№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Марына Рагачэўская

У цемры чалавечага сэрца, альбо Непрыкаяныя вандроўнікі Дж.М. Кутзэе

10 траўня 2011

У цемры чалавечага сэрца, альбо Непрыкаяныя вандроўнікі Дж.М. Кутзэе


У 2003 годзе адбылася падзея, якая скаланула інтэлектуальнае літаратурнае асяроддзе, выклікала не толькі здзіўленне сваёй нечаканасцю, але і павярнула еўрацэнтрычны погляд на поўдзень, адкуль павеяў вецер перамен у раманным свеце: Джозэф Максвэл Кутзэе атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

Тое, пра што па-мастацку дасведчана, пераканаўча і маляўніча расказвае Кутзэе, атрымала ў літаратурнай крытыцы назву “посткаланіяльнай” тэмы. Не будзе перавелічэннем, калі мы скажам, што посткаланіяльная літаратура — гэта з’ява, звязаная з канкрэтнымі падзеямі ХХ стагоддзя. І ў выніку развальваецца ідэя культурнага еўрацэнтрызму, уводзяцца нейкія новыя нормы і традыцыі, якія даюць чытачу рэдкую магчымасць ацаніць сябе збоку.

Дж. М. Кутзэе нарадзіўся ў 1940 годзе ў сям’і афрыканераў, нашчадкаў нідэрландскіх перасяленцаў. Скончыўшы матэматычны факультэт Кейптаўнскага ўніверсітэта, ён паехаў працаваць у Англію, а затым пераехаў у ЗША, дзе стаў прафесарам літаратуры. А праз 10 гадоў, праведзеных у Амерыцы, Кутзэе вяртаецца на радзіму і пачынае кар’еру ў Кейптаўнскім універсітэце. Праз 20 гадоў ён зноў пакідае Афрыку і пераязджае ў Аўстралію, дзе цяпер жыве і працуе. Аднак дзе б ні знаходзіўся пісьменнік, яго сэрца — у Афрыцы, у цемры душы яго герояў. Паўднёвую Афрыку, якую ён амаль заўсёды робіць месцам дзеяння яго змрочных гісторый, цяжка пазнаць, таму што гэта ўскосны, міфалагізаваны, абагулены вобраз, аднак тым не менш, гэта ўсё ж такі Афрыка.

Кутзэе — гэта ў першую чаргу майстра пераўвасаблення, які смела, з нечаканым адчаем і рашучасцю даследчыка паглыбляецца ў вір жыцця і ідзе шляхам пакутаў герояў яго раманаў. Персанажаў Кутзэе параўноўвалі з кафкіянскімі, напалову ананімнымі блукальцамі і дзівакамі, з бэкетаўскімі недарэчнымі небаракамі. І сапраўды, амаль у кожным яго творы сустрэнеш такога небараку, які адзін як воўк, калі ўвесь навакольны свет, здаецца, адвярнуўся і ваюе менавіта супраць цябе; гэты недарэчны пакутнік заўсёды ад некага ўцякае, з усяе сваёй няўдалай сілы стараецца змагацца з несправядлівасцю, маўчанне — яго зброя, несупраціў злу гвалтам — яго перамога, перамога маральная, перамога ўнутраная, перамога ў нечым нават хрысціянская. Сілы, якія, нібыта воўчая зграя, збіраюцца, каб знішчыць такога вось небараку, могуць быць і неўвасобленымі таталітарнымі рэжымамі, узброенымі людзьмі, што служаць Сістэме, у якую ніяк не ўпісваецца маленькая ў сваёй непераможнай велічы асоба. Ні катаванні, ні забойствы, ні здзекі не могуць пахіснуць гэтае негвалтоўнае сэрца маленькага чалавека, аднаго сярод зла і вайны, таму што менавіта дзесьці глыбока ў яго душы сядзіць той ген трываласці, які адзіны здольны вытрываць і абвясціць у канцы рамана пра сваю перамогу над сіламі цемры.

Неабходна адзначыць, што менавіта сам шлях развіцця краіны, у якой і дзеля якой стварыў Кутзэе свайго выключнага персанажа, вызначае асноўныя напрамкі і ідэі творчасці пісьменніка. У Афрыцы нават цяпер пануе палітычны хаос. З 53 дзяржаваў у 15 адбываюцца ўзброеныя канфлікты: грамадзянскія войны, міжпляменныя канфлікты, дыктатарскія рэжымы, генацыд, этнічныя чысткі, нестабільнасць уладных рэжымаў і іх няздольнасць да захавання дэмакратычных правоў і свабодаў. І гэта не кажучы пра эканамічныя цяжкасці, нястачу прадуктаў харчавання. Трапляюцца нават думкі наконт знішчэння самой ідэнтычнасці Афрыкі як кантынента, страты душы народаў, што яе насяляюць. У пошуках трывалага і справядлівага выхаду з крызісу пасля знішчэння сістэмы апартэіду мастакі слова таксама наводзяць нас на роздум, і менавіта ў гэтым адчуваецца пошук тых глыбіняў у чалавечым сэрцы, якія і дапамогуць яму выстаяць, выжыць, перамагчы, застацца чалавекам.

На працягу сваёй творчай кар’еры Кутзэе распрацоўвае няпростую тэматыку: узаемаадносіны прыгнятальнікаў і прыгнечаных, разбурэнне ці, часцей, супраціўленне чалавечай асобы фізічнаму ці маральнаму гвалту, дзеці і бацькі, трагічная няздольнасць бацькоў абараніць сваіх дзяцей ад гора, гвалту, разбою, крыўдаў, а таксама хісткасць чалавечага існавання.

Самыя моцныя па эмацыйным уздзеянні раманы Кутзэе “У чаканні варвараў” і “Жыццё і час Міхаэля К.” былі напісаныя яшчэ за часамі апартэіду і таму ўжо тады зрабіліся магутным пратэстам супраць гвалту чалавека над чалавекам. Раман “Ганьба” быў надрукаваны якраз пасля вызвалення Паўднёвай Афрыкі ад сістэмы расавай дыскрымінацыі, і тэма хісткасці чалавечага існавання, непрадказальнасці лёсу, пакутнасці асобы вымалёўваецца цяпер ужо на фоне змены палітычнага рэжыму, які, як выявілася, змяніў толькі назву, застаўшыся па сутнасці абыякавым да душы і чалавечай годнасці.

“У чаканні варвараў” — раман, які шукае вытокі той цемры, што завуць “таталітарызмам” альбо Сістэмай. На нейкай неназванай памежнай тэрыторыі ўсёмагутныя прадстаўнікі Імперыі ахоўваюць невядома каго ад невядомага ворага — варвараў, якіх ніхто толкам не бачыў, але пра якіх усе гавораць з асцярогай, баяцца іх гвалтоўнага нашэсця і разбуральных наступстваў чакаюць у любую хвіліну. Ні месца, ні час не акрэсленыя. Нібыта ў бязмежавай чалавечай прасторы, дзе бясчасавасць, прытчавая ўсюдыіснасць адлюстроўваюць толькі тое, што яднае цемрашальства, Сярэднявечча гэта ці Халакост, рэпрэсіі ці татальны кантроль. Сістэма выпрацоўвае такія пошукі “праўды”, з якімі немагчыма змагацца. Палкоўнік, які ў рамане займаецца “выкрыццём” нябачнага ворага, так гаворыць пра пошукі праўды: “…каб выявіць ісціну, я мушу ўжыць націск. Спачатку ў адказ я чую толькі хлусню — гэта, ведаеце, праверана — дык вось, спачатку ідзе хлусня, я націскаю, ізноў ідзе хлусня, я націскаю мацней, і вось тады ўжо чую праўду. Так і дасягаецца ісціна”.

Аднаго за адным “выкрывае” палкоўнік ворагаў-варвараў. Насамрэч жа імі аказваюцца збяднелыя, згалелыя сяляне-качэўнікі, што прыходзяць у горад у пошуках заробку, ежы, міласціны. Іх адлоўліваюць, садзяць за краты, забіваюць, калечаць, гвалтуюць…

І тады Кутзэе канцэнтруе нашую ўвагу на свядомасці аднаго персанажа — суддзі, які спачатку служыць Сістэме, але з цягам часу выяўляецца “ворагам”, здраднікам, шпіёнам. І вось тады аўтар перапыняе пошук вытокаў цемры, у нетрах якой тоіцца зло, і пачынае пошук дабра, якое не падпарадкоўваецца злу, а ціха і самотна пакутуе ў цішы свайго болю і адрынутасці ад Сістэмы, ад асяроддзя, ад грамадства (але ці існуе яно ў рамане наогул?). Ад Сістэмы і залежнасці ад нечалавечай ідэалогіі суддзю вызваляе каханне, каханне да “варваркі”, спачуванне і пяшчота. Вызваляе, праўда, толькі духоўна, пакінуўшы цела на вечныя пакуты.

І вось менавіта тады, калі душа абуджаецца ад страшэннага кашмару, безыменны герой рамана робіцца непрыкаяным вандроўнікам. Ён адзін. Няма тых, хто можа падтрымаць, няма супраціву, няма ні зброі, ні сілы, ні нават нянавісці. Адзін. У пакутах цела і душы, у развагах пра лёс, без жытла, без прытулку, без статусу.

Калі нават той, хто мае адукацыю, хто калісьці штосьці значыў у жыцці, можа вось так застацца сам-насам з варожым асяроддзем, то што казаць пра лёс абдзеленых Богам, народжаных, як Міхаэль К., з заечай губой (раман “Жыццё і час Міхаэля К.”)? Вялікая палітыка, вялікі пераварот, каменданцкая гадзіна, вайскоўцы, патрулі і стрэлы, пагромы і гвалт. А сярод усяго гэтага — самотная постаць Міхаэля, спачатку са знямоглай маці ў самаробнай калясцы, потым — са скрыначкай з яе прахам. Аднак без злосці і крыўды, без супраціву і барацьбы. Міхаэль — гэта не зусім той недарэчны бэкетаўскі герой-небарака, бадзяка і п’яніца, абсурдны ў сваёй недарэчнасці, па-філасофску абсурдны ў сваіх выказваннях. Не. Бо гэты герой мае свой маленькі розум, сваю жыццёвую мудрасць, ён не змагаецца, але ўсё ж перамагае, ён не супраціўляецца, але ўсё ж шукае волі, свабоды і магчымасці вырошчваць свой сад. Самы шчаслівы момант у жыцці такога героя — гэта калі выпадковы знаёмы ў шпітальнай палаце дае грошы, каб пачаставацца пірагом. І тады ад адчування шчасця ў Міхаэля на вачах выступаюць слёзы.

І нават яго жабрацкі скарб камусьці стаў патрэбны. Ён бязмэтна брыдзе па дарогах, якія нікуды не вядуць, яго ловяць, садзяць у вар’ятні, ён прагне сваёй, хоць і жабрацкай і апечанай вайной, але свабоды. “Выявіў, што можа спаць абы-дзе, у любы час і ў любым становішчы: сярод белага дня, на тратуары, калі людзі ідуць міма і пераступаюць праз яго; стоячы, абапершыся аб сцяну, заціснуўшы чамадан паміж ног”. У Міхаэля няма ніякіх жаданняў, няма нават сноў.

“Навошта ідзе вайна? — пытаецца Міхаэль у салдата, які называе яго злодзеем і забірае грошы, што калісьці зарабіла Міхаэлева маці. — Каб адбіраць у людзей грошы?” І ловіць сябе на думцы, што схлусіў пра грошы маці, бо тая ўжо памерла, а значыць, ёй нічога не можа належаць. Такое высокае сумленне, уласцівае гэтаму бадзягу, не ўкласці ў галовы ніякай ідэалогіяй. Такое сумленне — няйнакш як ад Усявышняга. Але хіба хто праз цемрашальства сваёй палітычнай апантанасці ў стане разгледзець зялёныя парасткі ў цемры найчысцейшай душы чалавека з заечай губой? А ён бачыць больш, чым хтосьці адораны і таленавіты. Ён шукае кавалак зямлі, на якой можна вырошчваць сад, слухаць птушак і ціха жыць. І нават гэта стаецца адабраным, знішчаным і згвалтаваным без усялякае віны Міхаэля…

Ніколі небарака не ўмеў расказваць гісторыю свайго жыцця. І толькі ў канцы рамана ён аддаецца марам пра тое, што нават у самай неверагоднай роспачы ён мог бы дастаць з кішэні сваю лыжачку з вяроўкай і, пракапаўшы ў зямлі свідравіну, знайсці там ваду і ўсклікнуць: “Вось бачыш, насамрэч можна жыць!”

“Ганьба” — раман пра тое, як чалавек, маючы працу, пасаду, жытло і грошы, раптам страчвае ўсё гэта. 52-гадовы выкладчык літаратуры, пасля захаплення студэнткай і любоўнай сувяззю з ёй, трапляе ў апалу, бо пра гэта робіцца вядома ўсім магчымым і немагчымым камітэтам і камісіям, грамадскім прадстаўнікам і “абаронцам” годнасці жанчын, адміністрацыі ўніверсітэта і ўсім навокал. Каханне паміж людзьмі рознага ўзросту, статусу і расы яшчэ нідзе нікому не даравалася. І зноў мы атрымліваем героя-вандроўніка, але гэтым разам у канкрэтным сацыяльна-палітычным асяроддзі, у канкрэтнай краіне і канкрэтным часе: пост-апартэід у Паўднёвай Афрыцы, што па сутнасці мала чым адрозніваецца ад папярэдняга рэжыму.

І Дэвід Луры — былы прафесар, інтэлектуал, мяккі і добры чалавек, увадначас робіцца спакуснікам, зганьбаваным парушальнікам “маральнага” кодэксу, а неўзабаве — ахвярай жорсткага і нечалавечага гвалту разам са сваёй дачкой. Дэвід, як і героі раманаў бэкетаўска-кафкіянскага тыпу — непрытульны вандроўнік, які таксама трапляе ў глыбіні цемры сваёй душы. І там, здаецца, і для сябе, і для чытача знаходзіць адказ на вечнае “чаму” такога лёсу: “Гэта здараецца кожны дзень, кожную гадзіну, кожную хвіліну, кажа ён сабе, у кожнай частцы краіны. <…> Няма чалавечага зла, толькі вялізная цыркулярная сісттэма, каб кожны меў шанец быць шчаслівым на адзін дзень”.

Жорсткія злачынцы, гвалтаўнікі, цынічныя каты не нясуць пакарання за свае злачынствы; нявінныя пакутуюць. Кутзэе, здаецца, кідае выклік нашым выгодным хрысціянскім абяцанкам пра злачынства і пакаранне. Змаганне за праўду — бессэнсоўнае, нібыта бітва з ветракамі. І таму згвалтаваная пакутная дачка Дэвіда кажа: “Тое, што здарылася са мной — гэта цалкам асабістая справа. Іншым часам, у іншым месцы гэта магло б стаць справай грамадства. Але ў гэтым месцы і ў гэты час — не можа…” —“І што гэта за месца?” — “Гэтае месца — Афрыка”.

Метафара кутзэеўскай Афрыкі мае відавочна пашыраны сэнс: гэта месца цемры і цемрашальства, гэта нявер’е і немагчымасць справядлівага пакарання, гэта неабходнасць адшукаць сябе ў поцемках адсутнасці і боскай, і чалавечай справядлівасці. “Кроў жыцця пакідае яго цела і замест яе прыходзіць адчай, адчай — нібыта газ, без паху, без смаку, без жыўлення. Ты ўдыхаеш яго, твае канцавіны слабеюць, табе робіцца ўсё адно, нават у той момант, калі сталь дакранаецца да горла”.

Герой “Ганьбы” праходзіць шлях ад прафесара да санітара ў прытулку для бяздомных сабак, сярод якіх ён знаходзіць сабе сяброў і “аднадумцаў”. Горкі парадокс, аднак, у тым і заключаны, што роля яго ў якасці санітара — памагаць жывёлінам без пакутаў сысці на той свет. Дэвід апынаецца ў цемры свайго сэрца, асветленага думкамі пра лёс краіны і нейкую няўлоўную сувязь гістарычнага пакарання каланізатараў за пакуты каланізаваных. Вандроўкі нібыта скончаныя, месца ў жыцці — побач з асуджанымі на пагібель без усялякай віны жывымі істотамі, якія “могуць нюхам разумець твае думкі”.

У гэтым — геніяльнасць кутзэеўскай метафізікі. Героі-небаракі з велічнай душой, вандроўнікі, якія знаходзяць свой скарб побач з тым месцам, што больш удачлівыя называюць радзімай, з той, аднак, розніцай, што гаспадары жыцця не пражываюць са сваёй радзімай самыя цяжкія і пакутныя хвіліны. Кутзэеўская Афрыка — гэта таксама конрадаўскі “цёмны” кантынент, але ўвасоблены, ачалавечаны, адшуканы ў цемры, прынесены на алтар прагрэсіўных еўрапейскіх тэорый і ідэалагемаў пра свабоду і дэмакратыю. У кожным з герояў раманаў Кутзэе жыве не проста насельнік Афрыкі таго ці іншага саслоўя: у героі жыве кожны з нас, тая часцінка душы, якой вельмі цяжка адшукаць шлях у цемры. І тады і суддзя, і “варварка”, і прафесар-санітар, і садоўнік з заечай губой — усе яны бяруць на сябе нялёгкі крыж правадыра па цьмяных закутках таго, на што мы ўжо й забыліся, што завецца “чалавечаю душой”.

 

© Марына Рагачэўская, 2011

Чытайце таксама

Нават калі пішу ўласныя творы, я сам сабе ўнутраны перакладчык

Павал Касцюкевіч

Нават калі пішу ўласныя творы, я сам сабе ўнутраны перакладчык

— Многія ведаюць цябе як першага лаўрэата прэміі імя Ежы Гедройца і не адразу ўспомняць, што апроч кніг уласнай прозы ты выдаў некалькі перакладных. Што ў тваім жыцці здарылася раней: проза ці пераклад?..

Мультыкульты па-чэшску

Мультыкульты па-чэшску

Беручы ў рукі кнігу, скажам, ісландскага, японскага або гішпанскага аўтара, мы збольшага “па змаўчанні” настроеныя на тое, што сутыкнёмся ў ёй з ісландскімі, японскімі ці гішпанскімі рэаліямі. Гэта, вядома,…

Успаміны пра электрычнасць

Альгерд Бахарэвіч

Успаміны пра электрычнасць

Прачнуўшыся пасярод ночы, ён адразу ж хапаў паперу і аловак, якія заўжды ляжалі напагатове каля ложка, — і запаўняў радкамі нябачныя аркушы. Так і не запаліўшы святла, ён працаваў над рукапісам некалькі…

Міфапрастора паэзіі Г. Тракля

Наталля Ламека

Міфапрастора паэзіі Г. Тракля

Герметычнасць яго лірыкі абумоўленая шырокім выкарыстаннем абсалютнай метафары і сінтэтасеміі, якія правакуюць неадназначнае ўспрыняцце тых ці іншых вобразаў. Яшчэ адна вызначальная рыса стылю Тракля –…

905