№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Аляксандра Макавік

Селядцы і мерэнгі, або Кніга пра шафу Сары Берман

31 кастрычніка 2018

30 кастрычніка ў амерыканскім выдавецтве Harper Collins выйшла ў свет кніга нью-ёркскіх мастакоў Майры і Алекса Калманаў. Летась у музеі "Метраполітэн" яны прэзентавалі арыгінальную выставу: гардэроб іх маці і бабулі з усім яго змесцівам і ў тым бездакорным парадку, якога тая пільнавалася. Кашулі, бялізна, строі, боцікі… Сара Берман, эмігрантка з Ізраіля, а раней — з Беларусі, апошнія гады жыцця насіла толькі белыя ўборы.

Фота з выставы "Шафа Сары Берман"

Мяне захапілі і сама выстава, і гісторыя, што хавалася за выкшталцонай шатняй, і я напісала пра Сару, дзяўчо з вёскі Раманава, у свабодаўскую рубрыку "Варта".

За гэты год Майра Калман апублікавала яшчэ некалькі кніг — "Пірог" (Cake, супольна з Барбарай Скот-Гудман), "Смелыя і адважныя: Дзесяць гераіняў, што здабылі жанчынам права галасаваць" (Bold & Brave: Ten Heroes Who Won Women the Right to Vote, тэкст Кірстэн Джылібрэнд), а ад сённяшняга дня можна набыць і "Шафу Сары Берман" — кнігу, што нарадзілася з леташняй выставы.

Вось што піша выдавецтва: "Калманы аб’ядналі ўсе свае таленты ў гэтай захапляльнай сямейнай біяграфіі. Гэта творчая сумесь наратыву і яркай візуальнай часткі, ода выключным жанчынам і ўслаўлення індывідуальнасці, самавыяўленне і мастацтва жыць аўтэнтычна.

На пачатку 1950-х габрэйская эмігрантка Сара Берман прыехала ў Бронкс з мужам і дзвюма малымі дочкамі. Калі дзеці выраслі, яны з мужам вярнуліся ў Ізраіль, але Сара там надоўга не затрымалася. У канцы 1960-х яна пакінула мужа пасля трыццаці васьмі гадоў шлюбу. Аднойчы ўвечары яна сабрала адну валізку і вярнулася ў Нью-Ёрк, дзе пасялілася ў аднапакаёўцы ў Грынвіч-Вілідж, побач з сям’ёй. У сваім новым жытле Сара пачала адкрываць новыя рэчы і ствараць новыя рытуалы… Яна адкідала ўсё лішняе і ў парыве самавыяўлення вырашыла насіць выключна белае.

 

Аднойчы ўначы яна сышла з адной валізкаю, сказаўшы "бывай" усяму, што мела

Сара трымала свае рэчы ў ідэальна чыстай і ідэальна ўладкаванай шафе. Элегантныя, мінімалісцкія, моцна накрухмаленыя, бездакорна адпрасаваныя і складзеныя белыя ўборы разам з шкарпэткамі ды споднім, а таксама іншыя рэчы: бульбяная тарка, улюбёная парфума Chanel No 19 — яе шатня выглядала ўзнёсла. Пасля Сарынай смерці ў 2004 годзе сям’я вырашыла захаваць усё некранутым, спадзеючыся аднойчы паказаць гэта людзям".

Майра Калман — вядомая ілюстратарка, і я даўно сачу за тым, што яна робіць: адважна, іранічна, на мяжы жанраў. Яна называе сябе visual storyteller, візуальнай апавядальніцай. І калі ў даўнейшых інтэрв’ю мастачка казала, што яе мама з Расеі (або цьмяна — з Усходняй Еўропы), то ў апошнія гады Калман заўжды называе Беларусь. У інтэрв’ю яна кажа: "Насамрэч мая творчасць бярэ вытокі ў дзяцінстве. Зрэшты, шмат хто можа сказаць так пра ўласнае жыццё, але вытокі маёй працы — у дзяцінстве маёй маці, у Беларусі. Таму я бясконца вяртаюся да яго — да гісторыяў, святла, паветра, мора, кавярняў, лунання фіранак. Таму я ўвесь час пішу і малюю пра гэта, і цяпер усё часцей".


У маленькай вёсцы Леніна ў Беларусі жыла вялікая і адносна шчаслівая сям’я... Так, былі пагромы. Так, была нястача. Але жыццё было не такое і кепскае

Майра Калман некалькі гадоў таму наведала вёскі сваіх бацькоў — Леніна (Раманава) на Случчыне, радзіму маці, і бацькаву вёску непадалёк. Майрыны бацькі пакінулі Беларусь паасобку, а сустрэліся і пабраліся шлюбам ужо ў Палестыне.

Бацька, гандляр алмазамі, застаецца ў яе творах і аповедах пра маленства таямнічай, часам ледзь не злавеснай постаццю: "Мой бацька часта адсутнічаў. Паўгода ён быў у раз’ездах. І няхай здараліся перапынкі, але ён напраўду бываў дома рэдка, і жанчыны заставаліся пакінутыя самі сабе. У нашым выпадку гэта было выдатна, бо наш бацька быў патрыярхальным чалавекам старой загартоўкі і кіраваў намі, як патрыярхі даўнейшых пакаленняў. Так што калі ён з’язджаў, мы нібы расцвіталі, бо маглі адчуць, як гэта — быць жанчынай, маладой дзяўчынай. Проста быць той, хто ты ёсць".

Майра Калман часта піша пра смерць, і ёй здаецца, што гэта ўплыў сямейнай гісторыі: "Ведаеце што? Відаць, гэта звязана з гісторыяй сям’і, асабліва майго бацькі. Ён пакінуў Беларусь, а ягоная сям’я засталася, бо яны думалі: "Ну што благога можа здарыцца?" І ўсе яны былі забітыя. Вось што благога можа здарыцца. Усё можа знікнуць, і нічога нечуванага ў гэтым няма — вось як мяне выхавалі. Шмат, вельмі шмат хто носіць такое ў сабе — што ўсё можа быць страчанае ўмомант, што вы ніколі не будзеце ў бяспецы і што трагедыя і забойства — магчымыя… Людзі, якія ратаваліся ад Халакосту і прыбывалі ў Ізраіль, былі перакананыя: "Мы не можам дазволіць, каб такое здарылася зноў".

Цікава, што Песах Берман не толькі гандляваў алмазамі, але і быў радыкальным сіяністам, чальцом падпольнай вайсковай арганізацыі "Іргун". У тыя гады ёй кіраваў берасцеец Менахем Бегін — у 1940-я, як ён сам прызнаваў, тэрарыст, а ў 1970-я — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру.

Але кніга — пра маму, Сару Берман, жанчыну, якая натхняла Майру і была для яе ўзорам. Сярод іншага — і ўзорам творчай адвагі: узяць хоць бы мапу свету, намаляваную гэтай жанчынай.

Мапа, намаляваная Сарай Берман: уверсе — Канада, ніжэй — кружочкі амерыканскіх штатаў, у ніжнім кутку — Тэль-Авіў і родная вёска Леніна; і подпіс: "Выбачайце, рэшта невядомая"

Я думаю, што ў кнізе таксама шмат пра бурлівую раку Случ, пра падступных беларускіх сабакаў, пра лясы з чарніцамі. Безумоўна, там шмат і пра селядцы, бо ў іншым інтэрв’ю Майра Калман прызнаецца: "Дзіцем селядцы я ненавідзела. Ніякіх селядцоў! Пакуль аднойчы, гадоў дзесяць таму, не прачнулася і не закахалася ў селядцы. Мая сям’я з Беларусі, і мы елі іх шмат. У маленстве я іх не трывала, а цяпер не магу нацешыцца. Я такая шчаслівая, што ў маім жыцці з’явіліся селядцы".

І, пэўна, у новай кнізе ёсць шмат пра белыя рэчы — з матчынай шафы і не толькі. Вось, напрыклад, як Майра ілюстравала нядаўнюю кнігу пра пірагі: "Гэта малюнкі і кароткія гісторыі, успаміны пра пірагі. І вось старонка пра мерэнгі, пра іх піша кандытарка. Я натрапіла на фантастычную фатаграфію ложка ва Усходняй Еўропе, на ім велізарнае пакрывала з зубчастым краем, і ўсё пухнатае і белае і выглядае акурат як мерэнгі. І я малюю той ложак як ілюстрацыю да мерэнгаў. Я літаральна закахалася ў яго".

Такі самы ложак быў і ў маёй бабулі з Карэліччыны — з бялюткай капай і неахопнымі падушкамі. Як пэўна ва ўсіх нашых бабуляў. Нечувана, як усё пераплецена.


 

 

Прачытаць даўнейшы тэкст пра музейную выставу "Шафа Сары Берман" можна тут: https://www.svaboda.org/a/28677498.html

А калі вы раптам у Нью-Ёрку, учора была прэзентацыя кнігі ў Брукліне, а сёння —на Брадвеі, дэталі тут: https://twitter.com/MairaKalman

 

Фота з сайта выдавецтва HarperCollins і з Твітара Майры Калман

https://www.harpercollins.com/9780062846402/sara-bermans-closet/

https://twitter.com/MairaKalman

Чытайце таксама

Амерыканскі рамантызм па-беларуску

Ганна Янкута

Амерыканскі рамантызм па-беларуску

Літаратурнае аб'яднанне Узвышша

"Узвышша"

“Узвышша” — літаратурна-мастацкі часопіс (“часопісь літаратуры, мастацтва і крытыкі”), створаны сябрамі аднайменнай літаратурнай суполкі. Лічыцца адным з самых адметных і значных літаратурна-мастацкіх…

Кніжная вокладка 2009 (паводле amazon.com)

Кніжная вокладка 2009 (паводле amazon.com)

Інтэрнэт-кнігарня amazon.com напрыканцы 2009 года прадставіла рэйтынг найлепшых кніжных вокладак, што з’явіліся сёлета на старонках крам, цешылі зрок і прываблівалі патэнцыйных…

Мастацкі пераклад i нацыянальная свядомасць

Карлас Шэрман

Мастацкі пераклад i нацыянальная свядомасць

Вопыт стагоддзяў даказвае, што сувязь паміж мастацкім перакладам і нацыянальнай свядомасцю бясспрэчная. Чым вышэй мастацкая вартасць перакладу, тым большая магчымасць міжвольнага параўнання, якое непасрэдна…

2911