№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Обры Бёрдслі (Aubrey Beardsley)

1872 - 1898

Обры Бёрдслі

Обры Вінсэнт Бёрдслі, ангельскі мастак-графік, ілюстратар, дэкаратар, пісьменнік, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў эстэтычнага руху 1890-х гадоў, нарадзіўся 21 жніўня 1872 году ў Брайтане, графства Сасэкс, у сям’і Вінсэнта Пола Бёрдслі, выхадца з асяроддзя багатых лонданскіх ювеліраў, і Элен Агнэс Бёрдслі (у дзявоцтве Піт), якая паходзіла з сям’і дактароў. Некалькі пакаленняў з боку бацькі хварэлі на туберкулёз, на гэтую ж хваробу пакутаваў Вінсэнт Бёрдслі (які да таго ж быў вельмі легкадумным і пусціў на вецер усе сямейныя сродкі), а ў 1879 годзе такі ж дыягназ паставілі Обры. Хлопчык з самага дзяцінства ведаў, што рана памрэ; з ранняга ж дзяцінства выявіліся шматлікія таленты будучага мастака: з чатырох гадоў ён пачаў маляваць, пад уплывам маці рана зацікавіўся ангельскай і французскай ліатаратурай і музыкай, сам пачаў пісаць вершы. Захапленне тэатрам прывяло да таго, што Бёрдслі пачаў пісаць нават п’есы. Ужо ў 11 гадоў ён сам пісаў музыку, а з 1881 году, пасля пераезду сям’і ў Лондан, разам з сястрой Мэйбл (яна пасля стала акторкай), пачаў даваць канцэрты, на якія збіралася да 3000 чалавек. Тады ж ён пачаў зарабляць грошы, малюючы каляровымі алоўкамі меню і запрашальныя карткі.

Пасля вяртання ў жніўні 1881 году ў Брайтан Бёрдслі паступае ў сярэднюю школу. Падчас навучання часта выступае з канцэртамі, а таксама ўдзельнічае ў пастаноўцы школьных спектакляў, якія прыцягваюць ўвагу нават тэатральных крытыкаў – асабліва гэта датычыць фарсу “Карычневы эцюд”, напісаным Бёрдслі, і з трыюмфам пастаўленым у Брайтане. Малады пісьменнік і мастак сам маляваў праграмкі да ўсіх брайтанскіх спектакляў. У чэрвені 1887 году ў часопісе Брайтанскай сярэдняй школы “Мінулае і сучаснасць” надрукаваныя малюнкі Обры Бёрдслі – першая публікацыя будучага знакамітага мастака.

У ліпені 1888 году Бёрдслі пакідае школу і паступае чарцёжнікам у студыю аднаго лонданскага архітэктара, пасля ў 1889 годзе ідзе на службу ў лонданскае страхавое таварыства. Восенню таго ж году хвароба абвастраецца, і Бёрдслі на два гады кідае выступаць у аматарскіх спектаклях, аднак увесь гэты час вельмі шмат малюе. У 1891 годзе хвароба часова адступае, Бёрдслі бярэцца за серыю ілюстрацыяў да трагедыі “Тамерлан Вялікі” Крыстафера Марло і камедыі “Так робяць у свеце” Ўільяма Конгрыва, а таксама да шэрагу французскіх п’есаў, якія чытае ў арыгінале.

Нягледзячы на хваробу, мастак па парадзе Эдварда Бёрн-Джонса некаторы час наведвае Вестмінстэрскую мастацкую школу, дзе чытае лекцыі прафесар Ф. Браўн. Той жа Бёрн-Джонс знаёміць Бёрдслі з Оскарам Ўайлдам.

Знакамітым Обры Бёрдслі зрабіўся ў 1892 годзе, калі ён на замову Джона Дэнта выканаў шэраг ілюстрацыяў да рамана Томаса Мэлары “Смерць Артура”. Пашырэнню славы Бёрдслі паспрыяла і праца з Джонам Лэйнам і часопісам “Жоўтая кніга” (The Yellow Book), мастацкім рэдактарам якой малады творца робіцца ў 1894 годзе. Ён супрацоўнічае газетай “Pall Mall Budget”, выконвае на замову кніжныя ілюстрацыі. У 1895 годзе вакол часопіса “Жоўтая кніга” адбываецца скандал, пэўным чынам звязаны з эратычнай скіраванасцю выдання. Калі ў 1895 годзе Оскара Ўайлда адправілі ў турму, ён нёс нейкую кнігу жоўтага колеру, і адзін з журналістаў, што каментаваў гэтую падзею, памылкова напісаў замест “a yellow book” “the yellow book”. Гэтага хапіла для таго, каб закрыць выданне. Дзякуючы ілюстрацыям да “Саламеі” Оскара Ўайлда слава Бёрдслі расце, але разам з тым пагаршаецца яго здароўе. У 1895 годзе ён малюе серыю змрочных ілюстрацыяў да “Падзення дому Ашэраў” Эдгара По. У сакавіку 1896 году ён моцна захворвае і амаль не здольны трымаць у руках аловак.

Літаратурная спадчына Обры Бёрдслі невялікая – няскончаная аповесць “Венера і Тангёйзер” (Under Hill), упершыню надрукаваная ў часопісе “Савой” (1896) і ілюстраваная аўтарам, некалькі вершаў і ўрыўкаў, а таксама лісты.

Пра прыватнае жыццё Бёрдслі нічога невядома, нягледзячы на тое, што ён быў знаёмы з Оскарам Ўайллам, Джонам Грэем, Робертам Росам, П’ерам Луі, а яго найлепшым сябрам быў паэт Андрэ Рафаловіч, арыентацыя якога была добра вядомая. Оскар Ўайлд казаў пра мастака: “Не сядайце з Обры ў адзін фатэль – гэта вас не скампраметуе”. Выдавец “Жоўтай кнігі” Джон Лэйн аднойчы заўважыў, што “Бёрдслі нямала пакутаваў праз паспешлівую ацэнку свайго мастацтва”.

31 сакавіка 1897 году Бёрдслі прымае каталіцтва. У гэты час ён ставарае ілюстрацыі да “Вальпонэ” Бэна Джонсана. У 1897 годзе ён некалькі разоў пераязджае, пакуль у канцы году ў яго не пачынаецца абвастрэнне і родныя не перавозяць яго ў Ментону. Пачынаючы з 25 студзеня мастак амаль не выходзіць са свайго пакоя і праз месяц у поўнай свядомасці памірае. На смерць Бёрдслі Алджэрнан Суінберн напісаў наступны верш:
 

Хаця б у сне прыйдзі да нас.
Ты быў адзін.
Не зможа ні суровы час,
Ні бег хвілін,

Ані зямных пакут віхор –
Адна любоў
Тваю душу, чароўны твор,
Вярнуць дамоў.

(пераклад Ганны Янкута)

Чытайце таксама

Мілаш Мацоўрак

Мілаш Мацоўрак

Чэшскі паэт, празаік, драматург, сцэнарыст

Аўдун Мортэнсэн

Аўдун Мортэнсэн

Нарвежскі пісьменнік і мастак.

Джон Глендэй

Джон Глендэй

Чак Паланюк

Чак Паланюк

Амерыканскі пісьменнік, аўтар "Байцоўскага клубу"

1355