№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ганна Янкута

2016 год у перакладных кнігах

6 сакавіка 2017

Сёлета ў новым нумары часопіса “ПрайдзіСвет” мы вырашылі згадаць, якія перакладныя кнігі выйшлі ў беларускіх выдавецтвах у 2016 годзе. Апошні раз такі агляд я рабіла пра кнігі 2011 году. Калі параўнаць спіс, які атрымаўся тады  (і нават улічыўшы, што туды трапілі не ўсе кнігі і нешта я прапусціла), з цяперашнім, робіцца відавочным, што за 5 гадоў сітуацыя істотна зрушылася наперад і выдавецтвы ўжо больш гатовыя працаваць з беларускімі перакладамі — а значыць, на іх напэўна ёсць большы попыт.

Хорас Ўолпал “Замак Отранта”, Мэры Шэлі “Франкенштайн” (“Кнігазбор”)

Кніга з серыі часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum” (дзявятая на рахунку серыі) улучае два класічныя ангельскія творы — “Замак Отранта” Хораса Ўолпала (1717—1797), гатычная аповесць, што заклала асновы жанру, і “Франкенштайн, ці Сучасны Праметэй” Мэры Шэлі (1797—1851), адзін з найлепшых узораў готыкі і першы навукова-фантастычны раман. Абодва гэтыя творы ўводзяць чытача ў свет загадкавага і дзівоснага, аднак у кожнага з двух творцаў — свой арсенал сродкаў для стварэння вусцішнай атмасферы. Кніга выйшла з грунтоўнай прадмовай загадчыцы кафедры замежнай літаратуры БДУ Ганны Бутырчык, а таму найперш прызначаецца студэнтам філалагічнага факультэта, якім давядзецца расказваць пра гатычны раман на экзамене, а таксама ўсім, хто цікавіцца вытокамі жанру. “Замак Отранта” пераклала Ганна Янкута, а  “Франкенштайна”  — Марына Дзергачова.


Тадэвуш Далэнга-Мастовіч “Знахар: раман-фільм” (kniharnia.by — электронны варыянт, выдавецтва “Логвінаў” — папяровы)

Юбілейная, дзясятая, “прайдзісвецкая” кніга — “Знахар” Далэнгі-Мастовіча — з’явілася ў двух фарматах дзякуючы сумесным намаганням чатырох перакладчыц — Марыны Казлоўскай, Марыі Пушкінай, Марыны Шоды і Ганны Янкуты, рэдактаркі Марыі Мартысевіч, электроннага выдавецтва kniharnia.by, выдавецтва “Логвінаў” і Польскага інстытута ў Мінску. Кніга сталася адной з самых прадаваных электронных кніг 2016 года і адзіным перакладным выданнем у дзясятцы лідараў.

“Знахар” — польскі бэстсэлер 1937 году. Меладраматычны раман Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча апавядае пра выбітнага варшаўскага хірурга, прафесара Рафала Вільчура, які пасля страты памяці і шматгадовых бадзянняў пад іменем Антонія Касібы трапляе парабкам на млын у мястэчку на Браслаўшчыне, дзе нечакана выяўляе ў сябе невытлумачальную здольнасць лячыць людзей.

Набыць кнігу ў электронным варыянце можна тут. 



“І боль, і прыгажосць…”: выбраныя творы паэтаў Еўропы і Амерыкі ў перакладах Лявона Баршчэўскага (выдавец Зміцер Колас)

Зборнік перакладаў Л. Баршчэўскага “І боль, і прыгажосць…” — напэўна, самая шматмоўная кніга, што выйшла ў беларускім выдавецтве з часоў Францыска Скарыны. Пераклады з больш як 30 моваў друкуюцца ў ёй побач з арыгіналамі; у кнізе прадстаўленыя не толькі ангельская, французская ці нямецкая, але і такія рэдкія для беларускага перакладу мовы, як румынская, эстонская, ісландская, венгерская, албанская, македонская, ірландская і многія іншыя.


Серыя “Паэты планеты” (выдавец Зміцер Колас)

У 2016 годзе выдавец Зміцер Колас распачаў амбітную серыю, у якой з цягам часу плануецца надрукаваць больш за 70 зборнікаў перакладной (і арыгінальнай беларускай) паэзіі з розных куткоў свету. За мінулы год у серыі выйшла 12 кніг кішэннага фармату, кожная з якіх прадстаўляе творчасць аднаго аўтара, і іх выданне працягваецца ў 2017 годзе.

Сапфо “Песні”; са старагрэцкай мовы пераклаў Лявон Баршчэўскі.

Гэта першае асобнае выданне вершаў Сапфо па-беларуску, якое ўлучае таксама пераклад верша “Дзяўчаты пекныя…”, знойдзенага ў 2004 годзе.

Вершы з кнігі можна прачытаць тут.

Умар Хаям “Выбраныя рубаі”; з фарсі-кабулі пераклаў Рыгор Барадулін.

Перавыданне перакладаў, што выходзілі ў 1989 годзе ў “Мастацкай літаратуры”. З мінусаў кнігі — выданне 1989 году ўключала больш вершаў. З плюсаў — для аматараў экзотыкі ў новай кнізе даюцца таксама арыгіналы твораў на фарсі-кабулі.

Франчэска Петрарка “Выбраныя песні”; з італьянскай мовы пераклаў Лявон Баршчэўскі.

Зборнік улучае пераклады з “Канцаньерэ” (“Кнігі песняў”), самай важнай кнігі Петраркі.

Ўільям Шэкспір “Выбраныя санеты”.

У зборнік увайшлі добра вядомыя беларускаму чытачу пераклады санетаў, зробленыя Уладзімірам Дубоўкам, Юркам Гаўруком і Рыгорам Барадуліным, а таксама адзінаццаць новых перакладаў, якія спецыяльна для гэтай кнігі падрыхтавалі Ганна Янкута, Антон Францішак Брыль, Кацярына Маціеўская і Ігар Крэбс.

П’ер Рансар “Выбранае”; з французскай мовы пераклалі Ніна Мацяш, Зміцер Колас і Лявон Баршчэўскі.

Першае беларускае выданне вершаў лідара французскай групы “Плеяда”, мэтай якой было раскрыць магчымасці французскай мовы і паказаць яе паэтычныя вартасці.

Ёган Вольфганг Гётэ “Выбраная паэзія”; з нямецкай мовы пераклалі Васіль Сёмуха і Лявон Баршчэўскі.

Невялікі зборнік найлепшых беларускіх перакладаў Гётэ, у тым ліку — урыўкі з трагедыі “Фаўст”.

Фрыдрых Гёльдэрлін “Выбраная паэзія”; з нямецкай мовы пераклаў Лявон Баршчэўскі.

Чарговая навінка серыі — першае асобнае беларускае выданне вершаў Гёльдэрліна, які не быў належным чынам ацэнены сучаснікамі, аднак істотна паўплываў на далейшую гісторыю еўрапейскай паэзіі.

Генрых Гайнэ “Выбраныя вершы”; з нямецкай мовы пераклаў Ігар Крэбс.

Кніга ўлучае новыя пераклады Гайнэ, якія раней у папяровым выглядзе не выходзілі, і прапануе новы погляд на творчасць паэта, робячы акцэнт на іранічных і сатырычных творах, а таксама на вершах габрэйскай тэматыкі.

Пераклады асобных вершаў з кнігі можна прачытаць тут  і тут

Шарль Бадлер “Выбраныя вершы”; з французскай мовы пераклаў Андрэй Хадановіч.

Доўгачаканае выданне беларускіх перакладаў вершаў Бадлера з кнігі “Краскі зла” і паэм прозаю з кнігі “Парыжскі сплін”, першая беларуская кніга пачынальніка французскага сімвалізму і бацькі “выклятых паэтаў”.

Паэмы прозаю Бадлера можна прачытаць тут. 

Райнэр Марыя Рыльке “Выбраная лірыка”; з нямецкай мовы пераклаў Васіль Сёмуха.

Гэтую кнігу можна было б назваць перавыданнем найлепшых перакладаў Сёмухі з паэзіі Рыльке, аднаго з пачынальнікаў новай еўрапейскай паэзіі, калі б у ёй не друкавалася некалькі новых перакладаў, якія раней на паперы не выходзілі.


Гіём Апалінэр “Выбраная паэзія”.

Дагэтуль па-беларуску выходзіў адзін асобны зборнік перакладаў Апалінэра, зроблены Эдзі Агняцвет, аднак у гэтым выданні — толькі новыя працы перакладчыкаў Андрэя Хадановіча (які, сярод іншага, прапанаваў сваю версію паэмы “Зона” і “Бестыярыю”), Лявона Баршчэўскага, Змітра Коласа, Уладзя Лянкевіча, Ганны Янкуты, Кацярыны Маціеўскай і Андрэя Стэфановіча.

Вершы з кнігі можна прачытаць тут. 

Габрыэла Містраль “Выбраныя вершы”; з іспанскай мовы пераклаў Рыгор Барадулін.

Перавыданне зробленых Рыгорам Барадуліным з дапамогай Карласа Шэрмана беларускіх перакладаў чылійскай паэткі, лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі, якія ўжо даўно зніклі з паліц у кнігарнях.



Рыгведа: кола 1; з санскрыту пераклаў Ігар Кулікоў (“Медысонт”)

Грунтоўнае выданне першага з дзесяці колаў старажытнага твора цалкам падрыхтаваў Ігар Кулікоў, суправадзіўшы пераклад падрабязным навуковым каментаром, які ўводзіць чытача ў свет Рыгведы. Беларуская мова — адна з нямногіх, якая мае паэтычны пераклад гэтага твора.

Рыгведа — найстаражытнейшы моўны твор індыйскай цывілізацыі. Гэта збор хвалебнаў, прысвечаных розным багам — перадусім Індру ды Агні. Ужо некалькі тысячагоддзяў з пакалення ў пакаленне брахманы бездакорна перадаюць Рыгведу па памяці. Слухаючы альбо чытаючы Рыгведу, мы не проста можам далучыцца да старажытнай традыцыі, але і зазірнуць у свядомасць адных з першых паэтаў чалавецтва.

Клайв Стэйплз Льюіс “Хронікі Нарніі: Пляменнік чараўніка”; з ангельскай мовы пераклала Надзея Кім (“Пазітыў-цэнтр”)

“Пляменнік чараўніка” — першая аповесць з цыкла Льюіса “Хронікі Нарніі”, што ўлучае сем казак у жанры фэнтэзі. Неверагодна папулярная ва ўсім свеце, серыя ўрэшце пачала выходзіць па-беларуску, і заснавальнікі серыі “Добрая кніга”, у якой выйшаў пераклад, анансавалі працяг. У афармленні кнігі выкарыстаныя ілюстрацыі ангельскай мастачкі Паўліны Бэйнс, што рабіліся для першага арыгінальнага выдання кнігі, а вокладку намаляваў вядомы беларускі графік Раман Сустаў.

Набыць кнігу ў электронным варыянце можна тут. 



Ніл Гэйман “Караліна”; з ангельскай мовы пераклала Дар’я Вашкевіч (выдавец Зміцер Колас)

Дзіцячая кніга ў жанры ці то фэнтэзі, ці то ўвогуле жахаў прызначаецца дзецям ва ўзросце ад 8 да 12 гадоў. Яе аўтар — Ніл Гэйман, адзін з самых вядомых ангельскіх пісьменнікаў-фантастаў, які напісаў такія рэчы, як “Зорны пыл” і “Амерыканскія багі” і атрымаў ці не ўсе ўзнагароды, на якія можа прэтэндаваць пісьменнік-фантаст. Пераклад кнігі на беларускую мову мае доўгую і цікавую гісторыю, якую Дар’я Вашкевіч выклала ў прадмове. Страшнаватыя (як і мае быць) ілюстрацыі да беларускай “Караліны” намалявала Алена Медзякова.



Малгажата Шэйнэрт “Насыпаць горы: Гісторыі з Палесся”; з польскай мовы пераклалі Марыя Пушкіна і Алена Пятровіч (“Логвінаў”)

Малгажата Шэйнэрт, польская журналістка і пісьменніца, што працуе ў жанры нон-фікшн, аб’ездзіла беларускае Палессе ўздоўж і ўпоперак, вывучыла звязаныя з ім матэрыялы і напісала пра гэты рэгіён так, як не пісаў яшчэ ніхто. Героі кнігі — і гістарычныя асобы, і забытыя палешукі і паляшучкі, і нашы сучаснікі, якія вырошчваюць па палескіх землях агуркі, захоўваюць палескі дыялект і старасвецкія традыцыі і ладзяць там незвычайныя кірмашы. У кнізе выкарыстаныя рэдкія архіўныя фотаздымкі і кадры, зробленыя аўтаркай падчас яе падарожжаў, а назва пазычаная з верша беларускага паэта Уладзя Лянкевіча.



Сяргій Жадан “Варашылаўград”; з украінскай мовы пераклаў Віталь Латыш (“Логвінаў”)

Гера, малады чалавек з бязладным жыццём, прыязджае на малую радзіму, у мястэчка на Луганшчыне (Луганск называўся Варашылаўградам за савецкім часам, часам юнацтва галоўнага героя), каб ратаваць братаў бізнэс, і адразу ж атрымлівае цэлую купу праблем з крыміналітэтам, чыноўнікамі і былымі сябрамі. Сяргій Жадан выдатна адлюстраваў стан не толькі ўкраінскай, але ўсёй постсавецкай прасторы — атмасферу разгубленасці і няўтульнасці, поўнага неразумення таго, што будзе заўтра, але роспачнага прыняцця таго, што ёсць тут і цяпер. Раман прасякнуты духам сапраўднага сяброўства, лірычнымі ўспамінамі, дзіўнымі перапляценнямі мінулага і рэчаіснасці.

Урывак з кнігі можна прачытаць тут.



Этгар Керэт “Сем добрых гадоў”; з іўрыту пераклаў Сяргей Шупа (“Логвінаў”)

Новая кніга ўжо добра вядомага беларускім чытачам аўтара. “У сваёй першай непразаічнай кнізе папулярны ізраільскі аўтар Этгар Керэт піша пра важныя для яго рэчы, што адбыліся за сем гадоў — ад нараджэння сына да смерці бацькі. У гэтых смешна-сумных гісторыях гаворыцца не толькі пра сям’ю і працу, перад чытачом паўстае панарама супярэчлівай сучаснасці — у Ізраілі і ў свеце”.

Урывак з кнігі можна прачытаць тут.


Рышард Капусцінскі “Чорнае дрэва: афрыканская ліхаманка”: з польскай мовы пераклаў Яўген Салейчук (“Логвінаў”)

Яшчэ адна перакладзеная на беларускую мову кніга вандроўніка і класіка польскага нон-фікшна Рышарда Капусцінскага (які, дарэчы. нарадзіўся ў Пінску), што расказвае пра яго падарожжы па самым загадкавым кантыненце.

Заплюшчыце вочы і ўявіце Афрыку. Які малюнак паўстае перад унутраным зрокам? Бясконцая залатая савана, ганарлівыя  ільвы, велічныя сланы? Чародка худзюткіх дзяцей з вялізнымі вачыма, поўнымі надзеі? Прыгожыя жанчыны з даўгімі шыямі ў металічных бранзалетах? У вашых руках кніга “Чорнае дрэва” — самае сэрца Афрыкі. Ключ ад далёкага, таямнічага кантынента, поўнага магіі, любові і смерці. Кніга пра афрыканскі космас, усё яшчэ не дарэшты зведаны і зразумелы еўрапейцам. Там велічная прыгажосць прыроды суседнічае з дзікай галечай, дзе цень і вада каштоўнейшыя за ўсе скарбы свету.

Пазнаёміцца з фрагментам кнігі можна тут

Богдан Задура “Труны з Ікеі”; з польскай мовы пераклаў Андрэй Хадановіч (“Ловгінаў”)

У кнігу ўвайшлі выбраныя вершы з чатырнаццаці зборнікаў Богдана Задуры. Аўтар — бясспрэчны класік сучаснай літаратуры, адзін з найвядомейшых у Польшчы і за яе межамі паэтаў, перакладзены на многія мовы. "Труны з Ікеі" ў перакладах Андрэя Хадановіча — першае выданне знакамітага паэта ў Беларусі.

Змест кнігі і пераклад верша “Падрахункі” можна паглядзець тут.  Таксама падборку перакладаў Богдана Задуры можна знайсці на “ПрайдзіСвеце”



Нора Гомрынгер “(З)начныя даследаванні”; з нямецкай мовы пераклалі Ірына Герасімовіч і Вольга Гапеева (“Галіяфы”)

Нора Гомрынгер — нямецка-швейцарская паэтка, нарадзілася ў 1980 годзе. Шмат падарожнічала, атрымала шэраг нямецкіх літаратурных прэмій. З анатацыі да кнігі: “Кніга паэзіі і выбраных эсэ сучаснай нямецкамоўнай аўтаркі Норы Гомрынгер выходзіць па-беларуску ўпершыню і, безумоўна, прыцягне чытацкую ўвагу сваёй паэтычнай неардынарнасцю і выбітнасцю”.



Галіна Пасвятоўска “Ідалапаклонніца”; з польскай мовы пераклаў Алесь Емяльянаў-Шыловіч (“Кнігазбор”)

Дэбютная перакладчыцкая праца паэта Алеся Емяльянава-Шыловіча, які ўзяўся ўпершыню прадставіць беларускаму чытачу інтымную лірыку Галіны Пасвятоўскай, польскай паэткі ХХ ст.

Яе называлі “польскай Сапфо”, але яна вельмі крытычна ставілася да сваіх вершаў, выйшла замуж у 18 гадоў, каб заўдавець у 20, сябравала з Віславай Шымборскай і мела раман з Ежы Касінскім, не шкадавала свайго хворага сэрца, але не хацела жыць напалову, яна кахала і не баялася смерці, а памерла ў 32 гады з імем каханага на вуснах. Легендарная і трагічная, “выклятая паэтка” Галіна Пасвятоўска.



Альвідас Шляпікас “Бог дажджу”; з літоўскай мовы пераклала Сюзана Паўкштэла (“Логвінаў”)

Альвідас Шляпікас — літоўскі паэт, празаік, актор, рэжысёр і сцэнарыст; дагэтуль на беларускую мову перакладаліся толькі яго вершы. Кніга ўлучае 9 навелаў, пераклад якіх падрыхтавала Сюзана Паўкштэла.

Фрагмент з кнігі можна прачытаць тут.

 

Оса Ліндэрборг “Я не належу нікому”; са шведскай мовы пераклалі Яўгенія Гарунова і Наста Варашыліна (“Альтэрнатыва”)

Шведская пісьменніца і гісторык Оса Ліндэрборг расказвае ў сваім аўтабіяграфічным рамане пра дзяцінства і сталенне ва ўмовах складаных адносін з бацькам-алкаголікам.

“...У выходныя тата спаў бы доўга, калі б не заўсёднае пахмелле. У нядзелю з пахмелля ён мог прачнуцца рана і пачаць шукаць пустыя бутэлькі. Тады тата будзіў свайго брата Рольфа, ён вёз нас да запраўкі ў Ірста. Там тата ведаў кагосьці, хто падпольна прадаваў піва. Тата сядзеў спераду і дрыжэў.
— Як ты, Лефе?
— Нармальна, кіруй...
...Я старалася не вяртацца дадому да вечара нядзелі. Тата спаў усе выходныя, толькі зрэдку ўставаў з адляжанай шчакой, ішоў, хістаючыся, да каморкі, дзе стаялі бутэлькі, адчыняў дзверцы, браў бутэльку і спусташаў яе. Ён адкрываў рот, толькі каб сказаць, што, халера, як хутка зноў надышоў час. Час ісці на працу” (цытата ўзятая з допісу ў фэйсбуку кнігарні “Логвінаў”).



Вітальд Шаблоўскі “Танец мядзведзяў”; з польскай мовы пераклала Адэля Дубавец (34mag.net)

Кніга польскага журналіста выйшла толькі ў электронным варыянце. Вітальд Шаблоўскі шмат гадоў пісаў на тэмы, звязаныя з Турцыяй і туркамі, аднак гэтая яго кніга прысвечаная ўжо іншаму — гісторыі посткамуністычных краін, якім цяжка выбрацца з-пад абломкаў імперый ды ідэалогій. Беларускі пераклад “Танцу мядзведзяў” намінуецца на прэмію “Дэбют” імя М. Багдановіча.

Прачытаць кнігу можна тут



Майсей Кульбак “Eybik / Вечна” (“Шах-плюс”)

Зборнік складзены з двух тузінаў паэтычных твораў знакамітага габрэйскага пісьменніка Майсея Саламонавіча Кульбака (Мойшэ Кульбака, 1896—1937). Усе творы падаюцца на ідышы і па-беларуску; некаторыя пераклады друкуюцца ўпершыню. Прапанаваныя таксама біяграфічныя звесткі пра юбіляра і фрагменты ўспамінаў Рыгора (Гірша) Рэлеса. Значную частку вершаў у кнізе пераклаў Андрэй Хадановіч; некаторыя з яго перакладаў Кульбака можна прачытаць тут



Іосіф Бродскі “Туга і спакой: раннія вершы”; з рускай мовы пераклаў Вадзім Болбас (Гомель)

У кнізе прадстаўлены самы вялікі збор перакладаў на беларускую мову ранняй паэзіі Іосіфа Бродскага, у тым ліку і дзевяць вершаў, аўтарам не датаваных, якія раней не друкаваліся. Перакладчык выбіраў тыя творы, якія найбольш адпавядаюць яго густу.



Арнольд Макмілін “Рунь: маладыя беларускія паэты пачатку ХХІ стагоддзя”; з ангельскай мовы пераклала Вольга Калацкая (“Кнігазбор”)

Ангельскі славіст і літаратуразнаўца Арнольд Макмілін прааналізаваў вершы сарака аўтараў, што дэбютавалі ў ХХІ стагоддзі, і выклаў вынікі свайго даследавання ў грунтоўнай працы пра творчасць новага пакалення беларускіх паэтаў

Прадмову да кнігі можна прачытаць тут



Серыя “Мая беларуская кніга” (“Папуры”)

У серыі выходзяць перавыданні знакавых беларускіх ці напісаных на беларускіх землях твораў; сярод іх нямала перакладаў з польскамоўных аўтараў, што нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі ці былі з ёй звязаныя. У 2016 годзе ў серыі выйшлі наступныя пераклады: “Полацкая шляхта” Вайніслава Казіміра Сулімы-Савіча-Заблоцкага ў перакладзе Жанны Некрашэвіч-Кароткай, “Кароль у Нясвіжы” Юзафа Ігнацыя Крашэўскага ў  перакладзе Міхася Кенькі, “Хам” Элізы Ажэшкі ў перакладзе Ядвігі Бяганскай (можна прачытаць тут ).



Аляксандр Грын “Пунсовыя ветразі”; з рускай мовы пераклаў Андрэй Каляда (выдавец Зміцер Колас)

З анатацыі да кнігі: “Аповесць-феерыя “Пунсовыя ветразі” расійскага пісьменніка Аляксандра Грына (сапр. Грыневіч, 1880—1932) — пра дзяўчынку Асоль, што чакае прынца на караблі з пунсовымі ветразямі, пра непахісную веру ў цуд і ўсёпераможную, узвышаную мару”.



Серыя “Светлыя знакі: паэты Кітая” (“Мастацкая літаратура”)

У 2016 годзе ў гэтай серыі выйшла некалькі кніг. “Песня бамбукавай флейты” (пятае выданне з серыі, як адзначаецца на сайце “Мастацкай літаратуры”) улучае вершы паэткі Лі Хэ, што жыла ў эпоху Тан, у перакладзе Алены Раманоўскай (знаўцы кітайскай мовы), Леаніда Дранько-Майсюка, Таццяны Сівец, Юліі Алейчанкі. Наступная кніга — “Мост цераз Млечны Шлях” — гэта зборнік вершаў Лі Цінчжаа (10841155) у перакладзе Анэлі Тулупавай, Яўгеніі Янішчыц, Ніны Загорскай, Валянціны Коўтун, Вольгі Іпатавай, Юліі Алейчанкі, Валерыі Радунь. Яшчэ адна кніга з серыі — “Мелодыі адкрытага сэрца” — змяшчае пераклады вершаў сучаснага кітайскага паэта Вана Гачжэня, зробленыя Дар’яй Нечыпарук, Таццянай Сівец, Юліяй Алейчанкай, Навумам Гальпяровічам.



Серыя “Сябрына: паэзія народаў Расіі” (выдавецкі дом “Звязда”)

У серыі выйшла кніга ўдмурцкага паэта Вячаслава Ар-Сяргі “Ранішні вецер у акне”, перакладзеная Віктарам Гардзеем.



Лэйла Аліева, “Ліст”; пераклала Таццяна Сівец (выдавецкі дом “Звязда”)

Лэйла Аліева — грамадскі дзеяч, галоўны рэдактар часопіса “Баку”, віцэ-прэзідэнт Фонду Гейдара Аліева і старшыня прадстаўніцтва Фонду ў Расіі, старшыня Азербайджанскай моладзевай арганізацыі Расіі. Творчасць — таксама значная складовая яе жыцця: Лэйла не толькі піша вершы, але і займаецца мастацкай дзейнасцю, рэжысурай фільмаў. Вось як ацаніла яе паэзію  Афаг Масуд, пісьменніца, заслужаны дзеяч мастацтваў Азербайджана: “Гэтыя трапяткія, як крылы матылькоў, вершы маюць сілу супрацьстаяць самым разбуральным ударам жыцця, якія пагражаюць разбіць Тонкі Дух Адчуванняў, і перамагчы…” (з сайта выдавецкага дома “Звязда”).



Немат Келімбетаў “Зайздрасць”; пераклалі Генадзь Аўласенка і Алесь Карлюкевіч (выдавецкі дом “Звязда”)

Трэцяя кніга літаратара, якая нядаўна выйшла ў выдавецкім доме “Звязда” ў перакладзе на беларускую мову: цягам апошніх гадоў свет пабачылі пераклады кніг “Не хачу губляць надзею” і “Лісты да сына”.


Дзіцячая літаратура



Эва Суса “Снежны чалавек у Мінску”; са шведскай мовы пераклаў Дзмітрый Плакс (“Кнігазбор”)

Гэта працяг гісторыі пра Снежнага чалавека шведскай пісьменніцы Эсы Сусы, унікальны тым, што ўпершыню ён пабачыў свет менавіта ў Беларусі. Кніга выйшла ў серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў “Каляровы ровар”, ілюстрацыі да яе рабіла беларуская мастачка Кацярына Дубовік.



Свэн Нурдквіст “Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі”; са шведскай мовы пераклала Надзея Кандрусевіч (“Кнігазбор”)

Кнігі Свэна Нурдквіста зрабіліся класікай дзіцячай літаратуры, а яго гісторыі пра старога Пэтсана і коціка Фіндуса перакладзеныя на больш як 30 моваў свету.

Пэтсан жыве разам са сваімі курамі ў невялікім дамку на хутары. Але ён вельмі адзінокі. Аднойчы да яго прыходзіць суседка Бэда Андэрсан з маленькай скрыняй. “Фіндус. Зялёны Гарошак”, — напісана на ёй вялікімі літарамі. Аднак там зусім не гарошак. А маленькі коцік!

Паглядзець некалькі старонак з кнігі можна тут. 



Свэн Нурдквіст “Блінны торт”; са шведскай мовы пераклала Надзея Кандрусевіч (“Кнігазбор”)

“...Фіндусу падабаецца святкаваць Дзень народзінаў, і таму ён святкуе яго тры разы на год. Звычайна ў гэты дзень Пэтсан пячэ блінны торт. Для гэтага патрэбныя яйкі, мука і малако. Мукі дома няма, таму Пэтсану трэба з’ездзіць на ровары ў краму ды набыць яе. Але спачатку — адрамантаваць ровар інструментамі, якія ляжаць у майстэрні, ключ ад якой апынуўся ў калодзежы... Каб дастаць ключ, трэба ўзяць драбіны, прытуліўшыся да якіх, спіць страшны ды злосны бык” (фрагмент з кнігі ўзяты з сайта knihi.by).

Паглядзець некалькі старонак з кнігі можна тут



Серыя “Чытанка-маляванка” (“Аверсэв”)



Выдавецтва “Аверсэв” выпусціла новую серыю кніг для дзяцей ад 1 года, многія з якіх улучаюць пераклады дзіцячай класікі (і расійскай, і еўрапейскай) на беларускую мову. У розных кніжках-расфарбоўках можна знайсці казкі Шарля Пэро, братоў Грымаў, Оскара Ўайлда, Ханса Крысціяна Андэрсэна, Вільгельма Гаўфа, Рэд’ярда Кіплінга, казак розных народаў свету і інш. па-беларуску. Сярод перакладчыкаў серыі — Ганна Янкута і Зміцер Колас.



Серыя кніг Галіны Злацінай “Прыгоды на Сонечнай ферме”; з балгарскай мовы пераклалі Паліна Грынчанка і Вольга Габрусева (“Мастацкая літаратура”)

Серыя кніг балгарскай дзіцячай пісьменніцы Галіны Злацінай уключае казкі “Злодзеі на ферме”, “Начны пажар”, “Закапаны скарб” і ”Паламаная агароджа” пра парсючка Балёніка, кацяня Цімоха, шчаня Баніфацыя і іншых жыхароў казачнай фермы.



Міхайла Слабашпіцкі “Нарвежскі кот не падвядзе”; з украінскай мовы пераклаў Алесь Карлюкевіч (выдавецкі дом “Звязда”)

Міхайла Слабашпіцкі — украінскі празаік, крытык, літаратуразнаўца, публіцыст, грамадскі дзеяч, аўтар дзіцячых кніг, лаўрэат шэрагу літаратурных прэмій. Кніга змяшчае чатыры казкі аўтара: “Цікаўная рыбачка”, “Зайчаня, якое лічыла сябе смельчаком”, “Цуд на балконе” і “Нарвежскі кот не падвядзе”.

Паглядзець фрагмент кнігі і набыць электронны варыянт можна тут




Ганад Чарказян “Чык-чырыка і Мурлыка”; з курдскай мовы пераклаў Рыгор Барадулін (“Мастацкая літаратура”)

Адзін з апошніх празаічных перакладаў з Ганада Чарказяна народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.


Серыя “Сяброўства без межаў” (выдавецкі дом “Звязда”)



Серыя ўлучае кнігі чарнагорскага пісьменніка Душана Джурышыча “Вялікі капітан” у перакладзе Генадзя Аўласенкі, што змяшчае гумарыстычныя вершы і кароткія апавяданні, і туркменскага пісьменніка Касыма Нурбадава “Гулялек — Чырвоны мак, або Тонкі сшытак” у перакладзе Алеся Карлюкевіча і Юліі Алейчанкі.



Электронныя кнігі


Серыя “Калекцыя “ПрайдзіСвета”

Інтэрнэт-часопіс “ПрайдзіСвет” сумесна з электронным выдавецтвам kniharnia.by запачаткаваў новую серыю перакладных электронных кніг “Калекцыя “ПрайдзіСвета”. У гэтай серыі выходзяць як новыя кнігі, так і выданні, што ўжо друкаваліся на паперы. На сённяшні момант у серыі выйшла 7 кніг:

“Зоркі над вельдам: зборнік афрыканскага апавядання”.

Кніга ўлучае шэраг апавяданняў афрыканскіх аўтараў, што друкаваліся ў 7-м нумары часопіса “ПрайдзіСвет” “Finis Africae”, падрыхтаваных рознымі перакладчыкамі. Пагартаць і набыць можна тут. 


“Ён прыходзіў з дажджом: зборнік дэтэктыўнага апавядання”.

Кніга часткова супадае па змесце са зборнікам дэтэктыўнага апавядання “Злачынства, сэр!” (2013), аднак утрымлівае і шэраг апавяданняў, якія ў гэты зборнік не трапілі. Пагартаць і набыць можна тут.


Эдгар По “Маска Чырвонае Смерці”.

Выданне 2011 году, папраўленае і дапоўненае чатырма новымі перакладамі навелаў. Пагартаць і набыць можна тут.
 

Чарлз Дыкенс “Калядны харал”; з ангельскай мовы пераклала Ганна Янкута.

Электроннае выданне знакамітай каляднай гісторыі з прывідамі, якое друкавалася ў зборніку “Падарунак на Каляды”. Пагартаць і набыць можна тут




Артур Конан Дойл “Прыгоды Шэрлака Холмса”; з ангельскай мовы пераклалі Аляксей Арцёмаў, Алена Казлова, Кацярына Маціеўская, Алена Пятровіч, Ганна Янкута.


Электроннае перавыданне першай беларускай кнігі пра Холмса. Пагартаць і набыць можна тут



Артур Конан Дойл “Нататкі пра Шэрлака Холмса”; з ангельскай мовы пераклалі Алена Казлова, Марыя Мартысевіч, Кацярына Маціеўская, Сяржук Мядзведзеў, Алена Пятровіч, Ганна Янкута.

Электроннае перавыданне другой беларускай кнігі пра Холмса. Пагартаць і набыць можна тут



Тадэвуш Далэнга-Мастовіч “Знахар”; з польскай мовы пераклалі Марына Казлоўская, Марыя Пушкіна, Марына Шода, Ганна Янкута.

Пагартаць і набыць можна тут. 


У раздзеле “Пераклады”  на сайце kniharnia.by можна знайсці вялікую колькасць аблічбаваных старых перакладных, якія паступова робяцца даступнымі шырокай аўдыторыі, і новых перакладных кніг.

 

Чытайце таксама

Прэмія імя Т. С. Эліята

Прэмія імя Т. С. Эліята

12 студзеня 2009 года стала вядомае імя ўладальніцы галоўнай брытанскай паэтычнай прэміі – прэміі імя Т. С. Эліята (Тhe TS Eliot prize for poetry). Ёй стала малавядомая 30-гадовая паэтка Джэн Хэдфілд (Jen…

Пакуль нас цікавіць герой, які думае, дэтэктыў будзе існаваць

Даніэль Клугер

Пакуль нас цікавіць герой, які думае, дэтэктыў будзе існаваць

— Дэтэктыў даўно выйшаў за межы жанру і ўвабраў у сябе рысы іншых жанраў літаратуры. Якая мадыфікацыя дэтэктыву Вас найбольш прыцягвае? — Я люблю тое, што называецца “класічным дэтэктывам”: калі разгадка…

Пякельныя машыны Анджэлы Картэр

Вікторыя Ягорава

Пякельныя машыны Анджэлы Картэр

Многія чытачы не змаглі адолець і некалькі старонак, іншыя чытаюць і перачытваюць творы А. Картэр некалькі разоў. У чым прычына такой супярэчнасці?..

Беларуская жаночая паэзія міжваеннага перыяду і фармаванне

Аксана Данільчык

Беларуская жаночая паэзія міжваеннага перыяду і фармаванне "новай" жанчыны

Літаратуразнаўцаў цікавіць у першую чаргу літаратурны працэс, хоць для яго разумення, безумоўна, неабходна трымаць пад увагай умовы, у якіх ён праходзіў. Ці правамоцны ўвогуле падзел літаратуры, у прыватнасці…

3093