№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Анка Упала

Аўтарка ў сучаснай Беларусі: існаванне насуперак

19 лютага 2016

"У нашай сучаснай беларускай літаратуры ёсць адзін даволі значны мінус. Гэты мінус выразна выявіўся, калі ў мінулым годзе найбліжэйшыя супрацоўнікі "Полымя" сабраліся ў фатаграфіі для юбілейнага здымку. Была заўважана і яўна кідалася ў вочы адсутнасць жанчын".


"Праўда, Н. Арсеннева — не наша, савецкая паэтка. Але яна прыналежыць да беларускай літаратуры, дзе б яна ні з'яўлялася, уваходзіць у агульны струмень беларускага культурнага развою нашых "рэвалюцыйных" дзён".

З артыкула М. Байкова "Аб творчасці Наталлі Арсенневай" ("Полымя", №8, 1927 г.)

 


Спачатку першым словам у загалоўку я напісала “пісьменніца”, але выпраўляю на “аўтарка”. Думаю, тое, пра што я збіраюся казаць, актуальна не толькі для спадарынь у сучасным літаратурным працэсе Беларусі, але і для любой жаночай творчай адзінкі.

Цытаты, вынесеныя ў эпіграф, адшукала нядаўна літаратуразнаўца Алена Карп і змясціла іх у канцы 2015 года на сваёй старонцы ў фэйсбуку з каментаром: “Мне чуецца тут неверагодная сугучнасць”. Вось жа, літаратуразнаўцы, якіх раздзяляе ў часе восемдзесят восем (!) гадоў, сугучныя ў сваіх назіраннях што да сучаснага ім літаратурнага працэсу.

Я гартаю буклет Берлінскага літаратурнага калёквіуму “Пяцьдзясят гадоў у літаратуры” (2013). Цікава, што на архіўных здымках 1963, 1965 гадоў, як і ў нас у тых жа гадах, — адны спадары, рэдка дзе-нідзе фраў-пісьменніца. Але на здымках, датаваных двухтысячнымі гадамі, сітуацыя кардынальна іншая — прыкладна ў роўнай ступені прадстаўленыя пісьменніцы і пісьменнікі.

 


Фота Ўладзя Грыдзіна, выкарыстоўваецца з дазволу аўтара.

 

А вось нашыя дзве тысячы дзясятыя, здымак за 2012 год — гэта Мінск, цырымонія ўскладання кветак у дзень статрыццацігоддзя класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Ушанаваць яго прыйшлі сябры рады Саюза беларускіх пісьменнікаў. Спадарыня з краю — гэта я. Я таксама сябра Саюза, але функцыя тут у мяне не прадстаўнічая, на цырымоніі я прысутнічаю ў якасці журналісткі. Мне падаецца, у гэтым здымку глабальна паказана ўсё, што трэба ведаць пра сітуацыю ў культурным жыцці Беларусі. І каменная глыба “альфа-пісьменніка” — юбіляра і склад запрошаных на ўрачыстасць — усё гэта, у прынцыпе, у вялікай ступені нашы сучасныя ўніверсаліі.

Калі мы глядзім на гэты здымак не як на фота, а як на схему, то яна са сваімі “альфамі” рэдуплікуецца ў большасці літаратурных — і не толькі літаратурных — падзей у Беларусі, у працы літаратурных — і не толькі літаратурных — арганізацый Беларусі, залежных і незалежных ад дзяржавы. Гэта патрыярхатная іерархічная мадэль. Яе, у прынцыпе, можна праецыяваць на ўсю Беларусь і ўсё нашае грамадства з альфа-палітыкам на макаўцы. Гэтая схема дагэтуль папулярная на ўсіх узроўнях. Ногі яе, трэба сказаць, хістаюцца, але проста так здаваць свае пазіцыі яна не будзе, калі мы разам яе не падштурхнем. Пад "намі" я маю на ўвазе аўтарак і аўтараў, грамадзян і грамадзянак.

Тое, як патрыярхатная мадэль рэалізуецца для сучаснай пісьменніцы, я прапаную разгледзець на канкрэтных прыкладах.

У студзені 2015 года ў Беларусі адкрылася прыватная кнігарня “Галіяфы”. Падзея гэта культурна значная, бо незалежных кнігарняў з добрым выбарам сучаснай беларускай літаратуры ў нас вобмаль, фактычна, яна другая такая пасля кнігарні “логвінаЎ”.

У імпрэзе бралі ўдзел тры спраўджаныя ў сваёй сферы дзейнасці пісьменніцы — Вольга Гапеева, Вольга Шпарага і Вера Бурлак. Аніводнай з іх не аказалася на выніковым фотарэпартажы svaboda.org. На здымках выяўленыя толькі выступоўцы-мужчыны.

Тады я напісала ў сваім фэйсбуку:

“Не бачыць жанчыну ў медыйнай прасторы, калі яна выступае не ў патрыярхальнай якасці "прыкрасы", не бачыць яе заслуг, не чуць, што яна кажа, — прыкры стандарт гендарна аднавокіх беларускіх медый. Гэта ганебна. Адказныя за гэта і тыя, хто робіць навіновыя матэрыялы, і тыя, хто іх рэдагуе. Калі ласка, зважайце, калегі. <…> Глядзім рэпартаж. Хто там важны, а кім вырашылі інфармацыйна ахвяраваць? Гэта раз не першы, і не веру, што апошні. Але, можа быць, хоць хто-небудзь што-небудзь калі-небудзь зразумее?”

Некаторыя чытачкі і чытачы майго допісу з маёй ацэнкай пагаджаліся, некаторыя не зусім — у прыватнасці, прагучала меркаванне, што адсутнасць у рэпартажы жанчын-выступоўцаў — недахоп, але нястрашны, бо калі глядзець у цэлым, “en masse, без персаналізацыі, то не заўважаецца там не тое што жорсткага, але і лагоднага гендарнага дысбалансу”.

Але давайце паглядзім, як гэты рэпартаж размяркоўвае ролі для жанчын і мужчын.

Мужчыны паказаныя аўтарамі, яны дзейнічаюць, яны гавораць, іх слухаюць. У аўтараў ёсць імёны, яны пазначаныя.

Жанчыны трапілі ў кадр толькі ў якасці аўдыторыі. Тое, што чытач  — гэта ў асноўным чытачка, ёсць сусветным статыстычным фактам, і Беларусь тут не выключэнне. Вельмі складана зняць агульныя планы так, каб выключыць з кадра наведніц. Але важна, што менавіта жанчыны-аўтаркі засталіся па-за межамі публічнай прасторы. Жанчыны ў гэтым рэпартажы пазбаўленыя і галасоў, і імёнаў, аніводная з іх не падпісаная. Ім адведзена моўчкі глядзець і захапляцца.

Гэтая ж патрыярхатная мадэль падсвечаная ў анонсе падзеі на naviny.by наступнай фармулёўкай: “Сярод запрошаных на адкрыццё крамы — старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч, пісьменнік і перакладчык Альгерд Бахарэвіч, літаратар і мастак Адам Глобус, паэт Сяржук Сыс. Каб вытрымаць гендарны баланс, 3 снежня ў краму завітаюць Вольга Гапеева, Вольга Шпарага і Таццяна Бурлак”.

Вось так мы дазнаемся, што нямногія аўтаркі, згаданыя ў канцы спіса выступоўцаў (заўважаеце, як дбайна вытрыманая іерархія асобаў у парадку іх пераліку), запрошаныя толькі для таго, “каб вытрымаць гендарны баланс”. Кажуць, што такое няўклюднае і абразлівае тлумачэнне ўдзелу аўтарак на адкрыцці кнігарні прагучала з вуснаў вядучай імпрэзы. Жанчыны ў той жа ступені, што і мужчыны, удзельнічаюць у абясцэньванні сябе.

Нескладана заўважыць, што імёны аўтараў пададзеныя “з рэгаліямі”, пазначана, кім яны ёсць, якія пасады займаюць. Пра аўтарак гэтага не сказана, больш за тое, паэтка Вера Бурлак памылкова названая Таццянай (пазней, пасля публічнага абмеркавання рэпартажу, яе імя паправілі). 

На здымках з імпрэзы, выкладзеных на старонцы кнігарні “Галіяфы”, таксама няма аўтарак. І менавіта арганізатары мерапрыемства, як гэта адбываецца спрэс, уклалі іерархічны парадак выступленняў. Спадарыні выступалі ў канцы, журналісты і журналісткі іх з’яўлення не дачакаліся.

Гэта толькі адзін прыклад арганізацыі і асвятлення літаратурнай падзеі, але ні ў якім разе не выпадковы.

Напрыклад, у фотасправаздачы з цырымоніі ўручэння літаратурнай прэміі Гедройца на budzma.by  у 2014 годзе зусім адсутнічалі шорт-лістаркі прэміі Алена Брава і Людміла Рублеўская, хаця месца для фота спадароў, не датычных альбо не так істотна датычных да мерапрыемства, знайшлося. Пазней, калі пытанне аб гэтым было ўзнятае публічна, рэпарцёр патлумачыў, што не ведаў, як згаданыя пісьменніцы выглядаюць. На сённяшні момант у рэпартаж дададзены агульны здымак.

На рэпартажы з таго ж мерапрыемства ад  svaboda.org  пісьменніцы трапілі толькі на агульнае фота.

Гэта сістэмны ў Беларусі погляд на аўтарку, які ёсць працягам агульнага бачання ролі і месца жанчыны. Недаацэнка ў статусе актыўнай дзейнай фігуры ідзе даважкам да жаночага імені. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ён істотна ўплывае на ацэнку дасягненняў.

Так, кніга Святланы Алексіевіч “Час second hand”, намінаваная на прэмію “Кніга году” (2014), дзе пераможцу абірае пісьменніцкая супольнасць Беларусі, не ўвайшла нават у тройку ацэненых найвышэй, нягледзячы на рэзананс у краіне  (у лютым 2014 году на Мінскім кніжным кірмашы вялізная чарга па аўтограф да пісьменніцы выклікала асацыяцыі з чаргой па Дары вешчуноў, што прывозілі  ў сталіцу ў тым да годзе).

Калі вядзецца пра канкурэнцыю, у Беларусі жанчына-аўтарка з вялікай імавернасцю не бярэцца ў разлік. Пры размеркаванні “медалёў” робіцца няважным, што яна зрабіла. Найхутчэй аўтарка несвядома выключаецца з конкурсу. У ацэнках гуляюць за ці супраць мужчыны-аўтара. Актуальныя і  чаканыя “самцоўская барацьба”, тузанне маладзейшых “альфаў” са старэйшымі. У патрыярхатнай мадэлі, пад якую падпадае беларуская літаратурная супольнасць, фактычнае прызнанне заслуг жанчыны робіцца праблемным.

 У 2014 годзе рускамоўная Алексіевіч, якая не ўваходзіць у беларускую літаратарскую “тусоўку”, нягледзячы на выключны прафесіяналізм, маргіналізаваная ў гэтай супольнасці тройчы: паводле мовы, паводле няўключанасці ў “кола сваіх” і паводле таго, што яна жанчына.

Праз год кніга “Час second hand” сукупна з усім даробкам прынесла Святлане Алексіевіч Нобелеўскую прэмію ў літаратуры. Відавочна, што дэмакратычнасць альбо недэмакратычнасць сістэмы каардынатаў, у якой адбываецца ацэнка плёну працы пісьменніцы, адыгрывае ключавую ролю.

Было цікава назіраць і за тым, да каго звярталіся па каментар журналісты і журналісткі наконт нобелеўскай перамогі Святланы Алексіевіч. З ініцыятывы медыяў мы даведаліся толькі пра меркаванні аўтарытэтаў-мужчын, якія выступілі з крытычнымі заўвагамі. Жанчынамі слова так проста не прапаноўвалі. Засведчу як тая, якая прынагоднае слова ўсё-ткі ўзяла

Такім чынам, беларуская “Ганна”, у адрозненне ад нямецкай, скажам, “Герты”, усё яшчэ разглядаецца як прызначаная “завіхацца ля печы”, а не рабіць сур’ёзныя рэчы.

Беларускіх пісьменніц сёння безумоўна болей, чым у 1927 годзе, з якога сведчыць нам Мікола Байкоў, але кантэкст для іх застаецца варожым, ён выштурхвае іх за межы бачнасці, за межы прызнання, абясцэньвае і дэматывуе.

У лістападзе 2013 году я напісала ў сваім блогу: “Сёння былі ў гаспадарчым судзе па справе выдаўца Логвінава супраць Міністэрства інфармацыі. <…> У навінах сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць выдавецтва, згадваюць ў асноўным толькі мужчынскія імёны, хаця палова з прысутных былі жанчыны. Інтравертызуюць жанчын у грамадстве не толькі СМІ, але і самі жанчыны: "Не хачу свяціцца, там здымаюць на відэа". Але мы будзем гэта мяняць”.

Я думаю, што змены да лепшага магчымыя. У першую чаргу самім жанчынам варта адмаўляцца ад практыкі ўнутранай мізагініі, саманянавісці, не дазваляць адсоўваць убок сябе і іншых жанчын з прычынаў, не датычных прафесіяналізму, бачыць і прызнаваць заслугі адна адной, не саромецца гаварыць пра сябе ў жаночым родзе што да прафесіі, калі ў мове ёсць такія магчымасці — такім чынам выбудоўваючы станоўчы і дэмакратычны кантэкст для сваёй працы і самарэалізацыі.

Чытайце таксама

Залаты век ілюстрацыі: Эдмунд Дзюлак

Залаты век ілюстрацыі: Эдмунд Дзюлак

Фотамастацтва на службе ў літаратуры

Фотамастацтва на службе ў літаратуры

Ва Украіне днямі быў прэзентаваны фотапраект Расціслава Шпука "Літаратары ў вобразе бамжоў". 31 траўня ў львоўскай арт-кавярні "Кватэра 35" адкрылася выстава аўтара пад назвай "Без адзнак мастацкага жыцця".…

Элизабет Бишоп, awful but cheerful

Наталля Паваляева

Элизабет Бишоп, awful but cheerful

Жизнь Элизабет Бишоп действительно была “awful but cheerful”. Трагедии и драмы сопровождали поэтессу с самого рождения и до конца; болезни, слабости и темные стороны собственной натуры (хроническая астма,…

Пісьменнік нічога не павінен

Сяргій Жадан

Пісьменнік нічога не павінен

Кнігаманы і растаманы Усходняй Еўропы чакаюць новых кнігаў Сяргія Жадана, як меламаны чакаюць новага альбому ўлюбёнага гурта, а яго выступаў у родным горадзе – як бушмэны дажджу ў афрыканскай саване...

2641