№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Амбраз Бірс

Здарэнне на мосце праз Савіны ручай (An Occurrence at Owl Creek Bridge)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева

І
Чалавек стаяў на чыгуначным мосце ў паўночнай Алабаме і ўглядаўся ў хуткую плынь, што імчала на адлегласці паўметра пад ім. Рукі чалавека былі за спінай, запясці звязаныя. Вяроўка шчыльна абвівала яго шыю. Адзін канец вяроўкі мацаваўся да тоўстай палі над галавой, другі боўтаўся на ўзроўні каленяў. Некалькі дошак ляжала на шпалах чыгуначных рэек, ствараючы памост для яго і яго катаў — двух шарагоўцаў Федэральнай арміі, што падпарадкоўваліся сяржанту, які ў цывільным жыцці мог бы быць памочнікам шэрыфа. Наводдаль на тым жа часовым памосце стаяў афіцэр, апрануты ў адпаведнасці са сваім званнем і пры зброі. Ён быў капітанам. З абодвух бакоў моста стаяла па вартавым са стрэльбай у паставе, вядомай пад назвай “на грудзі”, — стрэльба вертыкальна перад левым плячом, курок — на перадплеччы наўскос грудзей. Гэтая строгая і нязручная пастава прымушала трымаць цела роўна. Падавалася, у абавязкі тых дваіх не ўваходзіла ведаць, што адбываецца пасярод моста: яны папросту блакавалі два канцы насцілу, што на ім ляжаў.

За адным з вартавых нікога больш не было відаць. Чыгунка імкнула проста ў лес на сотні метраў, а затым, паварочваючы, знікала з вачэй. Без сумневу, далей стаяў аванпост. На другім беразе ручая было голае поле — на вяршыні пакатага схілу месцілася ўмацаванне з вертыкальна ўбітых бярвёнаў з дзіркамі для стрэльбаў і з адзінай амбразурай, праз якую тырчала дула меднай пушкі, нацэленай на мост. Пасярод схілу, між мостам і фортам, былі відаць гледачы — самотны строй пехацінцаў па стойцы вольна, прыклады стрэльбаў на зямлі, рулі крыху нахіленыя назад да правага пляча, рукі скрыжаваныя на прыкладзе. Лейтэнант стаяў праваруч ад строю, пяро яго шаблі — на зямлі, левая рука — на правай. За выняткам чацвёркі пасярод моста, усе застылі. Вайскоўцы, што глядзелі на мост, пазіралі холадна, не варушачыся. Вартавыя, стоячы тварам да берагоў, былі падобныя да статуй, што нібыта ўпрыгожвалі мост. Капітан маўчаў, склаўшы рукі і назіраючы за працай сваіх падначаленых, але не падаючы ні знаку. Смерць — саноўнік, чыё абвешчанае з’яўленне ўрачыста шануюць нават добрыя яго знаёмцы. У кодэксе ваеннага этыкету маўчанне і нерухомасць — знакі пашаны.

Чалавеку, якога мусілі павесіць, на выгляд было каля трыццаці пяці. Цывільны, калі меркаваць па вопратцы, што магла належаць фермеру. Правільныя рысы твару: прамы нос, вузкія вусны, шырокі лоб, з якога доўгія цёмныя валасы былі адкінутыя назад і за вушамі спадалі на каўнер добра падагнанага сурдута. Ён насіў вусы і бараду клінком, але без бакенбардаў. Вялікія шэрыя вочы глядзелі з такой дабрынёй, якой нельга было б чакаць ад чалавека з галавой у пятлі. Было відаць, што ён не злосны забойца. Шчодры ваенны кодэкс забяспечвае павешаннем розныя катэгорыі грамадзянаў, прыстойныя людзі з гэтага спісу не выключаныя.

Падрыхтоўка скончылася. Шарагоўцы адступілі, адцягнуўшы дошкі, на якіх дагэтуль стаялі. Сяржант павярнуўся да капітана, адсалютаваў і заняў пазіцыю адразу за афіцэрам, які таксама зрабіў адзін крок убок. У выніку гэтых рухаў асуджаны і сяржант апынуліся на супрацьлеглых канцах дошкі, што прасціралася на тры папярэчыны моста. Той канец, на якім стаяў чалавек у цывільным, амаль, але ўсё ж не цалкам дасягаў чацвертай. Спачатку дошка трымалася на месцы вагой капітана, цяпер жа гэта была вага сяржанта. Па сігнале першага апошні мусіць адступіць убок, памост нахіліцца, і асуджаны павісне паміж дзвюх шпалаў. Ён ацаніў простасць і эфектыўнасць працэдуры. Твар яго быў адкрыты, вочы не завязаныя. Ён кінуў хуткі позірк на сваю “ненадзейную апору” і пачаў разглядваць, як дзіка нясуцца вірлівыя плыні ручая пад нагамі. Яго ўвагу прыцягнула кружлянне нейкага бервяна, і вачыма ён прасачыў, як яно паплыло ўніз па цячэнні. Як павольна, падавалася, яно рухаецца! Што за марудны ручай 

Ён заплюшчыў вочы, каб напаследак засяродзіцца на думках пра жонку і дзяцей. Вада, залацістая ад ранняга сонца, навіслыя над берагамі туманы наводдаль, форт, салдаты, бервяно — усё адцягвала яго ад думак. А цяпер ён адчуў яшчэ адзін раздражняльнік. У думкі пра яго любых урываўся гук, што нельга было ні праігнараваць, ні зразумець: гук рэзкіх, выразных металічных удараў, быццам кавальскім молатам па кавадле — такі ж звонкі. Ён задумаўся, што гэта можа быць і дзе яно, надзвычай далёка, ці ўсё ж блізка: падавалася, што там і тут адначасова. Перыядычнасць удараў была правільная, але расцягнутая, як у пахавальных званоў. Кожнага новага ўдару ён чакаў нецярпліва і — ён не ведаў, чаму — з асцярогай. Прамежкі цішыні з кожным разам рабіліся ўсё даўжэйшымі, затрымкі злавалі. З памяншэннем частотнасці гук узмацніўся і зрабіўся разчэйшым — быццам нажом па вушах, ён спужаўся, што зараз закрычыць. Гэта быў гук яго гадзінніка.

Ён расплюшчыў вочы і зноў убачыў плынь пад нагамі. “Калі б я толькі мог вызваліць рукі, — думаў ён, — я скінуў бы пятлю і скокнуў у ручай. Я б нырнуў і ўцёк ад куляў, а хутка паплыўшы, дасягнуў бы берагу, схаваўся б у лесе і збег бы дахаты. Дзякуй богу, мой дом яшчэ за межамі іх лініі фронту, да маёй жонкі і дзетак ім не дабрацца”.
 
Калі гэтыя думкі, што тут мусілі быць увасобленымі ў словы, бліснулі ў галаве асуджанага на смерць, а не склаліся ў ёй, капітан кіўнуў сяржанту. Сяржант зрабіў крок убок.
 
ІІ
 
Пэйтан Фаркуэр быў заможным плантатарам з багатай і паважанай сям’і ў Алабаме. Рабаўладальнік і, як іншыя рабаўладальнікі, палітык, ён, натуральна, быў сепаратыстам і гарачым прыхільнікам Канфедэрацыі. Складаныя жыццёвыя абставіны, пра якія тут згадваць неабавязкова, перашкодзілі яму адслужыць у той адважнай арміі, што пацярпела паразу ў ваенных кампаніях, спыненых падзеннем Карынфа [1], і ён пакутаваў ад ганебнага бяздзеяння, прагнучы выхаду сваёй энергіі, велічнага жыцця салдата і добрай нагоды вызначыцца. Ён адчуваў, што такая нагода прыйдзе да яго, як прыходзіць да кожнага ў час вайны. А пакуль ён рабіў што мог. Не было такой паслугі — няхай і самай сціплай — якой бы ён не зрабіў на карысць Поўдня, не было такой справы, няхай і самай рызыкоўнай, за якую б ён не ўзяўся, абы знаходзіць суладдзе з сумленнем цывільнага, але ўнутры адданага сэрцам салдата, які шчыра і без асаблівай удумлівасці прыняў на веру непрыхавана подлую максіму пра тое, што на вайне і ў каханні ўсё справядліва.
 
Аднойчы ўвечары, калі Фаркуэр з жонкай сядзелі на драўлянай лаўцы ля свайго дома, салдат у шэрым падышоў да іх веснічак і папрасіў вады. Місіс Фаркуэр вельмі ўзрадавалася, што можа даць яму вады уласнаручна. А пакуль яна хадзіла па ваду, муж наблізіўся да запыленага вершніка і з запалам пачаў распытваць пра навіны з фронту.
 
— Янкі рамантуюць чыгунку, — адказваў салдат, — і рыхтуюцца да новага наступу. Яны дайшлі да моста праз Савіны ручай, давялі яго да ладу і пабудавалі на паўночным баку форт. Камендант аддаў загад, які вісіць паўсюль: любога цывільнага, якога зловяць за пашкоджаннем чыгуначнага палатна, чыгуначных мастоў, тунэляў або цягнікоў, тут жа павесяць. Я сам бачыў той загад.
 
— А як далёка да моста праз Савіны ручай? — запытаўся Фаркуэр.
 
— Недзе трыццаць міляў.
 
— А на нашым баку ручая ці ёсць войскі?
 
— Толькі пост вартавых за паўмілі адсюль, на чыгунцы, і адзіны дазорца на гэтым канцы моста.
 
— А калі цывільны, здатны папрактыкавацца ў шыбеніцтве, праслізне праз пост вартавых і, дапусцім, падмане дазорцу, — запытаўся з усмешкай Фаркуэр, — што ён зможа зрабіць?
 
Салдат падумаў і адказаў:
 
— Я быў там з месяц таму, — бачыў, леташні зімовы разліў прынёс да паляў моста па гэты бок шмат драўніны. Цяпер яна сухая і загарэлася б, як цэра.
 
Жанчына нарэшце прынесла вады, якой салдат напіўся. Ён цырымонна падзякаваў жанчыне, пакланіўся яе мужу і паскакаў прэч. Праз гадзіну, калі спусцілася ноч, ён зноў праехаў паўз плантацыю, вяртаючыся на поўнач. Ён быў выведнікам федэральных войскаў.
 
ІІІ
 
Падаючы ў пралёт моста, Пэйтан Фаркуэр страціў прытомнасць і быццам змярцвеў. З гэтага стану — праз шмат гадоў, як яму падалося, — яго вырваў боль у сціснутым горле, і ён пачаў задыхацца. Вострыя, рэзкія прыступы болю, падавалася, праціналі кожную клетачку яго цела. Нібы пульсацыі вогненных плыняў, яны распальвалі яго да нясцерпнага жару. Але ў галаве не адчувалася нічога, акрамя празмернага прыліву крыві. І ніякіх думак за пачуццямі не было. Усе разумовыя здольнасці былі ўжо знішчаныя, сілаў хапала толькі на тое, каб адчуваць, і адчуванні тыя былі пакутай. Ён усведамляў, што рухаецца. У воблаку святла, усяго толькі вогненным сэрцам якога ён цяпер быў, не маючы ніякай матэрыяльнай абалонкі, ён разгойдваўся па неверагоднай дузе, быццам вялізны ківач. А потым абсалютна нечакана святло, што агортвала яго, моцным гучным усплёскам выбухнула ўверх. Жахлівы рык напоўніў вушы, зрабілася халодна і цёмна. Сіла думкі зноў вярнулася да яго. Ён зразумеў, што вяроўка парвалася, і ён упаў у ручай. Ціск на шыю не ўзмацніўся: пятля і без таго не давала яму дыхаць і таму не пускала ваду ў лёгкія. Памерці праз павешанне на дне ракі — сама ідэя падалася яму бязглуздай. Ён расплюшчыў вочы ў цемры і пабачыў над сабой промень святла, але ж які далёкі і недасяжны! Ён працягваў тануць, бо промень рабіўся ўсё больш бледным, пакуль не ператварыўся ў слабае мігценне. Але пасля святло пачало ярчэць, і ён зразумеў, што падымаецца ўверх — зразумеў без асаблівай радасці, бо пачуваўся не надта прыемна. “Быць павешаным і патопленым, — думаў ён, — не так ужо й кепска. Але не хочацца ў дадатак быць яшчэ і застрэленым. Не, мяне не застрэляць, гэта несправядліва”.
 
Ён не ўсведамляў сваіх намаганняў, але па пранізлівым болі ў запясці зразумеў, што спрабуе вызваліць рукі. Ён сачыў за сваімі высілкамі як чалавек, што сочыць толькі за спрытам жанглёра, асабліва не цікавячыся вынікам. Што за цудоўная сіла! Што за бліскучая, звышчалавечая моц! Якая бездакорная стараннасць! Брава! Вяроўка спала, рукі раздзяліліся і панеслі яго наверх, свае далоні ён цьмяна бачыў па абодва бакі ад усё ярчэйшага святла. Ён зноў з цікавасцю пачаў назіраць, як спачатку адна, а затым і другая рука ўчапілася ў пятлю на шыі. Рукі разарвалі вяроўку і з лютасцю адкінулі яе ўбок, і вяроўка вілася ў вадзе вужакай. “Надзеньце назад! Надзеньце назад!” Яму падавалася, ён гарланіць гэтыя словы сваім рукам, бо развязаная пятля зрабіла яму нясцерпна балюча. У шыі жахліва пякло, галава гарэла, сэрца, што дагэтуль білася ледзь чутна, раптам падскочыла так моцна, быццам хацела вырвацца праз горла. І ўсё яго цела скаланалася і трэслася ад нясцерпнай пакуты. Але наравістыя рукі не збіраліся слухацца. Яны рашуча біліся ў вадзе, хуткімі, скіраванымі ўніз ударамі цягнучы яго да паверхні. Ён адчуў, як вынырнула галава, як вочы асляпіла сонца, як сутаргава расправіліся плечы і як праз найвышэйшыя, найгоршыя мучэнні яго лёгкія зрабілі вялікі глыток паветра, які тут жа выштурхнулі вонкі пранізлівым крыкам.
 
Ён зноў валодаў усімі фізічнымі пачуццямі. Яны зрабіліся па-сапраўднаму яркімі і вострымі. Нейкім чынам жудаснае пашкоджанне яго органаў узмацніла і адтачыла гэтыя пачуцці так, што ён пачаў заўважаць тое, на што дагэтуль не звяртаў увагі. Ён адчуваў струменьчыкі на твары і чуў гукі падзення кожнай кроплі. Ён глянуў на лес на ўзбярэжжы ручая і пабачыў кожнае дрэва асобна, кожны лісцік, і кожную прожылку, пабачыў кожную жамярынку на іх: цыкадаў, брыльянтавыя цельцы мухаў, шэрых павукоў, што расцягнулі сваё павуцінне ад галінкі да галінкі. Ён заўважыў вясёлку колераў, што адбівалася ў кроплях расы на мільёнах травяных сцяблінак. Гудзенне машкары, што кружляла ў танцы над бурліваю плынню, біццё страказіных крыльцаў, удары ножак вадзянога павука, што, быццам вёслы, уздымаюць яго лодку, — усё гэта ператваралася ў гучанне музыкі. Рыбіна праслізнула ля самых вачэй, і ён пачуў, як, рассоўваючы ваду, рухаецца яе цела.
 
Ён узняўся на паверхню, гледзячы ўніз па цячэнні ручая. Раптам бачны яму свет пачаў павольна рухацца вакол, і воссю гэтага кола быў ён сам. Вось мост, форт, салдаты на мосце, капітан, сяржант, двое шарагоўцаў, яго катаў, паўсталі сілуэтамі на фоне блакітнага неба. Яны крычалі і жэстыкулявалі, паказваючы на яго. Капітан выцягнуў пісталет, але не стрэліў, у астатніх зброі не было. Іх рухі былі абсурднымі і страшнымі, іх целы — веліканскімі.
 
Раптам ён пачуў рэзкі шчаўчок, і нешта моцна стукнулася аб ваду ўсяго за некалькі цаляў ад яго галавы, заліўшы твар пырскамі. Ён пачуў шчаўчок зноў і пабачыў вінтоўку на плячы аднаго з вартавых і лёгкае воблачка блакітнага дыму, што вылецела з рулі. Чалавек у вадзе пабачыў вочы чалавека на мосце, што ўтаропіліся ў яго праз прыцэл вінтоўкі. Ён заўважыў, што вочы шэрыя, і ўспомніў, як недзе чытаў, што шэрыя вочы самыя зоркія і што ва ўсіх знакамітых стралкоў былі такія. Тым не менш гэты прамазаў.
 
Сустрэчная плынь захапіла Фаркуэра і развярнула на паўабарота. Ён зноў глядзеў на ўзлесак на супрацьлеглым форту беразе ручая. Гук чыстага, высокага голасу манатонна зароў за яго спінай і пранёсся па вадзе з такой яснасцю, што пратнуў і заглушыў усе іншыя гукі, нават пульсацыю хваляў увушшу. Хоць ён і не быў салдатам, аднак наведваўся ў ваенныя лагеры дастаткова часта, каб зразумець страшны сэнс гэтага наўмысна працяжнага з прыдыханнем напеву: лейтэнант на беразе ўмяшаўся ў выкананне ранішняга задання. Як халодна і бязлітасна, з якой роўнай і спакойнай інтанацыяй, прадвяшчаючы і ўзмацняючы ў салдатах спакой, падалі гэтыя жорсткія словы ў правільна адмераныя інтэрвалы:
— Рота!.. Зважай!.. На плячо!.. Рыхтуйся!.. Цэлься!.. Агонь!
 
Фаркуэр нырнуў — нырнуў так глыбока, як толькі мог. Вада загула ў вушах, як Ніягара, але ён усё адно пачуў прыглушаны гром залпу і, зноў плывучы да паверхні, сустрэўся з бліскучымі кавалкамі металу, часам сплюшчанымі, што, павольна гайдаючыся, ападалі. Некаторыя краналі яго твар і рукі, а затым адляталі, ідучы на дно. Адна з іх трапіла яму за каўнер — непрыемна цёплую, ён выхапіў яе адтуль.
 
Калі ён падняўся на паверхню, ловячы ротам паветра, то заўважыў, што пад вадою правёў даволі шмат часу, бо апынуўся значна далей па цячэнні, чым быў: бліжэй да бяспечнага месца. Салдаты амаль скончылі перазараджаць ружжы, металічныя шомпалы бліснулі разам на сонцы, калі іх выцягнулі з руляў, крутнуліся ў паветры і зноў вярнуліся ў гнёзды. Два шарагоўцы стрэлілі па ўласным жаданні зноў — і безвынікова.
 
Іх ахвяра ўсё гэта бачыла праз плячо, бадзёра плывучы па цячэнні. Галава працавала гэтак жа жвава, як рукі і ногі, думкі праносіліся з хуткасцю маланкі:
 
“Афіцер, — разважаў ён, — не паўторыць сваёй салдафонскай памылкі. Ухіліцца ад залпу гэтак жа проста, як ад адзінкавага стрэлу. Ён, мабыць, ужо аддаў загад страляць адвольна. Божа, дапамажы, я не магу ўхіліцца ад іх усіх!”
 
За жудасным усплёскам за два метры ад яго пачуўся моцны пералівісты гул, які, сціхаючы, падавалася, паляцеў назад да форта і згінуў у выбуху, што працяў раку да самага дна. Узнятая хваля навісла над ім, навалілася, асляпіла і здушыла яго. Гармата ўступіла ў гульню. Калі ён строс з сябе шум усхваляванай вады, то пачуў, як прасвістала ў паветры недзе наперадзе адхіленае ад траекторыі ядро, а праз імгненне яно ўжо з трэскам ламала галіны ў лесе наводдаль.
 
“Яны так больш не зробяць, — думаў ён, — наступнага разу яны стрэляць карцеччу. Трэба сачыць за ружжамі: мяне папярэдзіць дым, бо гук далятае запозна, ён адстае ад кулі. Добрая гэтая зброя!”
 
Раптам ён адчуў, як яго пачынае круціць па коле, быццам ваўчок. І рака, і берагі, і лясы, і ўжо аддалены мост, форт і тыя людзі — усё змяшалася і размылася. Ад наваколля засталіся адно колеры. Кружэнне гарызантальных каляровых палосаў — вось усё, што ён бачыў. Гэты вір захапіў яго і працягваў кружляць па спіралі ўсё хутчэй — яму зрабілася моташна і млосна. А праз імгненне яго вынесла на жвір на ўскрайку левага берага ракі — паўднёвага берага — за абаронным пунктам, што схавала яго ад ворагаў. Раптоўная нерухомасць і задзірына на руцэ ад жвіру вярнулі яго да жыцця, і ад радасці ён заплакаў. Ён занураўся пальцамі ў пясок, прыгаршчамі сыпаў на сябе і голасна яго ўсхваляў. Пясок быў падобны да дыяментаў, рубінаў, смарагдаў. Яму падавалася, што ўсё найпрыгажэйшае ў свеце нагадвае пясок. Дрэвы, якія раслі на беразе, уздымаліся вялізнымі садовымі раслінамі. Ён заўважыў пэўны парадак у іх размяшчэнні, удыхнуў водар іх квецені. Дзіўнае ўцешнае святло праступіла ў прасветах між іх камлямі, і вецер зайграў на іх галінах музыку Эолавых арфаў. Яму не хацелася лепшага ратунку — ён быў рады застацца ў гэтым чароўным месцы, пакуль яго не зловяць.
 
Свіст і бразгат карцечы ў галінах высока над галавой абудзілі яго ад мрояў. Збянтэжаны артылерыст развітаўся з ім разрозненым залпам. Ён ускочыў на ногі, пабег па спусцістым беразе і заглыбіўся ў лес.
 
Ён ішоў цэлы дзень, пракладаючы дарогу па рухомым сонцы. Лес падаваўся бязмежным, ён нідзе не знайшоў з яго выхаду, нават сцежкі дрывасека. Ён і не здагадваўся, што жыве ў такіх дзікіх мясцінах. Нешта вусцішнае было ў гэтым адкрыцці.
 
Калі надышла ноч, ён адчуваў зморанасць, боль у нагах і голад. Але думка пра жонку і дзяцей гнала яго наперад. Нарэшце ён знайшоў дарогу, якая вяла ў патрэбным, як ён палічыў, кірунку. Яна была шырокая і роўная, як гарадская, але ўсё адно падавалася няходжанай. Наўзбоч яе не было ні палёў, ні хацінаў. І нават сабачага брэху, што сведчыў бы пра чалавечае жыллё, не было чуваць. Чорныя целы дрэваў уздымаліся роўнымі сценамі паабапал дарогі, сыходзячыся ў кропцы на гарызонце, быццам графік на занятку па перспектыве. Над галавой, калі ён глянуў у прагалы між дрэваў, зіхацелі золатам гіганцкія зоркі, што выглядалі незнаёмымі, складваючыся разам у дзіўнаватыя сузор’і. Ён быў упэўнены, яны сталі ў парадку, які меў таямнічы злавесны сэнс. Лес па абодва бакі дарогі напаўнялі дзівосныя гукі, сярод якіх — раз, два і яшчэ раз — ён ясна пачуў шэпты на невядомай мове.
 
Шыя балела, і, крануўшы яе рукою, ён адчуў, як страшна яна апухла. Ён ведаў, што шыю апярэзваў чорны след там, дзе ўпілася вяроўка. Вочы выпучыліся, ён больш не мог іх заплюшчыць. Язык распух ад смагі. Каб зменшыць гарачку, ён высоўваў яго між зубоў на халоднае паветра. Які мяккі дзёран пакрываў няходжаны шлях — ён больш не адчуваў дарогі пад нагамі!
 
Без сумневу, нягледзячы на ўсе пакуты, падчас хады ён заснуў, бо цяпер перад ім — новы пейзаж… магчыма, ён проста абудзіўся ад трызнення. Ён стаіць перад брамай свайго дома. Усё такое ж, якім ён яго пакінуў, бліскучае і чароўнае ў промнях ранішняга сонца. Ён, мабыць, ішоў усю ноч. Калі ён штурхае браму, каб адчыніць, і ідзе па шырокай белай сцежцы, то бачыць, як трапечацца жаночае адзенне. Яго жонка, свежая, спакойная і мілая, ідзе з веранды яму насустрач. Яна стаіць ля прыступак і чакае з усмешкай, поўнай невымоўнай радасці, у паставе неймаверна грацыёзнай і годнай. О, якая яна прыгожая! Ён кідаецца да яе з распасцёртымі абдымкамі. Калі ён амаль кранае яе, то адчувае раптоўны ўдар ззаду па шыі. Асляпляльнае белае святло з шумам пушачнага стрэлу паглынае яго — пасля толькі цемра і моўч.
 
Пэйтан Фаркуэр быў мёртвы. Яго цела са зламанай шыяй павольна гайдалася з боку ў бок пад палямі моста праз Савіны ручай.
Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2014

Чытайце таксама

Ганна Марголін

Ганна Марголін

Беларуска-амерыканская ідышамоўная паэтка.

Эльзэ Ласкер-Шулер

Эльзэ Ласкер-Шулер

Нямецкая паэтка і празаік габрэйскага паходжання, адна з прадстаўніцаў нямецкага экспрэсіянізму.

Вацлаў Панкаўчын

Вацлаў Панкаўчын

Славацкі празаік, аўтар кніг для дзяцей

Юльян Тувім

Юльян Тувім

Польскі паэт і перакладчык Юльян Тувім нарадзіўся ў горадзе Лодзь у польскай габрэйскай сям’і

1175