Албрэхт Радэнбах (Albrecht Rodenbach)
1856 - 1880
Албрэхт Радэнбах нарадзіўся 27 кастрычніка 1856 году, быў старэйшым сярод 10 дзяцей, а таксама стрыечным братам будучага французскага пісьменніка Жоржа Радэнбаха. Бацька Албрэхта Юлій Радэнбах паходзіў з Райнланду і быў братам Фелікса Радэнбаха, фламандскага палітычнага прапагандыста. Маці, хаця і валонка з паходжання, свабодна размаўляла па-нідэрландску. З ранняга дзяцінства Албрэхт пераняў ад бацькі і дзядзькі нацыяналістычныя пачуцці.
Албрэхт вучыўся ў маленькай каталіцкай семінарыі ў Руселарэ. Яго зацікаўленасць фламандскім літаратурным рухам прывяла ў 1874–1875 гадах да канфлікту з дырэктарам-франкафілам. На штогадовым фестывалі навучэнцы па традыцыі спявалі французскія песні, і Радэнбах разам з іншымі нідэрландскамоўнымі школьнікамі ў якасці пратэсту праспяваў песню па-нідэрландску, што выклікала у Бельгіі хвалю падобных пратэстаў. Нягледзячы на гэта, у 1876 годзе Радэнбах паспяхова скончыў навучанне.
У Лейдэнскім універсітэце Радэнбах пазнаёміўся з паэтам Полам дэ Монтам, які быў на год старэйшы за яго. Разам яны пачалі змаганне за фламандскае культурнае адраджэнне, за роўныя правы французскамоўных і нідэрландскамоўных студэнтаў і стварылі ў 1876 годзе “Асацыяцыю ўсіх фламандскіх студэнтаў” (Algemene Vlaamse Studentenbond). Яны патрабавалі ўвядзення заняткаў па нідэрландскай мове і культуры. У ілюстраваным часопісе асацыяцыі “Вымпел” (Het Pennoen) ананімна друкаваліся эсэ Радэнбаха. Свой рух Радэнбах і дэ Монт называлі “Буравесніцтвам” (Blauwvoeterie, ад нід. “blauwvoet” – буравеснік), такім чынам прадказваючы хуткую буру. Дэвізам асацыяцыі былі словы: “Калі ляціць буравеснік, на моры шторм!”. Сам Радэнбах параўноўваў гэты рух з нямецкімі студэнцкімі аб’яднаннямі “буршэншафт” (burshenschaft).
Разам з гэтым Радэнбах наладзіў кантакты з фламандскімі лібераламі, напрыклад, паэтам Янам ван Бэйрсам і пісьменнікам Максам Розэсам, якія публікавалі інфармацыю пра рух і распрацоўвалі яго палітычныя мэты.
Некалькі эсэ, напісаных Радэнбахам у 1876 годзе, былі падпісаныя псеўданімам “Харалд”. У 1878 годзе выйшаў зборнік яго вершаў “Першыя вершы” (Eerste gedichten). Астатнія творы паэта, уключаючы вершаваную эпічную драму пра часы вікінгаў “Гудрун” (Gudrun), былі надрукаваныя толькі пасля яго смерці.
Пры жыцці Радэнбах быў знакаміты як аўтар вершаў і песняў, якія зрабіліся сімваламі і натхненнем фламандскага руху. 23 чэрвеня 1880 году Радэнбах памёр ад туберкулёзу. Пасля яго смерці кіраўніцтва ў студэнцкай асацыяцыі перайшло да Пола дэ Монта.