і асцярожна апускаюць скрынкі ў магілу. Джымі Джэксан, адзін са старэйшынаў ленапэ, спявае традыцыйную песню на мове племені. Спачатку яе заглушаюць крыкі чаек, потым — гул рэактыўнага самалёта.

Удзельнікі цырымоніі акурваюць магілу саладкаватым дымам ад высушанай буйвалавай травы. У Польшчы яе называюць зуброўкай. Такім чынам можна адагнаць злых духаў. Перад гэтым за спакой продкаў маліліся жанчыны ленапэ. Малітоўнае спатканне правяла Лінда Пулаў. Пахаваннем мёртвых у племені ленапэ займаюцца звычайна мужчыны, але Лінда сказала, што жанчыны таксама павінныя ўдзельнічаць — раздзяліць пачуцці з іншымі і спазнаць палёгку. Так яно і сталася.

Лінда Пулаў, як і Брус Гансалес, прыехала з Анадарка. Яна дачка Хораса Пулаў, індзейца, які ўсё жыццё фатаграфаваў супляменнікаў, а ў 1942 годзе паступіў на службу ў ваенна-паветраныя сілы ЗША і вучыў лётчыкаў рабіць з паветра здымкі, бо той, хто разбіраецца ў такіх рэчах, лепш потым шукае цэль для бамбавання.

Лінда супрацоўнічае з Нацыянальным музеем амерыканскіх індзейцаў, што знаходзіцца ў ніжняй частцы Манхэтана ў цудоўнай ратондзе ранейшага будынка мытні, які быў спраектаваны Рафаэлем Гуаставіна-старэйшым і займае цяпер важнае месца ва ўсіх турыстычных даведніках па архітэктуры Нью-Ёрка. Лінда напісала кнігу пра бацьку і яго фотаздымкі, дзе адзначыла, што бацька не хацеў, каб яны ўвекавечвалі толькі яго памяць. Ён хацеў увекавечыць “сваіх людзей”, індзейцаў з Аклахомы.

 

Вустрыцы

З таго часу, як увялі строгія меры пакарання для тых, хто атручвае ваду, заліў Нью-Ёрка робіцца ўсё чысцейшым. Туды вярнуўся луфар, размнажаецца асетр, алоза, паласаты акунь. У нейкі год непадалёк да берага Нью-Джэрсі вылавілі акуня даўжынёй у сто трыццаць чатыры сантыметры і вагой трыццаць пяць кілаграмаў. Часам сюды зазіраюць цюлені. Аквалангісты заўважылі, што пад вадой усё яшчэ залягаюць калоніі вустрыц: іх ракавіны вялікія, але пустыя, раз’едзеныя кіслотамі.

Дзесяць гадоў таму абаронцы прыроды вырашылі зноў завабіць вустрыц у іх колішні рай. Яны падрыхтавалі невялікі штучны рыф непадалёк ад астравоў Ліберці і Эліс і неўзабаве знайшлі на ім маладых малюскаў. Кажуць, есці іх нельга, аднак яны разбудоўваюць рыф і ачышчаюць ваду. Жывыя малюскі, відаць, — найлепшыя ачышчальнікі вады.

А таму ёсць надзея, што заліў будзе рабіцца ўсё чысцейшым дзякуючы пакаранням, згрызотам сумлення і дбанню пра будучыню з боку людзей і цярплівай працы з боку малюскаў, якіх лёс узнагародзіць прынамсі тым, што ніхто не праглыне іх жыўцом разам з іх трохкамерным сэрцам (пісьменнік і гурман Джонатан Свіфт лічыў першага, хто наважыўся іх пакаштаваць, сапраўдным смельчаком). А значыць, аднаго дня каля вострава Эліс з’явяцца вустрыцы, такія ж тлустыя і смачныя, як у ранейшыя часы.

Трэба спакойна чакаць здаровага ўлову, бо вустрыца, што захварэла па віне чалавека, які сапсаваў ваду, у сваю чаргу труціць чалавека, які яе есць. У першую чвэрць стагоддзя яна заразіла яго не толькі тыфам, але і падазрэннямі, што ва ўсіх заразах вінаватыя бедныя краіны Еўропы.

Ніхто не ведае, калі вустрыцы з прастораў ля вострава Эліс, а разам з імі і воды заліва, зробяцца такімі ж, якімі яны былі за часамі лені-ленапэ, — праз дваццаць, пяцьдзясят ці сто гадоў. І ці гэта ўвогуле магчыма.

Пераклад упершыню друкаваўся ў часопісе “ARCHE”, № 10 (“Радзіма”), 2014, і зроблены паводле выдання: Małgorzata Szejnert. Wyspa klucz. Wydawnictwo Znak. Kraków, 2009.

Пераклад з польскай – Ганна Янкута © 2009

Чытайце таксама

Фрэнсіс Стывенс

Фрэнсіс Стывенс

Гертруд Бэраўз Бэнэт была першай буйной пісьменніцай у жанрах фэнтэзі і навуковай фантастыкі ў ЗША

Іван Франко

Іван Франко

Іван Франко, украінскі паэт, празаік, навуковец, публіцыст і рэвалюцыйны дзеяч, нарадзіўся 27 жніўня 1856 году ў Галіцыі ў сям’і селяніна-каваля

Грэгары Корса

Грэгары Корса

Амерыканскі паэт і мастак, адзін з яркіх прадстаўнікоў Біт-пакалення

Эдрыен Рыч

Эдрыен Рыч

Амерыканская паэтка, эсэістка, феміністка і грамадская дзяячка.

1567