№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ганна Янкута

Вершаруб Ўітмэн, альбо Як амерыканскага паэта прачытвае беларуская літаратура

6 сакавіка 2017

Вершаруб Ўітмэн, альбо Як амерыканскага паэта прачытвае беларуская літаратура

Уолт Ўітмэн (1819—1892) — адзін з самых перакладаных на беларускую мову амерыканскіх пісьменнікаў. Пачынаючы з 1920-х гг. і да цяперашняга часу пераклады вершаў са зборніка “Лісце травы” (Leaves of Grass) выходзяць асобнымі выданнямі, друкуюцца ў літаратурных часопісах і анталогіях. На беларускую мову вершы Ўітмэна перакладалі Аркадзь Мардвілка, Юрка Гаўрук, Язэп Семяжон, Янка Сіпакоў і Юля Цімафеева — мала каму з амерыканскіх паэтаў пашанцавала з такой колькасцю перакладчыкаў. Канкурэнцыю Ўітмэну можа скласці хіба што Эдгар По і, магчыма, Чарлз Букоўскі.

Даследчыца паэтычных перакладаў з ангельскай мовы на беларускую Інга Гаравая распрацавала перыядызацыю англа-беларускага паэтычнага перакладу, гісторыя якога пачалася толькі ў ХХ ст., і, вывучыўшы выбар перакладаных тэкстаў, перакладчыцкія стратэгіі і функцыянаванне перакладаў, выдзеліла тры перыяды. Разгледзім пераклады паэзіі Ў. Ўітмэна ў кожны з іх.


1. 1920—1940-я гг. І. Гаравая вызначае гэты перыяд як час заснавання традыцыі: “Перыяд ахоплівае час дзейнасці літаратурна-мастацкіх згуртаванняў “Маладняк” і “Узвышша”, сябры якіх апублікавалі першыя паэтычныя пераклады з англійскай мовы на беларускую”. Адным з першых аўтараў, што зацікавіў беларускіх перакладчыкаў, быў Ўолт Ўітмэн. І. Гаравая зазначае, што “...калі ў першай палове 1920-х гг. на “кніжнай паліцы” перакладчыкаў збіраліся пераважна вершы Дж. Байрана, Г. Лангфэла, драматургія і санеты Ў. Шэкспіра, то з другой паловы 1920-х гг. актывізаваўся пераклад твораў эксперыментальнага характару (вершы Ч. Суінберна, М. Голда, Ў. Ўітмэна)”. Такі перакладчыцкі выбар адпавядае эстэтычным пошукам аўтараў часопіса “Маладняк”, якія распрацоўвалі новыя формы мастацкага выяўлення, што мусілі адпавядаць новаму часу. Менавіта ў гэтым часопісе і выйшаў першы пераклад з Ўітмэна — верш “Песня пра вольны шлях” (Song of the Open Road; № 6, 1927), зроблены А. Мардвілкам (А. М.). Верш перакладаўся з арыгіналу, пра што сведчаць перакладчыцкія пераасэнсаванні ў беларускім тэксце. Так, напрыклад, А. Мардвілка недакладна перадае другі радок верша: “Пехатой, з лёгкім сэрцам я пачынаю шырокі шлях — // Вольны, прасторны; сьвет прада мною...” (у арыгінале: “Afoot and light-hearted I take to the open road, // Healthy, free, the world before me...”). Словы “healthy, free” тут замяняюцца на “вольны, прасторны”. Адпаведна, і сама назва верша, якая ў арыгінале суадносіцца з першым радком, у перакладчыка пераасэнсоўваецца і гучыць як “Песня пра вольны шлях”. Дарэчы, Карней Чукоўскі, які ў 1907 годзе выдаў пераклады Ўітмэна на рускую мову, пераклаў назву гэтага верша як “Песня большой дороги”.

А. Мардвілка працягнуў перакладаць Ў. Ўітмэна, і наступны пераклад — верш “Песня пра радасць (A Song of Joys) — з’явіўся ў часопісе “Росквіт” (№ 1, снежань 1927 — студзень 1928 году). У 1928 годзе выйшаў першы беларускі зборнік паэтычных перакладаў — “Кветкі чужых палёў” Юркі Гаўрука, — дзе быў надрукаваны пераклад верша Ў. Ўітмэна “Капітан! Капітан!” (O Captain! My Captain!). У канцы кнігі даецца кароткая інфармацыя пра аўтара: “Уот Ўітмэн (Walt Whitman) — нацыянальны амэрыканскі поэта”.

У 1928 годзе ў рэцэнзіі на “Анталогію амерыканскай паэзіі: 1855—1925 гг.” І. Ю. Куліка А. Мардвілка спецыяльна спыняецца на перакладах з Ў. Ўітмэна: “...у адным з іх змешчаныя творы трох амэрыканскіх клясыкаў Уота Уітмэна, Эдвіна Маркгама і Гораса Траўбэлла, у пераважнасьці прадгаданьні, протэсты супроць соцыяльнага ўціску і яшчэ нясьмелыя заклікі да змаганьня <...> Што тычыцца твораў Г<У?>ітмэна, пададзеных у анталёгіі, то трэба сказаць, што яны якраз не зьяўляюцца лепшымі і найбольш характэрнымі ў яго творчасьці, якая, будучы вельмі багатай, уяўляецца па гэтых урыўках вельмі бледна і бедна, што можна паставіць укладчыку антолёгіі ў загану”. Беларускія пераклады з Ў. Ўітмэна згадваюцца ў артыкуле М. Аляхновіча “Аб нашых перакладах” (“Маладняк”, 1928, №3), а сам амерыканскі паэт — у раздзеле “Хроніка” (“Маладняк”, 1928, № 9): “Элізбэт Карбэт гэроем сваёй кнігі “Уот” узяла вядомага поэта Уота Уітмэна (распаўсюджаны ў Амэрыцы жанр романаў-біографій)”. Такім чынам, у гэты перыяд паэзія Ў. Ўітмэна, “геніяльнага песьняра-прарока новае эры ў жыцці чалавецтва...”, прыцягвае перакладчыкаў сваім эксперыментальным характарам і тэматыкай, і імя паэта неаднаразова згадваецца ў перыёдыцы. Усе пераклады з Ў. Ўітмэна гэтага перыяду робяцца з арыгіналу.

 

2. 1950—1980-я гг. Паводле І. Гаравой, у гэтыя гады адбываецца развіццё традыцыі беларускага перакладу. У гэты перыяд з’яўляюцца пераклады з Ў. Ўітмэна, зробленыя Я. Семяжонам і Я. Сіпаковым, а таксама некалькі новых перакладаў Ю. Гаўрука.

У 1977 годзе ў зборніку выбраных перакладаў Я. Семяжона “Сем цудаў свету” з’явіліся пераклады пяці вершаў амерыканскага паэта: “Злучаным Штатам” (To the States), “Не зачыняйце дзвярэй” (Shut Not Your Doors), “Роздум” (This Moment Yearning and Thoughtful), “Табе, дэмакратыя” (For You, O Democracy), “Грымні громам” (Warble for Lilac-Time). Гэтыя пераклады недакладныя і часта істотна даўжэйшыя за арыгінал, у асобных радках беларускага перакладу цяжка пазнаецца верш Ўітмэна. Найбольш гэта тычыцца верша “Грымні громам” — варта параўнаць першыя радкі перакладу: “О мая непадкупная, шчырая мова, // Грымні громам, рассыпся званкамі птушынага спеву // пра ўрачыстасць пары, калі бэз зацвітае (цябе не забыцца, пара!), // Адшукай першародныя словы пра ўваходзіны лета...” і арыгінал: “Warble me now for joy of lilac-time, (returning in reminiscence,) // Sort me O tongue and lips for Nature's sake, souvenirs of earliest summer...”

У 1978 годзе выйшаў зборнік Ў. Ўітмэна “Лісце травы” ў перакладзе Я. Сіпакова. Выхаду зборніка папярэднічаў артыкул “Вершаруб з доўгай выспы”, які з’явіўся ў часопісе “Маладосць” у 1969 годзе. У гэтым артыкуле перакладчык разважае пра наватарства паэта і яго сувязь з фальклорам: “наватарства — гэта, хутчэй за ўсё, проста свой голас, якога пакуль яшчэ не было на зямлі”, “нават з першага погляду відно, што той жыццядайнаю крыніцаю, якая напаіла гэтыя радкі, з’яўляецца фальклор. І сама форма пабудовы вобраза, і танальнасць выражэння яго, і суадносіны рэальнага і нерэальнага — усё гэта вельмі ж ужо збліжае паэзію Уітмэна з казкамі, легендамі, паданнямі”, а таксама стварае вобраз пісьменніка, які легалізуе яго творчасць у беларускай культурнай прасторы: “ён абавязкова стане на бок пакрыўджанага і зняважанага”, “Уолт Уітмэн не сумняваўся ў велічы простага чалавека”, “ён лічыў, што разбэшчанай і распешчанай Амерыцы абавязкова патрэбен вялікі паэт, які быў бы яе сумленнем”. Паказальная наступная фраза ў артыкуле: “І пэўна ж, гэты “добры сівы паэт” ніколі не стаў бы на бок амерыканскіх салдат, якія сёння стараюцца спаліць і вытаптаць невялікі народ, невялікую краіну — В’етнам, якая амерыканцам нічога благога не рабіла”. Варта згадаць, што ў 1965—1973 гадах ЗША актыўна ўдзельнічала ў вайне ў В’етнаме, і паэзія Ўітмэна як аднаго з нешматлікіх на той момант перакладаных на беларускую мову амерыканскіх аўтараў успрымаецца ў кантэксце гэтай вайны. Цікава, што гэты сказ знікае ў прадмове да самога беларускага зборніка “Лісце травы” 1978 года, у аснову якой узяты гэты артыкул: на момант выхаду кнігі вайна ў В’етнаме ўжо скончылася. Замест гэтага ў прадмове даецца яшчэ больш выразная характарыстыка ЗША: “Ён лічыў, што разбэшчанай і распешчанай Амерыцы, краіне, дзе ўсё падпарадкавана адзінаму жыццёваму прынцыпу: “кожны сам за сябе” [курсіў мой — Г. Я.], абавязкова патрэбен вялікі паэт, які быў бы яе сумленнем”. Пераклады Я. Сіпакова дастаткова дакладныя, хоць часта даўжэйшыя за арыгіналы і маюць хібы (напрыклад, у вершы “Стаю супакоены” (Me Imperturbe) выраз “in the midst of irrational things” перакладзены як “між дрэў і жывёл”, што не вельмі адпавядае сэнсу верша.

У артыкуле “Улюбёны ў жыццё”, напісаным у 1969 годзе і надрукаваным у 1986 годзе ў пасмяротным зборніку артыкулаў і эсэ “Ступень адказнасці”, Ю. Гаўрук таксама засяроджваецца на стварэнні вобраза пісьменніка, які мог быць прыняты ў тагачасным кантэксце: “Уітмен не быў рэвалюцыянерам у нашым разуменні гэтага слова, ён нават не быў сацыялістам, але яго вершы, поўныя велізарнай выбуховай сілы, накіраваны супраць капіталістычнага ладу”, “у кульце долара, эпідэміі нажывы, якія з кожным годам усё больш і больш захліствалі Амерыку, Уітмен бачыў галоўную перашкоду ажыццяўленню сваёй вялікай мары аб дружбе і братэрстве паміж народамі”. У 1975 годзе выйшаў зборнік выбраных перакладаў Ю. Гаўрука “Агні ў прасторах”, дзе апроч перакладу верша “Капітан! Капітан!”, што друкаваўся ў кнізе “Кветкі з чужых палёў”, з’яўляюцца таксама пераклады вершаў “Прыходзьце, паэты” (Poets to Come), “Я чую, спявае Амерыка” (I Hear America Singing), “На беразе мора ўночы” (On the Beach at Night) і “Калі я слухаў вучонага астранома” (When I Heard the Learn'd Astronomer). У гэтых перакладах, зробленых з арыгіналу, шмат недакладнасцяў і пераасэнсаванняў. Напрыклад, у вершы “Прыходзьце, паэты” недакладна перададзены ўвесь першы радок: “Прыходзьце, паэты! Прамоўцы, спевакі, музыкі, прыходзьце!” (у арыгінале: “Poets to come! orators, singers, musicians to come!..”). Выраз “to come” тут правільней перакласці не як “прыходзьце”, а як “што прыйдуць”. У тым жа вершы ў радку: “Я напісаў усяго некалькі слоў, што як знакі дарожныя ў будучыню...”, “дарожныя знакі” — пераасэнсаванне выразу “indicative words”.


3. З 1990-х гадоў да нашых дзён (перыядызацыю І. Гаравой, распрацаваную ў канцы 2000-х, ужо можна дапоўніць і вызначыць межы гэтага перыяду як 1990-я — 2000-я гг.). Гэтае дваццацігоддзе можна ахарактарызаваць словамі І. Гаравой як час “падагульнення засвоенага і трансфармацыі традыцыі”, як “перыяд выдання анталогій і перавыдання зборнікаў выбранага, дапаўнення наяўных перакладаў новымі дублемамі і паступовая пераарыентацыя перакладчыкаў з англамоўнай класікі на творы авангардысцкага напрамку”. У гэты час амаль не з’яўляюцца новыя пераклады з Ў. Ўітмэна, затое выдаецца шэраг анталогій, хрэстаматый і перавыданняў, куды ўваходзяць ранейшыя пераклады.

У 1994 годзе перавыдаецца перакладзены Я. Сіпаковым беларускі зборнік Ў. Ўітмэна 1978 году — ён разам з перакладзенай А. Куляшовым паэмай “Спеў аб Гаяваце” Г. Лангфэла ўваходзіць у кнігу з серыі “Скарбы сусветнай літаратуры”. У 2006 годзе два вершы Ў. Ўітмэна — “Калі я, нібы Адам, рана ўранку” (As Adam Early in the Morning) і “Слёзы” (Tears) — у перакладзе Я. Сіпакова ўвайшлі ў кнігу “Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: выбраныя тэксты для чытання і аналізу” (укладанне Л. Баршчэўскага). У 2008 годзе пераклады твораў Ў. Ўітмэна трапляюць у анталогію паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ стагоддзя “Галасы з-за небакраю” (укладанне М. Скоблы), якая падагульняе ўвесь папярэдні досвед беларускага паэтычнага перакладу і з’яўляецца найважнейшай падзеяй трэцяга перыяду развіцця беларускага перакладу. У анталогіі змешчаныя наступныя творы Ў. Ўітмэна: фрагмент “Песні пра вольны шлях” у перакладзе А. Мардвілкі, фрагменты з “Песні пра сябе” (Song of Myself), з “Песні пра тапор” (Song of the Broad-Axe) і верш “Любоўная ласка арлоў” (The Dalliance of the Eagles) у перакладзе Я. Сіпакова, а таксама верш “Ва ўрачысты дзень царкоўнага свята...”, які пазначаны як пераклад верша Ў. Ўітмэна, зроблены Аляксеем Мусорыным, рускім навукоўцам, які піша беларускамоўныя вершы і перакладае на беларускую мову. Аднак у размове А. Мусорын паведаміў, што гэты тэкст трапіў у анталогію памылкова і насамрэч з’яўляецца яго ўласным вершам, зробленым у стылістыцы Ў. Ўітмэна. Агляд гісторыі беларускіх перакладаў і беларускай рэцэпцыі амерыканскай літаратуры, у тым ліку паэзіі Ў. Ўітмэна, зрабіла І. Шаблоўская: яе артыкул “Успрыняцце амерыканскай літаратуры ў беларускім асяроддзі” выйшаў у 2007 годзе ў зборніку “Сусветная літаратура ў беларускай прасторы”.

 

4. 2010-я гг. Гэты перыяд я хачу выдзеліць асобна, бо ён моцна адрозніваецца ад папярэдняга і характарызуецца бурным развіццём беларускіх перакладаў. У гэтыя гады з’яўляецца шэраг новых выдавецкіх перакладных серый (“Чэшская калекцыя”, “PostScriptum”, “Littera scripta”, “Паэты планеты” і інш.), выходзіць шмат новых перакладаў з розных моваў, актыўна заяўляе пра сябе інтэрнэт-часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”, першы нумар якога выходзіць у 2009 г., пераклады стала прапісваюцца на старонках перыядычных выданняў і робяцца абавязковай часткай літаратурнага жыцця — імпрэзы, прысвечаныя перакладам, адбываюцца вельмі часта.

У гэты перыяд перакладамі Ў. Ўітмэна займаецца Юля Цімафеева. Першыя яе пераклады гэтага паэта — “Пахкі травастой маіх грудзей” (Scented herbage of my breast) і “Не толькі ва ўздыме рабрыстых маіх грудзей” (Not Heaving from My Ribb'd Breast Only), вельмі дакладна зробленыя, — выйшлі ў 2012 годзе ў часопісе “Беларускага Калегіюма” “Паміж” і пасля, у 2014 годзе, — у зборніку вершаў і перакладаў аўтаркі. Гаворачы пра ўплывы амерыканскай паэзіі на паэтыку ўласных вершаў, у адным з інтэрв’ю Ю. Цімафеева адзначае: “...на мяне паўплывалі пераклады, якія я рабіла. Дзякуючы ім я зноў пачала пісаць. Бо ў дваццаць гадоў я гэтую справу кінула. Гэта былі амерыканскія паэты, а яны збольшага не рыфмавалі — Ўільям Карлас Ўільямс, Ален Гінзберг, Ўолт Ўітмэн, Эмі Лоўэл”. Новыя пераклады з’яўляюцца ў № 17 часопіса “ПрайдзіСвет”: падборка ўлучае такія творы, як “Дай мне дзівоснае ціхае сонца” (Give me the splendid silent sun), “Горад караблёў” (City Of Ships), “Горад оргій” (City Of Orgies) і “Манахата” (Mannahatta).

Такім чынам, паэзія Ўолта Ўітмэна была цікавая перакладчыкам на ўсіх этапах развіцця беларускага перакладу ўлучна з сучасным. Першых перакладчыкаў амерыканскага паэта прывабліваў эксперыментальны характар і тэматыка яго творчасці, і яго вершы перакладаліся дастаткова блізка да арыгіналу, у 1950—80-я гг. яго вершы перакладалася з агаворкамі, многія з тэкстаў перакладзеныя досыць вольна, у 1990—2000-я гг. досвед перакладу вершаў Ў. Ўітмэна падсумоўваецца, а ў 2010-я з’яўляюцца новыя дакладныя пералажэнні, творчасць амерыканскага паэта пераасэнсоўваецца ў арыгінальнай беларускамоўнай паэзіі.

 

Спіс выкарыстаных крыніц:

1. Арман, В. Рэц. на кн.: Кулік І. Ю. Антологія Американськоі Поезіі. 1855—1925 г. / В. Армар // Маладняк. — 1928. — №8. — С. 78 — 80.

2. Аляхновіч, М. Аб нашых перакладах / М. Аляхновіч // Маладняк. — 1928. — №3. — С. 91 — 101.

3. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: выбраныя тэксты для чытання і аналізу / уклад. Л. Баршчэўскі. — Мінск: “Радыёла-плюс”, 2006. — 496 с.

4. Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. / склад. М. Скобла; уступны артыкул Е. Лявонавай, навук. рэд. Л. Баршчэўскі. — Мінск: “Лімарыус”, 2008. — 896 с. [24]с.: іл.

5. Гаравая, І. Трансфармацыя англамоўнай паэзіі ў беларускім кантэксце 1920 — 1930-х гг. / І. Гаравая // Актуальныя проблемы исследования англоязычных литератур: международный сборник научных статей. Выпуск 7. Классики и современники; под общ.ред. А. Бутырчик. — Минск: РИВШ, 2008. — С. 184 — 188.

6. Гаравая, І. Вывучэнне гісторыі англа-беларускага паэтычнага перакладу ў ХХ — ХХІ стст.: метадалагічны аспект / І. Гаравая // Молодежь в науке-2009: приложение к журналу “Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Ч. 2: Серия гуманитарных наук; редкол. А. А. Коваленя (главный ред.) и др. — Мінск: “Беларуская навука”, 2010. — С. 358 — 360.

7. Гаўрук, Ю. Кветкі з чужых палёў / Ю. Гаўрук. — Менск: ЦБ “Маладняка”, 1928. — 107 с.

8. Гаўрук, Ю. Агні ў прасторах: выбраныя пераклады / Ю. Гаўрук. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1975. — 271 с.

9. Гаўрук, Ю. Ступень адказнасці: літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ / Ю. Гаўрук. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1986. — 237 с.

10. Лангфэла, Г. Спеў аб Гаяваце: Паэма. Лісце травы: вершы / У. Ўітмэн: з англ.; прадм. М. Тычыны. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1994. — 303 с. — (Скарбы сусветнай літаратуры).

11. Семяжон, Я. Сем цудаў свету / Я. Семяжон. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1977. — 254, [1] с., [1] л. партр.

12. Сіпакоў, Я. Вершаруб з Доўгай выспы / Я. Сіпакоў // Маладосць. — 1969. — №5. — С. 136 — 139.

13. Ўітмэн, Ў. Пахкі травастой маіх грудзей. Не толькі ва ўздыме рабрыстых маіх грудзей / Ў. Ўітмэн; пер. Ю. Цімафеевай // Паміж. — №10. — 2012. — С. 106 — 108.

14. Ўітмэн, Ў. Песня пра вольны шлях / Ў. Ўітмэн; пер. А. М. // Маладняк. — 1927. — №6. — С. 31 — 39.

15. Ўітмэн, Ў. Песьня пра радасьць / Ў. Ўітмэн; пер. А. М. // Росквіт. — Снежань 1927 — студзень 1928. — №1. — С. 90 — 93.

16. Уітмен, У. Лісце травы / У. Ўітмэн; пер. з англ. Я. Сіпакова. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1978. — 160 с., 8 с. укл.

17. Ўітмэн, Ў. О, Манхэтан! Вершы / / Ў. Ўітмэн; пер. Ю. Цімафеевай / ПрайдзіСвет. — №17. — 2017 [электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://prajdzisvet.org/texts/kits/o-manxetan!.html. — Дата доступу: 01.03.2017.

18. Хроніка // Маладняк. — 1928. — №9. — С. 110 — 112.

19. Цімафеева, Ю. Кніга памылак / Ю. Цімафеева. — Мінск: “Галіяфы”, 2014. — 116 с.

20. Цімафеева, Ю. “Спалучэнне мяса і кветак мяне вельмі хвалявала” / Ю. Цімафеева [электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://budzma.by/news/yulya-tsimafyeyeva-spaluchennye-myasa-i-kvyetak-myanye-vyelmi-khvalyavala.html. — Дата доступу: 15.10.2015.

21. Шаблоўская І. Сусветная літаратура ў беларускай прасторы: Рэцэпцыя. Тыпалогія. Кантакты / І. Шаблоўская; прадм. Г. Бутырчык. — Мінск: “Радыёла-плюс”, 2007. — 304 с.

22. Whitman, W. Leaves of Grass / W. Whitman [elecrtonic source]. — Mode of access: http://www.gutenberg.org/files/1322/1322-h/1322-h.htm#link2H_4_0083. — Date of access: 29.10.2015.

Чытайце таксама

Ex libris: дробязь, а прыемна

Ex libris: дробязь, а прыемна

Экслібрыс (лац. ex libris – з кніг) – гэта кніжны знак, які сведчыць пра ўласніка пэўнай кнігі. Перадгісторыя гэтага знаку даволі даўняя. Прататыпам сённяшніх экслібрысаў некаторыя лічаць знак, якім яшчэ…

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Лешак Энгелькінг

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Вясной у кнігарні “логвінаЎ” у межах Месяца польскай літаратуры прайшла сустрэча з польскім паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і перакладазнаўцам Лешкам Энгелькінгам...

Крэалізаваны прадукт: Трасянка як аб’ект лінгвістычнага даследавання

Генадзь Цыхун

Крэалізаваны прадукт: Трасянка як аб’ект лінгвістычнага даследавання

Феномен трасянкі не можа не выклікаць цікавасці ў лінгвіста. Сама назва “трасянка” — гэта тэрміналагічная метафара, створаная ў выніку пераносу зыходнага слова з бытавой сферы ў сферу лінгвістычнай тэрміналогіі...

Пісьменнік нічога не павінен

Сяргій Жадан

Пісьменнік нічога не павінен

Кнігаманы і растаманы Усходняй Еўропы чакаюць новых кнігаў Сяргія Жадана, як меламаны чакаюць новага альбому ўлюбёнага гурта, а яго выступаў у родным горадзе – як бушмэны дажджу ў афрыканскай саване...

2309