№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Альгерд Бахарэвіч

"Зразумейце маю адзіноту"

Эсэ

"Дзёньнік" Вітальда Гамбровіча як досьлед уласнае сэксуальнасьці

***



У Буэнас-Айрэсе я ніколі не бываў — і, цалкам магчыма, пабываць там мне так і не давядзецца. Нават нягледзячы на тое, што "горад добрых вятроў" мае сваю, хай сабе і сьціплую, "беларускую" гісторыю. Амаль трынаццаць тысяч кілямэтраў, васемсот даляраў за авіябілет у адзін канец: ня плач па мне, Аргентына.

Таму адзінае, што я магу сабе дазволіць, беручыся за гэты дзіўны тэкст, — разглядваць у Гугле чорна-белыя здымкі 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя, на якіх невядомым фатографам злоўлены ў аб’ектыў славуты буэнас-айрэскі раён Рэтыра. Цяпер больш-менш прыстойны і добраўладкаваны, семдзесят гадоў таму ён быў нагрувашчаньнем вузкіх, небясьпечных, змрачнавата-вясёлых вуліц, танных брудных бараў і самых розных злачных месцаў. Як і належыць сапраўднаму партоваму раёну, Рэтыра жыў сваім таемным жыцьцём, а горад — сваім.

Рэтыра значыць "адзінота", "тое, што ляжыць воддаль". "Адтуль пагорак спускаецца да ракі, а горад перацякае ў порт", — напісаў пра яго Вітальд Гамбровіч у рамане "Транс-Атлянтык". Той самы паляк Гамбровіч, якога "добрыя вятры" закінулі ў Аргентыну на самым пачатку вайны, а выпусьцілі ў Эўропу толькі праз дваццаць пяць гадоў. Той самы Гамбровіч, які напісаў "Фэрдыдурке" і "Івону, прынцэсу Бургундзкую", "Космас" і "Парнаграфію", а яшчэ — неверагодны па ўнутранай свабодзе і незалежнасьці думаньня "Дзёньнік", які для мяне ёсьць адной з самых важных кніг мінулага стагодзьдзя.

Той самы Гамбровіч, які, паводле гэтага "Дзёньніка", часьцяком уцякаў з імпрэзаў і начных багемных гулянак, і ўцякаў менавіта на Рэтыра, у нерухомую сінюю ноч, каб "прашвырнуцца, папіць піўка… і спасьцігаць таямніцу жыцьця". "Усё мае тагачаснае штодзённае існаваньне густа замяшанае на начах Рэтыра", — прызнаецца аўтар, і не даваць яму веры прычын няма.

Той самы Гамбровіч, які тут, на Рэтыра, назіраючы за прыгожымі і "прадажнымі" хлопцамі, "бачыў маладосьць саму па сабе, бяз сувязі з полам, адчуваў цьвіценьне чалавечага роду ў самай рэзкай і радыкальнай форме".

Той самы геніяльны пісьменьнік Гамбровіч, якому ўласная сэксуальнасьць ніколі не давала спакою.  Той самы зьедлівы і ўдумлівы Гамбровіч, сэксуальная арыентацыя якога застаецца прадметам спрэчак і дыскусій. І трэба сказаць, што сам аўтар "Дзёньніка", пры ўсёй сваёй шчырасьці, добра парупіўся, каб такія дыскусіі не сьціхалі і пасьля яго сьмерці.

Вечная загадка. Вось што гнала яго на Рэтыра. І вось што дагэтуль прыцягвае ў ім нас. Сэксуальнасьць аўтара "Дзёньніка" — частка гэтай загадкі. "Шмат часу міне, пакуль пра гэта можна будзе свабодна гаварыць і пісаць, — казаў Вітальд Гамбровіч, маючы на ўвазе аднаполыя стасункі. — Няма жарсьці больш абылганай і больш п’янкой".

І вось час прыйшоў.

***

Цікава. Кожнага разу, калі Гамбровіч кажа ў "Дзёньніку" пра ўласную сэксуальнасьць, ён раптам робіцца іншым: няроўным, нэрвовым, напятым — і ўжо не абароненым сваёй фірмовай іроніяй; ён нібы адчайна даказвае камусьці, што яго няправільна зразумелі — і тут жа адступае, заблытваецца, сыходзіць у словы, як у ратавальную ноч таго самага Рэтыра. Адчуваецца, як моцна яго цікавіць гэтая частка ўласнае душы, гэтая балячка ўласнага цела — і як ён спрачаецца з тым нябачным Доктарам, што ўзяўся яго вылечыць.

З Доктарам — або з Судзьдзём.

"Спадарству, якога гэта цікавіць, хачу патлумачыць, што ніколі, за выключэньнем мімалётных прыгодаў у вельмі раньнім узросьце, я ня быў гомасэксуалістам…" — цярпліва пачынае аўтар "Дзёньніка".

Збольшага таму "спадарству", зь якім вядзе дыялёг Гамбровіч, сказанага ім ужо цалкам дастаткова. "За выключэньнем мімалётных прыгодаў…" — ага! Значыць, было… Значыць, мы ўсё правільна зразумелі, трыюмфуе "спадарства" — і ўжо ня слухае беднага аўтара, які далей на некалькіх старонках намагаецца давесьці, што, па-першае, ён ня можа задаволіць жанчыну ў тым, што тычыцца пачуцьцяў, бо ёсьць у ім, аўтары, нейкая "затарможанасьць", нейкі страх перад жаночым. Аднак жанчыны, асабліва пэўнага кшталту, усё ж прыцягваюць маю ўвагу, горача і неяк наіўна запэўнівае аўтар.

А па-другое — паверце мне, паверце! — "я не шукаў на Рэтыра эратычных прыгодаў… маладосьць гэтых простых хлопцаў была для мяне недасяжная": "тоеснасьць полу і адсутнасьць сэксуальнае цягі рабілі немагчымым ніякае злучэньне, ніякае валоданьне". Што ж вы тады шукалі там, пане Гамбровіч? Там, на вуліцы Леандра Алем, у партовых кляаках?

Маладосьць як эстэтычную красу, маладосьць як філязофскую ганьбу. "Мяне цягнула ўніз, уніз, у самую нізкую сфэру… у край прыніжэньня, дзе маладосьць, ужо аднойчы прыніжаная ў якасьці сябе самой, яшчэ раз прыніжаецца ўжо як маладосьць простанародзьдзя".

І вось калі Спадарства ўжо амаль гатовае паверыць аўтару, што па начным Рэтыра швэндаўся апантаны філёзаф, а не юрлівы пісака-эмігрант, Гамбровіч прызнаецца, што там, на гэтых цесных і цёмных вуліцах, падсьвечаных брудным нэонам, ён думаў пра тое, што:

"…апынуўся раптам на нейкай небясьпечнай паласе…"

і пужаўся:

"Натуральна, першым, што прыходзіла мне ў галаву, была думка, што ўва мне пачынаюць варушыцца падсьвядомыя гомасэксуальныя схільнасьці. Магчыма, я аддаўся б ім з радасьцю, гэта прымірыла б мяне з рэчаіснасьцю…"

Але акурат у тыя часы, піша Гамбровіч, ён сустрэў жанчыну, стасункі зь якой былі такімі інтэнсіўнымі, што не пакідалі месца незадаволенасьці.

Што ж, прастадушнае і цікаўнае спадарства пасьпяхова зьбітае з тропу. І Доктар, і Судзьдзя, і Крытык, і Мараліст застаюцца з носам — кожны са сваім. Гамбровіч спыняецца вельмі своечасова. Я ня ставіў за мэту цалкам занурыць вас у маё сэксуальнае жыцьцё, піша ён, тут вядзецца толькі пра межы майго душэўнага досьведу.

***

Вось жа, прыкрыўшы той нечаканай ананімнай жанчынай свае начныя вылазкі на Рэтыра, аўтар "Дзёньніка" на нейкі час супакойвае Высокі Суд. Зрэшты, вельмі хутка робіцца ясна, што да жанчын Гамбровіч досыць бязьлітасны: яны падаюцца яму істотамі, вартымі пагарды.

Пагарды, але ня той, пра якую мы ўсе падумалі. А Адмысловай Пагарды Гамбровіча, пра якую трэба расказаць асобна.

Аднойчы нейкі знаёмы спытаў Гамбровіча, чаму ён ставіцца да жанчын з такой пагардай. "З пагардай?" — ускінуўся аўтар "Дзёньніка". Ды не, не, тысячу разоў не! Я іх багомлю, але, праўда, дагэтуль не зразумеў, хто яны для мяне ў духоўнай герархіі: хаўрусьніцы ці ворагі, адказаў Гамбровіч. Калі я імі і пагарджаю, дык толькі ў сфэры мастацтва. Жанчыны — кепскія жрыцы прыўкраснага, благія вястункі маладосьці, жанчыны — няздарныя артысткі, бо чароўнасьць — іх пакліканьне, яны нарадзіліся, каб зачароўваць, эстэтыка — гэта іх прафэсія, жанчыны самі — нешта накшталт мастацтва. Жанчына — гэта халтура і махлярства, калі жанчыну вывернуць, дык робіцца відавочным, што яна "падшытая цяжарнасьцю, пялюшкамі, а гэта — канец паэзіі". Пекната і маладосьць губіць жанчыну, жанчына нараджаецца, каб ад гэтага загінуць. Жанчыны раздражняюць і абураюць аўтара "Дзёньніка", і калі ён піша пра іх, зь яго вуснаў заўжды капае атрута.

"Палова чалавецтва застаецца па-за маёй увагай", — засмучана канстатуе Гамбровіч.

Што ні кажы, а другая палова цікавіць яго несувымерна больш.

Жанчынам у "Дзёньніку" прысьвечаныя некалькі старонак злога і па-свойму вельмі забаўнага трызьненьня. Пра каханьне жанчын да жанчын у "Дзёньніку" няма ні згадкі. Маладосьць і прыгажосьць, дух і форма, музыка і слова, любоў і нянавісьць — бясспрэчна, усё гэта для Вітальда Гамбровіча ўвасобленае ў абсалютным і велічна-прыніжаным мужчыну.

У часы, калі сьвет шалее ад "Лаліты" і апантаны псыхааналізам, Гамбровіч узіраецца ў аголеную мужчынскую душу: з болем і захапленьнем. Гэтая душа і гэтае цела заўжды побач і заўжды муляюць — бо яны належаць самому аўтару.

***

Сьвет putos, сьвет мужчынскай гомасэксуальнай любові і мужчынскай гомасэксуальнай прастытуцыі, які Гамбровіч назірае ў сваім улюбёным раёне Рэтыра, аўтар аб’ядноўвае прыгожым і ўхілістым тэрмінам "карыданізм" — ад імя антычнага пастушка Карыдона. Але і тое жыцьцё, ад якога пісьменьнік уцякаў у свае неспакойныя ночы, жыцьцё буэнас-айрэскай багемы, таксама поўнілася ёй  — забароненай гомасэксуальнай жарсьцю.

Мужчынскія гомасэксуальныя стасункі былі дэкрыміналізаваныя ў Аргентыне яшчэ ў канцы ХІХ стагодзьдзя, у 1897 годзе, але стаўленьне грамадзтва да іх, вядома, не вылучалася асаблівай талерантнасьцю, дэкрыміналізацыя не азначала абароненасьці законам. І ўсё ж у такой сытуацыі багема часоў Гамбровіча знаходзіла спосабы жыць так, як ёй хацелася — ведучы начное, нябачнае паліцыі, існаваньне. Гамбровіч піша пра аблавы на Рэтыра, калі вартаўнікі закону хапалі тых, хто займаўся мужчынскай прастытуцыяй або ў гэтым падазраваўся — але мастакі, паэты, музыкі зьбіраліся там, куды паліцыя не магла сунуць нос.

Тая супольнасьць, зь якой я сутыкнуўся, піша Гамбровіч, складалася з мужчын, закаханых у мужчыну больш за любую жанчыну, гэта былі putos "у стане браджэньня, яны ня ведалі ні сэкунды адпачынку, яны ўвесь час былі ў гонцы, яны, "разрываныя хлопчыкамі нібы сабакамі", былі падобныя да майго Гансала з "Транс-Атлянтыку".

Гамбровіч расказвае, што кожнага дня абедаў у рэстарацыі, дзе буэнас-айрэскія гомасэксуалы зладзілі сваю штаб-кватэру, і дасканала ведаў усе іх вар’яцтвы, "іх богаслужэньні, іх закаханую і зьнясіленую кансьпірацыю, іх рытуалы чорнай магіі". Хіба я насамрэч не адзін зь іх, зноў і зноў пытаецца ў сябе аўтар "Дзёньніка". Можа, мой скептыцызм проста заглушыў ува мне фізычную цягу да мужчын? Дый чаму мая закаханасьць у сьвежасьць і маладосьць мусіць лічыцца нездаровай? Адзінае адрозьненьне паміж ім і так званымі "нармальнымі" мужчынамі, даказвае свайму Высокаму Суду Гамбровіч, у тым, што

"я любіў бляск гэтай багіні — Маладосьці — ня толькі ў дзяўчатах, але і ў хлопцах…"

Што ж, тады самы час запісаць вас у бісэксуалы, з палёгкай рыхтуецца вынесьці вэрдыкт "шаноўнае спадарства".

Безумоўна, для Гамбровіча гэта занадта проста. І тады практычна адразу Гамбровіч зноў робіць важную агаворку, якая вяртае ягоным стасункам з уяўным судом статус-кво:

"Малады хлопец быў для мяне большым увасабленьнем красы і маладосьці, чым маладая дзяўчына".

Значыць, усё ж — так? Вы — "із эціх"?

"І ўсё ж: не", — кажа аўтар на той самай старонцы.

***

Знайсьці для сябе "трэцюю пазыцыю". Але не пазыцыю мужчыны ці жанчыны, а такую пазыцыю, якая б ня мела нічога агульнага з "трэцім полам", пазасэксуальную, чыста чалавечую, зь якой можна было б заняцца праветрываньнем гэтых задушлівых, заражаных полам ваколіц. Так сам аўтар "Дзёньніка" фармулюе задачу, якую ён паставіў перад сабой у Буэнас-Айрэсе. Яе можна зразумець як выклік полу, выклік сэксу і сэксуальнасьці наогул. Ня быць перш за ўсё мужчынам, а быць перш за ўсё чалавекам — нібы спрашчаючы фармулёўку для будучага Суду, піша Гамбровіч. І прызнаецца, што нічога ў яго ня выйшла. Мужчына застаўся — у атачэньні іншых мужчын, якіх Гамбровіч крытыкуе з усёй бязьлітаснасьцю, аўтар "Дзёньніка" быў у ёй вялікі майстар.

У нечым ягоная крытыка агрэсіўнай маскуліннасьці — прадвесьце рэфлексій Рамэна Гары і, далей, Мішэля Ўэльбэка канца 90-х. Гамбровіч у "Дзёньніку" абрынаецца на тую "мужчынскасьць, якую мужчыны культывуюць у сваім коле, нацкоўваючы сябе адзін на аднаго, прымушаючы да яе іншых у панічным страху перад жаночым у сабе". "Я ведаў самцоў, такіх апантаных у сваім імкненьні да мужчыны, сутаргавых, напружаных самцоў, якія вучаць мужчынскасьці іншых". Такія мужчыны, паводле Гамбровіча, празьмерныя ў сваёй мужчынскасьці, цяжкай вазе, грубасьці, моцы і важнасьці, яны — тыя, хто гвалціць, тыя, хто заваёўвае і бярэ сілай, а таму — баіцца прыгажосьці і чароўнасьці, гэтай зброі слабых…

"Найвышэйшым увасабленьнем такой мужчынскасьці, — піша аўтар "Дзёньніка", — былі, мабыць, тыя банкеты афіцэраў царскай гвардыі, на якіх пад сталом да чэлесаў прывязвалі вяроўкі і рэзка торгалі за іх: хто першы ўскрыкне, той плаціць за вячэру".

Такія праявы "нармальнага мужчынскага" сьвету прыводзілі Гамбровіча ў жах. Ён бачыў іх ня толькі ў людзях, ён бачыў іх у самой гісторыі — і быў упэўнены, што аднойчы

"гэты надзьмуты бык паскача проста на мяне, калі пабачыць, што я замахваюся на ягоныя геніталіі".

У начных туманах Рэтыра, піша Гамбровіч, ён пабачыў пытаньне, на якое мусіў даць сабе адказ.

"Ці змагу я ў будучыні пісаць пра ўсё гэта шчыра — або буду вымушаны хавацца ўсё жыцьцё?"

Адказ, паводле Гамбровіча, адзін: усё залежыць ад таго, ці пераадолее ён свой страх перад жаночым у сабе, перад тым, што ён называе недасканаласьцю.

Малады бог найгоршага, нізкага, самага нязначнага, бог у выглядзе чароўнага хлопчыка — яму, піша Гамбровіч, ён ладзіць свой, новы алтар.

***

Раманы Гамбровіча, чуткі пра Гамбровіча, плёткі пра Гамбровіча, ягоныя выступы ў эмігранцкім друку — усё гэта стварыла яму рэпутацыю ня толькі пісьменьніка, але і чалавека "з гомасэксуальным падтэкстам" яшчэ тады, калі ён толькі пачаў заваёўваць сусьветную славу. Шмат якія крытыкі даказвалі яго гомасэксуальнасьць з дапамогай ягоных жа пэрсанажаў — і Гамбровіч разносіць такія спробы ўшчэнт, але не прамаўляе галоўнага. У яго часы камін-аўт усё яшчэ немагчымы. Дый ці не падавалася б гэта яму занадта простым выйсьцем? Напэўна, сучаснае слова, якое б яму пасавала — queer, але тады эпоха такіх словаў яшчэ не надышла. 

Паказальная гісторыя з уручэньнем яму францускай міжнароднай прэміі Prix International de Littérature — узнагароды ў 20 тысяч даляраў, якой да Гамбровіча былі ўганараваныя Борхес і Бэкет (прычым і першы, і другі атрымалі па 10 тысяч, а ў год, калі перамог Гамбровіч, памер прэміі павялічыўся ўдвая).

Зь нейкай асаблівай асалодай аўтар "Дзёньніка" цытуе францускага крытыка Мішэля Морта, які ў сваёй прамове перад журы прэміі ахарактарызаваў Гамбровіча так:

"У творчасьці гэтага пісьменьніка ёсьць нейкі сакрэт, і я хацеў бы разгадаць яго. Магчыма, ён гомасэксуаліст, магчыма, імпатэнт, магчыма, ананіст. Ва ўсялякім разе ў ім ёсьць нешта ад бастарда, і я не зьдзіўлюся, калі Гамбровіч аддаецца таемным оргіям у стылі караля Убю".

Кароль Убю — герой скандальных фарсаў францускага паэта-патафізыка Жары, пэрсанаж настолькі ж трагічны, наколькі заганны, паўтораны і інтэрпрэтаваны ў літаратуры, кіно, опэры… Вось жа, гомасэксуаліст, імпатэнт, ананіст і распусьнік Гамбровіч: усё гэта было растыражавана безьліч разоў у мэдыях, і аўтар "Дзёньніка" з іроніяй успамінае, як француская моладзь шапталася за яго сьпінай:

"Глядзіце, пацаны, гэта той самы гомік-імпатэнт, які оргіі ладзіць",

а газэты выходзілі са зьдзеклівымі загалоўкамі:

"Вітальд Гамбровіч: гуманіст і ананіст".

Гамбровіч нічога не абвяргаў і ні з кім не спрачаўся. Гэта было ніжэй за ягоную годнасьць. Да таго ж яго ўлюбёная француская літаратура давала прыклад такіх гомасэксуальных рэпутацый, перад якімі ягоная выглядала проста гульнёй у словы.

У "Дзёньніку" ёсьць старонкі, дзе Гамбровіч спрабуе асэнсаваць для сябе гомасэксуальнасьць Пруста, гэтага генія "трошкі ў фраку, трошкі ў халаце, зьлёгку падфарбаванага гомасэксуальна-гістэрычнай памадай, з фобіямі, нэўрозамі і слабасьцямі сапраўднага вытанчанага француза". Пруст яго прыцягвае, Пруст яго захапляе тым, што адважыўся: быць такім вытанчаным, такім сабой, такім снобам, але перадусім Пруст яго раздражняе. Пруст — "расьпешчаная пачвара, якая задыхаецца ў сваім ложку, разагрэтая і потная, асуджаная на ўсю гразь цела". Гамбровіч піша, што ягоная ўласная здаровая вясковасьць гідзіцца гэтага францускага дэкадансу. Раманы Пруста — недасмажаны біфштэкс, шмат непрапечанага, хворага мяса… Процьма промахаў, якія Гамбровіч яму не даруе, процьма заганаў, сапсаванасьць ва ўсім. Але нават няўзброеным вокам відаць, як жа прыцягвае Гамбровіча гэтая пачвара ў выглядзе мужчыны, якую зайздрасьць ён адчувае да гэтага ложка, гэтай захутанасьці, гэтай хваробы, якая не баіцца хварэць ва ўсіх на вачах…

Нешта падобнае лёгка заўважыць на старонках, прысьвечаных Жану Жэнэ, гэтаму "ўзломшчыку, які адмычкай ускрывае ўсе дзьверы, гэтаму бандыту" і — гэтаму "пэдэрасту".

"Жэнэ! Які сорам… Прычапіўся тут да мяне гэты пэдэраст, увесь час ходзіць за мной, я іду са знаёмымі, а ён тут як тут. Ківае… Падае мне знакі. Як быццам мы зь ім "па адным ведамстве". Перад выхадам з гатэля гляджу ў акно: няма яго, выходжу — ён тут як тут. Яго сутулая сьпіна так і зыркае на мяне. Кампрамэтацыя! І магчымасьць шантажу!"

Чаго тут больш: перабольшанай гідлівасьці — ці намёку? Тонкай гульні з чытачом — зірніце на Жэнэ і самі здагадайцеся, хто я насамрэч? Магчымасьць шантажу — а што, было чым шантажаваць?

І ўсё ж "пэдэраст" Жэнэ — гэта, як піша Гамбровіч, "братэрская душа", гэта — паэзія! Гэта — дзёрзкасьць і гераізм. А яшчэ — непазьбежнасьць, Галгофа.

А яшчэ Гамбровіч называе Жэнэ ўласным сном.

Халодная рука "пэдэраста", якая спрабуе дакрануцца да Гамбровіча пад парыскім ліхтаром.

Аўтар "Дзёньніка" ўцякае. Хоць сам гэтаму зусім ня рады.

 

***

У тым, што тычыцца гомасэксуальнасьці, ад чалавека цяжка патрабаваць споведзі, упэўнены Гамбровіч. І потым прамаўляе тое, што, напэўна, хацеў сказаць з таго самага часу, як пачаў весьці свой "Дзёньнік":

"(гэта толькі маё меркаваньне)… няма такога мужчыны, які мог бы паклясьціся пад прысягай, што ніколі не адчуваў гомасэксуальнай спакусы".

Што такое гомасэксуальнасьць для самога Гамбровіча? На адной са старонак "Дзёньніка" ён нарэшце наўпрост кранаецца гэтага пытаньня — і зноў спрабуе узьняць яго на ўзровень вышэйшы, чым можа чакаць той самы Суд. Гамбровіч абвяшчае, што не падзяляе меркаваньня, згодна зь якім гомасэксуальнасьць — усяго толькі палавое адхіленьне. Адхіленьне — так, з гэтым ён згодны. Але карані яго ў тым, што "нармальныя" людзі недастаткова вольныя ў выяўленьні сваіх прыгажосьці і ўзросту. І ніякія паліцэйскія меры ня зьнішчаць бацылу гэтага адхіленьня — імі можна толькі заглушыць сымптомы, перакананы аўтар "Дзёньніка", і на гэтым мы пакінем яго, бо памятаем, што нікога і ніколі нельга змушаць да споведзі.

Ад першай да апошняй старонкі "Дзёньніка" Гамбровіч вядзе дыялёг з тым Судом, у існаваньні якога ён упэўнены, — і тое, што ён хоча сказаць, ніякім чынам не абмяжоўваецца сэксам або сэксуальнасьцю. Галоўная тэма "Дзёньніка" і ўсяго жыцьця яго аўтара — духоўная і чалавечая свабода, змаганьне з Формай. І, бадай, самая важная тэорыя Гамбровіча — тая, згодна зь якой галоўны падзел між людзьмі і іх ідэямі ляжыць на мяжы Маладосьці і Старасьці. У гэтым падзеле — прычына ўсіх канфліктаў, ад асабістых і псыхалягічных да палітычных і мастацкіх. Застаючыся на баку Маладосьці — і пераступіўшы мяжу Старасьці, — аўтар "Дзёньніка" асэнсоўваў сваю сэксуальнасьць найперш праз гэтыя вечныя і вечна непрымірымыя станы. Не даказаная як рэальны факт, але поўная тонкіх, балючых і прыгожых маніфэстацый, намёкаў, гульні, алюзій, гомасэксуальнасьць Гамбровіча і ягоны пошук яе тлумачэньня — тое, без чаго немагчыма ўявіць ягоную прозу.

Якую ж адзіноту мусіў ён адчуваць… Ня толькі там, на Рэтыра, але цягам усяго жыцьця. Жыцьця, у якім заўжды быць некім трэцім — бясконца складаным і вольным, і адначасова замкнёным у сваёй таямніцы, у сваёй незразумеласьці і чужых плётках. "Зразумейце маю адзіноту," — вырываецца ў аўтара "Дзёньніка" на адной са старонак. Але як можна зразумець Рэтыра, жывучы ў самым цэнтры? 

Магчыма, разгадка вось у гэтых словах, пасьля якіх аўтар "Дзёньніка" ўжо больш не спрабуе нічога тлумачыць, пакідаючы нас з тым, што ён ужо сказаў, вырваўшы зь сябе самыя важныя словы і так і не падпісаўшы сабе прысуду.

"Я прымаю розныя вобразы і надаю сваім перажываньням самыя розныя сэнсы, і калі людзі прымаюць нейкі зь іх — я захаваюся ў ім. Сэнс мне надаюць іншыя. З сутыкненьня ўсіх гэтых інтэрпрэтацый узьнікае нейкі трэці сэнс, які і вызначае мяне".

Так сказаў судзьдзям прывід — і ціха растаў.

У сіняй ночы свайго Рэтыра.

Чытайце таксама

Рыгор Барадулін

Рыгор Барадулін

Беларускі паэт, эсэіст, перакладчык, намінант на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры

Георг Гайм

Георг Гайм

Нямецкі паэт, празаік, драматург, ключавая постаць ранняга экспрэсіянізму

Рэй Бэроа

Рэй Бэроа

Дамінікана-амерыканскі паэт і крытык, лаўрэат прэміі Парыжскай акадэміі мастацтваў і навук

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Паўднёваафрыканскі пісьменнік, адзін з самых значных творцаў ПАР “Другога руху” — пакалення творцаў, што пісалі на афрыкаанс

2775