№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Змітрок Бядуля

Змітрок Бядуля

Змітрок Бядуля (сапр. Самуіл Плаўнік) нарадзіўся ў небагатай габрэйскай сям'і ў вёсцы Пасадзец на Лагойшчыне. Бацька яго быў арандатарам, дробным гандляром, любіў музыку — граў на скрыпцы. Дзед, адзіны ў мястэчку каваль і меднік, меў уласную бібліятэку. Хлопчык вучыўся ў пачатковай габрэйскай школе — хедары, у школе рабінаў — ешыбоце. Ведаў іўрыт, ідыш, нямецкую, беларускую, рускую і польскую. Нейкі час працаваў хатнім настаўнікам іўрыту. Яшчэ хлопчыкам складаў вершы на іўрыце, але пачаткам яго літаратурнай дзейнасці лічыцца 1907 год, калі ён пачаў пісаць вершы на рускай мове і пасылаць іх у пецярбургскія часопісы. Там вершы хвалілі, але не друкавалі. Першы мастацкі твор будучага пісьменніка ўбачыў свет у газеце “Наша Ніва”.

У 1912 Бядуля пераехаў у Вільню, працаваў у канторы лесапрамыслоўца, затым у рэдакцыі “Нашай Нівы” разам з Янкам Купалам. Апавяданні, напісаныя Змітраком Бядулем у тыя гады, зрабіліся класікай беларускай літаратуры. Летам 1915 з Вільні вярнуўся ў в. Пасадзец, а неўзабаве пераехаў у Мінск, дзе працаваў у беларускім бежанскім камітэце. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі некалькі гадоў працаваў у газеце “Савецкая Беларусь” і іншых, быў рэдактарам дзіцячага часопіса “Зоркі”. У 1926 пачаў працаваць у Інстытуце беларускай культуры, рэдагаваў краязнаўча-этнаграфічны часопіс “Наш край”. Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне “Маладняк”, пасля — ва “Узвышша”. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуяваўся з Беларусі. Сябра СП СССР з 1934.

Першы надрукаваны твор — імпрэсія на беларускай мове “Пяюць начлежнікі” (“Наша Ніва”, 1910). Друкаваў вершы па-руску ў часопісах “На берегах Невы” (Пецярбург) і “Молодые порывы” (Вільня). У 1913 апублікаваў зборнік лірычных імпрэсій “Абразкі” (Пецярбург). У паслярэвалюцыйны час выйшлі кнігі паэзіі “Пад родным небам” (1922), “Буралом” (1925), “Паэмы” (1927), зборнікі апавяданняў “На зачарованых гонях” (1923), “Апавяданні” (1926), “Выбраныя апавяданні” (1926), “Танзілія” (1927), “Дэлегатка” (1928), “Тры пальцы” (1930), “Незвычайныя гісторыі” (1931), “Па пройдзеных сцежках” (1940), аповесці “Салавей” (1928, экранізаваная і пастаўленая ў 1937, аднайменны балет — у 1939), “Набліжэнне” (1935), “У дрымучых лясах” (1939, часопіс “Полымя”), двухтомны раман “Язэп Крушынскі” (1929—1932), “Выбраныя творы” (1934). Выдаў дзіцячыя кнігі “Качачка-цацачка” (1927, казка), “Вясной” (1928, вершы), “Гаспадарка” (1930, вершы), “Мурашка-Палашка” (1939, вершаваная казка), “Люцік” (1940, верш), “Хлопчык з-пад Гродна” (1940, паэма). Выдаў даследаванне “Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях” (1924), кнігу нарысаў “Дзесяць” (1930).

Пераклаў з іўрыту на беларускую мову аповесць Шолама-Алейхема “Хлопчык Мотка” (1930), раман С. Годынера “Чалавек з вінтоўкай” (1933), кнігу С. Каган “Апавяданні” (1940), паасобныя вершы Т. Шаўчэнкі, Ю. Будзяка. Шмат твораў і зборнікаў выйшлі пасля смерці і ў пасляваенныя гады: “Апавяданні” (1947), “Мае забавы” (1949, вершы), “Сярэбраная табакерка” (1958, казка і апавяданні), “Дзень добры!” (1979, вершы, казкі, апавяданні), асобныя вершы, казкі. У 1951—1953 выйшаў Збор твораў у 4-х, у 1985—1989 — у 5 тамах.

Памёр 3 лістапада 1941 каля Уральска, Расія.

Чытайце таксама

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Ангольскі партугальскамоўны пісьменнік, журналіст, выдавец

Івар Сільд

Івар Сільд

Эстонскі пісьменнік. Нарадзіўся ў Таліне.

Хуга Баль

Хуга Баль

Нямецкі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў дадаізму, пачынальнік “гукавой паэзіі”

Уладзімір Садоўскі

Уладзімір Садоўскі

Інжынер, краязнаўца, пісьменнік.

8792