№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Алексіевіч, Сэкстан, Рэнд і іншыя: хто паўплываў на сучасных беларускіх аўтарак

19 лютага 2016

Алексіевіч, Сэкстан, Рэнд і іншыя: хто паўплываў на сучасных беларускіх аўтарак

Не так часта ў беларускіх СМІ мы можам пачуць галасы беларускіх пісьменніц, якія б расказвалі не пра сваю творчасць ці грамадзянскую пазіцыю, а пра нешта асабістае, пра тое, што сфармавала іх асобу або проста аказалася важным. З розных прычынаў жанчыны яшчэ радзей адкрыта расказваюць пра ролю, якую ў іх жыцці адыгралі іншыя жанчыны. Гэтай анкетай нам хацелася б у нейкай ступені выправіць сітуацыю і даць жанчынам-творцам расказаць пра пісьменніц, даследчыц, выкладчыц, гістарычных дзяячак, якія ўразілі, навучылі, падтрымалі, або проста натхнілі ўласным прыкладам.

Хто з беларускіх ці сусветных творцаў-жанчын (пажадана творцаў, але неабавязкова) паўплываў на вашую дзейнасць і жыццё? Чаму і якім чынам?

 

Валянціна Аксак, паэтка, журналістка

Перакананая — без мае школьнае настаўніцы Ніны Іванаўны Курачыцкай мяне сённяшняе не было б. Карэнная расейка з Камы, прыходзячы ў халодны клас нашае старой школы, часам казала нам, старшакласнікам: “Дома вывучыце тэму такую і такую, а цяпер слухайце”. І мы слухалі вершы Мандэльштама, Пастарнака, Цвятаевай, Ахматавай. Відаць, за такія няўхвальныя тады літаратурныя густы і саслалі “за свет” уладальніцу чырвонага дыплома Ленінградскага ўніверсітэта. А нам, вучням Ланскай школы, што на Нясвіжчыне, страшэнна пашанцавала. Пад уплывам чутага, з чаго мне асабліва было блізкае Ахматавай, я і паспрабавала нешта пісаць. І што дзіўна: настаўніца вучыла нас расійскай мове і літаратуры, а складала я свае першыя рыфмаванкі па-беларуску. І яна дабраславіла мой выбар.

Потым прыйшлі чатыры амерыканкі.

Першая — лацінаамерыканская набелістка Габрыэла Містраль — доўга блукала са мной па полацкіх ваколіцах. “Ноч надышла, раса траву шукае; глядзі даўжэй, кажы ў ласкавым суме, а заўтра ўжо з ракою пойдзе тая, што ты сягоння цалаваў, красуня”. Мне ўяўлялася, што гэтыя радкі далёкай чылійкі не перакладзеныя Рыгорам Барадуліным, а напісаныя на беразе маёй Дзвіны.

Зачараваная Сільвіяй Плат, я толькі нядаўна ўведала ейную, такую ж, як і мая, любоў да самоты на дасвецці, калі ўжо не спяць хіба птушкі на дрэвах за акном.

І Эн Сэкстан зблізілася са мной не толькі спробай зазірнуць за небакрай, але і прагаю хутка імчаць на аўто, у якім яна той небакрай і ўбачыла ўрэшце па ўласнай волі.

А яшчэ Эмілі Дыкінсан, за том якое я не паспела падзякаваць Янку Юхнаўцу. Ён, дазнаўшыся пра маё захапленне масачусэтскай самотніцай, перадаў мне гэты скарб. Вось ужо каторы год спрабую пераствараць яго па-наску, але марна.

Ну і тая, якая расейка па нараджэнні, амерыканка па краіне жыхарства і беларуска па мове душы і творчасці. Наталля Арсеннева — мой недасяжны бераг.

 

Вольга Гапеева, паэтка, перакладчыца, даследчыца

На часы майго станаўлення як асобы вакол былі ў асноўным мужчыны, і гэта адна з самых вялікіх праблем: мы (жанчыны) творым, працуем, змагаемся, а гісторыя ўпарта не хоча нас запамінаць, і кожны раз трэба прыкладаць намаганні, каб даведацца пра іх, пра тых, што былі да нас. Пра сваіх папярэдніц я даведалася нашмат пазней, таму можна сказаць, што ўплывам была хутчэй іхная адсутнасць, але верыць у тое не хацелася, бо наноў пракладаць шлях у патрыярхатным свеце заўсёды няпроста, даводзіць, што маеш такія ж правы і можаш быць сабой, а не падроблівацца пад "правільны" (чытай: мужчынскі) канон. Самымі раннімі ўспамінамі, звязанымі з жаночымі вобразамі, якія натхнялі, былі не аўтаркі, а нацыянальная гераіня Жанна д’Арк і навукоўца Марыя Складоўская-Кюры. Сярод літаратурных дзяячак першым свядомым выбарам былі вершы Наталлі Арсенневай, кніжку якой я самастойна адшукала ў кнігарні, яшчэ калі вучылася ў школе, і Вірджынія Вулф, што прыйшла трохі пазней са сваёй прозай і важнымі роздумамі.

 

Наталля Гардзіенка, гісторык, пісьменніца, даследчыца

Раней не задумвалася над тым, хто і ў якой ступені на мяне паўплываў, але калі ўбачыла пытанне, у галаву прыйшло адзінае імя. Я не была з ёй знаёмая асабіста — не паспела, толькі чытала яе тэксты, чула ўспаміны-аповеды пра яе іншых людзей. Але памятаю, як мне ў пэўны час захацелася быць падобнай да яе. Размова пра бібліёграфа і даследчыцу-літаратуразнаўцу, грамадскую дзяячку беларускай эміграцыі Зору Кіпель.

Напэўна, найбольш я даведалася пра гэтую жанчыну, калі рыхтавала прысвечаны ёй пасмяротны выпуск альманаха “Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва” (№ 27. 2004). Тады я прачытала яе ўспаміны пра спатканні ў Нью-ёркскай публічнай бібліятэцы, дзе яна працавала шмат гадоў у Славянскім аддзеле. Пазней я пазнаёмілася з яе даследаваннем, прысвечаным “Беларускаму Трышчану”, іншымі тэкстамі, дзённікамі, а сумесная кніга Вітаўта і Зоры Кіпеляў “Бібліяграфія беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе” стала ў мяне настольнай.

Чым захапіла мяне гэтая, здаецца, даволі звычайная жанчына? Напэўна, найперш працаздольнасцю, прафесіяналізмам, а таксама шчырай цікавасцю да ўсяго беларускага. Я задавалася пытаннем, як яна ўсё паспявала. Зора надзвычай шмат рабіла ў беларускай эміграцыйнай грамадзе і па арганізацыі розных імпрэзаў, выставаў, і па падрыхтоўцы і выданні кніг, і па збіранні калекцыі беларусікі, і ў даследчай працы. Пры гэтым яна была адданай маці і жонкай і ў асобе мужа мела вялікую і надзейную падтрымку. Яны абое — Зора і Вітаўт — апантаныя беларусістыкай, мне і сёння бачацца ідэальнай парай.

 

Аксана Данільчык, паэтка, перакладчыца, выкладчыца

У маім выпадку можна гаварыць пра тых, хто выклікаў цікавасць і прымусіў думаць (гэта адказ на пытанне “якім чынам?”), што ў сваю чаргу паўплывала і на дзейнасць. Гаварыць пра ўплыў на жыццё не магу, бо сувязь тут апасродкаваная. Паспрабую быць аб’ектыўнай, але, напэўна, найперш звярну ўвагу на “светапоглядныя” рэчы ў іх/маёй, так сказаць, гістарычнай перспектыве.

Школьніцай я ўдзельнічала ў рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове, падчас якой адбываліся сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, у прыватнасці з Галінай Булыкай, якая тады толькі-толькі выпусціла кнігу вершаў “Сінтэз”. Для мяне гэта стала адкрыццём новых ракурсаў, магчымасцяў і г.д. Я зразумела, што пісаць вершы можна пра ўсё. (Можа гэта і не творца сусветнага маштабу, але значнасць уражання ад гэтага не змяншаецца.)

Наступны момант — студэнцтва, “авалодванне” пачуццямі, і тут мне раскрылася Марына Цвятаева, уплыў абсалютна не рэдкі ў літаратуры, аднак я звяртала ўвагу ў першую чаргу на тое, што значыць “быць жанчынай” у разуменні Цвятаевай: “Быть как стебель и быть как сталь в жизни, где мы так мало можем…” Дарэчы, недзе ў гэты час выйшла і наступная кніга Г. Булыкі “Турмалін” з радкамі “...і жанчына, якой між людзей не было і не будзе”.

Самы цікавы момант, напэўна, звязаны з артыкулам пра Эн Сэкстан, які мне трапіўся ў адным італьянскім часопісе. Артыкул я прывезла дадому (дзе ён шчасліва захоўваецца да сённяшняга дня). Але прайшло гадоў восем, адбыліся пэўныя змены ў маім сацыяльным статусе, і вось тады я адчула патрэбу заняцца вывучэннем яе творчасці (разам з творчасцю іншых яе сучасніц) на розных даступных мовах, а таксама пытанняў гендару і г.д., у тым ліку на беларускім матэрыяле.

Я згадала ў першую чаргу пісьменніц, бо не магу сказаць, што вядомыя прадстаўнікі іншых мастацтваў паўплывалі на мяне ў роўнай ступені.

 

Марына Казлоўская, перакладчыца , выкладчыца

Самыя важныя кнігі ў жыцці трапляюць нам у рукі своечасова, калі мы здатныя прачытаць іх як след. Для мне такой кнігай у пераломны момант майго жыцця стаў раман амерыканскай пісьменніцы Айн Рэнд “Атлант расправіў плечы”. Гэта кніга, якую я перачытваю кожнага разу, калі людзі выклікаюць у мяне няўцямнасць, калі стамляюся ад здрабнення чалавечай асобы, ад жыцця ў грамадстве, дзе масы паўсталі і перамаглі, калі забываюся, па якіх законах функцыянуе гэта грамадства. Досыць часта я адчуваю сябе галоўнай гераіняй гэтага рамана Дэгні Тагарт, што ніяк не можа пакінуць сваю чыгунку, аддаць яе пад уладу пасрэднасці. На маю думку, беларуская культура некалькіх апошніх стагоддзяў трымаецца менавіта на страху, што на табе твой род скончыцца, што працягу не будзе, адпаведна, існуе насуперак. Кніга Айн Рэнд, якая ставіць у цэнтр светабудовы Асобу, кожны раз нагадвае мне, што жыць варта толькі дзеля сябе, што стома, нежаданне рухацца, адмова ад самастойнага мыслення, ад самастварэння і самарэалізацыі — самае вялікае злачынства чалавека перад самім сабой.

 

Наста Кудасава, паэтка

Найперш Арыядна Эфрон. Яна для мяне ідэал жанчыны — мужнай, светлай, самаахвярнай, трапяткой і сціплай, здольнай бачыць прыгожае і любіць у самых нечалавечых умовах. Кожны раз, калі мне падаецца, што я няўдачніца, што маё жыццё не заладзілася, я гляджу на яе фотаздымкі, думаю пра яе адзіноту і сілу. Гэта, бадай, адзіная жанчына, каго я магу адразу, не задумваючыся, назваць маім анёлам і агменем. Я б хацела навучыцца ў яе ўсёпрыманню, цярпенню і ўменню з такой любоўю, з такой далікатнасцю пісаць пра людзей. Колькі кніжак за ўсё жыццё мной прачытана — і пра большасць цяпер думаецца “а навошта?” Можна выкінуць многае з літаратуры, а вось успаміны і перапіску Арыядны Эфрон я б раіла ўсім як настольныя.

З сучасных творцаў-жанчын мяне натхняе Вера Паўлава. Яна так умее выпраменьваць шчасце і прагу жыць, што незнарок хочацца падхапіць гэты тэмп жыцця і верыць у яго незгасальнасць. А яшчэ мне запомніліся калісьці яе словы пра тое, што вершык мусіць быць маленькім, каб ён мог змясціцца на далоні. Гэта канчаткова падтрымала маю веру ў ідэальнасць васьмірадкоўя, так я і пішу дагэтуль, а калі няма побач раскрытай далоні, можна запісваць вершы на кляновых далонях-лістках.

 

Святлана Курс, пісьменніца, журналістка

Калі вядзецца пра творцаў-жанчын, то найбольшы ўплыў на мяне зрабіла ангельская класічная літаратура. Джэйн Остэн, сёстры Бронтэ, Мэры Эн Эванс (вядомая як Джордж Эліят), Элізабэт Гаскел, Патрыцыя Ўэнтварт, Агата Крысці, Кэралайн Грэм, Сьюзан Таўнсэнд.

Гэтай лініі дастаткова для цвярозага позірку на жыццё, выпрацоўкі этасу працы, спакою, вытрыманасці, годнасці, для правільнага разумення роўнасці і элітарнасці. І хаця мне не ўдаецца сягнуць іх вышыняў, дзякуючы ангельскім пісьменніцам я прынамсі ведаю, што для мяне жаданае і правільнае ў жыцці.

 

Кацярына Оаро, пісьменніца

Я памятаю, як прачытала ўпершыню ў школе “У вайны не жаночае аблічча”. Гэта былі новыя галасы. Паасобку яны не былі падобныя да літаратуры пра вайну, а разам — былі. Як так адбывалася? Я чытала і не магла зразумець. Нібыта і пра маленькія рэчы напісана, а чытаеш і плачаш. Нібыта просты чалавек кажа — а голас застаецца ўнутры надоўга, на тыдні. Я добра памятаю, як гэтыя слёзы, пралітыя над кнігамі Святланы Алексіевіч, дарылі (і цяпер дораць) сілу. Устаеш з-за кнігі моцная і сцішаная, і ў горле клубком словы. Я ўяўляла Алексіевіч — маладую жанчыну з дыктафонам, якая не баіцца страху, болю і “маленькіх” тэм. І мой уласны жаночы голас выскокваў з мяне, як вясновая пупышка. Я адчувала сваю руку, а ў ёй таксама былі дыктафон і нататнік. Голас і рукі смялелі, і мая цікавасць да жыцця здабыла сабе дазвол на існаванне. Рабіць тое, што лічу важным, не шукаць іншага голасу для сябе, акрамя свайго, не губляць хвілінкі на развагі пра тое, жаночая гэта справа ці не. Мая рэальнасць існуе і хоча існаваць. Гэта быў досвед існасці і дагэтуль ён такі самы.

 

Наталля Паваляева, пісьменніца, перакладчыца, выкладчыца

В мoей жизни oсoбую рoль сыграла сoвременная британская писательница Дженет Уинтерсoн. В 2003 гoду я принимала участие в междунарoднoм симпoзиуме, пoсвященнoм Вирджинии Вулф, и oдна из участниц — известная американская исследoвательница твoрчества В. Вулф Мария Ди Баттиста — пoсoветoвала мне пoчитать Дженет Уинтерсoн. Для меня этo былo сoвершеннo нoвoе имя, хoтя у себя на рoдине, да и в мире Уинтерсoн уже была дoвoльнo хoрoшo известна. Нескoлькo недель спустя пoсле этoгo разгoвoра Мария прислала мне экземпляр дебютнoгo рoмана Уинтерсoн "Не тoлькo апельсины". И этo сталo "началoм прекраснoй дружбы", так сказать. Дженет Уинтерсoн научила меня oсoбoму oтнoшению к языку, слoвам — как писатель oна не дoпускает небрежнoсти в рабoте сo слoвами, oна — виртуoз и маг слoва. И для меня как для писателя этo сталo oчень важным примерoм. Крoме тoгo, именнo с Дженет Уинтерсoн связанo началo мoей перевoдческoй деятельнoсти. Перевoд ее рoмана "Хoзяйствo света" стал мoим первым серьезным перевoдческим oпытoм — и первым успехoм, хoтя дался oн oчень нелегкo. Пoтoм были нoвые перевoды и мoнoграфия o твoрчестве Дженет Унтерсoн — первая и пoка единственная на пoстсoветскoм прoстранстве. И дo настоящегo времени Уинтерсoн oстается важнoй частью мoей жизни.

 

Людміла Рублеўская, пісьменніца, паэтка, журналістка

З кніг, напісаных жанчынамі, у дзяцінстве на мяне найбольш паўплывалі, бадай што, “Джэн Эйр” Шарлоты Бронтэ, “Піпі — Доўгая Панчоха” Астрыд Ліндгрэн і “Авадзень” Этэль Ліліян Войніч. Вольналюбівая бедная гувернантачка, якая адстойвае сваю годнасць нават цаной адмовы ад кахання, шалёная супермоцная дзяўчынка, якая можа пасадзіць настаўніка на шафу, і самаахвярны рэвалюцыянер-пакутнік Авадзень… Атамны канцэнтрат са змесціва савецкай дзіцячай бібліятэкі. Пасля былі вершы Цвятаевай і зборнік Эмілі Дыкінсан з “Бібліятэкі сусветнай літаратуры”. Моцныя творы, пагарда да сусвету, які патрабаваў пэўнай мадэлі паводзінаў ад жанчыны, настолькі самадастатковы ўнутраны свет, каб у ім можна было ізалявацца, — гэта заварожвала. Як ні дзіўна, але постаць Цёткі, чыю творчасць мы вывучалі ў школе, не асабліва мяне ўразіла з усім яе народніцкім пафасам, прысягай над крывавымі разорамі і г.д. А вось Леся Украінка — так! Гэта была мая гераіня. Настольнай кнігай для мяне нейкі час былі мемуары Алісы Коанен, зоркі Камернага тэатра. Чалавек, які дамогся ўсяго сам, Аліса сышла з тэатра Станіслаўскага, ад свайго настаўніка, у той момант, калі наперадзе чакала бліскучая кар’ера — каб пазбавіцца амплуа інжэню, паспрабаваць штосьці новае. Захапіла і постаць Марыі Башкірцавай — яе дзённік, яшчэ дарэвалюцыйнае выданне, мне падарыў Максім Лужанін. А вось Яўгенія Пфляўмбаўм, жонка Максіма Лужаніна, паўплывала на мяне ў тым сэнсе, што я нізавошта не хацела паўтарыць яе лёс — пісаць у стол, каб не раздражняць мужа і не вытыркацца.

 

Віка Трэнас, паэтка

Сярод творцаў-жанчын, з якіх пачалося маё захапленне літаратурай у школьныя гады, хачу назваць расійскіх паэтак Сярэбранага веку Ганну Ахматаву і Зінаіду Гіпіус. Як вядома, яны былі не проста пісьменніцамі, але і арганізатаркамі літаратурнага жыцця, прадстаўніцамі інтэлектуальнага асяродку, выразніцамі думак інтэлігенцыі.

Па шчырасці, мяне больш прываблівалі вобразы жанчын-мыслярак, жанчын-навукоўцаў (напрыклад, Марыя Складоўская-Кюры), людзей рацыянальнага, ураўнаважанага складу, чым палымяных жанчын-рэвалюцыянерак або творцаў з пераламанымі лёсамі, якія жылі “на мяжы нервовага зрыву” ці ў палоне гіпертрагізму.

Хочацца арыентавацца на пошук гармоніі, самарэалізацыю і душэўнае заспакаенне, на самаразвіццё і набыццё карыснага досведу — жыццёвага і прафесійнага, — які дазволіў бы не проста жыць і выжываць, але і быць, банальна кажучы, здаровай і шчаслівай. Тут не магу не падзякаваць маім настаўніцам у літаратуры і жыцці — пісьменніцы Людміле Рублеўскай і паэтцы, стыль-рэдактару Наталлі Кучмель, — якія далі мне і духоўным, і ў прафесійным плане так шмат, што гэтыя набыткі можна назваць сапраўдным багаццем. Дый увогуле — дзякуй усім жанчынам! На ўсіх нас, без перабольшання, трымаецца свет!

 

Анка Упала, пісьменніца, перакладчыца

Адразу давядзецца прызнацца: ніколі на мае погляды не ўплывала мастацкая літаратура — уплывалі жыццёвы досвед і новыя веды. Я чытаю даволі шмат публіцыстыкі, артыкулаў, якія так ці інакш датычаць гуманітарных навук, і мала мастацкай літаратуры. Але, напэўна, найважней для мяне светапоглядна — камунікацыя з людзьмі.

Мусіць, за самыя карысныя і эвалюцыйныя для сябе веды я ўдзячная шведскай пісьменніцы і даследчыцы ў гендарных пытаннях Ваньі Хермеле, на лекцыю якой у Мінску ў 2012 годзе “Жанчына ў сучасным літаратурным працэсе: праблемы і перспектывы” я ішла са скепсісам — але ў выніку Ванья ўзброіла мяне прызмай ведаў, якія дазваляюць глыбей і лепш разумець беларускае грамадства і сябе ў ім.

Бадай, цяжка пераацаніць ролю ў маім жыцці шведскай публіцысткі, грамадскай дзяячкі і фатографкі Марыі Сёдэрберг, я бязмежна ёй удзячная за падтрымку мяне як аўтаркі. У тым жа 2012 годзе на беларускай пляцоўцы на буйным кніжным кірмашы ў Гётэборгу вялікі постар са мной вісеў побач з постарам будучай першай беларускай лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч — арганізатаркай выступаў была Марыя, яна вырашыла, што мусіць быць так. І гэта быў неацэнны і моцны штуршок у матывацыі, веры ў сябе. Мне падаецца, галоўнае, чаго бракуе жанчынам у Беларусі, — гэта тое, што “ў сферах вялікіх здзяйсненняў” ад іх ніхто нічога не чакае, вельмі лёгка апусціць рукі і спыніцца ў тым, што ты робіш.

Атрымліваецца, у маім асабістым рэйтынгу амаль адны грамадзянкі Швецыі. Гэтаксама жывуць у Стакгольме мае цудоўныя калегі — фінская перакладчыца і выкладчыца літаратуры Яніна Арлоў, пісьменніца, публіцыстка, выкладчыца пісьменніцкага майстэрства Інга-Ліна Ліндквіст, якая нарадзілася ў Беларусі. Іх праца і поспехі таксама важныя для мяне як узор. І наагул жанчыны Паўночнай Еўропы ёсць прыкладам для мяне.

Ну, і завяршу свой спіс імем ужо згаданай вышэй Святланы Алексіевіч. Я лічу, што нам вельмі пашанцавала з ёй — яна рэвалюцыйная пісьменніца, наватарка. Ёй аказалася пад сілу рассунуць межы жанру, у якім яна працуе, засведчыць цэльную карціну мінулай эпохі, што дагэтуль адгукаецца ў свеце — гэта грандыёзная праца. 

 


Наталка Харытанюк, пісьменніца, перакладчыца, выкладчыца

Калі ў 2010 годзе я прачытала ў Моршыне “Музей пакінутых сакрэтаў” Аксаны Забужкі, амаль выпадкова купіўшы яго ў Львове па дарозе з Мінска, і яшчэ зусім нічога не ведала пра жыццё аўтаркі, я інтуітыўна вызначыла для сябе галоўнае — яна верная. Але пры гэтым яе мудрая помста за “нявінна забітых” не расстаўляла чорныя меткі, а жывіла. Мяне заводзіла ў тупік гарачая нянавісць, а яе жывіла. "Як?" — не разумела я. "Як яна робіць нянавісць халоднай, як яе ўскладняе, паварочвае на добрае, але ні пра што пры гэтым не забывае?" — пыталася я па чарзе ў тых кніг, што трапляліся мне тут, у Мінску.

Яна служыць чамусьці большаму, здагадвалася я пасля “Шаўчэнкавага міфу” і кнігі пра Лесю "краінку.

"Помніць важна, адбівацца важна, але што далей?" — не зніжаючы абаротаў, на адным выдыху нібы пытала яна мяне са сваіх тэкстаў. Як у казцы Шарля Перо, калі, здавалася, злая чараўніца ўжо начаравала бяду, калі ўсіх ужо скаваў жах і ўсе ўжо пагадзіліся з такім наканаваннем, — што можа быць далей?

А далей добрая фея паспявае запярэчыць: не смерць, а ўсяго толькі сон. І ўсіх вяртае да жыцця. Паспявае перазаклясці закляцце. А без любові гэта немагчыма.

Яе “Музей” пра гэта: усё, што можна, пасціралі з памяці роду, а тры пакаленні, пераплеценыя самай тонкай повяззю, перагукаюцца ў іншых светах, пераносяць з тых светаў у гэты памяць адно пра аднаго.

Не зачароўвайся ўсім, што зачароўвае, нібы папярэджваюць мяне яе кнігі. Не рабі жарсць сэнсам і мэтай. Крывавая сталіца імперыі, прыўкрасная Алена ў Троі распаляць агонь, расставяць чорныя меткі, але не ажывяць.

Жарсць дзеля паэзіі — не ажывіць.

Любі, каб перазаклясці закляцце, — гэтая думка мяне моцна ўразіла. Яна мяне разнявольвае. І ўзбройвае. Нагадвае, што заўсёды ёсць апошні аргумент. І гэты аргумент — я сама.

 

Марына Шода, перакладчыца, выкладчыца

Ёсць у БДУ жанчына-легенда — Галіна Веніямінаўна Сініла. Самая эрудыяваная і начытаная з выкладчыцаў, якія сустракаліся ў маім жыцці. Адораная фенаменальнай памяццю, у якой захоўваецца неверагодная колькасць гісторый, фактаў і вершаў на ўсе выпадкі жыцця. Здольная настолькі трывала ўкласці веды ў галовы студэнтаў, што іх адтуль сякерай не вырубіш. Самая суворая з экзаменатараў, для якой не праблема пяць-шэсць разоў ганяць студэнта на пераздачу, каб толькі ён прачытаў (насамрэч, а не ў скарочаным выглядзе) неабходны для адукаванага чалавека мінімум. А таксама вельмі эмацыйная і выбухованебяспечная ў такіх выпадках. Пра яе ў сценах філфака і не толькі ходзіць шмат анекдотаў і апокрыфаў. Часцей за ўсё, пачытаўшы вершы некаторых сучасных паэтаў ці натыкнуўшыся на памылку ў працы пэўнага перакладчыка, я згадваю такую гісторыю. Аднойчы, пабачыўшы ў каляднай насценгазеце вершы не самага паспяховага са студэнтаў нашага курса, Г.В. усклікнула: “Як?! НН піша верлібры?! Ды ён “Страчаны рай” Мільтана не прачытаў, як ён можа пісаць верлібры?!”

 

Ганна Янкута, перакладчыца, літаратурны крытык

Калі казаць пра дзяцінства, то гэта найперш Тувэ Янсан: створаны ёй сусвет мумітроляў здаваўся мне дасканалым, я магла гадзінамі разглядаць карту Мумідола, перамалёўваць яе і спрабаваць прыдумаць нешта падобнае, свой сусвет, у якім таксама жылі б дзіўныя і цудоўныя істоты. У старэйшых класах я набывала яе апавяданні для дарослых, якія ўразілі мяне не менш. Гэта былі тыя ж героі (а перадусім, канечне, гераіні), толькі ў абставінах, якія больш нагадвалі рэальнае жыццё. Такім чынам, Мумідол рабіўся магчымым тут і цяпер, варта было толькі знайсці яго ва ўласным жыцці, а яго насельнікаў — у людзях навокал.

Ва ўніверсітэцкія часы на мяне моцна паўплывалі ідэі Айн Рэнд, не ў эканамічным ці палітычным ключы, а хутчэй у філасофскім, светапоглядным. У рамане “Атлант расправіў плечы” ёсць гераіня, з якой прыемна сябе атаясамліваць, — хоць варта згадаць, што адмоўных жаночых вобразаў у пісьменніцы, відаць, больш, чым станоўчых. І ўсё ж у яе пантэоне магутных, “сталёвых”, “жалезных” ці “медных” людзей для жанчыны месца ёсць. З таго часу я перагледзела многія свае погляды, шмат да чаго стаўлюся скептычна, аднак адмаўляць уплыў філасофіі Айн Рэнд на сваё жыццё не магу.

У апошнія гады на мяне моцна ўплываюць творы польскай журналісткі Малгажаты Шэйнэрт і ангельскай пісьменніцы Антоніі Бает. Іх кнігі здаюцца мне ідэальнымі раманамі сённяшняга часу: фікшн (калі казаць пра “Possesion: A Romance” і “The Children’s Book” Бает) і нон-фікшн (калі казаць пра працы Шэйнэрт, у тым ліку выдадзеную нядаўна кнігу пра Палессе “Usypać góry”). Калі б я была пісьменніцай, то выбрала б для сябе гэтых аўтарак як неверагодна высокую, недасяжную планку.

Чытайце таксама

Кніжны фэн-шуй

Кніжны фэн-шуй

У наш час, калі кватэры пазбаўляюцца савецкіх грувасткіх секцый з антрэсолямі, у бібліяфілаў узнікае праблема: куды падзець кнігі? Як іх кампактна расставіць, ды каб зручна, ды каб прыгожа?

У цемры чалавечага сэрца, альбо Непрыкаяныя вандроўнікі Дж.М. Кутзэе

Марына Рагачэўская

У цемры чалавечага сэрца, альбо Непрыкаяныя вандроўнікі Дж.М. Кутзэе

У 2003 годзе адбылася падзея, якая скаланула інтэлектуальнае літаратурнае асяроддзе, выклікала не толькі здзіўленне сваёй нечаканасцю, але і павярнула еўрацэнтрычны погляд на поўдзень, адкуль павеяў вецер…

“Дэльфіны жывуць лепей за нас” — у “Паміжы” №10 ідэальная прамова для Рыгора Кастусёва

Анка Упала

“Дэльфіны жывуць лепей за нас” — у “Паміжы” №10 ідэальная прамова для Рыгора Кастусёва

Для перфомансу на беларускім тэлебачанні прыдасца ўсялякая літаратура: класіка і сучасная, беларуская і перакладная, добрая і кепская. Найлепш — правакацыйная. Выбаршчык як мінімум прачнецца, калі Анатоль…

Вершаруб Ўітмэн, альбо Як амерыканскага паэта прачытвае беларуская літаратура

Ганна Янкута

Вершаруб Ўітмэн, альбо Як амерыканскага паэта прачытвае беларуская літаратура

Уолт Ўітмэн (1819—1892) — адзін з самых перакладаных на беларускую мову амерыканскіх пісьменнікаў.

2689