№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ганна Янкута

Гісторыя выпадковасцяў: агляд беларускіх перакладаў з нарвежскай

10 кастрычніка 2017

Гісторыя выпадковасцяў: агляд беларускіх перакладаў з нарвежскай

Я б хацела пачаць з чагосьці больш бадзёрага, але гэта немагчыма. Таму пачну так, як ёсць: нарвежская літаратура ў беларускіх перакладах прадстаўленая вельмі слаба. Калі казаць пра савецкі час, то пераклады з гэтай мовы ўвогуле выглядаюць як статыстычная хібнасць: іх колькасць нават на фоне небагатай беларускай перакладчыцкай традыцыі выглядае мізэрнай. У 1990-х — 2000-х, час перыядычных выданняў і анталогій, у беларускім друку пачалі з’яўляцца паасобныя вершы і апавяданні, а першая кніга, перакладзеная з нарвежскай, выйшла ў выдавецтве Змітра Коласа ў 2011 годзе. Гэта быў раман Інгвара Амб’ёрнсэна “23-я палата”. З таго часу колькасць нарвежскіх кніг па-беларуску павялічылася ажно ўтрая: да Амб’ёрнсэна далучылася выданне рамана Юстэйна Гордэра “Сафіін свет” (2014) і зборнік твораў Кнута Гамсуна “Голад” (2017). Зрэшты, сярод скандынаўскіх літаратур нарвежская па колькасці беларускіх перакладаў займае пачэснае другое месца пасля шведскай: з дацкай і ісландскай моваў у нас перакладаюць яшчэ менш.

Растлумачыць, чаму нешта мала перакладаецца на беларускую, заўсёды лёгка. У дадзеным выпадку можна выдзеліць тры асноўныя прычыны. Па-першае, Беларусь і Нарвегія ніколі не мелі ніякіх асаблівых, у тым ліку культурных, сувязяў. Так, напрыклад, павелічэнню колькасці перакладаў са шведскай мовы моцна паспрыяла актыўнасць шведскай амбасады і колішняга пасла Стэфана Эрыксана, што чарговы раз падкрэслівае важнасць культурных, эканамічных і дыпламатычных сувязяў для развіцця ўзаемнага перакладу. Па-другое, у Беларусі не так ужо і шмат магчымасцяў вывучыць нарвежскую — гэта не самая запатрабаваная замежная мова ў нашай краіне. Па-трэцяе, нават з больш распаўсюджаных моваў і больш вядомых у свеце літаратур, такіх як ангельская, французская, нямецкая ці гішпанская, на беларускую перакладзена не так і шмат. Фактычна, нарвежска-беларускі мастацкі пераклад трымаецца на чатырох асобах — Лідыі Ёхансэн, Лявоне Баршчэўскім, Яне Максімюку і Валерыю Буйвале, прычым Лідыя Ёхансэн — адзіная, хто працуе выключна з нарвежскай мовай.

Нарвежскі нумар “ПрайдзіСвета” адчувальна павялічвае колькасць перакладаў з нарвежскай на беларускую і знаёміць беларускага чытача з абліччам сучаснай нарвежскай літаратуры. З’яўленне нумару ў гэтым годзе — у чымсьці сімвалічнае: першы пераклад з нарвежскай з’явіўся па-беларуску 50 гадоў таму ў “Полымі”. У №8 часопіса за 1967 год у раздзеле “Новыя пераклады” выйшлі чатыры апавяданні скандынаўскіх аўтараў — па адным ад кожнай краіны. Нарвегію ў гэтай падборцы прадстаўляе Артур Амрэ (Arthur Omre, 1887—1967) апавяданне якога “Вернасць” з нарвежскай, як пазначаецца ў часопісе, пераклаў Іван Чыгрынаў. Гэта не самы папулярны нарвежскі аўтар, вядомы перадусім дзякуючы напісаным на ўласным досведзе крымінальным раманам (пісьменнік правёў некалькі гадоў у турме за кантрабанду і махлярствы) і невялікімі апавяданнямі для часопісаў, адно з якіх і з’явілася ў “Полымі”. Цікава, чаму для публікацыі па-беларуску выбралі менавіта яго — магчыма, рэдактару ці перакладчыку трапіўся на вочы некралог: пісьменнік памёр якраз у жніўні 1967-га. Другі пераклад, зроблены Васілём Сёмухам (апавяданне “Нумерманы” Ёхана Боргена) з’явілася ў 1969 годзе ў газеце “Літаратура і мастацтва”.

Каб не змяшчаць далей бібліяграфію, прапаную паглядзець, як выглядала б нарвежская літаратура, калі б уражанне пра яе можна было скласці выключна па беларускіх перакладах — тых, што выйшлі да 19-га нумару часопіса “ПрайдзіСвет”. Я змяшчаю аўтараў, чые пераклады на беларускую я знайшла, у храналагічным парадку і даю пра кожнага з іх невялікую інфармацыю, каб нават асобныя апавяданні і вершы, якія самі па сабе амаль нічога пра літаратуру не кажуць, упісваліся ў агульны кантэкст і ператвараліся ў асобныя пазлы хай сабе невялікай і поўнай выпадковасцяў, але ўсё ж такі важнай для нас карціны нарвежска-беларускіх літаратурных сувязяў.

Пачынаем з ХІХ стагоддзя, бо ўсё, што было да яго, на нашай карціне адсутнічае. Выключэннем могуць лічыцца хіба што дзве нарвежскія казкі, “Сямёра жарабят” і “Сумленна здабытая манета”, што трапілі ў зборнік “Хрустальны калодзеж: казкі народаў Еўропы” (кніга 1), укладзены і перакладзены з рускай В. Гардзеем.

ХІХ ст.

Генрык Ібсэн (Henrik Ibsen, 1828—1906). Найбуйнейшы нарвежскі драматург XIX стагоддзя, заснавальнік “новай драмы”, тэатральны рэжысёр і паэт. Жыццё і творчасць Ібсэна поўныя дзіўных супярэчнасцяў: моц яго таленту дазволіла арганічна спалучыць самыя розныя, нярэдка палярныя тэмы, ідэі, сродкі мастацкага выражэння. Прадстаўнікі розных эстэтычных плыняў залучаюць яго ў свае шэрагі. Некаторыя называлі яго “Фройдам у драматургіі”. Адна з самых папулярных п'есаў Ібсэна — “Лялечны дом”. Да ліку найлепшых залічваюцца п’есы “Бранд”, “Пэр Гюнт”, “Вораг народа”, “Дзікая качка”, “Будаўнік Сольнэс”. Шматлікія творы Ібсэна пастаўленыя ў тэатрах і экранізаваныя. З 1986 году ў Нарвегіі ўручаецца нацыянальная Прэмія Ібсэна за ўнёсак у драматургію, а з 2008 году — Міжнародная прэмія Ібсэна. Лявон Баршчэўскі пераклаў на беларускую мову фрагмент з п’есы “Пэр Гюнт” (сцэна ў пячоры Доўрскага караля), які быў надрукаваны ў часопісе “Роднае слова” (№8, 1998) і ў кнізе “Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён” (2006), а таксама некалькі вершаў (“Наша слова”, №34, 1993). Адзін з іх, верш “План будаўніцтва”, можна знайсці ў артыкуле перакладчыка “Беларускія пераклады з літаратур Скандынавіі (1986—2001)”, што выйшаў у зборніку “Пераклад збліжае народы”. Верш Ібсэна “Я ветразь свой у свет вялікі…” у перакладзе Уладзіміра Дубоўкі надрукаваны ў “Галасах з-за небакраю” (і гэта адзіны верш з нарвежскай паэзіі, змешчаны ў анталогіі Міхася Скоблы). П’есу “Лялечны дом” перастварыў на беларускую паводле рускага перакладу Андрэй Каляда (“Лялечны дом: п’есы замежных драматургаў”, 2006).

Б’ёрнстэрнэ Б’ёрнсан (Bjørnstjerne Bjørnson, 1832—1910). Нягледзячы на тое, што першую ў нарвежскай літаратуры і трэцюю ў свеце Нобелеўскую прэмію гэты пісьменнік атрымаў у пачатку ХХ ст., а менавіта ў 1903 годзе, яго творчасць варта аднесці да ХІХ ст. Прэмію Б’ёрнсан атрымаў за паэзію (дарэчы, менавіта ён — аўтар нарвежскага нацыянальнага гімна “Так, мы любім гэты край”), аднак асноўная яго спадчына — перадусім раманы і п’есы, сярод якіх вылучаецца шэраг нацыянальных драм. Валеры Буйвал пераклаў на беларускую мову кароткую навелу Б’ёрнсана “Жудасны ўспамін” (першы нумар часопіса “Annus Albaruthenicus”, 2000). Пераклад вершаў Б’ёрнсана “Цудоўны красавік!” і “Бялявая нарвежка” змясціў у зборніку сваіх выбраных перакладаў “І боль, і прыгажосць…” (2016) Лявон Баршчэўскі.

Сігб’ёрн Обстфэльдэр (Sigbjørn Obstfelder, 1866—1900). Нарвежскі паэт-мадэрніст, на творчасць якога істотна паўплываў Шарль Бадлер; пісаў таксама апавяданні і п’есы. Творы Обстфелера часта называюць літаратурным аналагам карцін Эдварда Мунка, які быў блізкім сябрам пісьменніка. Падборка з трох вершаў Обстфелера — “Гляджу”, “Ці можа люстэрка гаварыць?” і “Да цябе” — змешчаная ў зборніку выбраных перакладаў Лявона Баршчэўскага “І боль, і прыгажосць…”.

 

ХХ ст.

Кнут Гамсун (Knut Hamsun, 1859—1952). Ключавая і досыць супярэчлівая постаць у нарвежскай літаратуры мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў (самы вядомы раман Гамсуна “Голад” выйшаў у 1890 годзе). Вядомы цяпер усяму свету дзякуючы Нобелеўскай прэміі (1920), Гамсун і да яе атрымання быў папулярным пісьменнікам-мадэрністам і драматургам, творы якога актыўна перакладаліся на розныя мовы, у тым ліку на рускую. Падчас Другой сусветнай вайны, калі Нарвегія была акупаваная Германіяй, Гамсун падтрымаў калабарацыянісцкі рэжым Квіслінга, хоць пазней і расчараваўся ў ім, а пасля смерці Гітлера напісаў некралог, дзе назваў таго “змагаром за правы народаў”. У 2009 годзе біёграф Інгар Шлетэн Колуэн сказаў пра Гамсуна наступнае: “Мы не можам не любіць яго, хоць і ненавідзелі яго ўсе гэтыя гады. Гамсун — наша траўма. Ён прывід, які не хоча заставацца ў магіле”. З усіх нарвежскіх пісьменнікаў Гамсун найлепш прадстаўлены па-беларуску: ён адзін з трох нарвежцаў, якія маюць на нашай мове ажно цэлую кнігу. Менавіта з Гамсуна ў 2017 годзе пачалася серыя “Noblesse oblige” выдавецтва “Янушкевіч”, якая прадстаўляе па-беларуску творы нобелеўскіх лаўрэатаў. Выданне ўключае тры раннія і самыя вядомыя на постсавецкай прасторы творы пісьменніка: “Голад” у перакладзе Лявона Баршчэўскага, “Пана” і “Вікторыю” ў перакладзе Лідыі Ёхансэн, а таксама нобелеўскую лекцыю, таксама ў перакладзе Лідыі Ёхансэн. Яшчэ адзін твор Гамсуна, навелу “Царыца Саўская”, можна знайсці ў часопісе “Крыніца” (№10 (25), 1996) у перакладзе Лявона Баршчэўскага.

Тар’ей Вэсас (Тarjei Vesaas, 1897—1970). Самым важным творам гэтага пісьменніка лічыцца выдадзены ў 1963 годзе раман “Ледзяны палац”, які атрымаў прэмію Паўночнай рады. Пазнаёміцца з біяграфіяй Вэсаса можна ў эсэ “Трохі пра жыццё і творчасць Тар’ей Вэсаса”, якое напісаў Ян Максімюк. Ён жа пераклаў на беларускую ўрывак з рамана “Ледзяны палац”.

Юхан Борген (Johan Borgen, 1902—1979). Яшчэ адзін вядомы ў свеце нарвежскі пісьменнік, выдаў шмат раманаў, зборнікаў апавяданняў і эсэ, п’ес, працаваў як журналіст. Цэнтральным творам у яго даробку лічыцца трылогія “Маленькі лорд”, “Цёмныя крыніцы” і “Цяпер ён не ўцячэ”, якая двойчы выходзіла ў рускім перакладзе. Падчас Другой сусветнай вайны Борген дапамагаў з перапраўкай уцекачоў у Швецыю і за свае творы трапіў у канцэнтрацыйны лагер Грыні, адкуль неўзабаве быў вызвалены. Потым гэты перыяд ён апісаў у мемуарах “Дні ў Грыні”. Аднак беларускаму чытачу дасяжныя ўсяго два кароткія празаічныя творы Боргена — апавяданне “Нумерманы”, якое па-беларуску ёсць у двух перакладах, адзін з якіх, як пісалася вышэй, зроблены Васілём Сёмухам для газеты “Літаратура і мастацтва” (28 кастрычніка 1969), а другі — Лявонам Баршчэўскім для часопіса “Annus Albaruthenicus” (№3, 2002), і алегарычная навела “Звер”, прачытаць якую ў перакладзе Валерыя Буйвала можна таксама ў часопісе “Annus Albaruthenicus” (№7, 2006). Апавяданне “Нумерманы” ўпершыню выйшла па-нарвежску ў зборніку “Выбраныя навелы” 1961 году, і ў ім закранаецца тэма двудушнасці і мяшчанства, навела ж “Звер”, якая з’явілася ў зборніку 1948 году “Мядовы месяц”, напісаная неўзабаве пасля вайны і ўтрымлівае ідэю, што панаванню зла заўсёды прыходзіць канец. Цяжка сказаць, наколькі два гэтыя творы даюць уяўленне пра такую маштабную для нарвежскай літаратуры ХХ ст. фігуру, як Юхан Борген, аднак у любым разе, каб прачытаць іх, не трэба нават ўставаць з-за кампутара і ісці ў бібліятэку.

Ойвін Бальстад (Øivind Bolstad, 1905—1979). Нарвежскі празаік і драматург, які зрабіўся вядомым дзякуючы раману “Чырвоная бягонія”, што выйшаў у 1947 годзе. Выкарыстоўваў у творчасці псеўданім “Марцін Ідэн”, узяты з рамана Джэка Лондана. Па-беларуску выйшла толькі адно апавяданне Бальстада — “Наймацнейшы” (у перакладзе Валерыя Буйвала), яно друкавалася спярша ў газеце “Наша ніва”, а пасля — у зборніку “Бабілёнская бібліятэка” (2007).

Ян Эрык Вол (Jan Erik Vold, нар. у 1939). Вядомы перадусім як паэт. Яго вершы на беларускую мову перакладаў Лявон Баршчэўскі: верш “Гэткі вялікі морак” можна знайсці ў артыкуле перакладчыка “Беларускія пераклады з літаратур Скандынавіі (1986—2001)”, падборка лірыкі Вола друкавалася таксама ў бюлетэні “Кантакты і дыялогі”.

Эрлінг Хітэльсэн (Erling Kittelsen, нар. у 1946). Нарвежскі пісьменнік, аўтар шэрагу паэтычных зборнікаў, раманаў, п’ес і кніг для дзяцей. У 2015 годзе прыязджаў у Мінск на паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова “Вершы на асфальце”, дзе выступаў разам са сваім беларускім перакладчыкам Лявонам Баршчэўскім. Пачытаць і паслухаць гэтыя пераклады можна на сайце “Літрадыё”. Падборка з чатырох вершаў Хітэльсэна — “Чалавеча-птах…”, “Веданне, што ты ёсць, — прычына, каб жыць…”, “Я б хацеў быць сляпым…” і “Тут я штосьці пачуў сваімі вушамі…” — змешчаная ў зборніку перакладаў Лявона Баршчэўскага “І боль, і прыгажосць…”.

Юстэйн Гордэр (Jostein Gaarder, нар. у 1952). Самы вядомы твор Гордэра — “Сафіін свет” (1991) з падзагалоўкам “Раман пра гісторыю філасофіі”. Беларускі пераклад гэтага рамана, зроблены Лідыяй Ёхансэн, выйшаў у 2014 годзе ў выдавецтве Змітра Коласа. Больш падрабязна пра Гордэра і гэтую кнігу можна прачытаць у маім эсэ “Філасофія для чайнікаў ад Юстэйна Гордэра” .

Інгвар Амб’ёрнсэн (Ingvar Ambjørnsen, нар. у 1956). Дэбютаваў раманам “23-я палата” (1981), у якім раскрытыкаваў нарвежскую сістэму па доглядзе людзей з псіхічнымі захворваннямі. Менавіта гэты раман зрабіўся першым нарвежскім буйным творам, што быў перакладзены на беларускую мову і выйшаў асобнай кнігай (выдавец Зміцер Колас, 2011). Перакладчыца рамана Лідыя Ёхансэн падрабязна расказала пра гэты твор і сваю працу з ім у інтэрв’ю часопісу “ПрайдзіСвет” (26 красавіка 2012). Сярод іншых твораў Амб’ёрнсэна, што прынеслі яму вядомасць, — тэтралогія “Элінг”, паводле аднаго з раманаў якой быў зняты аднайменны фільм, серыя кніг для дзяцей “Пеле і Профен” пра падлеткаў, што ўдзельнічаюць у раскрыцці злачынстваў, раман “Забойства ў Барквіке” (2005), герой якой, таксама падлетак, спрабуе расследаваць забойства ў нарвежскай вёсцы. Апроч рамана “23‑я палата” па-беларуску можна пачытаць шэраг апавяданняў Амб’ёрнсэна са зборнікаў “Чорная маці” (“Чайка”, “Кава з Холгерам”, “Дождж”, 1994) і “Часовая прысутнасць” (“Новыя пакоі”, 2003), перакладзеных Лідыяй Ёхансэн і надрукаваных у часопісе “Дзеяслоў” (№ 1(74), 2015).

 

ХХІ ст.

Юн Фосэ (Jon Fosse, нар. у 1959). Нарвежскі празаік, паэт, драматург і дзіцячы пісьменнік, лаўрэат шэрагу літаратурных узнагарод (у тым ліку Прэміі Ібсэна), якога крытыкі называюць другім паводле значнасці нарвежскім драматургам пасля Ібсэна. Яго п’есы ставяцца ў тэатрах розных краін свету. На беларускую мову перакладзены толькі пачатак яго аповесці “Бессань” (2007); пераклад, зроблены Янам Максімюком, можна знайсці на сайце Litaratura.org. Дзеянне аповесці адбываецца ў ХІХ ст. у Бергене, куды героі твора — маладая пара, што чакае дзіця — трапляюць у надзеі пачаць новае жыццё. Яны блукаюць па дажджлівых вуліцах, дзе ім няма на што спадзявацца, аказваюцца быццам паміж сном і явай, і аўтар толькі намёкамі дае зразумець, што з імі адбываецца насамрэч.

Чытайце таксама

Галасы з-за небакраю: step by step

Ганна Янкута

Галасы з-за небакраю: step by step

Прааналізаваць анталогію паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Міхася Скоблы “Галасы з-за небакраю” — абсалютна немагчымая справа. З аднаго боку, можна цэлы артыкул хваліць укладальніка, з другога…

Філасофія для чайнікаў ад Юстэйна Гордэра

Ганна Янкута

Філасофія для чайнікаў ад Юстэйна Гордэра

Элизабет Бишоп, awful but cheerful

Наталля Паваляева

Элизабет Бишоп, awful but cheerful

Жизнь Элизабет Бишоп действительно была “awful but cheerful”. Трагедии и драмы сопровождали поэтессу с самого рождения и до конца; болезни, слабости и темные стороны собственной натуры (хроническая астма,…

Час одуму

Пётра Садоўскі

Час одуму

Прайшоў больш чым год з таго часу, як выйшла другая частка апошняга, 5-га тома Тлумачальнага слоўніка нашай роднай мовы, першага слоўніка такога памеру, складзенага не заўзятым адзінцом, а калектывам прафесійных…

2213