№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Уладзіслаў Гарбацкі

Як беларусы ў 1928 годзе гей-шлюбам палохалі

15 студзеня 2019

Як беларусы ў 1928 годзе гей-шлюбам палохалі

Дзевяноста гадоў таму — 4 ліпеня 1928 года — у віленскай газеце «Сцяг Працы», якую выдавалі беларускія левыя, было надрукавана апавяданне «Дзіўнае вяселле» пад псеўданімам П. Асака. Пад гэтым псеўданімам друкаваўся больш вядомы Пётра Мятла (1890–1936), які меў яшчэ адзін псеўданім — П.Чабор. У кароткім аповедзе беларускі аўтар уявіў, «як мужчына з мужчынам жэніцца», а ўрэшце, і дзіцё заводзяць.

Так пісьменнік высмейваў паланафільскіх беларусаў-перакіньчыкаў, напалохаўшы тагачасную Вільню першым гей-шлюбам, — няхай усяго толькі ў творы, і няхай назваўшы яго ўсяго толькі «дзіўным вяселлем».

Калі сучасныя беларусы ўявіць сабе не могуць гей­шлюб, то нашы папярэднікі дапускалі, уяўлялі ўсякае і смела кідаліся вобразамі. Вядома, ужыты пісьменнікам трук абазвалі б сёння, няма сумневу, гамафобскім, як і саму насмешку, схаваную ў аповедзе. Мятла выкарыстоўвае «дзіўнае вяселле» паміж Франукам і Тодарам як насмешку з палітычных апанентаў, як схаваную абразу ў бок пэўнай беспрынцыповай часткі беларусаў, якія шукаюць кампрамісу і за грошы могуць нахвальваць як бальшавікоў, так і палякаў. Пры гэтым пісьменнік проста і так слушна падае тагачасную атмасферу польскіх цэнзуры і дэспатызму, у якой жылі беларусы, што з’ява шлюбу Тодара з Франукам падавалася ўсім зусім не дзівам.

Пётра Мятла

Канешне, Пётра Мятла не з’яўляецца першым беларускім дзеячам, які загаварыў пра гей-шлюб, і тым больш пачаў змагацца за яго, але ён з тых, хто не пабаяўся фантазаваць і артыкуляваць калектыўныя страхі. Да сёння гэтая тэма застаецца табу, страхам, абразай і выкарыстоўваецца — як апазіцыяй, так і ўладамі, — каб абяззброіць і маргіналізаваць апанентаў, і робіцца гэта часта не так далікатна, з гумарам і да месца, як дзевяноста гадоў таму.

Цяпер жа, у ХХІ стагоддзі, калі мужчына з мужчынам жэняцца ўсур’ёз, тэкст «Дзівоснае каханне» губляе негатыўны налёт, мы вяртаемся да артыкулявання фантазіі, жадання ці, папросту, практыкі, якая сталася і становіцца завядзёнкай. Такія тэксты сведчаць пра актуальнасць гендарнага падыходу, з’яўляюцца багатым мясцовым гендарным матэрыялам і здымаюць абвінавачванні ў выключна заходнім паходжанні гендару. Беларуская гісторыя і літаратура багатыя на тэксты, гісторыі, факты, якія кладуцца ў аснову мясцовай гендарнай гісторыі. І цікавая постаць пісьменніка Пётры Мятлы — яшчэ адзін доказ таму.

Апрача гэтага аповеду, ён пакінуў пад псеўданімам П. Чабор, часткова ў друку, часткова ў рукапісе, свае лірычныя, мудрагелістыя і эстэцкія аповеды «Замошская рэспубліка», «Купалле», «Жыць!», «Кірмаш», «Страх». Рукапіс аповедаў захоўвацца ў віленскай бібліятэцы Урублеўскіх і моўчкі напрошваецца разам з астатняй раскіданай у газетах літаратурнай спадчынай на друк. Як публіцыст і пісьменнік, Мятла быў вядомы ў Вільні 1920-х гадоў, але яшчэ больш вядомы ён быў як актыўны дзеяч палітычнай левіцы (сябра Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і Беларускай сялянска-работніцкай грамады). Шмат друкаваўся ў газеце БСРГ «Сцяг Працы», якая з-за цэнзуры за два гады 15 разоў мяняла назву. Распаўсюджваў і перакладаў марксісцкую літаратуру.

Такім парадкам, літаратурная і сацыяльная спадчына забытых, невядомых ці малавядомых аўтараў Беларусі застаецца неацэненым скарбам, часцяком дасюль не апублікаваным, схаваным у архівах ці бібліятэках, куды ўсё радзей ходзяць беларусы… А тэксты тыя — не проста літаратурны і моўны кур’ёз, часцяком гэта годныя і дыхтоўныя зборнікі прозы і публіцыстыкі, якія так і не былі надрукаваныя па той прычыне, што ў беларусаў папросту аднялі памяць і мову. Да такіх малавядомых аўтараў, публіцыстаў і пісьменнікаў якраз і належаў цкаваны і арыштаваны палякамі, а потым вынішчаны саветамі Пётра Мятла.

Упершыню друкавалася ў "Новы час".

Чытайце таксама

Бабруйскія паштоўкі

Бабруйскія паштоўкі

А вы бывалі ў Бабруйску? У горадзе, дзе адказваць пытаннем на пытанне — норма. Дзе збудаваны з цэглы Розенберга дом "Порт-Артур" экскурсаводы параўноўваюць са Сцяной плачу. А мясцовыя жыхары негабрэйскага…

Малюнкі без кніжак, або Замежныя ілюстратары ў Мінску

Малюнкі без кніжак, або Замежныя ілюстратары ў Мінску

Дачуўшыся пра тое, што ў Мінску адкрылася выстава пад назвай “Жылі-былі, або Сучасная дзіцячая кніжная ілюстрацыя з Беларусі, Германіі, Ізраіля і Польшчы”, я ў абедзенны перапынак пад’ехала ў Музей…

Кітай - Штогадовая прэмія за найлепшы замежны раман XXI стагоддзя

Кітай - Штогадовая прэмія за найлепшы замежны раман XXI стагоддзя

Аўстралійскі пісьменнік Алекс Мілер (Alex Miller) атрымаў Штогадовую прэмію за найлепшы замежны раман XXI стагоддзя (The Annual Foreign Novels 21st Century Awards) – прэстыжную літаратурную прэмію Кітая…

Стыян Холе:

Стыян Холе: "Як шмат агульнага ў тэатра і кніжкі з карцінкамі!"

У невялікай кнігарні я заўважыла дзіўную кнігу з насупленым бялявым хлопчыкам на вокладцы. А раскрыўшы выданне, я яшчэ больш здзівілася бабулям па плечы ў траве ці на скейтбордзе, рэнтгенаўскім здымкам…

4395