№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Аксана Забужка

Значыць, усё ж залева (Отже, це злива)

Апавяданне

Пераклад з украінскай Аляксандра Дварэцкая

— Што? — перапытала дзяўчына, няўважліва назіраючы за шклянымі двухстворкавымі дзвярыма кавярні, якія раз-пораз расчыняліся, прапускаючы чарговага наведніка, і ў прамежках увесь час разгойдваліся, не ў стане спыніцца. Людзі, якія заходзілі, ратуючыся ад блізкага дажджу, былі патухлыя, палахлівыя і нейкія безразважныя — нібыта вераб’і перад навальніцаю, падумала дзяўчына і ўсміхнулася. Яе спадарожнік перачакаў хвілінку, каб прыцягнуць яе ўвагу сваім абражаным маўчаннем, і калі дзяўчына з цяжкасцю адвяла вочы ад уваходу і перахапіла яго позірк (вочы ў яе былі вільготныя і цёмныя і ў чорных касметычных абводах веек здаваліся па-дзіцячаму круглымі), махнуў рукою:

— Ты ж усё адно не слухаеш.

— Слухаю, — сказала дзяўчына і пачала камячыць краёк сурвэткі. — Слухаю, проста ўсё гэта ўжо ведаю і наўрад ці пачую штосьці новае.

— У такім разе мне не варта дарэмна казаць?

— Я таксама так думаю, — сказала дзяўчына і зноўку ўсміхнулася — гэтым разам трошкі жаласна.

Яны памаўчалі.

— Так, — сказаў мужчына і дастаў з кішэні цыгарэты.  — Будзеш курыць?

Дзяўчына ўзяла цыгарэту і, пакуль ён закурваў, глядзела на яго рукі. Рукі ў яго былі непрыгожыя — адзінае, што ён меў непрыгожае, былі рукі: вузлаватыя, каржакаватыя, пацямнелыя, нібыта арэхавым сокам раз’едзеныя, яны нагадвалі ёй нарасты на ствале старога дрэва. Нават дзіўна, што гэтыя рукі маглі быць такімі асцярожнымі і пяшчотнымі, як бывалі. І бледны шнар ад апёку на правым запясці.

— А я ўсё думаў, — прамовіў мужчына пасля глыбокай зацяжкі, — я ўсё спадзяваўся, што ты зразумееш. Што ж…

Ён слаба ўсміхнуўся, і па выразе яго вачэй дзяўчына пабачыла, як яму балюча.

— Я ўсё разумею, — запярэчыла яна. І нават глыбока табе спачуваю, але зрабіць нічога не магу. Паспрабуй не думаць пра мяне.

Мужчына пахістаў галавой:

— Ты жорсткая. Ох, якая ж ты ўсё-такі жорсткая.

— Я ласкавая і добрая, як вывадак сляпых кацянят, — дзяўчына і сапраўды адчула сябе жорсткаю, голас яе шамацеў суха, нібы перашкаджаў у горле. — Я не абвінавачваю цябе і не шкадую. Я толькі хачу, каб мы разышліся без узаемнага выцягвання жылаў і згадвалі потым адно аднаго па магчымасці з не вельмі цяжкі сэрцам.

— Цябе заўжды турбавала толькі тое, як нам разысціся, — мужчына страсаў попел у сподак, а дзяўчына — проста ў кубачак з недапітаю кавай. — Ты ніколі не дапускала, што мы маглі б не разыходзіцца ўвогуле.

— А ты неяк ніколі не пытаў, чаму я такога не дапускала. Вось узяў і спытаў бы.

— Чаму ж? — ён не глядзеў на яе. Дзяўчына таксама глядзела праз яго — у аакно, за якім вецер грозна разгойдваў у адзін момант пацямнелыя кроны дрэваў.

— Таму, хлопчык мой, — яна назвала яго хлопчыкам, хаця ён быў нашмат старэйшы за яе, і не заўважыла, як твар яго перасмыкнула грымасай болю, — што адносіны, пачатыя на хлусні, ніколі не стануць шчырымі. Са свайго боку я нічым перад табою не правінілася. Мяне толькі ўвесь час даймала пытанне, чаму ты так нечакана мной зацікавіўся — на другім годзе знаёмства. Ажно пакуль Воўчык не сказаў мне праўду — ужо як разышлася тая чутка, якую невядома хто запусціў, што мы маем намер ажаніцца, — засцярог па-сяброўску. Бо ў Воўчыка бацька з нашым гэбэшным куратарам інстытуцкім, выяўляецца, лецішчамі сябруе: чарку п’е і на паляванні ездзіць,  —  яна перавяла дух. — Вось так усё знайшлося. Але ты не думай, я цябе не суджу. Судзі сябе сам.

Толькі што яна перавяла погляд на яго і спалохалася: перад ёй сядзеў стары чалавек з зямлістым паараным тварам, і на рукаве ў яго шарэў слупок упалага з цыгарэткі попелу, якога ён не заўважаў.

— І ты думаеш, што я ўвесь час табе хлусіў?

Дзяўчына не адказала. Першыя цяжкія кроплі ўдарылі ў шыбу.

— У вас тут вольна? — барадач ў грубаплеценым швэдры стаяў каля іхнага століка, з-за яго пляча выглядвала крохкая брунетачка, нафарбаваная пад цыганку, яе размаляваныя вочы, здавалася, былі наклееныя на твар паўзверх скуры. Студэнты, аўтаматычна зазначыла сабе дзяўчына, не інакш як з тэатральнага, тут паблізу.

— Вольна, — сказаў мужчына, — але мы б хацелі пасядзець адны.

Дзяўчына назірала, як пара аддаляецца ад праходу.

— Ты не ўвесь час хлусіў, — прамовіла яна. — Ты пачаў з хлусні. І гэтага дастаткова.

— Гэта мусілі быць толькі штомесячныя справаздачы, — упарта паўтарыў мужчына сказанае перад гэтым. — Гэта звычайная рэч, зразумей, усе такія пішуць — ну, праз аднаго… Гэта зусім не тое каб спецыяльна за табой сачыць, — такога мне не даручалася. І блізкіх зносінаў завязваць таксама не даручалася.

— Магчыма, што і не. Гэта ўжо была твая ініцыятыва.

Ён маўчаў, і, глянуўшы на яго, яна пашкадавала, што сказала гэта.

—  У цябе попел на рукаве.

Дождж прыпусціў мацней, людзі заскоквалі ў кавярню радасна ўзбуджаныя, з мокрымі валасамі, прыносячы з сабою павеў свежасці. Дзяўчыне адразу захацелася плакаць.

— Табе ўсяго толькі трэба было сказаць мне з самага пачатку, — праз сілу выціснула яна. — Проста сказаць усё як ёсць

Мужчына трымаў у сваіх вузлаватых, нібы арэхавым сокам раз’едзеных, пальцах недакурак і не заўважаў, што той ужо датлеў да фільтра. Мужчыну было трыццаць тры гады, з якіх тры апошнія ён поркаўся з новенькай машынай, а ў юнацтве, да ўніверсітэта, цяжка працаваў фізічна, таму рукі яго зрабіліся задубелымі і нячулымі. Па-за тым ён быў чалавек ахайны, любіў свежую бялізну і накрухмаленыя каўнерыкі.

— У цябе попел на рукаве, — паўтарыла дзяўчына, і мужчына паспрабаваў яго змахнуць, але выйшла так, што толькі размазаў, і на тканіне новага прыгожага касцюма ў “елачку” застаўся белы след.

— А хай яму… — не дагаварыў мужчына, цяжка варушачы вуснамі.

— Значыць, гэта ўсё ж залева — сказала дзяўчына, павярнуўшы галаву да акна, — а я спадзявалася, што пройдзе — пахмарыцца трохі і ўсё. І колькі нам цяпер вось тут сядзець?..

Уключылі музычны аўтамат, і кавярню запоўніў надрыўны голас Даліды, якая абвяшчала на ўвесь свет пра сваё нешчаслівае каханне. Забудзь, думала дзяўчына, уперыўшыся у адварот пінжака мужчыны. Забудзься на мой нумар тэлефона, мой смех, голас, і пах, і словы, што я табе казала, забудзь вуліцы і скверы, дзе мы хадзілі ўдваіх, кавярні, дзе праседжвалі вечарамі, і, о Божа, калі ты ёсць, памажы яму забыцца…

— Што ж цяпер? — раптам спытаў мужчына, і, перш чым яна усвядоміла, што ён звяртаецца не да яе, яе ўразіў яго скіраваны ў кубачак позірк.  — Што  ж будзе далей? Як цяпер быць?

— Мы пераседзім, — сказала дзяўчына, гледзячы ў акно. — Гэты дождж хутка сціхне. Пераседзім.

 

травень 1982

Пераклад з украінскай – Аляксандра Дварэцкая © 2017

Чытайце таксама

Актавіё Пас

Актавіё Пас

Мексіканскі празаік, паэт і дыпламат, даследчык цывілізацый Захаду і Усходу, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

Катры Вала

Катры Вала

Адна з самых вядомых паэтак Фінляндыі, мадэрнізатарка фінскай паэзіі

Корнэль Фёльдвары

Корнэль Фёльдвары

Народжаны ў няправільны час (13 лютага 1932) у няправільнай сям’і, з самага пачатку сваёй творчасці выпрацаваў разумную сістэму псеўданімаў

Душан Тарагел

Душан Тарагел

Славацкі празаік, публіцыст і сцэнарыст

1682