Асноўная сфера Вашых зацікаўленняў – старадаўняя шматмоўная беларуская літаратура. Адпаведна, самыя знакамітыя Вашыя пераклады – “Пруская вайна” Яна Вісліцкага, “Радзівіліяда” Яна Радвана, “Караламахія” Хрыстафора Завішы – творы, якія ніхто да Вас не перакладаў. Якім чынам Вы распрацоўваеце гэтую паэтыку? На кагосьці арыентуецеся, спрабуеце стылізаваць альбо самі ствараеце стыль, які пасля змогуць пераймаць іншыя?
Да складзенага Вамі рэестру «твораў, якія ніхто да мяне не перакладаў» след дадаць яшчэ лацінамоўную паэму “Язафатыда” Язафата Ісаковіча (Вільня, 1628), фрагмент з якой я пераклала ў 2008 г., а таксама шэраг перакладаў з польскай мовы, асноўныя з якіх – 12 трэнаў з паэтычнага зборніка “Рэха жалю” (Еўе, 1635), аповесць “Полацкая шляхта” Вайніслава Казіміра Савіча-Заблоцкага (яе я перакладала разам з Вольгай Макрак, якая ў час работы над перакладам была яшчэ студэнткай!).
Паколькі я ў асноўным перакладаю творы эпох Рэнесансу і Барока, то ў сваёй перакладчыцкай методыцы я арыентуюся на захаванне максімальнай блізкасці да тэксту арыгінала. Гэта датычыць як метрычных асаблівасцяў (я заўсёды захоўваю аўтэнтычны паэтычны памер помніка – гекзаметр, элегічны двуверш, алкеева страфа і г. д.), так і сродкаў вобразна-мастацкай выразнасці. Старанна захоўваю нават аўтарскія параўнанні, метафары, алегорыі, алітэрацыі. Але генеральныя мае перакладчыцкія прынцыпы, якім я не здраджваю – эквіметрычнасць (захаванне аўтэнтычнага памеру) і эквілінеярнасць (захаванне аўтэнтычнай колькасці радкоў). Праўда, зусім нядаўна, пры перакладзе аднаго з ямбічных вершаў Іягана Мюліуса (быў такі прыдворны паэт з Нямеччыны ў нашага славутага магната Грыгорыя Аляксандравіча Хадкевіча) вымушана была прынесці ў ахвяру эквілінеярнасць, паколькі радкі ў арыгінале былі зусім кароценькія, а лексіка беларускай мовы ў гэтым сэнсе значна адрозніваецца ад лацінскай. Але гэта – выключэнне, а не правіла. Што ж да эквіметрычнасці – то гэта для мяне sancta sanctorum перакладу. На шчасце, наша родная мова дазваляе гэткі педантызм (у адрозненне ад польскай мовы, дзе фіксаванае месца націску значна ўскладняе задачу захавання аўтэнтычнага памеру).
Стараюся не дазваляць сабе вольнасцяў у перакладзе таму, што сучаснае беларускае літаратуразнаўства, практыка школьнага і ўніверсітэцкага выкладання беларускай літаратуры часта маюць дачыненне не з перакладам, а з паэтычнай адаптацыяй, пераспевам старажытнага твора. Я ў прынцыпе зусім не супраць такіх спосабаў творчай інтэрпрэтацыі іншамоўнага тэксту, аднак лічу, што яны павінны ўзнікаць на грунце сумленнага прафесійнага перакладу, зробленага не паэтам-аматарам, які карыстаецца чужым “падрадкоўнікам”, а прафесіяналам, знаўцам адпаведнай мовы. Асабліва гэта датычыць помнікаў айчыннага лацінамоўнага пісьменства. На жаль, нават вядомая кожнаму беларусу “Песня пра зубра” Мікалая Гусоўскага не мае на сённяшні дзень адэкватнага моўнага ўвасаблення па-беларуску (пры тым, што існуюць выдатныя эквіметрычныя і эквілінеярныя пераклады на літоўскую мову Бенядзіктаса Казлаўскаса і на ўкраінскую мову Андрэя Садаморы).
Перакладаючы новы помнік, я ніколі не “зазіраю” ў наяўныя пераклады, нават калі маю нейкія сумненні; заўсёды раблю гэта толькі post factum. Лацінская мова – гэта глыбачэзны акіян сэнсаў і сэнсавых адценняў, таму тое, што спачатку можа здацца памылковым, пазней акажацца правільным. А “чужы” пераклад можа збіць, прымусіць збочыць з правільнай сцяжыны. Але ўсё ж такі, памятаючы словы Гарацыя “vestigia terrent”, я больш люблю перакладаць тыя тэксты, якіх яшчэ не караналася, калі можна так сказаць, думка перакладчыка. Таму не ведаю, ці надамся я калі на ўласны пераклад “Песні пра зубра”: плён вялікай падзвіжніцкай працы Якава Парэцкага, Язэпа Семяжона, Уладзіміра Шатона, Наталлі Арсенневай заслугоўвае глыбокай павагі, стаўшы цяпер ужо своеасаблівым літаратурным помнікам усім гэтым вялікім людзям.
Так што, калі я на каго і арыентуюся пры перакладзе, то толькі на самога аўтара. “Радзівіліяду” я перакладаю “па-радванаўску”, з рэнесансавым размахам, эмацыяналь-насцю і прытоенай іроніяй; “Язафатыду” – “па-ісаковічаўску”, з хрысціянскай узнёс-ласцю і шчырасцю рэлігійнага пачуцця; “Караламахію” – “па-завішаўску”, з разнастай-насцю фарбаў барочнага светаадчування, з імкненнем аўтара паказаць сваю шырокую эрудыцыю і паэтычнае майстэрства. І вось гэты момант – самы складаны, але і самы цікавы пры перакладзе: крышачку адчуць саму сябе паэтам 16 ці, адпаведна, 17 стагоддзя… Паверце, што ўва многім ад паспяховасці гэтага “адчування” залежыць поспех перакладу.
Вашая перакладчыцкая праца цесна звязаная з Вашымі навуковымі даследаваннямі. Ці выбіраеце Вы твор для перакладу з улікам далейшага яго вывучэння ці проста бераце той, які найбольш спадабаўся?
І тое, і другое. І ёсць яшчэ трэцяе: адчуванне выключнай неабходнасці вяртання нейкага помніка ў кантэкст беларускага духоўнага жыцця. На сённяшні дзень я маю на ўвазе найперш “Радзівіліяду” Яна Радвана. Менавіта цяпер я актыўна працую над перакладам гэтага помніка, які ёсць нашай нацыянальнай эпапеяй. Прызвычаіўшыся са школьных гадоў да таго, што ў нашай літаратуры ёсць “Энеіда навыварат”, мы толькі сёння вяртаемся да сапраўднай “Энеіды”. Ды й наогул, ці нестае нам ужо негатыву і “выварочвання” ў нашай гісторыі і культуры? Ці не надышоў час Аліндарку прыдбаць усё ж такі сваё сапраўднае годнае імя? Упэўнена, што паэма “Радзівіліяда” якраз і мае значэнне адной з аксіялагічных дамінантаў нашага існавання ў сусвеце. Таму вельмі спадзяюся, што знайду падтрымку ў справе публікацыі перакладу з боку беларускіх выдавецтваў.
А па-за тым, другім і трэцім, што ўплывае на мой выбар твору для перакладу, ёсць яшчэ штосьці першае, што наогул прывяло мяне да перакладчыцкай працы, стала, бадай, першаштуршком. Звычайна кажуць – “шукайце жанчыну”, але ў маім выпадку, як вы самі разумееце, трэба шукаць мужчыну. Гэта – Уладзімір Георгіевіч Кароткі, мой неацэнны настаўнік, навуковы кіраўнік дысертацыі, а таксама мой верны сябар і спадарожнік у жыцці. Гэта ён даў мне тэксты трэнаў са зборніка “Рэха жалю”, ён пераканаў мяне ў неабходнасці зрабіць пераклад “Прускай вайны” Яна Вісліцкага, ён і надалей, і сёння натхняе мяне на ўсе мае творчыя здзяйсненні. Ён заўсёды – першы чытач (або слухач) і першы крытык маіх перакладаў. Вельмі часта дае каштоўныя заўвагі гісторыка-літаратуразнаўчага плану. Мне пашчасціла ў жыцці мець такога добрага натхняльніка-Апалона. А яшчэ ў маёй перакладчыцкай і, наогул, навуковай працы мяне вельмі падтрымлівае мая маці, якая больш за 30 гадоў прапрацавала настаўніцай беларускай мовы ў мінскай сярэдняй школе № 90.
Вы шмат займаецеся творчасцю Францішкі Уршулі Радзівіл, і шэраг Вашых артыкулаў прысвечаны паралелям паміж яе творамі і творамі замежных пісьменнікаў. Ці не адчуваўся падчас працы недахоп беларускіх перакладаў еўрапейскай літаратуры? Ці даводзілася Вам "падглядаць" у рускія пераклады еўрапейскіх твораў?
Не, не даводзілася, я заўсёды працую з арыгіналамі. Прынамсі, калі вывучала мальераўскую спадчыну ў творчасці княгіні Радзівіл, звярнулася да арыгіналаў камедый Мальера. І, паколькі я французскай мовы, на жаль, не вывучала, то ў гэтым сэнсе неацэннай была для мяне дапамога былога загадчыка кафедры французскай мовы Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Мікалая Пятровіча Кавалёва, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця (дай, Божа, супакой яго душы!). Але недахоп беларускіх перакладаў еўрапейскай літаратуры вельмі і вельмі адчувальны! Высілкі нашых выдатных філолагаў пачынаючы ад Максіма Багдановіча і Браніслава Тарашкевіча да Язэпа Семяжона, Анатоля Клышкі, Лявона Баршчэўскага, Андрэя Хадановіча і іншых заслугоўваюць самай глыбокай павагі і ўсялякай падтрымкі! Вялікім дасягненнем у гэтым сэнсе лічу падрыхтаванае Міхасём Скоблам выданне “658 паэтаў свету ў беларускіх перакладах”. Добра было б, каб, па прыкладу нашых літоўскіх калег, беларусы навучыліся выконваць гэтую вельмі важную працу (пераклад шэдэўраў сусветнай літаратуры на нацыянальную – беларускую – мову) у межах спецыяльных навуковых праграм. Такія праграмы ўжо існуюць на сённяшні дзень (напрыклад, пры Фондзе фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь), аднак, як здаецца, іх колькасць і маштабы пакуль што абмежаваныя.
У анталогіі М. Скоблы “Галасы з-за небакраю” адзначаецца, што Вы перакладалі вершы Катула і Авідыя. Дзе можна знайсці гэтая пераклады? Ці не з’яўляецца ў Вас жаданне сур’ёзна ўзяцца за каго-небудзь з антычных класікаў і перакласці які-небудзь значны твор больш даўняй эпохі?
Мой пераклад верша Катула (прыгожая паэтычная апрацоўка міфа пра Лаадамію і Пратэсілая) апублікаваў гродзенскі даследчык антычнай літаратуры Дзмітрый Мікалаевіч Лебядзевіч у падрыхтаванай ім хрэстаматыі “Антычная літаратура ў беларускіх перакладах: Старажытны Рым” (Гродна, 2003). Мае пераклады фрагментаў з Авідзія друкаваліся ў часопісе “Маладосць”, здаецца, у 1994 годзе. Гэта былі, як пісаў Ян Вісліцкі, “першыя крокі маіх Геліканід”. Вельмі прыемна, што шаноўны спадар Скобла звярнуў увагу нават на іх!
Узяцца за каго-небудзь з антычных класікаў хачу, але не магу. Жыццё адно. На мой век хопіць “Радзівіліяды”, “Караламахіі” і “Язафатыды”. Спадзяюся, што маладыя калегі з кафедры класічнай філалогіі БДУ, а таксама адораныя і добра адукаваныя выпускнікі класічнага аддзялення філфака адкажуць на гэтае пытанне больш канструктыўна.
Асноўная мова, з якой Вы перакладаеце, – гэта лаціна. Ці перакладалі Вы з якіх-небудзь іншых моваў? Калі так, то якога кшталту творы цікавяць Вас як перакладчыка?
Акрамя лаціны, я перакладала з польскай (у тым ліку старапольскай), царкоўна-славянскай, старажытнаўсходнеславянскай (гл. хрэстаматыю “Старажытная літаратура ўсходніх славян XI – XIII стагоддзяў”, Гродна, 2004), а таксама са старабеларускай мовы (гэтыя пераклады, выкананыя ў супрацоўніцтве з У. Г. Кароткім, друкаваліся ў часопісе “Роднае слова”).
Мяне як перакладчыка цікавяць высокамастацкія творы – “вытанчаная славеснасць”, – і ў першую чаргу тыя, якія адносяцца да гісторыі беларускага прыгожага пісьменства. Тыя творы, што з’яўляюцца нашай духоўнай спадчынай, якая праз замежнасць мовы бывае аддалена ад сучаснага чытача. І я, следам за маімі вялікімі папярэднікамі, імёны якіх я ўжо згадвала вышэй, стараюся гэтую спадчыну вяртаць.
Ці ёсць сярод Вашых студэнтаў тыя, якія таксама цікавіліся б перакладамі на беларускую? Ці хочацца Вам, чытаючы лекцыі на тым ці іншых курсе, падахвоціць студэнтаў да перакладаў?
Чытаючы лекцыі, я заўсёды “падахвочваю” студэнтаў да перакладчыцкай працы. Іншая справа, што гэтая праца, па-першае, патрабуе адпаведнай кваліфікацыі, па-другое, яна цяжкая, часта нават фізічна (апошнім часам ва ўсе свае падарожжы – цягніком, аўтобусам, маршруткай – бяру з сабою “Радзівіліяду” і слоўнік, таму лёгкіх сумак у мяне не бывае). Па-трэцяе, на жаль, ёсць вельмі мала людзей, якія гэтую працу цэняць. Бывае цяжка пераклад апублікаваць. Але ўсё ж такі я маю добрую традыцыю супрацоўніцтва з нашымі вядучымі літаратурнымі часопісамі – “Маладосць”, “Полымя”, “Роднае слова”, “Наша вера”. А фрагмент з “Радзівіліяды” ўпершыню быў апублікаваны ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Так што, дзякуй Богу і добрым людзям, падтрымку знайсці ўдаецца.
Я вельмі спадзяюся, што мае ўчарашнія, сённяшнія і заўтрашнія студэнты цікавяцца або будуць цікавіцца перакладамі. Ведаю, што, як і мяне ў свой час, актыўна заахвочвае да гэтага студэнтаў філфака БДУ Уладзімір Кароткі. Веру, што новае пакаленне перакладчыкаў будзе больш шматлікім, больш таленавітым і, пэўна, больш смелым ды апантаным.
Было б здорава пабачыць кнігу, у якой былі б сабраныя ўсе Вашыя эпічныя пераклады, якія цяпер даводзіцца шукаць па розных часопісах і выданнях. Ці няма такіх планаў?
Планы ёсць. Чаго няма – здагадайцеся самі? Буду рада прыняць любыя спонсарскія прапановы.
Дзякую “Прайдзісвету” за прадстаўленую мне магчымасць паразмаўляць з аматарамі мастацкага перакладу. Жадаю ўсім моцнага здароўя, творчага натхнення і любові да прыгожага слова. Апошняе спрадвеку было ў нашых продкаў першаснай прыкметай шляхетнасці і высакародства. Будзьма ж арыстакратамі духу!
Фота з сайта graecolatini.narod.ru