№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ганна Янкута

Справа Роджэра Кейсмента

15 студзеня 2019

Справа Роджэра Кейсмента

Марио Варгас Льоса. Сон кельта / пер. А. Богдановского. — М.: "Иностранка", "Азбука-Аттикус", 2012.

Судовы працэс Роджэра Кейсмента 1916 года быў не менш гучным, чым працэс Оскара Ўайлда 1895 года, і амаль такім жа неадназначным. Калі праз шмат гадоў пасля слуханняў справы Ўайлда суддзя Трэверс Хамфрыс напісаў, што гэтага судовага пераследу проста не павінна было быць, то акалічнасці справы Роджэра Кейсмента, які падчас Першай сусветнай вайны спрабаваў з дапамогай нямецкай зброі вярнуць Ірландыі незалежнасць, дагэтуль пакідаюць шмат пытанняў. Наколькі правамерным быў прысуд паводле Акта пра здраду, які дзейнічаў толькі на брытанскай зямлі, а здрада фармальна была здзейсненая за межамі краіны? Як каталіцкай Ірландыі ставіцца да свайго героя, калі ён гомасэксуал і аўтар эратычнага дзённіка, вядома пад назвай "Чорныя сшыткі"? І самая вялікая інтрыга, пра якую напярэдадні выдання кнігі Марыё Варгаса Льёсы "Сон кельта" (El sueño del celta) напісаў нават "Guardian": якой пазіцыі ў дачыненні да неадназначнай фігуры Роджэра Кейсмента будзе трымацца знакаміты перуанскі празаік?

Нобелеўскую прэмію па літаратуры Льёса атрымаў у 2010 годзе "за картаграфію структуры ўлады і яркія вобразы супраціву, паўстання і паразы індывіда" і ў тым жа годзе выдаў дакументальны раман "Сон кельта" — мастацкую біяграфію Роджэра Кейсмента, дзе цытуюцца ў тым ліку "Чорныя сшыткі". Цікавасць Льёсы да асобы брытанскага дыпламата, а пазней дзеяча ірландскага вызваленчага руху зразумелая: за часамі сваёй працы брытанскім консулам у Бразіліі Роджэр Кейсмент расследаваў злачынствы гандляроў рабамі ў роднай краіне нобелеўскага лаўрэата, Перу, і данёс да грамадства жахлівыя факты катаванняў, гвалту і забойстваў, што беспакарана чыніліся ў амазонскіх лясах. "Сон кельта" выйшаў у тым самым месяцы, калі Льёса атрымаў Нобелеўскую прэмію, нібы пацвярджаючы дарэчнасць фармулёўкі нобелеўскага камітэта: у ёй даюцца "яркія вобразы супраціву, паўстання і паразы індывіда". І ўсё ж не расследаванні ў Перу прынеслі Кейсменту вядомасць сярод сучаснікаў і прызнанне брытанскага ўраду. Генеральным консулам у Рыа-дэ-Жанейра ён прыехаў ужо сталым, стомленым і спакутаваным ад хвароб чалавекам, за яго плячыма была цяжкая праца ў нетрах Конга, за якую ўрад узнагародзіў яго Ордэнам Святога Міхаіла і Святога Георгія, шостым паводле значнасці ў брытанскай сістэме ўзнагародаў.

У 1903 годзе Кейсмент, брытанскі консул у Конга (да гэтага ён ужо паспеў папрацаваць на пасадах консула ў Мазамбіку і Анголе) атрымлівае даручэнне расследаваць сітуацыю з правамі чалавека на тэрыторыі Свабоднай дзяржавы Конга, своеасаблівага ўтварэння ў глыбіні афрыканскага кантынента, якое лічылася "прыватнай уласнасцю" бельгійскага караля Леапольда ІІ. Не апошнюю ролю ў станаўленні гэтай дзяржавы адыграў брытанскі падарожнік і даследчык Афрыкі Генры Мортан Стэнлі, таксама прызнаны на радзіме і ў свеце (атрыманы ім Вялікі Крыж ордэна Лазні займае чацвёртае месца ў сістэме ўзнагарод), — менавіта ён звярнуў увагу караля Бельгіі на тэрыторыі, багатыя каўчукам і слановай косткай. Выкарыстаўшы супярэчнасці паміж еўрапейскімі дзяржавамі і ЗША, якія акурат у гэты час дзялілі Афрыку, Леапольд ІІ усталяваў кантроль над вялізнай тэрыторыяй, якая неўзабаве пачала прыносіць яму каласальны прыбытак. Вынікі каланізатарскай палітыкі караля былі жахлівыя — за гэты час, паводле розных крыніц, загінула ад 20 да 50% працэнтаў насельніцтва тэрыторыі, рэшта людзей была скалечаная, змучаная непасільнай працай і хваробамі. Да брытанскага ўраду пачалі даходзіць трывожныя звесткі пра стан рэчаў у Свабоднай дзяржаве Конга, і Кейсмент мусіў разабрацца, што насамрэч адбываецца на падуладных Леапольду ІІ землях.

Дзеянне рамана пачынаецца з жахлівай навіны, якую Роджэру Кейсменту ў камеру прыносіць памочнік адваката: следчыя Скотланд-Ярда знайшлі ў доме асуджанага яго прыватныя дзённікі. Імя нядаўняга героя, а цяпер здрадніка радзімы, паліваецца брудам, яго інтымныя нататкі абмяркоўваюцца ў парламенце, палаце лордаў, у цэрквах і на вуліцах. Прашэнне пра памілаванне пад сур’ёзнай пагрозай, нягледзячы на тое, што за яго хадайнічаюць аўтар любімых ва ўсёй Брытаніі кніг пра Шэрлака Холмса Артур Конан Дойл, будучы Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Ўільям Батлер Ейтс і добра вядомы тэатральнай публіцы Бернард Шоу, чыя самая знакамітая п’еса "Пігмаліён" ўжо напісаная і пастаўленая ў Лондане. Прашэнне пра памілаванне, аднак, не падпісаў пісьменнік Джозэф Конрад, які даўно сябруе з Кейсментам (яны пазнаёміліся ў Конга дваццаць пяць гадоў таму і разам змагаліся супраць жахлівай эксплуатацыі тубыльцаў), але "Чорныя сшыткі" тут ні пры чым.

Гісторыя Роджэра Кейсмента ў рамане прадстаўленая ў дзвюх часавых плынях: аповед пра апошнія дні былога дыпламата перад смяротным пакараннем і апошнія сустрэчы з сябрамі, якія не адвярнуліся ад яго пасля публікацыі "Чорных сшыткаў", і біяграфічныя нарысы пра тры краіны, якія займалі ў жыцці Кейсмента важнае месца: Конга, злоўжыванні ў якой пасля расследаванняў консула сталі вядомыя ў свеце, што прывяло да пэўнага паляпшэння сітуацыі ў рэгіёне (пад ціскам абставінаў Леапольд ІІ прадаў свае ўладанні бельгійскай дзяржаве), Перу, дзе частка вінаватых у злачынствах супраць нявольнікаў трапіла дзякуючы Кейсменту пад суд, і Ірландыя, краіна, якую Кейсмент лічыў сваёй радзімай і на вызваленне якой скіраваў усе свае сілы і сродкі, расчараваўшыся ў каланіяльнай палітыцы Брытаніі. Убачыўшы ў пачатку Першай сусветнай вайны шанец зрабіць Ірландыю незалежнай, Кейсмент удзельнічае ў падрыхтоўцы паўстання і шукае дапамогі ў Германіі. Менавіта таму Джозэф Конрад не падтрымлівае петыцыю пра памілаванне Кейсмента — той абвінавачаны ў здрадзе, а ў Конрада на фронце служыць сын. Гіне на фронце і сын турэмнага наглядчыка, які ў пачатку рамана глядзіць на Кейсмента з нянавісцю і пагардай. З часам, аднак, размовы з асуджаным прыносяць яму калі не суцяшэнне, то хаця б нейкую палёгку, і на знак удзячнасці наглядчык годна выпраўляе Кейсмента ў апошні шлях, старанна прывёўшы ў парадак яго адзенне.

Спрэчкі пра тое, былі "Чорныя сшыткі" з апісаннямі гомасэксуальных любоўных прыгод Кейсмента сапраўдным дзённікам дыпламата ці іх сфабрыкавала брытанская контрразведка, каб ачарніць вязня і не дапусціць яго памілавання, працягваюцца дагэтуль. Судовая экспертыза была праведзеная толькі ў 2002 годзе, і Льёса лічыць, што яе вынікі (экспертыза прызнала аўтэнтычнасць дзённіка) спрэчку не скончаць. У эпілогу рамана пісьменнік прапануе кампрамісную разгадку таямніцы Кейсмента (цытуецца паводле рускага перакладу Аляксандра Багданоўскага і ангельскага перакладу Эдыт Гросман): "У мяне як у аўтара рамана пра Кейсмента склалася ўражанне, што ён напраўду вёў свой знакаміты дзённік, аднак не ўсе апісаныя там эпізоды мелі месца ў рэальнасці, бо ў іх так шмат перабольшанняў і відавочнай выдумкі, што мімаволі думаеш: Роджэр давяраў паперы тое, што хацеў бы, але не змог перажыць насамрэч".

Кніга Льёсы "Сон кельта" — гэта грунтоўная мастацкая біяграфія Роджэра Кейсмента, напісаная ў найлепшых традыцыях лацінаамерыканскага рамана з вялікай павагай да выяўленай у ёй асобы. Пісьменнік не заглыбляецца ў акалічнасці скандалу, які падняўся вакол "Чорных сшыткаў", і не спрабуе разабрацца ў сэксуальных прыхільнасцях іх аўтара, а арганічна ўлучае нашумелы дзённік у аповед, спрабуючы ўзнавіць перажыванні чалавека, які быў часткай брытанскага грамадства канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя і да канца ў гэтае грамадства не ўпісваўся. Пазіцыя самога Льёсы можа здацца чытачу супярэчлівай: ён захапляецца сваім героем, але лічыць неабходным яго апраўдваць, адчувае пэўную перадузятасць, але не дазваляе сабе даць ёй волю. Аднак часавая дыстанцыя грае на карысць пісьменніка: маштабы перадузятасці грамадскага меркавання (ды і меркавання Кейсмента ў дачыненні да сябе самога) несупастаўныя з тым, што можа вылавіць у кнізе пільнае чытацкае вока, а таму прапанаваная Льёсам версія падзеяў выглядае цалкам праўдападобнай.

Упершыню надрукавана ў часопісе MAKEOUT 

Чытайце таксама

Як узнікае хіт: “Розум” Рудольфа Слобады

Душан Тарагел

Як узнікае хіт: “Розум” Рудольфа Слобады

Калі ў 1982 годзе ў славацкіх кнігарнях з’явіўся раман пісьменніка Рудольфа Слобады “Розум”, мала хто падазраваў, што ў свет выйшаў адзін з ключавых твораў славацкай літаратуры ХХ стагоддзя...

Ці ўключаная Беларусь у

Наталля Рак

Ці ўключаная Беларусь у "свет камандораў" (паводле рамана Маргарэт Этвуд "Аповед Пакаёўкі")

У гэтым плане фемінісцкая дэканструкцыя як літаратурны метад можа быць перанесеная на культурнае поле, у тым ліку і беларускае: калі сацыяльныя, палітычныя, культурныя ці побытавыя падзеі разглядаюцца…

Беларускія жаночыя ўспаміны

Наталля Гардзіенка

Беларускія жаночыя ўспаміны

Беларуская мемуарыстыка — не асабліва даследаваная з’ява, а жаночая і наогул амаль не звяртае на сябе ўвагі навукоўцаў. Пры гэтым успаміны беларусак у апошнія дзесяцігоддзі даволі часта можна сустрэць…

Я вывучыў ангельскую, каб чытаць Кэрала

Макс Шчур

Я вывучыў ангельскую, каб чытаць Кэрала

- Якая кніжка ў Вас у дзяцінстве была самай любімай? - “Карлсан” і "Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве". - Што падштурхнула Вас перакладаць менавіта "Алесіны прыгоды ў дзівоснай краіне"? - Любоў…

2274