№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

О. Генры

Запраўленая свяцільня (The Trimmed Lamp)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Павел Донаў

Вядома ж, на гэтую праблему можна паглядзець дваяка. Давайце паглядзім з другога боку. Часта можна пачуць, што нейкая дзяўчына выглядае як прадавачка. Нічога такога насамрэч не існуе. Ёсць дзяўчаты, якія працуюць прадавачкамі. Яны так зарабляюць на жыццё. Але нашто рабіць з іх прафесіі стэрэатып? Давайце шчыра. Мы ж не кажам, што дзяўчаты з Пятай авеню выглядаюць як жонкі.

Лу і Нэнсі былі прыяцелькамі. Яны прыехалі ў вялікі горад у пошуках працы, бо ў іх бацькоў на ўсіх не хапала ежы. Нэнсі было дзевятнаццаць, а Лу дваццаць. Прыгожыя, рухавыя вясковыя дзяўчаты без маніі выбіцца ў акторкі.

Маленькі херувім з воблака паказаў ім дарогу да таннага і прыстойнага пансіёна. Абедзве знайшлі працу і пачалі зарабляць грошы. Яны засталіся прыяцелькамі. І вось цяпер я прапанаваў бы вам прапусціць паўгода і пазнаёміцца з імі бліжэй. Дык вось, мой цікаўны чытач, дазвольце вам прадставіць маіх сябровак: міс Нэнсі і міс Лу. А пакуль вы паціскаеце рукі, зрабіце ласку і ўпотайкі звярніце ўвагу на іх вопратку. Так-так, употайкі, бо пільны позірк абразіць іх не менш, чым тых лэдзі, што запаўняюць ложы на конных спаборніцтвах.

Лу прасуе бялізну ў ручной пральні. Яе ліловая сукенка не надта ёй пасуе, а пяро ў капелюшы на чатыры цалі даўжэйшае, чым трэба, але гарнастаевая муфта і шалік каштуюць 25 даляраў, і не паспее скончыцца сезон, як такія ж будуць вісець у вітрынах па 7,98. Яе шчочкі ружовыя, а блакітныя вочкі ярка гараць. Яна ўся праменіцца задавальненнем.

Што да Нэнсі, то пра яе вы б сказалі, што яна выглядае як прадавачка, — бо вы звыклі так казаць. Стэрэатыпаў увогуле не існуе, але вычварнае грамадства заўсёды іх шукае. Дык хай так і будзе. Яе валасы зачасаныя ў высокі пампадур, завышаны спераду. Спадніца танная, але з правільным клёшам. Яна не мае футра, каб абараніцца ад холаду ранняй вясной, але свой кароткі палатняны пінжачок носіць з такім пачуццём стылю, быццам гэта каракуль. У яе абліччы і вачах у сваім бязлітасным пошуку стэрэатыпаў вы знойдзеце ўсё тое ж, што і ў тыповай прадавачкі. У яе позірку маўклівы, але поўны пагарды бунт супраць падманутай жаноцкасці і поўнае суму абяцанне хуткай адплаты. Гэты позірк нікуды не сыходзіць і тады, калі яна смяецца на поўныя грудзі. Такі ж позірк можна ўбачыць у расійскіх сялян, а тыя з нас, што дажывуць, аднойчы ўбачаць яго ў Гаўрыіла, калі ён прыйдзе знішчаць гэты свет. Гэты позірк мусіў бы спапяліць і збянтэжыць мужчыну, але той нярэдка толькі ўсміхаецца ў адказ і падае букет — з прывязаным да яго павадком.

Дык зніміце ж капялюш і ідзіце адсюль прэч — Лу весела скажа вам “Да сустрэчы”, а з’едлівая, салодкая ўсмешка Нэнсі быццам абміне вас і з трапятаннем адляціць, як белая моль, па-над дахамі і да самых зор.

Яны разам чакалі на рагу Дэна. Дэн быў вечным спадарожнікам Лу. Ці верным? Прынамсі, ён заставаўся побач тады, калі дзекабрыстам давялося б шукаць сваіх жонак з тузінам судовых прыставаў.

— Як табе не халодна, Нэнсі? — сказала Лу. — Паслухай, ну што ты за недарэка — працаваць за 8 даляраў на тыдзень у тым старым гандлёвым доме. На мінулым тыдні я зарабіла 18 з паловай. Вядома, у працы ў пральні няма таго шыку, як у продажы карунак за прылаўкам, але за гэта плацяць грошы. У нас на прасаванні ніхто менш за 10 даляраў не зарабляе. І, акрамя таго, я не чула, што прасаванне — менш годная праца.

— Ну і на здароўе, — адказала Нэнсі, задраўшы нос. — А я лепш застануся з васьмю далярамі ў тыдзень і сваім пакойчыкам у праходзе. Мне падабаецца быць сярод прыемных рэчаў і шыкоўных людзей. І паглядзі, якія ў мяне перспектывы! А што, адна дзяўчына з аддзела пальчатак днямі выйшла замуж у Пітсбург — сталявар ці каваль, нешта такое, жаніх на мільён даляраў. І я калі-небудзь злаўлю сабе франта. Я сваім абліччам не выхваляюся, нічога такога, але калі ўзнікне шанец сарваць куш, то свайго не прапушчу. А хто ўбачыць дзяўчыну ў пральні?

— Ну чаму, я там сустрэла Дэна, — з трыюмфам прамовіла Лу. — Ён прыйшоў па сваю святочную кашулю і каўнерыкі і ўбачыў, як я прасую ля першай дошкі. Мы ўсе намагаемся папрасаваць на першай дошцы. Эла Мэгініс у той дзень хварэла, і я заняла яе месца. Ён сказаў, што спачатку заўважыў мае рукі, якія яны акруглыя і белыя. Я тады працавала з закасанымі рукавамі. У пральню заходзяць і добрыя хлопцы. Іх можна адрозніць па валізах, у якіх яны прыносяць вопратку, і дзверы яны зачыняюць моцна і рэзка.

— Як ты можаш насіць такі пояс, Лу? — сказала Нэнсі, грэбліва паглядаючы на невыносны прадмет з салодкай пагардай у маркотных вачах. — Гэта ж безгустоўшчына.

— Гэты пояс? — ускрыкнула Лу, ад абурэння шырока расплюшчыўшы вочы. — Між іншым, я заплаціла за гэты пояс 16 даляраў. А каштуе ён усе дваццаць пяць. Адна жанчына аддала яго праць і не вярнулася. Бос прадаў яго мне. На адну вышыўку колькі ярдаў нітак пайшло! Давай лепш абмяркуем, якую невыразную брыдоту надзела ты.

— Гэтая невыразная брыдота, — адказала Нэнсі, — зробленая на ўзор той, што была на місіс Ван Олстайн Фішэр. Дзяўчаты кажуць, што летась яе рахунак у нашым гандлёвым доме склаў дванаццаць тысяч даляраў. А сваю я зрабіла сама. Я патраціла на яе паўтара даляры. А з дзесяці футаў і не адрозніш ад ейнай.

— Ну і добра, — адказала Лу, — калі хочаш галадаць і задзіраць нос, калі ласка. А па мне, лепш мая праца і добры заробак. І калі я адпрацавала сваю змену, то хачу што-небудзь такое незвычайнае і прывабнае, якое я толькі магу сабе дазволіць.

Але тут прыйшоў Дэн — сур’ёзны хлопец у крамным гальштуку, непадуладны ўздзеянню гарадской фрывольнасці, — электрык з заробкам 30 даляраў у тыдзень, які глядзеў на Лу сумным позіркам Рамэа, і для яго яе вышыты пояс выглядаў як павуцінне, заблытацца ў якім палічыла б за шчасце любая муха.

— Містэр Оўэнз, мой сябар, — пазнаёмцеся з міс Дэнфарт, — сказала Лу.

— Я надзвычай рады з вамі пазнаёміцца, міс Дэнфарт, — сказаў Дэн і працягнуў руку. — Лу вельмі шмат пра вас расказвала.

— Дзякуй, — адказала Нэнсі, кранаючы халоднымі кончыкамі сваіх пальцаў ягоныя, — пра вас яна таксама згадвала… некалькі разоў.

Лу хіхікнула.

— Гэтая манера паціскаць руку ў цябе ад місіс Ван Олстайн, Нэнс? — спытала яна.

— Калі ад яе, то можаш смела пераймаць, — сказала Нэнсі.

— О, мне гэта зусім ні да чога. Для мяне занадта стыльна. Так высока трымаць руку — гэта каб не заміналі пярсцёнкі з брыльянтамі. Чакай, вось расстараюся парачку, тады паспрабую.

— Спачатку навучыся, — разважна сказала Нэнсі, — тады будзе больш шанцаў за пярсцёнкі.

— І вось каб развязаць гэтую спрэчку, — умяшаўся Дэн з гатовай вясёлай усмешкай, — у мяне ёсць прапанова. Паколькі запрасіць вас абедзвюх у ювелірны Тыфані я не магу, хоць і мусіў бы, што вы скажаце наконт вадэвіля? Я маю білеты. Як наконт таго, каб паглядзець на брыльянтавыя таленты на сцэне, калі ўжо не можам паціскаць рукі з сапраўднымі каменьчыкамі?

Верны кавалер заняў сваё месца ля абочыны, побач ішла Лу, трохі ганарлівая ў сваёй яркай і прыгожай вопратцы; Нэнсі ішла з супрацьлеглага боку, стройная і апранутая сціпла, як верабейчык, але з паходкай дакладна як у Ван Олстайн Фішэр — так яны і рушылі з мэтай прыемна прабавіць вечар.

Не думаю, што многія ўспрымаюць вялікі гандлёвы дом як адукацыйную ўстанову. Але для Нэнсі той, у якім яна працавала, быў нечым падобным. Яе атачалі цудоўныя рэчы, што дыхалі густам і далікатнасцю. Калі вы жывяце ў атмасферы раскошы, гэтая раскоша належыць вам незалежна ад таго, стае вам на яе грошай ці не.

Сярод людзей, якіх яна абслугоўвала, былі галоўным чынам жанчыны, чые сукенкі, манеры і стан у грамадстве былі для іншых эталонам. З іх Нэнсі пачала браць прыклад — найлепшае ад кожнай паводле ўласнага меркавання.

У адной яна пяройме і будзе адпрацоўваць жэст, у другой — манеру красамоўна ўздымаць брыво, у іншых хаду, спосаб несці торбачку, усміхацца, вітацца з сябрамі, звяртацца да “ніжэйшых паводле рангу”. У сваёй самай любімай мадэлі, місіс Ван Олстайн Фішэр, яна пазычыла выдатную рэч — той мяккі, нізкі голас, ясны, як срэбра, з артыкуляцыяй, дасканалай, як спеў дразда. Занурыўшыся ў гэтую аўру далікатнасці і добрага выхавання найвышэйшага свету, яна не магла пазбегнуць і глыбейшага яго ўплыву. Кажуць жа, што добрыя звычкі лепшыя за добрыя прынцыпы, дык добрыя манеры, бадай што, лепшыя за добрыя звычкі. Бацькоўскае навучанне можа не ўратаваць вашую новаангельскую свядомасць, але калі вы будзеце сядзець у крэсле з роўнай спінкай і сорак разоў запар паўторыце словы “гарбаты грабар”, д’ябал пабяжыць ад вас прэч. І калі Нэнсі размаўляла тонам Ван Олстайн Фішэр, яна трымцела ад таго, як высакароднасць уздзейнічае на самыя яе косткі.

У вялікай гандлёвай школе была і яшчэ адна крыніца навучання. Кожны раз, калі вы бачыце, як тры ці чатыры прадавачкі збіраюцца гуртком і сваімі драцянымі бранзалетамі вызвоньваюць акампанемент да відавочна пустой размовы, не трэба думаць, што яны сабраліся паабурацца тым, як Этэль заплятае валасы. Магчыма, іх нарадзе і праўда бракуе самавітасці, уласцівай дарадчым сходам мужчын, але яна не менш важная за тую, на якой Ева аб’яднала намаганні са сваёй першай дачкой, каб паказаць Адаму яго месца ў хаце. Гэта Жаночая Канферэнцыя ў Пытаннях Агульнай Абароны і Абмену Стратэгіямі Атакі і Контратакі на Свет, які Увесь — Тэатр, а Таксама на Мужчыну, які ў Ім Глядач, што Без Канца Кідае Букеты на Сцэну. У параўнанні з маладняком жывёлы любога віду жанчыны — самыя бездапаможныя: з грацыяй аленяняці, але без яго шпаркасці, з прыгажосцю птушкі, але без яе здольнасці лётаць, з салодкім грузам пчалы, але без яе… але прапусцім гэтую паралель — сёй-той з нас, магчыма, ужо паспытаў джала.

У часе гэтай вайсковай нарады яны дзеляцца зброяй і мяняюцца стратэгемамі, распрацаванымі і выведзенымі з жыццёвай тактыкі.

— Дык я яму і кажу, — расказвае Сэйдзі, — грубіян! За каго ты мяне лічыш, каб заяўляць мне такое? І як вы думаеце, што ён мне адказвае?

Шатэнкі, брунэткі і бландынкі разам ківаюць, гучыць адказ, на месцы вырашаецца, як гэты напад трэба адбіць і як гэты спосаб будзе ўжыты кожнай у сутыкненні з агульным ворагам — мужчынам.

Так Нэнсі авалодала мастацтвам абароны, а для жанчыны паспяховая абарона азначае перамогу.

Гандлёвы дом мае шырокую навучальную праграму. Мабыць, няма іншага ўніверсітэта, які мог бы гэтак жа добра падрыхтаваць яе для дасягнення мэты жыцця — выйграць галоўны прыз, шлюб.

Яе працоўнае месца ў гандлёвым доме лічылася выгодным. Музычны салон знаходзіўся дастаткова блізка, каб яна магла чуць арыі найлепшых кампазітараў — прынамсі, у той ступені, якая магла сысці ў грамадстве, куды яна няпэўна, з асцярогай і амбітнасцю, спрабавала ўвайсці, за разуменне музыкі. Яна ўбірала ў сябе адукацыйныя ўплывы мастацкіх твораў, дарагіх і далікатных тканінаў, упрыгожанняў — словам, усяго таго, што для жанчын амаль увасабляе культуру.

Іншыя дзяўчаты неўзабаве даведаліся пра памкненні Нэнсі. “Вунь ідзе твой мільянер, Нэнсі”, — казалі яны штораз, калі да прылаўка набліжаўся мужчына, што адпавядаў гэтай ролі. Пакуль жанчыны нешта куплялі, мужчыны, якія іх суправаджалі, мелі звычку падыходзіць да прылаўка з насоўкамі і забіваць час над батыставымі хусцінкамі. Іх вабіла ўдаваная аўра добрага выхавання Нэнсі і яе непадробленая далікатная прыгажосць. Многія мужчыны прыходзілі, каб такім чынам прадэманстраваць ёй сваю ласку. Некаторыя з іх маглі быць мільянерамі, іншыя, несумненна, усяго толькі старанна іх малпавалі. Нэнсі навучылася іх адрозніваць. У канцы прылаўка з насоўкамі было акно, і праз яго былі відаць шэрагі машын, што чакалі пакупнікоў на вуліцы. Яна глядзела на іх і заўважала, што аўтамабілі адрозніваюцца паміж сабой гэтак жа, як і іх уладальнікі.

Аднойчы чароўны джэнтльмен купіў чатыры тузіны насовак і пачаў заляцацца да яе праз прылавак, як кароль Кафэтуа да жабрачкі. Калі ён сышоў, адна з дзяўчат сказала:

— Ды што з табой, Нэнс, чаму ты была такая халодная з гэтым хлопцам? Як па мне, цудоўны экземпляр.

— Гэны? — спытала Нэнсі са сваёй самай абыякавай, самай салодкай і безасабовай усмешкай, якую яна пераняла ў Ван Олстайн Фішэр. — Ён не для мяне. Я бачыла, як ён пад’ехаў. Аўто на 12 конскіх сіл і шафёр-ірландзец! А ты бачыла, якія насоўкі ён купіў — шоўк! І на вопратцы ў яго купкоўка. Дайце мне, калі ласка, нешта сапраўднае, або не трэба нічога.

Дзве найбольш “вытанчаныя” жанчыны ў гандлёвым доме — загадчыца і касірка — мелі па некалькі “шыкоўных кавалераў”, з якімі яны час ад часу вячэралі. Аднойчы яны далучылі да спісу запрошаных і Нэнсі. Вячэра праходзіла ў маляўнічай кавярні, дзе сталы на навагодні вечар заказваць трэба за год. Былі два “кавалеры”: адзін з іх не меў ніводнага валаска на галаве — усе раз’ела жыццё ў вышэйшых сферах, і мы можам пацвердзіць, што гэта сапраўды так, — а другі хлопец пакідаў пераканаўчае ўражанне годнасці і рафінаванасці дзвюма рысамі: якое б віно ён ні каштаваў, усё выяўлялася сапсаваным праз дрэнны корак, і акрамя таго, ён насіў дыяментавыя гузікі ў манжэтах. Гэты хлопец адчуваў у Нэнсі непераадольную беззаганнасць. Яго густ хіліўся да прадавачак; і вось побач была адна з іх, якая спалучала інтанацыі і манеры ягонага вышэйшага класу з больш шчырым шармам уласнага кола. Таму наступнага дня ён з’явіўся ў гандлёвым доме і сур’ёзна прапанаваў ёй руку і сэрца над скрыняй з бялёным на сонцы ірландскім ільном. Нэнсі адмовіла. Шатэнка з пампадурам за дзесяць футаў ад яе назірала за ўсім і прыслухоўвалася як толькі моцы стае. Калі няўдалы залётнік сышоў, вядро дакораў і пагроз вылілася на галаву Нэнсі.

— Якая ж ты кашмарная дурнічка! Гэны хлопец — мільянер, ён пляменнік самога старога Ван Скітлза. І размаўляў ён на адпаведным роўні. Ці ты звар’яцела, Нэнс?

— Ды няўжо? — адказала Нэнсі. — Але ж я не пагадзілася, праўда? Прынамсі, ён настолькі не падобны да мільянера, што і ты магла гэта заўважыць. Сям’я дае яму на выдаткі ўсяго дваццаць тысяч даляраў у год. Той лысы днямі за вячэрай кпіў з яго праз гэта.

Шатэнка з пампадурам падышла бліжэй і прымружыла вочы.

— Слухай, чаго табе трэба? — спытала яна ахрыплым без жавальнай гумкі голасам. — Ці табе мала? Хочаш стаць мармонкай і выйсці замуж за Ракфелера, Глэдстана Доўі, караля Іспаніі і ўсіх іншых? Хіба табе мала дваццаць тысяч даляраў у год?

Нэнсі крыху пачырванела пад роўным позіркам пуставатых чорных вачэй.

— Рэч не толькі ў грашах, Кэры, — патлумачыла яна. — Яго сябар падлавіў яго днямі за вячэрай на нахабнай хлусні. Гаворка ішла пра нейкую дзяўчыну, і ён адмаўляўся ад таго, што хадзіў з ёй у тэатр. Дык я не выношу хлусоў. Карацей кажучы, ён мне не падабаецца і кропка. Калі я вырашу сябе прадаць, то зніжак не чакай. Як бы там ні было, мне патрэбны нехта, здольны сядзець у крэсле як мужчына. Так, я шукаю выгадную партыю, але ён мусіць быць здольным не толькі шамацець, як цацачны касавы апарат.

— Цябе лячыць трэба! — сказала шатэнка з пампадурам, сыходзячы прэч.

Гэтыя высокія ідэі, калі не сказаць ідэалы, Нэнсі працягвала культываваць на 8 даляраў у тыдзень. Яна стала на бівак, ідучы па следзе за вялікай невядомай “партыяй”, ела сухі хлеб і дзень за днём усё тужэй зацягвала пояс. На яе твары была слабая, салдацкая, салодкая, змрочная ўсмешка той, каму лёсам наканавана паляваць на мужчын. Гандлёвы дом быў яе лесам, і шмат разоў яна падымала вінтоўку на дзічыну, якая здавалася ёй і вялікай, і з шыкоўнай каронай рагоў на галаве, але заўсёды нейкі глыбокі беспамылковы інстынкт — быць можа, паляўнічы, быць можа, жаночы, — прымушаў яе ўстрымацца ад стральбы і зноў выходзіць на след.

Лу ў пральні квітнела. Са сваіх васямнаццаці з паловай даляраў у тыдзень шэсць яна плаціла за пакой і сталаванне. Рэшта ішла галоўным чынам на вопратку. У параўнанні з Нэнсі яна мела няшмат магчымасцяў палепшыць свой густ і манеры. У парнай пральні не было нічога, апрача працы, працы і думак пра забавы, якія прынясе вечар. Пад яе прасам пабывала шмат дарагіх і стракатых матэрыялаў, і, магчыма, такім чынам метал праса стаў правадніком, праз які ёй перадалося захапленне сукенкамі.

Калі працоўны час падыходзіў да канца, на дварэ яе чакаў Дэн, яе верны цень, у якім бы святле яна ні стаяла.

Часам ён кідаў сумленны і заклапочаны позірк на вопратку Лу, у якой прэтэнзія ўсё больш пераважвала стыль, але здрады ў тым не было: ён асуджаў увагу, якую выклікала гэтая вопратка на вуліцы.

Вернасць Лу сваёй прыяцельцы была не меншай. Існаваў закон, што Нэнсі мусіць суправаджаць іх на ўсіх прагулянках. Дэн сардэчна і дабрадушна нёс гэтую дадатковую нагрузку. Можна сказаць, што Лу забяспечвала колер, Нэнсі — тон, а Дэн — вагу гэтаму трыа, занятаму пошукам радасці. Эскорт дзяўчат у сваім ахайным, але крамным, неарыгінальным гарнітуры, у неарыгінальным гальштуку і з нязменнай геніяльнай, неарыгінальнай дасціпнасцю ніколі не здзіўляў і не сварыўся. Ён быў з тых добрых людзей, пра якіх часта забываюцца, пакуль яны побач, але яскрава памятаюць, варта ім знікнуць.

Для больш тонкага густу Нэнсі гэтыя неарыгінальныя забавы часам мелі непрыемны прысмак, але яна была маладая, а маладосць бярэ колькасцю, калі не можа ўзяць якасцю.

— Дэн заўсёды чакае, што я зараз жа выйду за яго, — аднойчы падзялілася з ёй Лу. — Але нашто мне гэта? Я ні ад кога не залежу. Я магу рабіць што хачу на тыя грошы, што зарабляю, а ён бы ніколі не пагадзіўся, каб я працягвала працаваць. Дык слухай, Нэнс, дзеля чаго ты ўчапілася ў гэны стары гандлёвы дом, ледзь з голаду не паміраеш і амаль не маеш на што апрануцца? Каб ты пайшла, я б магла зараз падабраць табе месца ў пральні. Здаецца мне, ты б магла дазволіць сабе і не так задавацца, каб зарабляла нашмат больш.

— Я не задаюся, Лу, няпраўда, — адказала Нэнсі, — толькі я лепш буду есці цераз раз, але застануся на цяперашнім месцы. Відаць, я прызвычаілася. Гэта той шанец, які мне патрэбны. Я не збіраюся заўсёды стаяць за прылаўкам. Я штодзень даведваюся нешта новае. Я ўвесь час твар да твару з вытанчанымі і багатымі людзьмі — нават калі сама іх не абслугоўваю; і я не прапускаю ніводнай дэталі з таго, што адбываецца навокал.

— Злавіла ўжо свайго мільянера? — спытала Лу з кплівым смехам.

— Не выбрала пакуль, — адказала Нэнсі. — Перабіраю.

— Божа мой! Выдумала сабе іх перабіраць! Нізашто не прапускай ніводнага, Нэнс — нават калі яму некалькіх даляраў да мільёна не хапае. Але, вядома ж, ты жартуеш — мільянеры і не думаюць пра такіх простых дзяўчат, як мы.

— А сяму-таму з іх варта было б, — сказала Нэнсі са спакойнай мудрасцю. — Некаторыя з нас маглі б навучыць іх абыходзіцца з грашыма.

— Каб нехта з іх загаварыў са мной, — засмяялася Лу, — у мяне б дакладна прыпадак здарыўся.

— Гэта таму, што ты ніводнага з іх не ведаеш. Адзінае адрозненне паміж багатымі людзьмі і іншымі ў тым, што за імі трэба пільней назіраць. Табе не здаецца, што чырвоная шаўковая падшыўка трошачкі яркаватая для гэтага паліто, Лу?

Лу паглядзела на простую, нецікавую аліўкавую куртку сяброўкі.

— Мне — не, не здаецца, але побач з той выцвілай адзежынай, што носіш ты, можа з’явіцца такое ўражанне.

— Гэтая куртка, — самазадаволена адказала Нэнсі, — скроеная і пашытая дакладна як тая, што на днях была на місіс Ван Олстайн Фішэр. Я патраціла на матэрыял 3 даляры 98 цэнтаў. Ейны каштуе, напэўна, даляраў 100, калі не больш.

— Ну што ж, — весела адказала Лу, — як па мне, мільянера на такое не зловіш. Адным словам, не здзіўлюся, калі мне пашанцуе з ім раней, чым табе.

Каб вызначыць вартасці тэорый, якіх прытрымліваліся дзве сяброўкі, спатрэбіўся б сапраўдны філосаф. Не маючы таго гонару і вытанчанасці, якія штурхаюць дзяўчат, ахвочых працаваць за мізэрную плату ў крамы і канторы, Лу весела патупала з прасам прэч у шумную і душную пральню. Заробак падтрымліваў яе жыццё нават вышэй за ровень камфорту, і яе вопратка ад гэтага выйгравала, і толькі часам яна кідала касы позірк на ахайнае, але неэлегантнае ўбранне Дэна — Дэна вернага, нязменнага, неадступнага.

Што да Нэнсі, яна была адной з дзясяткаў тысяч. Шоўк і каштоўнасці, карункі і ўпрыгожанні, парфума і музыка прыгожага свету густоўных людзей з добрым выхаваннем — усё гэта існавала для жанчын, усё гэта належала ім па праве. Дазвольце ж ім знаходзіцца побач з гэтымі рэчамі, калі для іх гэта частка жыцця і калі на тое ёсць іх воля. Яны не здрадзяць сабе, як Ісаў — яны захаваюць сваё першародства, няхай нават страва, на якую яны зарабляюць, часта вельмі сціплая.

Месца Нэнсі было ў гэтай атмасферы, і яна добра ў ёй пачувалася, сціпла харчавалася і заўзята ды з радасцю кроіла свае танныя сукенкі. Яна ўжо ведала жанчын і цяпер вывучала мужчын — звера як паводле звычак, так і паводле правоў. Аднойчы яна ўпалюе тую дзічыну, якую хоча, але яна сама сабе паабяцала, што тая будзе найбольшай і найлепшай з усіх, на меншае яна не пагодзіцца.

Так яна і трымала сваю свяцільню запраўленай і нязгаснай, каб прыняць жаніха, калі той прыйдзе.

Але вось яшчэ адзін урок, які яна — магчыма, несвядома — вывучыла. Эталон яе каштоўнасцяў пачаў ссоўвацца і змяняцца. Часам знак даляра ў яе ўяўленні расплываўся і ператвараўся ў літары, што складаліся ў словы “праўда”, “гонар”, а раз-пораз і проста “дабрыня”. Параўнайце гэта з тым, як хтосьці палюе на лася або аленя ў велічным лесе. І тут ён бачыць лясістую лагчыну, імшыстую і ахінутую засенню, дзе бяжыць ручай і апавядае яму пра спакой і ўтульнасць. У такія моманты прытупляецца нават дзіда Німрода.

Вось жа, Нэнсі часам станавілася цікава, ці заўсёды каракуль па рыначным кошце ацэньваецца тымі, чые сэрцы ён грэе.

Аднойчы ў чацвер вечарам Нэнсі выйшла з гандлёвага дома, павярнула і пайшла на захад праз Шостую авеню да пральні. Разам з Лу і Дэнам яны збіраліся на музычную камедыю.

Калі яна падышла, Дэн якраз выходзіў з пральні. На яго абліччы чыталася дзіўная напружанасць.

— Я падумаў быў заскочыць, пацікавіцца, ці не звязвалася яна з імі, — сказаў ён.

— Хто “яна”? — спытала Нэнсі. — Хіба Лу не на працы?

— Я думаў, ты ведаеш, — сказаў Дэн. — Яна з панядзелка перастала з’яўляцца і тут, і ў тым доме, дзе жыла. Перавезла адтуль усе свае рэчы. Сказала адной з дзяўчат у пральні, што, магчыма, паедзе ў Еўропу.

— І ніхто нідзе яе не бачыў? — спытала Нэнсі.

Дэн глядзеў на яе, пахмура склаўшы вусны, са сталёвым бляскам у рахманых шэрых вачах.

— У пральні сцвярджаюць, — рэзка сказаў ён, — што ўчора бачылі, як яна праязджае міма — у аўтамабілі. Відаць, з адным з тых мільянераў, якімі вы з Лу вечна забівалі свае галовы.

Упершыню ў жыцці Нэнсі задрыжала перад мужчынам. Яна паклала Дэну на рукаў руку, якая злёгку трымцела.

— Ты не маеш права казаць мне такое, Дэн — быццам я маю да гэтага дачыненне.

— Я не хацеў, каб так прагучала, — сказаў Дэн, і яго голас памякчэў. Ён пашукаў у кішэні камізэлькі.

— У мяне два білеты на сёння, — сказаў ён з галантнай лёгкасцю. — Калі ты…

Нэнсі высока цаніла адвагу, калі яе сустракала.

— Я пайду з табой, Дэн, — сказала яна.

Да наступнай сустрэчы Нэнсі і Лу прайшлі тры месяцы.

Нашая прадавачка ў паўзмроку спяшалася дадому ўздоўж мяжы маленькага ціхага парку. Яна пачула, як яе паклікалі па імені і ледзь паспела павярнуцца, як Лу кінулася ёй на шыю.

Пасля першых абдымкаў яны адвялі галовы назад, як змеі, каб або ўкусіць, або зачараваць, у той час як на іх хуткіх языках затрымцелі тысячы пытанняў. І тут Нэнсі заўважыла, што на Лу ляжыць цень заможнасці — гэта было відаць па дарагіх футрах, бліскучых дыяментах і творах шавецкага мастацтва.

— Дурнічка! — гучна і ласкава закрычала Лу. — Я бачу, ты дагэтуль працуеш у тым гандлёвым доме і ўсё такая ж абшарпаная, як і раней. А як наконт той выгаднай партыі, якую ты хацела сабе знайсці, — дагэтуль нічога?

І тут Лу прыгледзелася і заўважыла, што нешта лепшае за заможнасць ахінае Нэнсі — нешта, што ззяе ў яе вачах ярчэй за дыяменты і чырваней за ружы на яе шчоках, і што, быццам электрычнасць, танцуе, прагнучы сарвацца з языка.

— Так, я ўсё яшчэ ў гандлёвым доме, — сказала Нэнсі, — але на наступным тыдні сыходжу. Я знайшла сабе партыю — найлепшую партыю ў свеце. Ты ж цяпер не будзеш супраць, праўда, Лу? Я выходжу замуж за Дэна — за Дэна! Цяпер ён мой Дэн — уяўляеш, Лу!

Рог парку абыходзіў адзін з тых нованабраных, гладка выгаленых маладых паліцыянтаў, дзякуючы якім паліцыя робіцца не такой невыноснай — прынамсі, для вачэй. Ён убачыў, як жанчына ў дарагім футры з дыяментавымі пярсцёнкамі на пальцах апусцілася на кукішкі, трымаючыся за жалезную агароджу парка, і бурліва заплакала, а стройная, просценька апранутая працоўная дзяўчына блізка нахілілася да яе і спрабуе супакоіць. Але паліцыянт, якога толькі нядаўна набралі, прайшоў міма, зрабіўшы выгляд, што ён нічога не заўважыў, бо меў дастаткова мудрасці, каб ведаць, што ўлада, якую ён тут прадстаўляе, у такіх справах дапамагчы няздольная, хоць бы ён і грукаў дручком па бруку, пакуль гук не дасягне самых аддаленых зор.

Пераклад з ангельскай – Павел Донаў © 2015

Чытайце таксама

Наташа Герке

Наташа Герке

Польская аўтарка прозы і паэтка, майстарка кароткіх сюррэалістычных апавяданняў

Багдан-Ігар Антоныч

Багдан-Ігар Антоныч

Украінскі паэт, празаік, перакладчык, літаратуразнаўца, “закаханы ў жыццё паганец”

Стывен Ван Дайн

Стывен Ван Дайн

Амерыканскі пісьменнік і мастацкі крытык, выдаў свае каментары да ўсіх кніг Ніцшэ

Юльян Тувім

Юльян Тувім

Польскі паэт і перакладчык Юльян Тувім нарадзіўся ў горадзе Лодзь у польскай габрэйскай сям’і

320