№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ян Станкевіч

Ян Станкевіч
Беларускі мовазнавец, гісторык, перакладчык, палітычны дзеяч.

Нарадзіўся 26 лістапада 1891 у вёсцы Арляняты Ашмянскага павета. Скончыў Віленскую беларускую гімназію (1921), Карлаў універсітэт у Празе (1926). Доктар славянскай філалогіі і гісторыі (1926). Працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Варшаўскім універсітэце (1928—1932) і Універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні (1927—1940). Друкаваўся ў часопісе “Крывіч”, заходнебеларускіх выданнях. Ян Станкевіч быў паслом сейма Польшчы (1928—1930). Як палітык быў прыхільнікам польска-беларускага збліжэння, за што яго не раз крытыкавалі беларускія групоўкі.

У 1940 Станкевіч выехаў у Варшаву, дзе далучыўся да дзейнасці Беларускага камітэта. Супрацоўнічаў з В. Іваноўскім, наладзіў кантакты з польскім антыфашысцкім падполлем, стварыў канспірацыйную групу пад назвай Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПБН). Стратэгічнай мэтай гэтай дзейнасці была адбудова беларускай дзяржаўнасці з апорай на Польшчу. З восені 1941 жыў у Мінску, куды перамясціўся і ЦК ПБН, нядоўга працаваў у школьным аддзеле Мінскай управы. Станкевіч быў сябрам Беларускай народнай самапомачы, Беларускай незалежніцкай партыі, навуковага аддзела Беларускай цэнтральнай рады, адным з заснавальнікаў Беларускага навуковага таварыства. Выкладаў гісторыю Беларусі у падафіцэрскай школе паліцыі ў Мінску.

У 1944 Ян Станкевіч апынуўся на эміграцыі. У Германіі ён аднавіў дзейнасць Беларускага навуковага таварыства. З 1949 жыў у ЗША, удзельнічаў у працы Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларуска-амерыканскага звязу, выдаваў часопісы “Веда”, “Незалежнік”, супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва і яго выданнем “Запісы”, часопісам “Сяўбіт”, газетамі “Бацькаўшчына” (Мюнхен), “Беларус” (Нью-Ёрк) і інш. Заснавальнік (разам з С. Станкевічам) Вялікалітоўскага фонду імя Л. Сапегі. У ЗША займаўся навуковай і грамадскай дзейнасцю ў беларускай дыяспары. Быў папулярызатарам т.зв. “крывіччыны”.

З дапамогай Майсея Гітліна зрабіў поўны пераклад Бібліі з моваў арыгіналу і выдаў у 1973 годзе ў Нью-Ёрку.

Пахаваны на могілках у Саўт-Рыверы, штат Нью-Джэрсі, ЗША.

Ян Станкевіч — аўтар працаў па беларускай гісторыі, гістарыяграфіі, мовазнаўстве (“Месца беларускага языка сярод іншых славянскіх языкоў і час яго ўзнікнення” (1930); “Крыўя-Беларусь у мінуласці”, (1942) і інш.). Транслітараваў кітаб 1-й паловы XVIII ст. (т.зв. Кітаб Івана Луцкевіча). Падрыхтаваў “Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік” (выд. у 1990).

Чытайце таксама

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

Тадэвуш Ружэвіч

Тадэвуш Ружэвіч

Польскі паэт, празаік, драматург і перакладчык.

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман

Нямецкі пісьменнік-рамантык, кампазітар, дырыжор, мастак, музычны крытык, юрыст

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Многімі лічыцца першым афрыканскім паэтам-мадэрністам

1573