№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Аўдун Мортэнсэн

З кнігі "Звяры, якіх я сустракаў" (Dyr jeg har møtt)

Пераклад з нарвежскай Лідыя Ёхансэн

Зборнік невялікіх гісторый — добрых і дрэнных прыкладаў, якія раскрываюць лад мыслення сучасных нарвежцаў

 

А 

Альбатрос і адрахленне

Альбатрос адчуваў патрэбу адкладаць свае праекты, хаця часам рабіў гэта занадта доўга і, магчыма, занадта ўпарта, да безнадзейнасці.

Што цікавіць альбатроса ў цяперашні момант, дык гэта пытанне, як і калі яго разумовыя здольнасці абвесцяць пра сваё бяссілле. Ніхто не можа пісаць да бясконцасці і нікому не хочацца скончыць брыдкім прадуктам старэчага маразму. Як распазнаць, што ты больш можаш даць рады нейкай тэме? Альбо: калі ты ўжо стаў мастаком, ці магчыма наогул спыніцца?

 

Антылопа і анемія

Удзень і ўначы антылопа нічым асаблівым галаву не тлуміла, і адыгрывалася на сваіх гаспадарах, толькі прачнуўшыся. І не яна, антылопа, была хворай, а значыць, слабай, казалі яны; гэта яны былі хворымі і слабымі, гэта над імі панавала антылопа, а не наадварот: антылопа была іх прыгнятальнікам.

Як шмат разоў яны не змаглі сказаць, што больш хацелі сабаку? Бо сабака за імі сачыў бы і абышоўся б танней за антылопу, якая адно толькі й ведала, што цікаваць, пагарджаць, зневажаць і псаваць ім жыццё. Запозна яны ўсвядомілі, што самі спарадзілі тое, што шкодзіць ім, разбурае й руйнуе. І антылопа зразумела гэта запозна. Яна зразумела гэта тады, калі было ўжо запозна штосьці змагчы ўразумець. 

 

Б 

Белы мядзведзь і блізкасць 

Блізкасць для белага мядзведзя — гэта разуменне, што можна не проста сказаць усё, а што можна сказаць усё пэўнаму іншаму, які можа на гэта адказаць. А таму літаратура — гэта не пра блізкасць; пісьменнік заўсёды можа схавацца за сваім тэкстам. Сказаць можна ўсё, але няясна, каму сказаць. Белы мядзведзь не прапануе ніякай максімы або заявы, а толькі ставіць пад пытанне нескладанасць доступу да блізкасці. Белы мядзведзь падштурхоўвае да разумення, што блізкасць не прыносяць на сподачку. Выстаўленне прыватнага жыцця напаказ можа шмат што азначаць, але гэта неабавязкова пра блізкасць. Блізкасць — гэта нешта нашмат больш няўлоўнае. Яе нельга дабіцца.

Ліставанне або напісанне лістоў — гэта не толькі літаратурны жанр, гэта феномен, які прадугледжвае існаванне іншага. Белы мядзведзь параўноўвае гэта з танцам. Белы мядзведзь робіць крок з тым іншым, але й той іншы таксама ўплывае на рухі белага мядзведзя. Блізкасць здараецца толькі з тымі, хто да яе адкрыты. Усе астатнія могуць быць толькі яе сведкамі. Белы мядзведзь вызначае блізкасць як перажыванне або досвед знаходжання на парозе таго, што мусіць адбыцца праз датычнасць іншага. Уласна таму досвед блізкасці палягае ў тым, каб быць датычным у працэсе пісьма, а не ў яго выніку — кнізе. Усё наадварот. У момант, калі ліставанне друкуюць, чытачы літаратурнага твора ператвараюцца ў сведак, а не ва ўдзельнікаў. Калі іншыя чытаюць лісты, напісаныя пісьменнікам, гэта нагадвае сузіранне твару ў профіль, а датычныя глядзяць адно аднаму ў вочы.

Аднак белы мядзведзь бачыць сэнс у публікацыі сваіх лістоў, нават калі блізкасцю нельга падзяліцца. Напісанне ліста значыць для белага мядзведзя нашмат больш, чым, напрыклад, напісанне верша, таму што з нагоды ліста ўзнікае няпэўнасць адносна таго, каму гэты ліст прызначаецца. Ці адкажа адрасат, а калі адкажа, то што? Белы мядзведзь параўноўвае гэта з апантанасцю кімсьці. Сам белы мядзведзь — нішто, а той нехта — усё. Такім чынам адбываецца перамяшчэнне фокуса з сябе на іншага.

Белы мядзведзь час ад часу задаецца пытаннем, якія еднасці ён здабыў праз ліставанне і ці ўвогуле нешта здабыў. Ён шукае не супольнасці або падабенства між сабой і іншымі, але еднасці, якую ён разумее як сумеснае стварэнне жыццёвай прасторы, куды ніхто з далучаных не можа трапіць паасобку. Менавіта таму белага мядзведзя так прыцягвае ліставанне.

Літаратура — гэта працэс незваротны. У ёй усё рухаецца толькі ў адным напрамку. Ад пісьменніка — і да неазначанай чытацкай публікі. У ліставанні беламу мядзведзю не схавацца. У літаратуры белы мядзведзь можа сказаць усё нікому, у той час як ліставанне — гэта праверка, што белы мядзведзь насамрэч можа сказаць іншым і што яны могуць яму адказаць. 


Ж

Жырафа і жывапіс (сучасны) 

Жырафа заходзіць у галерэю. Жырафа пытаецца ў куратара: "Можна я выстаўлю тут сваё мастацтва?".

Куратар адказвае бадзёра: "Канечне! Калі ласка, выстаўляй усё, што ты хочаш і як ты хочаш, даю табе сто адсоткаў камісіі на ўсё, што прадасі, табе ў помач я нават некалькі асістэнтаў прышлю".

Прыемна здзіўленая, жырафа ўсклікае: "Праўда? Ды ты жартуеш!".

Куратар: "Так, але ты першая пачала!".

К 

Краб і кампраміс

 

Краб уцёк ад акул і паляваў на львоў, з’еў яго пасцельны клоп.

  

Крумкач і крытычны рэалізм 

Празаічная мастацкая літаратура заўсёды была ў вачах крумкача надзвычай непрывабнай, банальнай і нязначнай з’явай, быццам блышыны рынак для паношаных ідэяў на аблезлым і запыленым дыване, сплеценым з пустых словаў і нуды, з’явай, якая працягвае выдаткоўваць большую частку сваёй энергіі на абсалютна другасныя ўзроўні рэалізму і якая ў свае найлепшыя моманты наўрад ці здольная прымусіць сваіх убогіх герояў і пратаганістаў увальвацца з грукатам ў адчыненыя дзверы, запаўзаць ва ўласныя пустыя ложкі ці рабіць нясмелыя і робатападобныя крокі ў самастойнае жыццё.

Н 

Норка і Нацыянальны музей 

Чаму норка не можа крануць мастацтва, калі мастацтва кранае норку?

 

П

Пінгвін і пратэст

Калі б пінгвін выдзеліў сабе квоту на парушэнні і бунтарскі актывізм, то безбілетны праезд у трамваі быў бы не першым у пратэстным спісе. Трывогамі паўсядзённасці пагарджаць не варта. Аднак трывожыцца за кошт гарадскіх уладаў з пункту гледжання пінгвіна неяк няёмка.

Безбілетны праезд у трамваі можна было б абгрунтаваць ідэалагічна: "Грамадскі транспарт мусіць быць амаль бясплатным для ўсіх пінгвінаў". Або эканамічна: "Цэны неймаверна завышаныя". Або экалагічна: "Кожны раз, калі нехта едзе безбілетнікам у трамваі, замест таго каб кіраваць уласным аўто, выкід выхлапных газаў у атмасферу змяншаецца".

Праблема для пінгвіна заключаецца ў тым, што, хоць само па сабе гэта злачынства надта дробнае, агульны эфект ад безбілетнага праезду, калі з’ява пачне пашырацца, можа пагражаць усёй сетцы гарадскога грамадскага транспарту — або нават скончыцца падвышэннем цаны праезду. І так, у далёкай перспектыве яно прывядзе да вынікаў, дыяметральна супрацьлеглых тым, што меў на мэце ідэалагічна, эканамічна ці экалагічна абгрунтаваны ўчынак.

Пінгвін пазбаўляе сябе магчымасці пакутаваць ад згрызотаў сумлення і купляе праязны. Час ад часу пінгвін забывае праязны ў іншай куртцы. І тады ён адчувае лёгкае ап’яненне, усведамляючы сябе ворагам нумар адзін для грамадства.

 

С 

Слон і спамін 

Прымусіць каго-небудзь успомніць сваё мінулае для слана азначае тое самае, што папрасіць каго-небудзь чхнуць. Вынік будзе кепскім, бо праўдзівы спамін такі ж дробны, як і чых па чыёйсьці волі. Безумоўна, ёсць нешта такое, што звычайна трактуецца як спамін, — нейкі механічны рэфлекс: калі ў слана пытаюцца пра год нараджэння некага з сямейнікаў, і ён занураецца ў архіў сваёй памяці ды называе год, але ўсё ж гэта бляклы дублікат таго феномену, пра які тут вядзецца.

Сапраўдная сустрэча з фрагментам мінулага мусіць узрушваць слана незалежна ад адлегласці ў часе; гэта неабавязкова спамін, але штосьці, што дзеецца ў кішэні, дзе часу не існуе. Праўдзівы спамін скасоўвае ўсё, што адбывалася да цяперашняга моманту. У пяцідзесяцігадовым узросце слон раптам апынаецца ў лесе, і яму зноў дванаццаць, і ён з асалодаю есць лусту хлеба з арахісавым маслам — і гэта не спамін, выціснуты з сябе у адказ на чыёсьці недарэчнае пытанне, гэта спамін, які ўзнікае знянацку, праз дзясяткі гадоў, калі ён раптам адчуе пах, падобны да паху той лусты, каля ўваходу ў публічную бібліятэку.

Калі спамін усплывае міжволі, слон, дзякуючы адвольнаму ўрыўку цяпершчыны, трапляе проста ў абдымкі мінулага, таго мінулага, што рэальнае не менш, чым цяперашняе, і існуе ў любым сэнсе. Слон ніколі не можа прадбачыць, калі такія адкрыцці здарацца, ён проста натыкаецца на нешта, прыналежнае да свету страчанага, і яно паўстае ізноў.

Слана займае пытанне, ці магчыма ўпарадкаваць мінулае не па добра вядомым храналагічным прынцыпе, а з дапамогай прустыянскага імгнення, і ісці за тым, што нараджае спаміны: пахамі, дотыкамі, гукамі і візуальнымі ўражаннямі, што ўвасабляюцца ў сцэнах жыцця.

Шыхтаванне падзеяў у храналагічным парадку прадугледжвае аднапланавасць, то бок ідэю, што слон кіруецца лінеарным падыходам да часу, пры якім адны ўспаміны знаходзяцца далей у часе, чым іншыя. Але прустыянскае імгненне паказвае, што ў суб’ектыўным плане адлегласць паміж сланом і асобнай падзеяй не вызначаная.

Біёграфы выкарыстоўваюць канкрэтныя крытэры і складаюць жыццеапісанні ў адпаведнасці з такімі маркёрамі, як смерць, шлюб, прызначэнні на працу, забойства і служба ў арміі — але нашмат менш выразныя вобразы ўзнікаюць у слана, калі ён сам успамінае мінулае. Ён, пэўна, нават не памятае нейкіх канкрэтных падзеяў, яму ўспамінаюцца толькі настрой, атмасфера, але зусім не сама падзея. Таму не дзіўна, што слон часта можа сядзець і аддавацца мінуламу, пры гэтым сцвярджаючы, што ён ні пра што не думае.

© Audun Mortensen / Flamme Forlag
Пераклад з нарвежскай – Лідыя Ёхансэн © 2017

Чытайце таксама

Міхаіл Валодзін

Міхаіл Валодзін

Сулейман Дыяманка

Сулейман Дыяманка

Сенегальска-французскі паэт, слэмер, спалучае паэзію і музыку

Генрых фон Кляйст

Генрых фон Кляйст

Нямецкі драматург, паэт і празаік

Віторыё Альф'еры

Віторыё Альф'еры

Віторыё Альф'еры вядомы найперш як драматург. Ён аўтар таксама палітычных трактатаў, вершаў, мемуараў

38