Сёння шмат спрачаюцца пра гэта: паэзія мусіць адпавядаць густам, жаданням, патрэбам людзей альбо патрэбам гэтай незвычайнай і цудоўнай істоты, якую мы завем паэтам. Я абіраю сярэдіну: з аднаго боку, я лічу, што паэт ні ў якім разе не павінен забывацца на тое, што ён гаворыць ад імя звычайных, сучасных людзей, з іншага, як і Бадлер, – лічу, што вершы нельга пісаць штодзённай мовай. Верш мусіць быць чымсьці, што вырывае нас з прозы жыцця, але дазваляе адчуць, што мы самыя звычайныя людзі.
Часта гавораць, што з эканамічных прычынаў паэзія – гэта захапленне, а не прафесія. Вы універсітэцкі выкладчык, паэт і драматург. Які з гэтых заняткаў Вы лічыце сваёй сапраўднай прафесіяй?
Мая найпершая і найсапраўднейшая прафесія – быць чалавекам. Таксама для мяне важна быць мужам, бацькам, сябрам, выкладчыкам або тэатральным кансультантам. А ў асаблівых сітуацыях я – паэт. Хаця часам мне даводзіцца забываць на сваю ролю паэта і цалкам аддавацца выкладчыцкай дзейнасці. Але самае важнае ў любой сітуацыі – заставацца чалавекам. Я выкладчык з гуманнымі перакананнямі, паэт з гуманнымі перакананнямі, бацька з гуманнымі перакананнямі.
Для эпіграфа верша “Oiconologia” Вы выбралі словы румынскага пісьменніка і філосафа Эміля Чарана “Нашмат лягчэй адмовіцца ад хлеба, чым ад словаў”. Як Вы лічыце, гэта крэда сапраўднага паэта?
Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што “нашмат лягчэй адмоціцца ад хлеба, чым ад словаў”. Дарэчы, узгадваючы адзін верш, напісаны ў самалёце, можна перафразаваць: нашмат лягчэй адмовіцца ад жыцця, чым ад словаў. Лічу, што як толькі ты адчуеш пакліканне да паэзіі, ад яе ўжо немагчыма адмовіцца.
Што натхняе Вас на творчасць? Ці патрэбная паэту муза?
Я не ведаю, ці існуе муза альбо “муз”. Думаю, ёсць проста жаданне вымавіць нешта, што мае сэнс для цябе і для іншых. Адзін з прыкладаў – мая кніга, прысвечаная спробам перамагчы боль, што выклікае страта памяці, хвароба Альцгеймера, ад якой пакутуе гэтулькі людзей. Думаю, самае жахлівае, што можа здарыцца з паэтам – гэта страціць словы. І гэтая думка стала пачаткам верша, які я напісаў для жонкі Рафаэля Альберці, што памерла ад Альцгеймера. Што такое муза? Муза – гэта тая асаблівая сітуацыі, у якой ты ўсведамляеш, што пра гэты стан чалавека яшчэ ніхто не пісаў. Гэта – прыняцце адказнасці надаць голас гэтаму досведу, гэтаму болю, гэтай радасці.
Вы лічыце сябе элітарным паэтам альбо паэтам, які звязвае сваю творчасць з паўсядзённым жыццём?
І тое, і другое. З аднаго боку, у маіх вершах шмат інтэлектуальных гульняў. З другога – спроба адгукацца на падзеі. Мая паэзія – гэта не паэзія для паэтаў. Яна для людзей, якія жадаюць наблізіцца да паэзіі. Я не спрабую ўпісацца ў дыскурс культуралізму альбо неабарока (адзін з нязменных дыскурсаў у лацінаамерыканскай паэзіі). Я пішу, каб запэўніць сябе, што я жывы, і каб дапамагчы іншым зразумець тое самае.
Вы сказалі аднойчы, што паэзія існуе для таго, каб раскрываць вочы. У многіх Вашых вершах, якія раскрываюць вочы на гвалт над чалавекам, з’яўляецца крытыка грамадства, трывога пра маральны стан чалавецтва. Як аўтар гэтых твораў Вы адчуваеце сябе шчаслівым чалавекам?
Я веру ў шчасце, але ведаю, што яго няпроста дасягнуць.
Вы верыце, што можна дасягнуць шчасце праз пісьмо?
Пісьмо – гэта балючы досвед. Хацелася б, как словы прыходзілі і станавіліся на свае месцы. Але часта яны не прыходзяць. І пісьменніку складана знайсці дакладнае месца для кожнай ідэі. У некаторай ступені шчасце – у добра зробленай працы. Я вельмі рады, што некаторыя рэчы, напісаныя мною, дапамаглі некаторым людзям знайсці сваё месца, не прапусціць каштоўныя моманты жыцця. Рады таму, што адно слова, адзін радок даў іх душам сілу. Шмат гадоў таму аднаму майму сябру з Гішпаніі мой верш дапамог захаваць шлюб. Найвялікшае шчасце паэта – бачыць твор скончаным менавіта так, як ён хацеў.
Значная колькасць Вашых твораў прысвечаная ахвярам атакаў 11 верасня і бамбёжак Ірака. Вы маглі бы назваць сябе “паэтам правоў чалавека”?
Думаю, што так. Я спрабую гаварыць пра правы і абавязкі чалавека. Дарэчы, я маю кніжку, якая чакае выдаўца ў Мексіцы, – “Супраць любога гвалту. Керэнсія” (Contra todas las violencias. La querencia). “Керэнсія” (querencia) – гэта месца, якое шукае жавёліна перад смерцю, месца, дзе яна нарадзілася. Месца пачатку, якое ёсьць месцам канца. У гэтай кніжцы, асуджаючы гвалт, учынены чалавекам, я развіваю гэты канцэпт “керэнсіі”.
Калі мы закранулі тэму правоў чалавека ў дачыненні да паэзіі, хочацца спытаць, ці лічыце Вы, што літаратура – гэта індывідуальнае творчае выяўленне, якое павінна несці ў сабе палітычны зарад, альбо яна павінна заставацца ў межах чыстай эстэтыкі?
Не, я лічу, што чыста эстэтычная паэзія ні да чаго не прыдатная. Як і паэзія выключна палітычная. Абавязак паэта – шукаць патрэбны баланс, каб пры дапамозе мовы вымавіць тое, што неабходна агучыць, каб не трапіць у пастку эстэтычнай чысціні інтэлектуальнасці, альбо каб пазбегнуць паэзіі, далёкай ад рэчаіснасці, альбо каб пазбегнуць безгустоўнай мовы палітыкі.
Вы дамініканска-амерыканскі паэт, жывяце ў ЗША, але пішаце па-гішпанску, праз што чытачоў у Вас менш, чым у англамоўных пісьменнікаў-лаціна. Ці пачалі б Вы пісаць па-ангельску, каб пашырыць Вашую аўдыторыю?
Шчыра кажучы, не ведаю. Я задаваў сабе гэтае пытанне. Я магу сесці і напісаць эсэ па-ангельску, але мне робіцца вельмі цяжка пісаць па-ангельску верш: гэты чып не актывуецца.
27 жніўня 2009 г.
Гутарыла Дыяна Гумбар
спецыяльна для часопіса “ПрайдзіСвет”