№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Алена Карп

Крыжовы паход дзяцей №***

22 студзеня 2018

Крыжовы паход дзяцей №***

Іржы Кратахвіл “Ляжаць, шэльма!”. Пераклад з чэшскай Сяргея Сматрычэнкі

Не да пацераў, калі хата гарыць — падаецца, на глабальным узроўні неяк так вызначаецца ў нас стаўленне да культуры. Хата між тым гарыць перманентна. У тым ліку праз ігнараванне гуманітарнай сферы.

Хто ратуе сітуацыю на культурным полі — дык гэта энтузіясты, іх прыватныя ініцыятывы, што наўзбоч і насуперак фармуюць альтэрнатыву. Гэта выглядае чыстым альтруізмам — мяняць культурны ландшафт і зацыроўваць наяўныя ў ім прагалы, пакуль шырокая грамадскасць або не заўважае, або не разумее, навошта ўсё гэта. Напрыклад, навошта, акрамя як абрабляць родную зямельку, насыпаць горы і завозіць сюды нейкія чужаземныя кантэксты? Каб не быць ментальнай правінцыяй. Па сутнасці, пераклады працуюць на гэта. Таму варта вітаць усялякую планамерную працу па стварэнні ўласнага корпусу перакладных тэкстаў. І “ПрайдзіСвет”, і запачаткаваную “Амерыканку”, і “Чэшскую калекцыю”, якая з 2006 году спраўна пастаўляе нам актуальную чэшскую літаратуру. Выдадзеныя за гэты час тэксты ўжо фармуюць пэўны кантэкст, не поўны (поўны — у арыгінале), але прадстаўнічы.

Калі спрабаваць абагульняць, то найперш тут кідаецца ў вочы тое, што сучасная чэшская проза актыўна працуе з гісторыяй ХХ стагоддзя і калектыўнымі траўмамі, прытым гэта блізкая нам гісторыя, мы праходзілі тое самае і тое самае нам баліць. Не вазьмуся сцвярджаць, што для чэшскай літаратуры гэта тэндэнцыя. Магчыма, гэта свядомая пазіцыя куратара серыі Сяргея Сматрычэнкі — выбіраць актуальнае для беларускага чытача. Іржы Кратахвіл з раманам “Ляжаць, шэльма!” гэтую канцэпцыю падтрымлівае як найлепей. Ён сягае ў нетры гісторыі адчайна і бясстрашна.

Кратахвіл бярэ пад увагу канкрэтны прамежак часу — перыяд сталінізму, а далей набліжае фокус — адна сюррэалістычная вусцішная гісторыя падрыхтоўкі дзяцей да крыжовага паходу. Гісторыя гэтая прайграная ў мастацтве неаднойчы. Прыкладна паралельна з перакладам “Ляжаць, шэльма!” на беларускай сцэне з’явіўся спектакль (дакладней work-in-progress) “Крыжовы паход дзяцей”, аўтар п’есы — Андрэй Іваноў, рэжысёр — Юры Дзівакоў. То бок нешта няўлоўнае ў паветры набрыняла і выбухнула — мастацкімі актамі. (Неасцярожная метафара: культурныя падзеі ў нашых шыротах не надта грымяць і выбухаюць па-за экспертнай супольнасцю, але якраз яна абедзве працы заўважыла і ацаніла. “Крыжовы паход дзяцей” быў прызнаны адным з найлепшых спектакляў сезона, а пераклад Сяргея Сматрычэнкі ўвайшоў у шорт-ліст прэміі імя Карласа Шэрмана).

У тэксце рамана ёсць дзве метафары, якія мне бачацца сугучнымі: “сервант ушчэнт ашалелай гісторыі” і Калодзеж. Калодзеж тут адыгрывае сваю функцыю напоўніцу, стаецца прасторай антыўтопіі ўнутры дзяржавы, што сама па сабе антыўтопія. Але па-за тым і сервант, і калодзеж гісторыі — дзве замкнёныя прасторы, што хаваюць у сабе страхі і таямніцы, якія не кожны наважыцца выцягнуць. Гісторыя галоўнага героя Спартака, яго крыжовага паходу — гэта гісторыя пра сусветнае зло (і тэрмін прыдатнасці ў яго не выйшаў у 1953-м) і бязмежную ўладу.

 Маючы перад сабою гэтыя тэмы, вельмі проста і гэтак жа небяспечна пачаць сыпаць труізмамі. Вельмі проста пагадзіцца з Вітгенштэйнам і кампаніяй: мова недастатковая, не прыстасаваная для абсалютных этычных сэнсаў. Мастацкая літаратура працуе з той жа мовай, але якасная мастацкая літаратура не расказвае пра, а ставіць нас перад тварам таго, што не прагаворваецца. Пабач і жахніся. А банальнасці пакінь сабе. Кратахвіл паказвае механізмы — як гэта працуе. Як таталітарная мілітарызаваная дзяржава падмінае пад сябе чалавека і не давіцца. Як чалавек прысвойвае не сваю ідэю і ёй падпарадкоўваецца. Як вызваляецца/спрабуе вызваліцца ад аблуднай ідэі. Як фармуюцца стасункі паміж катам і ахвярай, у якіх кожны ўдзельнік адыгрывае цэлы спектр роляў і за імі не заўважае рэальнасці. Гэтая дваістасць і няпэўнасць завязваецца ў самым пачатку — загадкай пра дзверы на волю і на плаху. Задача на логіку, якой распачынаецца ініцыяцыя героя, набывае свой глыбінны сэнс, са сродку трымаць інтрыгу вырастае ў прыпавесць.

Не факт, што Кратахвілу трапляліся савецкія метадычкі, у якіх папулярнай формай працы на ўроку літаратуры быў суд над героем. Магчыма, бачыць у яго творы іронію з нагоды жанру — памылка, бо Кратахвіл наогул скрозь іранічны і сатырычны: “Вы, мае суддзі, што седзіце там унутры, глыбока ўва мне (даруйце, што я вам там не магу ўключыць кліматызацыю або хоць бы адчыніць вокны), дык зірніце на маю гісторыю нялітасціва, але справядліва”. У любым разе яго суд нашмат больш гуманны, сэнсоўны і менш пафасны. У адрозненне ад школьных урокаў, усё гэта ўсур’ёз: “Каму я гэта ўсё расказваў? Ды ясна каму, тым суддзям, якія сядзяць ува мне, якія сядзяць у кожным з нас, калі толькі вы іх яшчэ не выгналі, тым непадкупным, якія ўзважваюць нашыя ўчынкі, незалежна ад таго, падабаецца гэта нам або не”.

 “...Я пераўтварыў сваю траўму ў гісторыю”, — галоўны герой адначасова спавядаецца і выкрывае. Калі пра твор Кратахвіла можна казаць як пра раман выхавання, то выхаванне гэтае вычварнае, заснаванае на фізічным і псіхалагічным гвалце. “Не бойся, даражэнькі, і цябе зламаюць”. Уласна гэтая жорсткая ініцыяцыя, працэс падпарадкавання і злому робіцца вызначальным сюжэтам у жыцці галоўнага героя. Вакол яго выбудаваны хранатоп рамана, што фіксуецца ў тым ліку назвамі раздзелаў: “Перад тым”, “Там”, “Потым”, “Тут”. Жыццё дзеліцца на “да” і “пасля”, прычым пасля, на свабодзе, паўнавартаснага жыцця ў ахвяраў гвалту не атрымліваецца.

Гэты водападзел — там і тут, да і пасля — змяняе таксама ідэнтычнасць герояў, прытым у літаральным сэнсе. Па тым, як Кратахвіл гэты момант паўтарае і падкрэслівае, робіцца відавочна, што змена ідэнтычнасці — важная для яго тэма. Імёны, атрыманыя героямі (сюррэалістычныя ў Калодзежы, свецкія, з чужой культуры — на волі), заўжды навязаныя звонку, прадыктаваныя абставінамі. Галоўны герой — адзіны, хто акрамя чужых імёнаў меў школьную мянушку, абраную самастойна. Імя, дадзенае яму бацькамі, цягам аповеду так і застаецца невядомым. У гэтым бачыцца свая логіка. Неназваны, не ўпісаны ні ў якую парадыгму, герой роўны самому сабе і пражывае сваё самае натуральнае жыццё. Да таго ж пазней на свае няродныя ідэнтычнасці — Спартак і Фрэнклін Джонс — ён можа глядзець з неабходнай для тэрапеўтычнага самааналізу адстароненасцю.

Зрэшты, у рамане ёсць яшчэ адно неназванае імя, дакладней, прозвішча — Сталін. І рэч тут, канечне, не ў якой-небудзь боязі ці асцярожнасці. Проста няма прынцыповай розніцы паміж гросмайстрамі ўсіх узроўняў — людзьмі, надзеленымі ўладай, якія чамусьці вырашылі, што ўлада дае ім права гуляцца чужымі жыццямі. Відавочна, у 2001 годзе, пачаўшы працу над раманам, Кратахвіл думаў і пра іншыя прозвішчы і, падаецца, не меў аптымізму адносна таго, што некалі ўсё гэта скончыцца.

Па правілах мусіць быць яшчэ колькі фраз пра стылістыку: пэўная велягурыстасць, гульня слоў, падкрэсленая эрудыцыя, а паміж імі часам вульгарная казарменная лексіка, маналог, увесь час звернуты да свайго рэцыпіента... Матэрыялу для размовы тут сапраўды хапае. Але для мяне больш істотнае іншае. Гэтую кнігу цяжка пакінуць недачытанай, таму яна чытаецца ўночы. І нічога добрага пасля яе не сніцца. Непазбежныя выдаткі добрай літаратуры — нейкі час па прачытанні застаешся ў яе палоне.

Чытайце таксама

Як беларусы ў 1928 годзе гей-шлюбам палохалі

Уладзіслаў Гарбацкі

Як беларусы ў 1928 годзе гей-шлюбам палохалі

Дзевяноста гадоў таму — 4 ліпеня 1928 года — у віленскай газеце «Сцяг Працы», якую выдавалі беларускія левыя, было надрукавана апавяданне «Дзіўнае вяселле» пад псеўданімам П. Асака. Пад гэтым псеўданімам…

Паэзія Гая Валерыя Катула ў беларускіх перакладах XX і першай дэкады XXI ст.

Антон Францішак Брыль

Паэзія Гая Валерыя Катула ў беларускіх перакладах XX і першай дэкады XXI ст.

Паэзія Гая Валерыя Катула ў беларускіх перакладах XX і першай дэкады XXI ст.

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Лешак Энгелькінг

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Вясной у кнігарні “логвінаЎ” у межах Месяца польскай літаратуры прайшла сустрэча з польскім паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і перакладазнаўцам Лешкам Энгелькінгам...

Фортачка мовы

Сірошка Пістончык

Фортачка мовы

Пра трасянку есць две пазіцыі — іё цілі сьцісьняюцца, цілі ржуць і чмошаць. Так паводзяцца з дзяўчонкамі ў малодшых класах. А патаму, калі будзеце і далей фукаць пры слове “ізвяніця”, знайце: нікакая…

2155