№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Карл Фрудэ Тылер

Замкнёнае кола (Innsirkling)

Урывак з рамана

Пераклад з нарвежскай Лідыя Ёхансэн

Вэмундвік, 6–10 ліпеня 2006

Дарагі Давід,

Я сядзеў у аўтобусе па дарозе на нашае лецішча, калі прачытаў, што ты страціў памяць, і калі шок ад гэтай навіны мінуў і я пачаў думаць, чым табе дапамагчы, у маёй галаве, сам не ведаю чаму, пачаў усплываць адзін і той жа ўспамін, з яго я і вырашыў пачаць гэты ліст. Я прыгадаў, як аднойчы мы выбраліся з табой на звыклую доўгую прагулянку па цэнтры і за цэнтр Намсаса. Да таго як апынуцца ў гэтым аўтобусе, я б такое нізавошта не ўспомніў: як гэта, быць сямнаццацігадовым і швэндацца разам па вуліцах, ты і я, плячо да пляча, без аніякай мэты. Мне чамусьці раней думалася, што ўсе тыя нашыя прагулянкі былі ад нудоты, мы не ведалі, куды сябе падзець, і вечарамі так маркоціліся, што нам заставалася адно бадзяцца вуліцамі, але цяпер, калі я перабіраю ў думках нашыя размовы, разнастайнасць тэмаў, утрапёнасць і заўзятасць нашых абмеркаванняў, тое, як апантана мы шукалі іншай вулачкі, каб не спыняцца, заўважыўшы знаёмага, з якім звычайна перакінуліся б парай словаў, мне робіцца абсалютна ясна, што для нас тыя шпацыры былі напоўненыя асаблівым сэнсам. Можа, тады мы і не думалі пра той сэнс, але насамрэч успрымалі ўсё менавіта так.

І, мабыць, гэтае неўсведамленне сэнсу якраз і зрабілася прычынай таго, што такі невыразны, банальны ўспамін абудзіўся адразу, варта мне было прабегчы вачыма тваю аб’яву. Не ведаю, але шмат з таго, што я пішу ў гэтым лісце, напрыклад, твае перакананні, апісанні падзеяў, у якіх я сам не ўдзельнічаў, або людзей, з якімі ты сыходзіўся, а я ніколі не сустракаў, — усё гэта я прыдбаў дзякуючы нашым размовам.

 

Калі мы хадзілі ў школу, я няшмат пра цябе ведаў, хіба тое, што ты пасынак святара, што гуляеш у футбол і што на школьных спаборніцтвах кідаеш малы мяч далей за ўсіх. Сам не ведаю, чаму гэтыя дзве апошнія рэчы адбіліся ў маёй памяці, мабыць, таму, што сам я быў няздольны ні да футболу, ні да гульняў з малым мячом.

Калі я кідаў малы мяч, то рабіў тое, што мы называлі бабскім кідком (ад перадплечча), я меў славу першага і апошняга вучня Намсаскай школы, які ўкідваў мяч, спрабуючы забіць штрафны, гэта слава, якой я, прызнацца, ганарыўся, калі з табой пазнаёміўся.

Нашае сяброўства пачалося ў старэйшых класах. У спартыўнай зале ладзілі нейкае мерапрыемства супраць наркотыкаў, я помню, што вырашыў яго прагуляць. У тыя часы, выдаючы сябе за анархіста і хіпі, я спрабаваў упэўніць усіх, у тым ліку й сябе, што гэта анархісцкія ліберальныя погляды на “сродкі пашырэння свядомасці” (як вучыла мяне іх называць газета “Гатэавіса”) прымусілі мяне закінуць торбу на плячо і скіравацца да выхаду, калі не дэманстратыўна, то ўжо напэўна ж расхлябанай хадой у той наўмысна безуважнай і нацягнута бесцырымоннай манеры, за якой падлеткі часта спрабуюць схаваць уласную няўпэўненасць. Але рэч была ў іншым. На той час мой бацька сядзеў у турме за наркотыкі, і менавіта недарэчная лаяльнасць да яго адбівала ў мяне ўсялякае жаданне прысутнічаць на такім мерапрыемстве, але калі дырэктар раптам выкрыкнуў маё імя і сказаў, каб я зараз жа вярнуўся і сеў на месца, а ўсе прысутныя павярнулі галовы і вырачыліся на мяне, то пачуцці, якія я дагэтуль хоць неяк, але кантраляваў, раптам нахлынулі, і я расплакаўся перад усёй школай. Большасць ведала, што мой тата сядзіць у турме і за што яго туды пасадзілі, але тады толькі ты зразумеў сувязь паміж гэтым фактам і маімі нечаканымі слязамі, а праз некалькі секундаў поўнай цішыні, калі ўсе настаўнікі і, мабыць, сотні тры вучняў здзіўлена паглядзелі на мяне, я раптам пачуў, як ты спытаў дырэктара, гучна і выразна: “А вам бы спадабалася ўдзельнічаць у мерапрыемствах супраць уласнага бацькі?”.

Пазней, пасля таго як я закахаўся ў цябе і гэтае каханне перарабіла мае ўспаміны, ты мне ўяўляўся такім сабе Джэймсам Дынам, што наважыўся гэта ўсё сказаць. Мне здаецца, я помню, як ты сядзеў на лаўцы, стрыманы з выгляду, абапершыся локцямі аб шведскую сценку, ты ўсміхаўся і глядзеў проста на дырэктара ўпэўненымі і спакойнымі вачыма. Натуральна, з часам гэтая карціна паблякла. Але адно я памятаю абсалютна дакладна: на табе была белая футболка і ты сказаў менавіта тыя словы.

Спачатку мне падалося, што ты мяне нейкім чынам выдаў, і за гэта я на цябе вельмі злаваўся, але чым больш часу мінала з тае падзеі, тым больш удзячным табе я рабіўся, і ў нейкі момант я адчуў узрушанасць, што ты за мяне заступіўся менавіта так, як ты зрабіў. Я захапляўся тваёй мужнасцю і пачуццём справядлівасці, і яшчэ да таго як мы пасябравалі і пачалі рэгулярна сустракацца, я заўсёды намагаўся апынуцца, быццам выпадкова, у тых самых месцах, дзе, я ведаў, быў ты. Як толькі да мяне даляталі чуткі, што ты пойдзеш на нейкі фэст, я са скуры вылузваўся, каб трапіць на гэты фэст, як толькі я чуў, што ты збіраешся ў кіно, я кідаў усе іншыя справы і ішоў у кіно, а калі мне трэба было ў школу або ў цэнтр, я заўсёды выбіраў дарогу паўз дом, дзе жылі ты, Арвід і Берыт, каб толькі мець магчымасць сустрэцца або хоць убачыць цябе. І мне было ўсё роўна, што дарога займала больш часу.

Аднак я ўсё ж намагаўся захоўваць нейкую годнасць. Я заўсёды трымаў дыстанцыю і ніколі не навязваўся, я ўсміхаўся і коратка вітаўся, калі мы сустракаліся, але завязаць з табою размову не адважваўся, і, улічваючы, што па натуры ты чалавек крыху суворы і маўклівы, які кажа толькі тое, што трэба, зусім незразумела, як мы з табой увогуле змаглі сысціся. Але гэта здарылася, і яшчэ да канца году мы зрабіліся неразлучнымі.

 

Натуральна, на лецішчы ніякага інтэрнэту ў мяне няма, таму калі я надумаўся паслаць мэйл твайму псіхолагу, каб распытаць яго, што і як мне рабіць, каб табе дапамагчы, мне давялося ехаць да суседа. Ён дазволіў мне ўвайсці і скарыстацца сваім кампутарам, але выглядаў раздражнёным, незадаволеным і відавочна хацеў выставіць мяне за дзверы як мага хутчэй, таму я, на жаль, не патрапіў распытаць пра ўсё, што мяне цікавіла. Але з таго адзінага ліста, які я атрымаў ад твайго псіхолага і паспеў прачытаць, я зразумеў, што цябе паклалі ў ізалятар, таму наведвацца нельга, хоць мне гэтага вельмі хочацца. Любыя кантакты дазволеныя толькі праз ліставанне. І наколькі я зразумеў, пры напісанні гэтых лістоў мне варта было б не толькі абуджаць твае ўспаміны. Калі нікому з тых, хто піша табе, не ўдасца дапамагчы ўспомніць, важна, каб ты ізноў як мага болей даведаўся, якім ты некалі быў, як жыў, з кім вадзіўся, кім былі твае сваякі і адкуль пайшоў твой род, ну і г.д., таму твой псіхолаг прасіў мяне пісаць абсалютна ўсё, што я пра цябе ведаю, а не толькі тое, што мы разам перажылі. І перад тым як пачаць аповед пра нас абодвух, я паспрабую запісаць тое нямногае, што ведаю і помню пра тваё паходжанне і жыццё да нашай сустрэчы.

У вашым доме ў вітальні вісела фатаграфія белага дома на самым беразе Отэрэя. Да таго як Берыт выйшла замуж за Арвіда і пераехала ў Намсас, ты жыў у гэтым доме разам з ёю і тваім дзедам Эрыкам, чалавекам, якога я бачыў толькі на старым чорна-белым фотаздымку, дзе ён яшчэ малады і дужы дарожны рабочы з ускудлачанымі валасамі, шырокай пахілай спінай і густымі чорнымі вусамі, якія тонкімі коскамі віселі паабапал рота.

Берыт вяла гаспадарку ў твайго дзеда з тае пары, як памерла твая бабуля, недзе гадоў з шасцідзясятых. Калі ёй было сямнаццаць ці васямнаццаць, яна пераехала ў Намсас, зняла пакойчык і пачала вучыцца на санітарку разам з маёй мамай, але не прайшло і году, як яна зацяжарала табой, таму, уласна, не давучылася і вярнулася назад на Отэрэй. Ніхто не ведаў, кім быў твой бацька, з той ці іншай прычыны Берыт наадрэз адмаўлялася пра яго расказваць і ўсё сваё жыццё трымала гэта ў сакрэце нават ад цябе.

Тагачасную Берыт мая маці згадвала як хударлявую, хваравітую маладую жанчыну з рудымі валасамі, рабую і кірпатую. Маці расказвала, што Берыт выглядала ціхай і непрыкметнай, і здзівілася, калі аказалася, што ўсё зусім наадварот. Як і шмат тых, хто прайшоў праз цяжкасці ў гады дзяцінства і юнацтва, Берыт была загартаваная жыццём і, як расказвала мая мама, нічога не баялася і не саромелася, у адрозненне ад большасці вяскоўцаў, якія ехалі ў горад вучыцца. Яна не лазіла па слова ў кішэнь, магла каго хочаш перагаварыць і проста ў вочы рэзала праўду-матку ўсім без разбору, а калі хто яе крыўдзіў, то грубіяніла без літасці і без межаў, каб толькі мацней укалоць і прынізіць свайго крыўдзіцеля. Несамавіты выгляд, памылкі маўлення, непрыемнасці ў мінулым — з усяго яна кпіла і здзекавалася, і так складна ў яе гэта выходзіла, што ўсе прысутныя заходзіліся са смеху, нават калі часам і недарэчы было смяяцца. А калі яе ахвяра плаціла тою ж манетай і, напрыклад, адпускала жарты пра яе крывыя пярэднія зубы, то Берыт адно зверавата пасміхалася. Такой раскошы, як літасць да сябе ці сантыменты, яна ніколі не магла сабе дазволіць, і ўсё ёй было ані ў знак. “Каб жа мне хто тады сказаў, што яна знойдзе сабе нейкага святара, я б памерла ад смеху!” — часта паўтарала мая мама.

Твой дзед таксама з цяжкасцю прызвычайваўся, што дачка выйшла за святара. Мне помніцца, ты казаў, што дзед быў атэістам і прамаскоўскім камуністам аж да самай смерці. Ён трос галавой і кпіў амаль з усяго, у што Арвід верыў і што бараніў, і, здавалася, яму ніколі не надакучвала даймаць зяця сваімі пытаннямі пра дакладныя прыклады ці рацыянальныя тлумачэнні розных цудаў, апісаных у Бібліі. “Можа, ты мне растлумачыш беззаганнае зачацце, каб жа й просты чалавек з Отэрэя ўцяміць мог?” — казаў ён, і калі Арвід, не зважаючы на іранічны тон цесця, адказваў сур’ёзна, твой дзед сядзеў і слухаў яго з насмешлівым выглядам, а калі Арвід заканчваў тлумачыць, той рагатаў і паблажліва трос галавою: “Ат, былі ж часы! — мог ён сказаць. — Цяпер такое наўрад ці здарыцца, і праўда”.

Гэтыя размовы былі яму на пацеху, казаў ты мне, як і кпіны з Берыт, калі ёй нагадвалі, з якой сям’і і атачэння яна паходзіць. Калі яны з дачкой сустракаліся, ён выказваўся яшчэ сакавіцей і грубей, чым зазвычай, і быццам незнарок згадваў падзеі старых часоў, што ўсе як адна не пасавалі хрысціянскаму атачэнню, да якога Берыт з усёй моцы старалася далучыцца. “Неяк на Новы год ты ўсіх мужыкоў за сталом перапіла”, — мог ён гучна сказаць, рагочучы ад душы, а калі твая маці не смяялася, то ўдаваў здзіўленне. “Няўжо не помніш?” — мог ён перапытаць і пакуль, задаволены, чакаў адказу, Берыт зелянела ад злосці.

Ты звычайна пасмейваўся, расказваючы мне ўсё гэта, але калі бываў сведкам гэтых падзеяў, пачуваўся няёмка і няўпэўнена. Арвід, зноў жа, намагаўся рабіць выгляд, што яго гэта не кранае. Ты расказваў, што ён мог быць незадаволеным, злавацца, крыўдзіцца, але яму хацелася ўнушыць вам з маці, што раздражняцца і выходзіць з сябе ніжэйшае за яго годнасць, таму ён проста сядзеў і ўсміхаўся, дэманструючы бязмежную цярплівасць і чалавекалюбства. Гэта, дарэчы, цалкам супадае з маім уражаннем ад яго асобы, калі пасля нашага знаёмства я пачаў бываць у вас дома. Магчыма, на маіх успамінах пра мінулае адбілася тое, што пасля смерці тваёй маці ў Арвіда, як я пазней даведаўся, пачаліся псіхічныя праблемы, але мне помніцца, што ён заўсёды выглядаў чалавекам, які ўдала хавае хаос у душы за вонкавым спакоем і разважлівасцю, і, мабыць, не здагадваючыся пра гэта, часам перабольшваў і гэтым часта выклікаў да сябе непрыязнасць. Ён усміхаўся занадта добразычліва і лагодна, каб гэта нагадвала любоў, якую такая ўсмешка мусіла б выпраменьваць, і гаварыў занадта павольна і так пранікнёна, што прынамсі мне ад ягонага голасу рабілася трывожна, а зусім не спакойна, як яму хацелася.

Многія няправільна разумелі яго манеры, наіўна мяркуючы, што ён пацвярджае стэрэатыпы пра злёгку самаўпэўненага і самаўзвышанага святара. “Лёгка быць прыязным, лагодным і ўсёдаравальным, калі дакладна ведаеш, што сам трапіш на неба, а ўсім астатнім дарога ў пекла!” — казала мая мама. Але ніхто з нас, знаёмых з Арвідам, не лічыў яго ні самаўпэўненым, ні самаўзвышаным. Зусім наадварот, нам здавалася, ён вельмі хоча быць і падавацца самым звычайным чалавекам, якому проста выпала стаць святаром, і каб яго прымалі за свайго. Папраўдзе кажучы, гэта яму не ўдавалася. Калі ён, увесь такі памяркоўны, накідваў на сябе блакітна-белы шалік футбольнага фана і стаяў, гарлапанячы на трыбуне, балеючы за Намсас, многія хіхікалі, паглядаючы на яго з той самай пагардай, з якой глядзяць на паліцэйскіх, што паводзяцца гэтак жа. Людзі ўспрымалі ягоныя паводзіны як тэатральную пастаноўку, каб падлашчыцца да простага чалавека. У дадатак Арвід, як і многія святары, меў схільнасць любую размову пакрысе пераводзіць у плоскасць рэлігіі, і гэта часта стварала дыстанцыю паміж ім і людзьмі, якія пачыналі адчуваць няёмкасць. Калі мы сядзелі ўвечары на прыступках і любаваліся зімнім зорным небам, я, напрыклад, быў упэўнены, што ён быццам незнарок завядзе размову пра Віфлеемскую зорку, а калі мы глядзелі тэлевізійную праграму пра жывёл, дзе расказвалі, як розныя віды прыстасоўваліся да навакольных умоваў, я проста сядзеў і чакаў, калі ж ён зноў пачне абурацца, што нехта верыць, быццам усё гэта адбылося выпадкова.

Ты сам казаў, што ненавідзіш гэтую ягоную рысу. Калі ты быў малы, табе часта даводзілася адчуваць, як змяняўся настрой у пакоі, варта было яму зайсці. Вясёлая жывая гаворка затухала, як толькі ён з’яўляўся, і прысутных ахінаў нейкі нясмелы і крыху нервовы настрой. Заўсёды знаходзіліся тыя, каму карцела вылучыцца, і яны працягвалі гаварыць і паводзіцца па-ранейшаму, але не знаходзілі падтрымкі, таму непрыемна выдзяляліся з кампаніі, іх спробы заўсёды выглядалі хутчэй няўдалымі і мізэрнымі, чым геройскімі, і яны або замаўкалі, або рабілі як усе: пачыналі абмяркоўваць тэмы, якія, на іх думку, належала абмяркоўваць у прысутнасці святара. Яны неслі нейкую лухту пра надвор’е ды вецер і выказвалі меркаванні, з якімі ніводны разумны чалавек спрачацца не стане. І пакуль ты там сядзеў і ніякавеў ад сораму, Арвід, паводле тваіх словаў, не заўважаў, што адбывалася. Сёння я ўжо не так упэўнены ў тваёй рацыі. Я запомніў Арвіда чалавекам разумным і памяркоўным, і мне здаецца, што такія сітуацыі ён перажываў гэтаксама пакутліва і няёмка, як ты.

Дарэчы, няпэўны і крыху нервовы настрой, які ўзнікаў з прыходам Арвіда, панаваў і ў вас дома. Было нешта напружанае і ненатуральнае ў тым, як вы гаварылі і трымаліся. Здавалася, нібы спакой, што ішоў ад Арвіда, быў узорам паводзін, нейкім ідэалам, да якога след было імкнуцца не толькі ўсёй сям’і, але і сябрам сям’і таксама. Здавалася, нібы многія ў рэлігійным асяроддзі прыкладалі намаганні, каб зрабіцца яшчэ дабрэйшымі, міласэрнейшымі і перапоўненымі да краю любоўю да бліжняга, здавалася, яны са шкуры вылузваліся, каб паказаць адно аднаму сваю любоў. Калі я гасцяваў у вас, у мяне было ўражанне, што ў вас можна было выказаць нязгоду з чым заўгодна, але спрэчкі былі пад забаронай, можна было нават злавацца і раздражняцца, але толькі не павышаць голас. Усе перапады настрою і тэмпературы трэба было неяк прыцішваць і згладжваць, і гэта датычыла не толькі падзенняў, але і ўзлётаў. Цудоўна было радавацца, але не трэба было трубіць пра гэта на ўвесь свет, хопіць і ўсмешкі. А калі ў некага ўсё ж зносіла дах, астатнія дэманстратыўна замаўкалі на пару секундаў або паблажліва пасміхаліся, каб адразу ж загаварыць пра нешта іншае.

Але нягледзячы на — або, пэўна, дзякуючы гэтаму няпісанаму правілу заўсёды валодаць сабой часам здараліся бурныя ўсплёскі эмоцый. Аднойчы, калі мы зайшлі да цябе, твая маці толькі што вымыла падлогу, а Арвід прыйшоў у гумовых ботах, перапэцканых глінай, і я зрабіўся сведкам скандалу, пабачыў Берыт у тым яе абліччы, пра якое казала мама. Для яе насамрэч гэта ніякая не драбяза, што нехта ўваліўся ў хату ў брудных ботах, акурат пасля таго як яна вымыла падлогу. Твая і мая маці паходзяць з мясцінаў, дзе гаспадыня звычайна патрабуе, каб чысціня і парадак у хаце падтрымліваліся, і самалюбства Берыт грунтавалася на тым, ці слухаліся гэтага патрабавання яе муж, суседзі і ўсе іншыя. Калі, напрыклад, мая мама мыла падлогу, яна ніколі адразу не прыбірала вядро, швабру і анучу ў камору, дзе яны звычайна стаялі, яна заўсёды пакідала швабру ля сцяны ў вітальні, побач ставіла вядро, а на вядро вешала мокрую анучу, і гэта ўсё стаяла там да наступнага дня, каб ніхто з тых, хто заходзіў, не забываўся пракаментаваць свежы пах мыла, або неяк яшчэ пахваліць маму за тое, якая яна сумленная і добрая гаспадыня. Увайсці ж у хату не разуваючыся было для яе грубай знявагай, усё адно калі б ёй сказалі, якая яна нікчэмнасць.

Але тая раз’юшанасць, якую Берыт абрынула на Арвіда, калі той зайшоў у хату ў брудных ботах, была несувымерная з яго правінай. “Свіння ты чортава!” — крычала яна, і ўжо ад аднаго яе голасу і выразаў, якія яна ўжывала ў вас дома, мне зрабілася так непамысна, што я сядзеў не варушачыся з раскрытым ротам. Яшчэ больш мяне ўразіла, як аднойчы яна змяла на падлогу ўсё, што ляжала на кухонным стале. Яна махала рукою, нібы касой касіла, кубкі, глечыкі і шклянкі з аглушальным ляскатам разляталіся па падлозе, і калі перапалоханы Арвід наважыўся спытаць, якая муха яе ўкусіла, яна пляснула рукамі і істэрычна засмяялася: “Я раблю як ты, забяспечваю сябе працай на цэлы вечар”, — прамовіла яна і расплакалася.

Я ніколі не чуў і нават уявіць сабе не магу, што з табой таксама маглі здарацца такія зрывы. У школе або разам з сябрамі ты быў халаднаватым маўклівым хлопцам, і дома гэта толькі ўзмацнялася, ты паводзіў сябе сувора і амаль бяздушна, асабліва ў дачыненні да Арвіда. Ты не выказваў варожасці наўпрост, ты нібы патрабаваў ад сябе самавалодання ў экстрэмальных абставінах, ты нібы ставіў перад сабою задачу ніяк не выказваць сваіх пачуццяў і з тае прычыны часта паводзіўся бяздушна, амаль механічна. Калі Арвід, напрыклад, прасіў цябе зрабіць нешта, ты, нічога не кажучы, рабіў, ты не адказваў на яго пытанні, ты нават не глядзеў на яго, ты проста ўставаў і рабіў акурат тое, што ён прасіў, а пасля вяртаўся да сваіх справаў. Ты паводзіўся так, нібы ён быў табе начальнікам, а не айчымам. Калі ён звяртаўся да цябе, запрашаючы да размовы, ты часта адказваў коратка, абыякава і манатонна. “Добра”, — мог ты адказаць, калі ён пытаўся, як мы з’ездзілі на лецішча. “Не”, — мог ты сказаць, калі ён пытаўся, ці багата рыбы мы навудзілі.

У такіх сітуацыях мне часта было яго шкада. Ён усміхаўся і рабіў выгляд, што нічога не здарылася, але я добра бачыў, як яму балела, што ты не ўспрымаеш яго. Калі аднойчы на шпацыры я спытаў цябе пра гэта, ты, помніцца, выйшаў з сябе. Цябе раздражняе прыязнасць і бязмежнае цярпенне, з якімі ён да цябе ставіўся, казаў ты, ты не верыш у любоў, для якой усё гэта рабілася, і не ведаеш, як ад яе абараніцца.Табе ў нечым таксама было яго шкада, цябе магло грызці сумленне, калі ён ахінаў цябе сваёй дабрынёй, і праз тое ты часта быў вымушаны адказваць дабрынёй на дабрыню, але табе не хацелася гэтага рабіць, казаў ты, не таму, што ён быў жанаты з тваёй маці і ўжо адным гэтым рабіў з цябе раўніўца, асабліва ў маленстве, а таму, што плата дабром за дабро напаўняла цябе своеасаблівым пачуццём страты сябе і вымушала рабіцца акурат такім, як хацелася яму. Табе здавалася, што ён заўсёды свядома намагаўся сфармаваць і выхаваць цябе падобным да сябе. Ён заўсёды быў такім, казаў ты, толькі мяняў тактыку і дзейнічаў больш мудрагеліста. Калі ты быў малы, ён чытаў і тлумачыў табе Біблію, выпісваў табе “Пралеску”, браў цябе з сабою ў кірху і вадзіў у нядзельную школу, страшыў цябе сатаной і вечнымі мукамі падчас вячэрніх набажэнстваў. Ён рабіў усё магчымае і немагчымае, каб толькі скіраваць цябе праведным шляхам, але нічога не дапамагло, і тады ён вырашыў выхоўваць цябе сваім прыкладам і падладжвацца пад цябе. Ён быў добразычлівы і міласэрны, бо лічыў, што толькі так можа заваяваць твой давер, расказваў ты, не толькі ён, але ўся хрысціянская супольнасць, да якой належала твая сям’я, далучылася да праекта па тваім перастварэнні, яны маліліся за цябе, заклікалі Берыт, каб тая актыўней спрыяла твайму ўдзелу ў гуртку хрысціянскай моладзі (асабліва ў хоры, улічваючы, што ты няблага спяваў), і яны проста сорам страчвалі — так распісвалі жыццё хрысціяніна.

І хоць я лічу, што ты абыходзіўся з Арвідам не па справядлівасці, цураючыся яго, мяне не пераставала ўражваць, з якой сілай ты супрацьстаяў яму і ўсёй гэтай хрысціянскай супольнасці. Тваю маці яны здолелі “прыструніць”, як казала мая мама. Праўда, яна непрыкметна курыла (помню, як ва ўнітазе плавалі раскіслыя бычкі, а тытунёвы пах яна спрабавала перабіць жуйкай, часцей “Toy”, радзей “Sorbits”), і ты падазраваў, што так яна выпускае з сябе сваю былую натуру, зрэдчас наведваючыся да старых сябровак на Отэрэі, але ніхто не сумняваўся, што яна здолела памяняць жыццё і па-сапраўднаму прыняла Ісуса. Пэўны час яна нават хадзіла да адной з цётак Арвіда, але хутка не вытрымала. Яна не магла гадзінамі сядзець і вышываць прызы для наступнага кірмашу, піць каву і есці вафлі з брунустам, слухаючы цётак, гадоў на дваццаць-трыццаць старэйшых за яе, якія шмат смяяліся і называлі сябе грубіянкамі, калі прамаўлялі слова “пукаць”.

Але якія б намаганні ні прыкладаў Арвід і ўсе астатнія,“прыструніць” цябе ім так і не ўдалося. Хутчэй наадварот: чым больш рабілася намаганняў, тым больш ты ад іх аддаляўся, а калі іх высілкі пераходзілі ўсе межы, ты ўвогуле выказваўся пра Арвіда і яго атачэнне ў брыдкіх выразах. Ты намагаўся гаварыць іранічна і часам абыякава, але за ўсмешкай і жартамі хаваліся злосць, бяссілле і смутак, і ты часта заседжваўся ў нас дома дапазна, чакаючы, пакуль Арвід не ляжа спаць. І калі ты пачынаў пазяхаць і казаць, што заўтра рана ў школу, мы ніколі не згадвалі, што ўжо адзінаццаць, дванаццаць ці палова на першую ночы, я ўсё разумеў, і ты ведаў, што я разумею, і я бачыў, наколькі важная табе мая падтрымка і недакучлівасць. Для мяне гэта было само сабой зразумелым, і я быў упэўнены, што ты падтрымаеш і мяне, калі будзе трэба.

© Carl Frode Tiller / Aschehoug Agency
Пераклад з нарвежскай – Лідыя Ёхансэн © 2017

Чытайце таксама

Міхал Вівэг

Міхал Вівэг

Адзін з самых папулярных і добра прадаваных сучасных чэшскіх пісьменнікаў

Душан Тарагел

Душан Тарагел

Славацкі празаік, публіцыст і сцэнарыст

Рычард Бротыган

Рычард Бротыган

Амерыканскі паэт і празаік, знакавая постаць контркультуры 1960—70-х гадоў.

Фрыдрых Дзюрэнмат

Фрыдрых Дзюрэнмат

Швейцарскі пісьменнік, драматург і мастак, лаўрэат мноства прэміяў

101