№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

(Фрыдрых фон Гардэнберг) Наваліс ((Friedrich von Hardenberg) Novalis)

1772 - 1801

(Фрыдрых фон Гардэнберг) Наваліс
Нямецкі пісьменнік, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў нямецкага рамантызму. Нарадзіўся 2 траўня 1772 году ў Відэрштэце ў сям’і буйнога землеўласніка. Наваліс атрымаў грунтоўную адукацыю – у 1790 годзе ён слухаў курс філасофіі ў Ене ў прафесара Фіхтэ, з 1791 па 1793 г. вывучаў юрыспрудэнцыю ў Ляйпцыгу і Вітэнбергу, у 1797–1798 гадах навучаўся ў горнай акадэміі Фрэйбурга. Дзякуючы сваім паездкам па розных навучальных установах пісьменнік быў знаёмы з многімі выбітнымі людзьмі свайго часу – братамі Шлегелямі, Людвігам Цікам, Фрыдрыхам Шылерам. У “Атэнэуме” – часопісе, які выдавалі браты Шлегелі, Наваліс выдаў зборнік афарызмаў “Кветкавы пылок” (Blütenstaub, 1798) і празаічную версію “Гімнаў Начы” (Hymnen an die Nacht).

У 1795 годзе Наваліс быў заручаны з Сафі фон Кюн, аднак у 1797 годзе яна памерла (тады ёй было 15 гадоў). Яе вобраз пасля ўвасобіўся ў многіх гераінях твораў Наваліса. З ёй звязанае ўяўленне аўтара пра ўзвышанае каханне і ідэальную каханую.

Пасля заканчэння універсітэта ў 1797 годзе Наваліс пачаў вывучаць тэалогію. У адным са сваіх артыкулаў – “Хрысціянства ці Еўропа” (Die Christenheit oder Europa; напісаны ў 1799, выдадзены ў 1826) – ён выказваў меркаванне, што Германія здольная рухацца наперад толькі з дапамогай каталіцкай царквы, прапанаваўшы кампраміс паміж царквой, гандлем і навукай. Роля арганізатара грамадскага прагрэсу была адведзеная Навалісам каталіцкай веры.

У сваёй творчасці Наваліс зводзіць у адно каханне, хрысціянства, еўрапейскі і ўсходні містыцызм і выяўляе любоў як першасную касмічную сілу, калі духоўнае перажываенне дапамагае зліцца з усім сусветам. Паэтычным увасабленнем такіх поглядаў сталі “Гімны Начы”. Яшчэ адзін значны твор Наваліса – няскончаны раман “Генрых фон Офтэрдзінген” (Heinrich von Ofterdingen, 1800, выд. 1802), галоўны герой якога шукае “блакітную кветку”, што яму прыснілася. У гэтым рамане, а таксама ў фрагменце “Маналог” (Monolog, 1798) выяўленая новая канцэпцыя мовы. Погляды Наваліса на прыроду паэзіі і мовы значна паўплывалі на французскіх сімвалістаў і паэзію ХХ ст.

Творчасць Наваліса ўлучае таксама няскончаны філасофскі раман “Вучні ў Саісе” (Die Lehrlinge zu Sais, 1798, выд. 1802), зборнік рэлігійных вершаў “Духоўныя песні” (Geistliche Lieder, выд. 1802), а таксама тэарэтычныя працы па паэтыцы.

Памёр Наваліс 25 сакавіка 1801 году ў Вайсэнфельсе ад туберкулёзу.

Наваліс стаў для нямецкіх рамантыкаў узорам філосафа-паэта, аднак яго творчасць асуджалася “Маладой Германіяй” як рэакцыйная. У канцы ХІХ ст. творы Наваліса прыцягнулі ўвагу сімвалістаў, экспрэсіяністаў і неарамантыкаў. Творчасць Наваліса паўплывала на Ўолтэра Пэйтэра, Германа Гесэ, Міхая Эмінэску, Джорджа Мак-Доналда і многіх іншых. Раман Пенелопы Фітцджэралд “Блакітная кветка” (The Blue Flower) прысвечаны жыццю і творчасці Наваліса, а таксама яго каханню да Сафі фон Кюн.

Чытайце таксама

Мэры Шэлі

Мэры Шэлі

Ангельская пісьменніца, аўтарка славутага "Франкенштэйна"

Джордж Оруэл

Джордж Оруэл

Ангельскі пісьменнік і публіцыст. Сапраўднае імя — Эрык Артур Блэр

Ігар Кулікоў

Ігар Кулікоў

Паэт і перакладчык.

Эган Бонды

Эган Бонды

Чэшскі пісьменнік і філосаф, адзін з асноўных дзеячаў пражскага андэграўнду

1662