№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Аляксей Знаткевіч: "Самае складанае — перакласці жывую мову"

13 чэрвеня 2017

Аляксей Знаткевіч:

Пра тое, чым Макмэрфі Кена Кізі нагадвае Юрася Братчыка з кнігі “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і палітыка Міколу Статкевіча, пра складанасці выдання перакладных кніг па-беларуску, перакладчык рамана “Палёт над гняздом зязюлі” Аляксей Знаткевіч гутарыць з карэспандэнтам “Нашай нівы” 

— Як я разумею, гэта не першы такі ваш пераклад?

— Дагэтуль я чагось вялікага не перакладаў. Апавяданні толькі. У часопісе Arche выходзілі пераклады Ірвіна Ўэлша, таксама ўдзельнічаў у перакладах Чарлза Букоўскага — усё гэта з ангельскай мовы. Таксама перакладаў маладога негрыцянскага пісьменніка з ЗША, апавяданне якога я ўбачыў у мясцовай газеце, калі вучыўся ў Штатах. І былі пераклады Кундэры з чэшскай мовы.

Самы першы пераклад успомніце?

— У 90-я, у дакампутарную эпоху, я ад рукі перакладаў Эдгара По і прыносіў у “Нашу ніву”. Але, як гэта здараецца, тое апавяданне ўжо перакладалі да мяне два чалавекі, сярод якіх — Юрась Бушлякоў. Называлася яно “Сэрца выкрывае” ў Юрася. Я пайшоў іншым шляхам і пераклаў яго як “Сэрцавыкрыўца”, у арыгінале  — “The Tell-Tale Heart”. І таму, што ўжо друкаваліся іншыя версіі, мой пераклад не надрукавалі.

Як увогуле вам захацелася займацца мастацкім перакладам?

— Яшчэ ў школе спрабаваў нешта перакладаць, калі граў у музычным гурце. Як ні дзіўна, тады я хацеў перакласці беларускія тэксты на рускую мову — Караткевіча, Багушэвіча, рабіць нейкі блюз на гэтыя вершы. Потым вучыўся ў Лінгвістычным універсітэце на перакладчыцкім факультэце, і, зразумела, там мы перакладалі шмат чаго. Калі я пісаў курсавую, дык перакладаў неаўтарызаваную біяграфію Rolling Stones. А дыпломную работу пасля пісаў па перакладзе гумару.

Самае складанае, з чым давялося сутыкнуцца падчас працы над перакладам Кена Кізі і ўвогуле падчас вашай перакладчыцкай дзейнасці?

— Самае складанае — перакласці жывую мову. Кізі напісаў твор вельмі жывой мовай дыялогаў — у кожнага свая індывідуальная гаворка, свае асаблівасці. І таму тут вельмі шмат варыянтаў выбару. Напрыклад, як будзе размаўляць галоўны герой? Якія будуць ягоныя ўлюбёныя слоўцы? Які ў яго будзе дыялект?

Мяне гэтае пытанне таксама зацікавіла. Улічваючы тое, што аповед вядзецца ад асобы індзейца — якая ў яго мова?

— Я чытаў два рускія пераклады кніжкі, і мне падаецца, што іх аўтары занадта спрасцілі гэтага чалавека — правадыра Бромдэна. У арыгінале прастамоўя няма. Гэты індзеец дастаткова правільна гаворыць, ён паслугуецца насычанай літаратурнай мовай.

Мне ўжо даводзілася сутыкацца з думкай, што, маўляў, выдатна перакладзена, паказана, што гэта псіхічна хворы індзеец. Але ж ён не гаворыць як псіхічна хворы. У яго свой стыль апавядальніка. Ды і чалавек з абмежаванымі разумовымі здольнасцямі не зможа перадаць такі аповед. Таму я спрабаваў максімальна адэкватна захаваць гэты стыль і выкарыстаць насычаную беларускую мову — па-мойму, гэта адзіны правільны шлях. Гэты індзеец — стваральнік усяго таго свету. У пачатку кнігі ёсць фраза Бромдэна, якая для мяне — квінтэсэнцыяя ўсёй мастацкай літаратуры: “І ўсё ж яно праўда, нават калі гэтага не было”. Ён стварыў гэты свет, гэты аповед, ён — дэміург.

Добра, а Макмэрфі тады хто?

— Для мяне — такі зухаваты хлопец. На жаль, мне цяжка было яго перакладаць. Я спрабаваў браць формы гаворкі, якую памятаў яшчэ з дзяцінства, калі ездзіў да бабулі пад Ганцавічы. Як літаратурны герой Макмэрфі амаль паўтарае той жа вобраз, які Караткевіч выкарыстаў прыблізна ў той самы час у рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, — Юрася Братчыка. Гэта спачатку добры махляр, такі вясёлы круцель, які робіць усё не ад злосці, але пра сябе ніколі не забываецца. А цягам апавядання ён трансфармуецца, прасякаецца пакутамі тых, хто побач з ім. Разумее, што нясе адказнасць за людзей, бо яны ў яго паверылі.

Што да моўнага аспекту, то ёсць спакуса перакладаць некаторыя амерыканскія моўныя памылкі трасянкай, але гэта не той выпадак. Хутчэй трасянку варта выкарыстоўваць, калі перадаваць гаворку чорных санітараў ці чорных дзяўчат на бавоўнавай фабрыцы.

У той жа час ёсць спакуса выкарыстоўваць нейкія блатныя выразы, бо Макмэрфі ж з “хіміі” адкінуўся. Але тут нельга падмяняць адну гістарычную рэалію іншай — Макмэрфі не блатны ў класічным разуменні. Ён дасведчаны чалавек, які шмат дзе пабываў, але не крымінальны элемент, павязаны блатнымі паняццямі. Ён сапраўдны all-American — ваяваў у Карэі, сядзеў у лагеры, збег адтуль, сек лес, гуляў у карты, сядзеў на “хіміі”… І там сапраўды была такая спецкамендатура, куды асуджаныя людзі прыходзілі, вельмі падобна да таго, як было ў Паўла Севярынца, таму слова “хімія” ў творы ёсць. Я адразу скажу, што той тэкст, які надрукавалі ў “ПрайдзіСвеце”, рэдагавала Марыя Мартысевіч, за што ёй дзякуй.

А чаму захацелася перакласці менавіта гэты твор?

— Проста зачапіла, калі я яго прачытаў першы раз, — яшчэ па-руску недзе на першым курсе ўніверсітэта. Пасля па-ангельску чытаў. З’явілася думка, што гэта вельмі моцны твор, які варта перакласці. Перакладаў я даволі доўга, недзе паўгода — і працы хапала. Глядзеў свайго малога, гайдаў яго, закалыхваў і перакладаў паціху.

Як хобі?

— Літаральна так. Не было ніякіх дамоваў, нічога. Але цяпер гэта і ёсць праблемай. Ёсць тэкст, але невядома, што з ім далей рабіць. Хочацца, каб выйшла кніга, але канкрэтных дамоваў не было. І яшчэ было вельмі цікавае пытанне з аўтарскімі правамі. Я звярнуўся да сына Кізі, сказаў, што пераклаў твор яго бацькі на беларускую мову, што мова не такая пашыраная, рынак маленькі, таму папрасіў дазволіць надрукаваць пераклад бясплатна ці за нейкі мінімальны кошт. На што ён вельмі здзівіўся, маўляў, Алекс, вы ж не бясплатна перакладалі. А я яму кажу, што бясплатна, што мне вельмі спадабаўся твор ягонага бацькі, і чым на большай колькасці моваў ён выйдзе, тым лепш. Але ён адказаў, што ў яго няма аўтарскіх правоў, яны належаць нейкай фірме.

У прынцыпе, выдаць можна, было б жаданне: для Усходняй Еўропы ўсе рашэнні прымае латвійскае прадстаўніцтва фірмы, якая трымае аўтарскія правы. І кошт можа скласці некалькі соцень даляраў. Але я не хачу хадзіць па выдавецтвах, дабівацца — я не такі чалавек.

А па-вашаму, гэта нармальна — плаціць грошы людзям, якія і пальцам аб палец не стукнулі, каб з’явіўся мастацкі твор?

— Я не вялікі аматар аўтарскіх правоў ва ўсім. Але хочацца, каб чалавек, які нешта добра зрабіў, мог добра за гэта жыць. Калі гэта ягоныя дзеці, нашчадкі, сваякі. А фірма, выдавецтва — гэта больш складанае пытанне. Бо відавочна, што выдавецтва нешта заплаціла аўтару ці яго нашчадкам, каб выкупіць правы. З іншага боку, я лічу, што такія творы мастацтва, літаратуры належаць усяму чалавецтву.

Вы чыталі кнігу некалькі разоў у розным веку. Як змяняецца ўспрыманне з часам?

— Па-рознаму можа ўспрымацца фігура галоўнага героя — Макмэрфі. Калі чытаеш кнігу ў 17 гадоў, ён відавочна герой. Але ў больш сталым веку ў ягонай фігуры бачны пэўны трагізм. Ён нібы лялька, якая ў выніку робіць тое, чаго ад яе чакаюць. Ён прывык рабіць усё выключна са сваёй волі, але ў канцы спачувае астатнім і, як мне падаецца, робіцца праекцыяй іх чаканняў.

Часам хочацца змяніць ход падзей у творы?

— Адзінае, што мне згадваецца, — гэта адчыненае акно. Вось жа яно, можна вырвацца на волю! У кнізе проста даецца тлумачэнне, чаму герой гэтага не робіць. І тут ты думаеш: “Дружа, ну што ж ты чакаеш?”. Ёсць суперажыванне ў гэтым моманце — азірніся, паглядзі ж!

Бачыце паралелі паміж гэтым творам і “Дысцыплінарным санаторыем” Лімонава?

— Лімонаўская публіцыстыка даволі танная ў пэўнай ступені… Лімонаў атакуе там “1984” Оруэла — бліскучы твор… І атакуе за другаснае, за такія рэчы, з якімі сам Оруэл мог бы і пагадзіцца.

А падабенства свету, створанага ў кнізе Кізі, да цяперашняга беларускага грамадства яўнае?

— Яно яўнае не толькі што да беларускага грамадства, але і сучаснага грамадства ўвогуле. Памятаеце, Макмэрфі кажа астатнім пацыентам, што яны яго падстаўляюць, калі ён пачынае за іх бучу. Ён кажа, што толькі там зразумеў, што гэтая медсястра яго можа трымаць колькі заўгодна. А яму адказваюць, што ён нават страчвае больш, чым астатнія: “Мы ж тут амаль усе добраахвотна”. Для Макмэрфі гэта шок.

Ідэя такая, што людзі самі не могуць справіцца з сабой, са сваёй асобай, патрабуюць нейкай дысцыпліны, абароны, моцнай рукі. Самі абмяжоўваюць свабоду, самі яе часам свядома прадаюць.

Тады ваш топ-3 беларускіх Макмэрфі. Жывых асобаў.

— Першы, хто прыходзіць у галаву, — Мікола Статкевіч. Але ж не хочацца яго пакрыўдзіць такім параўнаннем. Проста Статкевіч — гэта чалавек, які адлюстроўваў жаданні часткі людзей, калі казаў перад 2010 годам, што ёсць сцяна і трэба яе штурхануць плячом. Гэта тое ж самае, калі Макмэрфі казаў наконт вялікай панэлі кантролю, якую ён не змог вырваць, каб разбіць ёй шыбу: “Я, прынамсі, паспрабаваў”.

З аднаго боку, для палітыка гэта не найлепшы крок — штурхаць плячом сцяну. З іншага боку, ён адлюстроўваў чаканні часткі людзей і адказвае за свае ўчынкі, адмаўляецца ісці на кампрамісы. Зноўку гэтая паралель, калі Макмэрфі спрабуюць лячыць электрашокам… Адна справа — зрабіць нешта на адрэналіне, а іншая — рабіць нешта свядома і кожны дзень адказваць за свае ўчынкі. Гэта тое, што прыходзіць мне ў галаву адразу, больш персаналій не назаву.

Вось мне ў Бромдэне бачыцца наш нацыянальны характар. Пры канцы кнігі высвятляецца, што ён і не дурны, і не глуханямы, ды і пасля ён падымае тую самую панэль і разбівае ёй шыбу, каб вызваліцца. Толькі ён да таго не верыў, што так можа, і хаваў сваю сутнасць.

— У прынцыпе, можна і такую паралель правесці. Я пагаджуся з вашымі словамі. Сілы, якія дрэмлюць у нашых людзях, вялікія. Бромдэн думае, што ён маленькі, ён баіцца. А Макмэрфі яго трэніруе, кажа, што Бромдэн расце. Магчыма, калектыўная свядомасць у адзін дзень вырашыць, што мы такія моцныя, што можам высадзіць гэтыя кратаваныя вокны і вярнуць тое, што нам належыць па праве ад нараджэння.

Гутарыў Зміцер Міцкевіч, “Наша ніва”

Фота — Пэтр Горчычка

Чытайце таксама

Як узнікае хіт: “Розум” Рудольфа Слобады

Душан Тарагел

Як узнікае хіт: “Розум” Рудольфа Слобады

Калі ў 1982 годзе ў славацкіх кнігарнях з’явіўся раман пісьменніка Рудольфа Слобады “Розум”, мала хто падазраваў, што ў свет выйшаў адзін з ключавых твораў славацкай літаратуры ХХ стагоддзя...

Ці ўключаная Беларусь у

Наталля Рак

Ці ўключаная Беларусь у "свет камандораў" (паводле рамана Маргарэт Этвуд "Аповед Пакаёўкі")

У гэтым плане фемінісцкая дэканструкцыя як літаратурны метад можа быць перанесеная на культурнае поле, у тым ліку і беларускае: калі сацыяльныя, палітычныя, культурныя ці побытавыя падзеі разглядаюцца…

Беларускія жаночыя ўспаміны

Наталля Гардзіенка

Беларускія жаночыя ўспаміны

Беларуская мемуарыстыка — не асабліва даследаваная з’ява, а жаночая і наогул амаль не звяртае на сябе ўвагі навукоўцаў. Пры гэтым успаміны беларусак у апошнія дзесяцігоддзі даволі часта можна сустрэць…

Я вывучыў ангельскую, каб чытаць Кэрала

Макс Шчур

Я вывучыў ангельскую, каб чытаць Кэрала

- Якая кніжка ў Вас у дзяцінстве была самай любімай? - “Карлсан” і "Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве". - Што падштурхнула Вас перакладаць менавіта "Алесіны прыгоды ў дзівоснай краіне"? - Любоў…

1762