№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Карлас Шэрман

Мастацкі пераклад і нацыянальная свядомасць

7 лістапада 2009

Мастацкі пераклад і нацыянальная свядомасць
З ласкавага дазволу спадкаемцаў Карласа Шэрмана прапануем вам артыкул з кнігі: Шэрман К. Таямніцы почырку. – Мінск, 1995. – С. 80 – 83.
 

На першы погляд тэма заключае ў сабе аксіёму. Бо прыгадайма: беларускі першадрукар Францыск Скарына быў і беларускім перакладчыкам; вялікі армянін Масроп Маштоц, прылічаны да ліку святых, стваральнік старажытнаармянскага алфавіта, таксама быў першаперакладчыкам, а дзень яго нараджэння святкуецца як Дзень перакладчыка. Вопыт стагоддзяў даказвае, што сувязь паміж мастацкім перакладам і нацыянальнай свядомасцю бясспрэчная.

Аднак калі народ з-за складаных гісторыка-палітычных прычын перажывае чорную да болю ў вачах эпоху заняпаду нацыянальнай свядомасці, прыкрай знявагі да культуры, калі народ даведзены да такога стану, што сам адмаўляецца ад роднай мовы, уласнай культуры, калі прымаюцца ахоўныя законы ў дачыненні да мовы і культуры, якія ў асноўным не выконваюцца, калі глухое супраціўленне ды інерцыя зводзяць адчайныя намаганні часткі беларускай інтэлігенцыі на нішто і не варта прымаць першыя, часамі ўяўныя водбліскі Адраджэння за ягоны шчаслівы золак, бо наперадзе шлях да золку, тады карысна паглыбіць нават разуменне таго, што ўвогуле здаецца бясспрэчным.

Як вядома з Бібліі, Бог выгнаў грэшных продкаў чалавецтва з раю. З тае пары, відаць, існуе думка: усё пазнаецца ў параўнанні. Чалавеку ўласціва пазнаваць сябе і свет, у якім жыве, мяноўна такім чынам. Гэта псіхалагічны стрыжань, вакол якога будуюцца адносіны шмат у якіх сферах.

Перакладзены з іншай мовы твор – перадусім носьбіт іншага жыцця, іншага спосабу мыслення, іншых параметраў разумення свету. Чым вышэй мастацкая вартасць перакладу, тым большая магчымасць міжвольнага параўнання, якое непасрэдна ўплывае на нацыянальную свядомасць.

Тут варта сказаць, што ў дадзеным выпадку нацыянальная свядомасць выступае як шматаблічная катэгорыя, якая ахоплівае ўсе бакі жыцця, самыя розныя адносіны чалавека з прыроднымі з’явамі і рэчамі, а таксама чалавека з чалавекам, з грамадой чалавечай. Падкрэсліваю гэта таму, што апошнім часам, у сувязі з абвастрэннем палітычнага жыцця, разуменне нацыянальнай свядомасці значна звузілася і тычыцца ў асноўным праблематыкі палітычнага суверэнітэту, сферы ўжывання беларускай мовы, ступені распаўсюджвання нацыянальнай культуры, а таксама пытанняў роднай гісторыі – перш за ўсё яе фальсіфікацыі. На самай жа справе нацыянальная свядомасць і нацыянальны характар асэнсоўваюцца сінхронна, адносіны да прыроды ўвогуле і да розных яе праяў, да спраў зямных у прыватнасці, да сям’і і так званай сексуальнай свабоды, да рэлігіі і вальнадумства, да маралі і антымаралі XX стагоддзя, да мастацтва і да яго сурагатаў таксама вызначаюць нацыянальную свядомасць.

Вядома, праз доўгі час стагнацыі ды і раней шмат чаго перакладалася па сваім вобразе і падабенстве, па ідэалагічнай сугучнасці – каб даказаць, што друкуецца “прагрэсіўны дзеяч” або “паэтка-муніст”. Тады выдавалі творы патрэбнай палітычнай афарбоўкі. Калі ж замежны пісьменнік хоць адным словам крытыкаваў рэжым, то адразу ўваходзіў у спіс забароненых. Аднак і ў тыя часы сапраўдныя майстры слова знаходзілі выхад, сёе-тое перакладалі з выдатнай літаратуры іншых народаў. Дзякуючы намаганням параўнанне жыло, цікавіла чытача.

Працэс узаемадзеяння мастацкага перакладу з нацыянальнай свядомасцю далёка няпросты, на ягоным шляху ўзнікаюць бясконцыя перашкоды, спрадвечныя і ўсё новыя праблемы.

Напрыклад, вядома, што ў пары моў – арыгінала і перакладу – адна з іх заўсёды аказваецца дамінантай. Часцей за ўсё дамінантай будзе мова той краіны, дзе ажыццяўляецца пераклад, хоць не апошнюю ролю адыгрывае асоба перакладчыка ды яшчэ тое, якая з дзвюх моў даводзіцца яму першай, роднай. Дамінанта пацягне на сябе шалі, але мастацкі пераклад – усё ж няўстойлівая раўнавага, аднабаковы ўхіл можа загубіць філасофскую функцыю параўнання, і тады не здзейсніцца той пачуццёвы зрух, які працуе на развіццё нацыянальнай свядомасці чытача, на пазнанне ім, ды і не ў меншай ступені перакладчыкам самога сябе.

Так, мы пераствараем арыгінал на іншай моўнай глебе, і перакладны твор павінен гучаць як арыгінальны, але пры гэтым не губляць рознасць.

Другая перашкода бачыцца ў несупадзенні псіхалагічных “партрэтаў” слоў. Сонца ў Ісландыі – гэта найвялікшая радасць, сонца ў пясчаных пустэльнях Афрыкі – часамі пекла, гора засухі. Слова і ягонае разуменне звязаны нябачнымі ніткамі; сувязь іх залежыць ад мноства фактараў, і перакладчык мусіць іх трымаць у полі зроку.

Патрабуе грунтоўных доследаў і ўплыў твора, які перакладаецца, на арыгінальную творчасць перакладчыка. У працэсе перакладу адбываюцца якасныя змены, звязаныя з засваеннем і духоўным пераламленнем невядомай сістэмы вобразаў, нязвычных рэалій, іншай нацыянальнай свядомасці. I тут мы падыходзім да разумення мастацтва перакладу як шляху, што вядзе нас да глыбокага асэнсавання агульначалавечых каштоўнасцяў. Мяноўна рознасць адкрывае нам еднасць. Можа, гэта прагучыць парадаксальна, але нават экзоты яднаюць культуры свету, бо галоўнае – зразумець іх, усвядоміць, што для іншых яны не экзоты, а натуральныя з’явы.

Пры ўсіх магчымых доследах я не раіў бы забываць пра тое, што мастацкі пераклад, разгледжаны як арыгінальная, аўтарская сістэма набыткаў і страт, як сістэма складаных філасофска-філалагічных кампенсацый у творчым працэсе перастварэння арыгінала на іншай моўнай стыхіі, ёсць першасны тэкст, бо арыгінальны твор не перастае быць першасным творчым актам таму, што ператвараўся ў пераклад думак і пачуццяў аўтара. Так, спачатку было Слова, але Слова як пераклад Вялікай Задумы Бога. Наша слова ёсць пераклад уласных думак і пачуццяў.

Мастацкі пераклад – гэта вынік творчасці, дзе валоданне мовамі, энцыклапедычная эрудыцыя, філасофска-філалагічны талент, індзейскі слых на падтэкставыя плыні, моцная нацыянальная свядомасць і спрадвечнае імкненне да высокіх агульначалавечых каштоўнасцяў маюць аднолькавую інварыянтную сілу і праяўляюцца ў моманты найвышэйшай гармоніі сферы інтэлекту з тонкім дыяпазонам пачуццёвай сферы – якраз гэтыя моманты прынята называць натхненнем. Выкіньце хоць адзін з названых элементаў – і вы атрымаеце не мастацкі пераклад, а штукарства. Штучна канструяваць верш і потым шукаць у ім мастацтва паэзіі немагчыма. Таму калі гаворка заходзіць пра пераклад паэзіі, трэба цвёрда ўсведамляць: толькі паэт можа перакласці паэзію. Паэт жа – прызнаны выразнік духоўнасці народа, яго нацыянальнай свядомасці.

Нашу краіну задумалі – або дэкларавалі, што задумалі, – як краіну дружбы народаў. Але гэта былі толькі словы, бо на справе ўтварылася краіна палітычных, агульнасацыяльных ды і літаратурных падрадкоўнікаў. Нармальныя сувязі грунтуюцца не на лозунгах пра дружбу народаў, а на ведах, якія потым перадаюцца праз школу, праз мастацкі пераклад, праз жыццё.

1990

© Карлас Шэрман, 1995

 

Карлас Шэрман

Narbut, Teodor.pdf  Narbut, Teodor.doc

Чытайце таксама

Прэмія імя Т. С. Эліята

Прэмія імя Т. С. Эліята

12 студзеня 2009 года стала вядомае імя ўладальніцы галоўнай брытанскай паэтычнай прэміі – прэміі імя Т. С. Эліята (Тhe TS Eliot prize for poetry). Ёй стала малавядомая 30-гадовая паэтка Джэн Хэдфілд (Jen…

Пакуль нас цікавіць герой, які думае, дэтэктыў будзе існаваць

Даніэль Клугер

Пакуль нас цікавіць герой, які думае, дэтэктыў будзе існаваць

— Дэтэктыў даўно выйшаў за межы жанру і ўвабраў у сябе рысы іншых жанраў літаратуры. Якая мадыфікацыя дэтэктыву Вас найбольш прыцягвае? — Я люблю тое, што называецца “класічным дэтэктывам”: калі разгадка…

Пякельныя машыны Анджэлы Картэр

Вікторыя Ягорава

Пякельныя машыны Анджэлы Картэр

Многія чытачы не змаглі адолець і некалькі старонак, іншыя чытаюць і перачытваюць творы А. Картэр некалькі разоў. У чым прычына такой супярэчнасці?..

Беларуская жаночая паэзія міжваеннага перыяду і фармаванне

Аксана Данільчык

Беларуская жаночая паэзія міжваеннага перыяду і фармаванне "новай" жанчыны

Літаратуразнаўцаў цікавіць у першую чаргу літаратурны працэс, хоць для яго разумення, безумоўна, неабходна трымаць пад увагай умовы, у якіх ён праходзіў. Ці правамоцны ўвогуле падзел літаратуры, у прыватнасці…

1530