№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Стыян Холе: "Як шмат агульнага ў тэатра і кніжкі з карцінкамі!"

23 кастрычніка 2018

Ад перакладчыцы

У 2013 годзе я была ў пісьменніцкай рэзідэнцыі ў Вісбю на шведскім востраве Готланд. У невялікай кнігарні я заўважыла дзіўную кнігу з насупленым бялявым хлопчыкам на вокладцы. А раскрыўшы выданне, я яшчэ больш здзівілася бабулям па плечы ў траве ці на скейтбордзе, рэнтгенаўскім здымкам з мятлікамі і ціхай меланхоліі, якую выпраменьвала гэтая маляваная гісторыя, створаная фантазіяй і майстэрствам Стыяна Холе. Натуральна, кніга была ў шведскім перакладзе, і, акрамя назвы, я не зразумела ў ёй амаль нічога. Але, зачараваная, я купіла яе.

У 2016 годзе часопіс “ПрайдзіСвет” актыўна рыхтаваў нумар “Нарвежскі вецер”. Калі Крысціян К’ельструп, рэдактар і ўкладальнік нумару з нарвежскага боку, прыехаў у Беларусь на прэзентацыю, то прывёз на маю просьбу арыгінальнае выданне з подпісам аўтара. Калі ж праз пару месяцаў мы з Альгердам Бахарэвічам паехалі з прэзентацыяй нумару ў Осла, то дзякуючы таму ж Крысціяну трапілі да Стыяна Холе ў госці, дзе пілі гарбату з імберцавым печывам і гаварылі пра літаратуру ды Беларусь. Вярнуўшыся, я пачала вучыць нарвежскую мову і нарэшце прачытала гэтую кнігу, а заадно і пераклала, каб беларускія дзеці і дарослыя таксама яе прачыталі.

Напярэдадні выхаду кнігі па-беларуску ў выдавецтве “Янушкевіч” мы крыху пагаварылі з аўтарам пра гісторыю з’яўлення хлопчыка Гармана, пра тое, чаму кніжкі нагадваюць тэатральныя падмосткі, і як Стыян Холе ўяўляе сабе Беларусь. 

Ю.Ц.: Чым цябе так прыцягвае праца па стварэнні дзіцячых кніг? З чаго ўсё пачалося? Ты заўжды марыў зрабіцца дзіцячым пісьменнікам?



С.Х.:
Найперш я вельмі радуюся і ганаруся, што “Лета Гармана” перакладзенае і будзе надрукаванае ў Беларусі. Дзякуй вялікі за тваю дапамогу!

Калі я быў маленькі, то ніколі не планаваў зрабіцца пісьменнікам ці ствараць карцінкі. Але я заўжды любіў кнігі і мастацтва. Тое, што я бачыў і чытаў, часта натхняла мяне выразаць і складаць калажы, а таксама збіраць словы і сказы. Пазней, калі я быў студэнтам мастацкай школы, я пачаў рабіць кніжныя вокладкі для многіх аўтараў, чым дагэтуль і займаюся. А калі нарадзіўся наш з жонкаю першы сын, мне ў галаву прыйшла ідэя зрабіць уласную кнігу з карцінкамі.


— Галоўны герой “Лета Гармана” нечым моцна нагадвае цябе. Наколькі гэта аўтабіяграфічная кніга? Ты сам баяўся ісці ў школу?

— Так, ён нагадвае мяне ў дзяцінстве. Але ўсё ж ён не я. У Гармана ўласнае жыццё! Гісторыя прыйшла да мяне ў нашым садзе аднойчы летнім надвячоркам, калі я заўважыў у вачах майго старэйшага сына бляск, так знаёмы мне з уласнага дзяцінства. Я пабачыў, што яму страшна ісці ў школу. А тады я паспрабаваў успомніць, як выглядаў свет вачыма шасцігадовага хлопчыка. З гэтага пачалася кніга. Я не ведаў, дзе яна скончыцца, але з той секунды зразумеў: гэта нешта, што я мушу даследаваць. Пазней я ўсвядоміў, што атмасфера і адчуванні, звязаныя з месцам — наш скандынаўскі пейзаж, змены колераў і сезонаў, у якіх я жыву, — таксама паўплывалі на гэтую кнігу.



— У кнізе шмат расказваецца пра пажылых цётачак, якія прыехалі ў госці. Якую ролю ў выхаванні дзяцей у Нарвегіі выконваюць бабулі і дзядулі?

— Мне падаецца, гэта залежыць ад таго, у якім рэгіёне Нарвегіі ты жывеш. Думаю, я ўставіў іх у сваю гісторыю, каб стварыць напружанне і паглядзець, што можа з гэтага атрымацца. Як і Гарман, старыя цётачкі таксама знаходзяцца на раздарожжы свайго жыцця, калі нешта мусіць скончыцца, а нешта новае, невядомае, — пачацца.

— Як ты наогул працуеш над сваімі дзіцячымі кнігамі? Першай нараджаецца гісторыя або кніга пачынаецца з нейкага візуальнага вобразу?

— Звычайна ў мяне ёсць толькі пачатковы пункт, калі я бяруся гуляць з новай гісторыяй. Гэта ўсё, што ў мяне ёсць, астатняе — дзіўная вандроўка, якая робіць мяне часам датклівым і засмучаным, а часам яна прыемная і напаўняе радасцю. Як правіла, пачатак — гэта нейкая сцэна, што чымсьці прыцягнула маю ўвагу, я стараюся быць уважлівым, выкарыстоўваць усе свае пачуцці і рабіць хуткія накіды ці фотаздымкі на мабільны тэлефон. Я спрабую нешта запомніць і прынесці гэта дахаты. Часам, калі я пільны, штосьці новае і цікавае можа вырасці з гэтых кавалачкаў. Табе знаёмае гэтае пачуццё? Я ведаю, што ў цябе вострае і чуйнае вока фатографа. Я бачыў твае цудоўныя здымкі штодзённага жыцця. Ведаеш, такія карцінкі ажыўляюць успаміны і нараджаюць пытанні ў маёй галаве.

Дзякуй, Стыян, за такія словы! Але наступнае маё пытанне пра твой галоўны мастацкі прыём — мантаж. Чым ён так цябе прыцягвае? Ці бачыш ты ў гэтым нейкую філасофію?

— Тэхніка мантажу моцна зацікавіла мяне, калі я быў студэнтам Нацыянальнай школы мастацтва і дызайну ў Осла. Сваю дыпломную працу я пісаў пра Джона Хартфілда (Гельмута Херцфілда), які ствараў дальнабачныя палітычныя калажы ў 1920 — 1930-х гг. У той самы час, калі я вывучаў ягоныя творы, пачалася лічбавая рэвалюцыя, і я зразумеў, што ў мяне ёсць новыя і карысныя інструменты для працы з калажамі і мантажом.

Таму мае ілюстрацыі зробленыя як цэльныя, бясшоўныя, шматслойныя лічбавыя мантажы ў Photoshop. Я збіраю тэкстуры, лічбавыя фотаздымкі, сканы, запіскі і накіды, і затым у Photoshop мяняю іх месцамі, памяншаю і павялічваю, разварочваю ў розныя бакі, пакуль не здарыцца нешта цікавае. Лічбавыя інструменты выдатна пасуюць для такой працы. Гэты працэс займае шмат часу, але ўсе тыя гадзіны поўняць мяне лёгкасцю і шчасцем. Я люблю гуляцца і даследаваць, калі састаўляю і перастаўляю элементы. Я забываюся пра сябе, пра час і пра тое, што адбываецца наўкола, калі працую з выявамі.

Я калекцыянер кавалкаў і шматкоў, якія рухаю па коле і спрабую звесці разам. Як у тэатры, у мяне вялізны склад рэквізіту. Дарэчы, ты заўважала, як шмат агульнага ў тэатра і кніжкі з карцінкамі?

На дадзены момант ты аўтар шасці ўласных кніг (тры з іх — пра Гармана), яшчэ для трох кніг ты рабіў ілюстрацыі. Чаму цябе навучыла гэтая праца? Ці не падобна гэта да падарожжа, што ўвесь час цябе развівае?

— Так, стварэнне кожнай кнігі — гэта падарожжа. Я іду за тым, што хачу даследаваць і пра што хачу дазнацца больш. Ведаеш, расказванне гісторый — гэта спроба скараціць адлегласць. Паміж мною, і тэкстам, і карцінкамі — але таксама паміж гісторыяй і чытачом.

Ці працуеш ты цяпер над нейкім новым кніжным праектам?

— Так, я працую над новай кнігай. Збіраю абрыўкі, сцэны, сказы, спрабую сабраць іх разам у пэўным парадку.

Мне падабаецца гэтая частка працэсу, калі дэдлайн яшчэ далёка і ўсё яшчэ магчыма! Ведаеш, расказванне гісторый таксама можна прадставіць як прыняцце мноства паэтычных і лагічных рашэнняў.

Да таго ж апавяданне гісторый звязанае з абвастрэннем пачуццяў, цярплівасцю і трываласцю.



Ты хацеў бы калі-небудзь прыехаць у Беларусь? Якой ты сабе ўяўляеш гэтую краіну?

— Так, я хацеў бы наведаць Беларусь і больш даведацца пра гэтую краіну і яе людзей. Мушу сказаць, што мае веды пра яе вельмі неглыбокія. Калі я заплюшчваю вочы і думаю пра Беларусь, я ўяўляю краіну без берагавой лініі, але з вялізнымі лясамі, дзе растуць хвоі і бярозы, а таксама з лугамі, дзе жывуць птушкі і жывёлы. Што яшчэ? Хм, я ведаю, што Мінск быў амаль разбураны падчас Другой сусветнай вайны, а сёння гэта вялікі і сучасны горад. Здаецца, цудоўны мастак Марк Шагал нарадзіўся ў Беларусі. Я думаю, вашая краіна — палітычны партнёр Расіі.

Калі ласка, прабач мне, я нічога больш не ведаю пра тваю радзіму!

Illustrations © Stian Hole.

Чытайце таксама

Іерусалімская прэмія «Свабода асобы ў грамадстве» 2008

Іерусалімская прэмія «Свабода асобы ў грамадстве» 2008

21 студзеня гэтага года стала вядомае імя аўтара, які ў сакавіку атрымае прэстыжную Іерусалімскую прэмію. Ім стаў вядомы японскі пісьменнік Харукі Муракамі, аўтар бэстсэлераў «Нарвежскі лес» і «Пагоня…

Прэмія Акутагава. Прэмія Наокі

Прэмія Акутагава. Прэмія Наокі

15 студзеня 2009 года былі абвешчаны пераможцы двух вышэйшых літаратурных узнагародаў Японіі. Прэмію Акутагава, якая ў гэтым годзе ўручалася ў 140 раз, атрымала маладая пісьменніца Кікуко Цумура за свой…

Грузіце кнігі ў трэйлеры!

Грузіце кнігі ў трэйлеры!

На Захадзе, у адрозненне ад нашых ніваў, ніхто не сумняецца, што кнігі рэкламаваць трэба. Рабіць жа гэта можна па-рознаму. Пра кнігі можна пісаць у газетах, даваць інтэрв’ю на радыё і тэлебачанні, сустракацца…

Мультыкульты па-чэшску

Мультыкульты па-чэшску

Беручы ў рукі кнігу, скажам, ісландскага, японскага або гішпанскага аўтара, мы збольшага “па змаўчанні” настроеныя на тое, што сутыкнёмся ў ёй з ісландскімі, японскімі ці гішпанскімі рэаліямі. Гэта, вядома,…

1986