№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ганна Янкута

Філасофія для чайнікаў ад Юстэйна Гордэра

10 кастрычніка 2017

Філасофія для чайнікаў ад Юстэйна Гордэра

Напярэдадні свайго пятнаццацігоддзя нарвежская школьніца Сафія Амундсэн пачынае атрымліваць загадкавыя лісты з лекцыямі і заданнямі па філасофіі і яшчэ больш загадкавыя пасланні, якія невядомы маёр батальёна ААН дасылае праз Сафію сваёй дачцэ Хільдзе. І калі з першай загадкай чытач неўзабаве больш-менш разбярэцца, то другая будзе пераследаваць яго амаль да канца кнігі. Раман нарвежскага пісьменніка Юстэйна Гордэра (нар. у 1952) “Сафіін свет”, што ў 2014 годзе выйшаў у выдавецтве Змітра Коласа ў перакладзе Лідыі Ёхансэн, спалучае, здавалася б, неспалучальнае: кароткі змест курса па гісторыі філасофіі, містычны сюжэт і постмадэрнісцкую тэхніку пісьма.

Каму патрэбны кароткі змест

Пачну з таго, што чытаць замест твораў іх кароткі змест — мода зусім не апошніх часоў, калі прахадны бал для паступлення ў ВНУ няўхільна набліжаецца да нуля. “Ганна Карэніна” на 30 старонках — рэч з літаратурнага гледзішча даволі сумнеўная, аднак сама ідэя расказаць пра тоўстую таміну ў некалькіх словах старая як свет і мае някепскі літаратурны патэнцыял. Вось, напрыклад, як у сярэднявечныя часы “Энеіду” Вергілія сціснулі да аднаго чатырохрадкоўя:

Жарсцю палае Парыс. Выкрадае Гэлену. Ўзнімае
Грэцыя зброю. Вайна. Троя ў руінах ляжыць.
Прэч уцякае Энэй. Па моры блукае. Нарэшце
Ён у Італіі. Турн здужаны. Альба стаіць.

(пераклад Антона Францішка Брыля)

Можна яшчэ пачаць з таго, што з раманам за апошнія сто гадоў здарылася ўсё, што толькі магло здарыцца: Бэл Каўфман (якая нядаўна памерла ва ўзросце 103 гадоў) напісала раман “Уверх па лесвіцы, што вядзе ўніз”, які складаецца са школьных фармуляраў, цыдулак і лістоў, Міларад Павіч напісаў “Хазарскі слоўнік”, што не толькі складаецца са слоўнікавых артыкулаў, але і мае жаночую і мужчынскую версіі, Альгерд Бахарэвіч напісаў раман “Халоднае сэрца” ў выглядзе пасляслоўя да свайго ж перакладу казкі “Халоднае сэрца” Вільгельма Гаўфа — працягваць можна да бясконцасці. А таму сама думка пакласці ў аснову рамана кароткі змест курса гісторыі філасофіі не мусіла б здацца сёння чымсьці асабліва нязвыклым. І ўсё ж інтрыгу ў філасофіі Берклі знайсці не так проста — аднак, як даводзіць Юстэйн Гордэр, магчыма.

Чытачы выбіраюць філасофію

У Юстэйна Гордэра, безумоўна, знайшлося нямала крытыкаў — і на філасофскіх кафедрах, і ў тоўстых часопісах, і ў інтэрнэце. Напрыклад, на адным з сайтаў сустракаюцца два тыпы водгукаў на рускі пераклад кнігі “Сафіін свет” — захопленыя альбо абураныя, прычым колькасць іх прыкладна аднолькавая. Але якой бы нуднай ні здавалася ідэя напісаць раман пра гісторыю філасофіі, ад фактаў нікуды не ўцячэш: раман “Сафіін свет” (выйшаў у 1991) тры гады трымаўся ў першым радку спіса нарвежскіх бэстсэлераў, быў перакладзены на больш чым 50 моваў і разышоўся па свеце ў колькасці больш чым 40 мільёнаў асобнікаў. Калі б справа датычыла Беларусі, гэта б значыла, што кожны жыхар нашай краіны набыў сабе 4 экзэмпляры рамана! Больш за тое, пазней паводле гэтага твора быў зняты фільм і выйшла кампутарная гульня, а аўтар быў прызнаны адным з самых камерцыйна паспяховых нарвежскіх пісьменнікаў за мяжой. А таму, перш чым зморшчыць нос і падумаць: “Філасофія, фууу”, успомніце: чатыры кнігі на кожнага беларуса!

У адным з інтэрв’ю аўтар зазначаў, што такая папулярнасць зрабілася для яго сюрпрызам. Сваю кнігу ён пісаў перш за ўсё для школьнікаў, а таму асноўныя ідэі філосафаў там тлумачацца простай мовай і з дапамогай вялікай колькасці прыкладаў, узятых са штодзённага жыцця. Так, напрыклад, праз усю кнігу праходзіць параўнанне сусвету з вялікім белым трусам, якога чарадзей выцягвае з капелюша, а людзі — гэта кузуркі, што зачапіліся за трусіную поўсць. Большасць з іх не цікавіцца нічым, апроч дробязных справаў свайго прыватнага жыцця, і толькі філосафы “спрабуюць узлезці па танюткіх шарсцінках вышэй, каб зазірнуць у вочы вялікаму магу”.

Хто такая Сафія Амундсэн?

У першым лісце, які Сафія атрымлівае ад Альберта Кнокса, філосафа, што правядзе яе праз гісторыю філасофіі, пачаўшы з міфаў і дайшоўшы да экзістэнцыялістаў, усяго два словы: “Хто ты?”. Гэтае пытанне, як і сама гульня ў філасофію, што здаецца спачатку такім бяскрыўдным, з кожнай новай часткай набывае ўсё трывожнейшае гучанне. Лісты ад невядомага маёра Альберта Кнага, які выкарыстоўвае ўсё больш неверагодныя спосабы павіншаваць дачку Хільду (яна нарадзілася ў адзін дзень з Сафіяй), з’яўляюцца ўсё часцей, і Сафія губляецца сярод загадак, якія ператвараюць звыклую рэчаіснасць у абсурд (а што гэта такое, дзяўчынка на той момант ужо дазнаецца).

Першую разгадку ўсіх гэтых загадак даюць філасофскія погляды Берклі, і тут немагчыма не захапіцца майстэрствам аўтара, які арганічна ўпісвае курс філасофіі ў сюжэт містычнага постмадэрнісцкага рамана: далей дзеянне твора будзе развівацца ў адпаведнасці з развіццём філасофскай думкі. Калі ў пачатку твора чытач проста назірае за Сафіяй, якая з дзіцячай наіўнасцю і сур’ёзнасцю прымярае на сябе новыя і новыя тэорыі, і за Альбертам, які пераапранаецца ў сярэднявечнага манаха і вядзе дзяўчынку ў гатычны сабор, каб яна адчула атмасферу адпаведнай эпохі, то бліжэй да канца філасофія робіцца яго паўнавартасным героем. Што цікава, да постмадэрнізму персанажы так і не дабіраюцца, спыніўшыся на экзістэнцыялізме і закрануўшы тэорыю Вялікага выбуху. Імаверна, аўтар робіць гэта наўмысна і спрабуе захаваць інтрыгу, каб даць чытачу магчымасць адчуць сябе яшчэ адным героем кнігі.

Беларускаму чытачу кніга можа быць цікавай яшчэ з аднаго гледзішча
— праз розніцу культурнай сітуацыі. Па-першае, адразу заўважаеш, што людзі ў кнізе стасуюцца ў нязвыклай для нас манеры: дзяўчынка нашмат вальней размаўляе з дарослымі і не стрымлівае сваіх пачуццяў, зусім не стараючыся быць ветлівай. Па-другое, асаблівае месца тут адводзіцца праблеме гендарнага раўнапраўя: Сафія асобна пытае пра стаўленне да жанчын ці не кожнага філосафа і абураецца, што доўгі час жанчыны да навукі і філасофіі не дапускаліся, а іх магчымасці атрымаць адукацыю абмяжоўваліся. Па-трэцяе, аўтар увесь час звяртаецца да нарвежскай гісторыі і культуры, тлумачачы тую ці іншую філасофскую тэорыю, таму беларускаму чытачу кніга шмат чаго раскажа і пра саміх нарвежцаў. Хаця, канечне, цікава было б пачытаць нешта падобнае з беларусацэнтрычным ухілам.

Перакласці неперакладзенае

Самая вялікая праблема, якая відавочна стаяла перад перакладчыцай рамана “Сафіін свет”, — гэта неабходнасць самастойна ўводзіць тыя ці іншыя філасофскія тэрміны і паняцці, бо большасць прац, пра якія вядзецца гаворка ў кнізе, на беларускую мову не перакладзеная. Безумоўна, тыя ці іншыя тэрміны замацаваныя ў наяўных перакладах ці ў беларускамоўных універсітэцкіх курсах, аднак пошук правільных адпаведнікаў у дадзеным выпадку — справа нялёгкая. Трошкі спрашчае (хаця і ўскладняе таксама) задачу тое, што філасофскія тэорыі ў кнізе выкладзеныя проста і займальна: варта памятаць, што першапачаткова кніга прызначалася школьнікам. Беларускі пераклад рамана чытаецца і ўспрымаецца лёгка. Тут няма месца заблытаным сентэнцыям і складаным развагам: калі ў вас ёсць жаданне асвяжыць веды пра філасофію ці скласці ўяўленне пра развіццё філасофскай думкі, гэтая кніга ніяк не мусіць вас адпужаць.

Упершыню тэкст быў надрукаваны на сайце budzma.by

Чытайце таксама

Прэмія імя Т. С. Эліята

Прэмія імя Т. С. Эліята

12 студзеня 2009 года стала вядомае імя ўладальніцы галоўнай брытанскай паэтычнай прэміі – прэміі імя Т. С. Эліята (Тhe TS Eliot prize for poetry). Ёй стала малавядомая 30-гадовая паэтка Джэн Хэдфілд (Jen…

Пакуль нас цікавіць герой, які думае, дэтэктыў будзе існаваць

Даніэль Клугер

Пакуль нас цікавіць герой, які думае, дэтэктыў будзе існаваць

— Дэтэктыў даўно выйшаў за межы жанру і ўвабраў у сябе рысы іншых жанраў літаратуры. Якая мадыфікацыя дэтэктыву Вас найбольш прыцягвае? — Я люблю тое, што называецца “класічным дэтэктывам”: калі разгадка…

Пякельныя машыны Анджэлы Картэр

Вікторыя Ягорава

Пякельныя машыны Анджэлы Картэр

Многія чытачы не змаглі адолець і некалькі старонак, іншыя чытаюць і перачытваюць творы А. Картэр некалькі разоў. У чым прычына такой супярэчнасці?..

Беларуская жаночая паэзія міжваеннага перыяду і фармаванне

Аксана Данільчык

Беларуская жаночая паэзія міжваеннага перыяду і фармаванне "новай" жанчыны

Літаратуразнаўцаў цікавіць у першую чаргу літаратурны працэс, хоць для яго разумення, безумоўна, неабходна трымаць пад увагай умовы, у якіх ён праходзіў. Ці правамоцны ўвогуле падзел літаратуры, у прыватнасці…

1861