№18: Некаторыя любяць паэзію
20 ліпеня 2017
Шукаючы назву для новага нумару “ПрайдзіСвета”, мы прыгадалі адзін з вершаў польскай набеліяткі Віславы Шымборскай, чые творы друкаваліся ў нас раней.
Так пачынаецца гэты верш. І мы, канечне, пагаджаемся з паэткай і самі часам наракаем, што ніхто цяпер не чытае літаратуру, а паэзію і пагатоў. Але ўсё адно мы трымаемся за яе, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.
І, канечне, даць магчымасць і вам прайсці гэты шлях з кожным вершам.
Адкрываецца новы нумар рубрыкай “Клуб рыфмароў”. Сябрамі клуба, створанага ў 1890 годзе ірландцам Ўільямам Батлерам Ейтсам, былі тагачасныя лонданцы Эрнэст Доўсан, Артур Сайманз, Лаянэл Джонсан і іншыя паэты. Оскар Ўайлд таксама наведаў некалькі паседжанняў клуба.
Упершыню на старонках “ПрайдзіСвета” друкуецца пераклад з санскрыту — урывак з паэмы “Увяльбенне Багіні”, а таксама артыкул пра гісторыю перастварэння санскрыцкіх тэкстаў па-беларуску ад перакладчыка Ігара Кулікова. Яшчэ адна гістарычная цікавостка — урывак з “Кентэрберыйскіх аповедаў” Джэфры Чосэра.
Сучасную беларускую паэзію ў нумары прадстаўляюць Альгерд Бахарэвіч, Сабіна Брыло,Таццяна Нядбай і Віялета Пачкоўская. Пра беларускую паэзію, а таксама пра ўласны паэтычны досвед разважаюць Яраслава Ананка і Генрых Кіршбаўм, Сабіна Брыло, Аксана Данільчык, Вальжына Морт і Сяргей Прылуцкі.
Сярод твораў замежных паэтаў ХІХ стагодзя — урывак з паэмы Генрыха Гайнэ, вершы Ўолта Ўітмэна.
Паэзія мінулага стагоддзя ў новым нумары гучыць разнамоўнымі галасамі Паўля Цэлана, Алфрэда Эдварда Хаўсмэна, Станіслава Ежы Леца, Антоніі Поцы, Эн Сэкстан і Элізабэт Бішап. Ва ўрыўку з казкі “У Трыдзявятым каралеўстве” Алан Аляксандр Мілн таксама звяртаецца да паэтычнай тэмы.
А сярод імёнаў сучаснай еўрапейскай літаратуры ў нумары — Міндаўгас Валюкас, Джон Глендэй, Алена Стэпаненка, Ярамір Тыплт і Павел Шыдэл.
У тэарэтычным блоку новага “ПрайдзіСвета” Серж Мінскевіч аналізуе пераклады санета Оскара Ўайлда на беларускую і рускую мовы, Ганна Янкута разглядае гісторыю перакладаў амерыканскіх рамантыкаў, а ў перакладным артыкуле Дэніэл Мендэлсан разбіраецца, кім жа напраўду была паэтка Сапфо.
Нумар атрымаўся сапраўды вялізным. Ці любіце вы паэзію так, як яе любім мы?
Нумар “№18: Некаторыя любяць паэзію” можна чытаць не толькі онлайн. Яго можна спампаваць цалкам у трох фарматах:
.MOBI
.FB2
.EPUB.