№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джон Кітс (John Keats)

1795 - 1821

Джон Кітс
Адзін з самых значных паэтаў ангельскага рамантызму, пра жыццё якога яго першы біёграф і выдавец Рычард Монктан Мілнз сказаў: “Некалькі адданых сяброў, некалькі прыўкрасных вершаў, жарснае каханне і ранняя смерць”. Сапраўды, Кітс памёр ва ўзросце дваццаці пяці гадоў, пісаць перастаў за год да смерці, але створанае ім робіць яго адным з самых значных ангельскіх паэтаў.

Нарадзіўся Джон Кітс у Лондане 31 кастрычніка 1795 году і быў першым дзіцем Томаса і Фрэнсіс (у дзявоцтве Джэнінгс) Кітсаў. Бацька паэта ўтрымліваў стайню і здаваў коней. У Джона было тры браты – Джордж, Томас і Эдвард (які памёр у маленстве) і сястра Фрэнсіс Мэры.

Нягледзячы на сціплыя даходы сям’і, хлопчыкі атрымалі добрую адукацыю – з 1803 па 1811 г. яны вучыліся ў прыватнай закрытай школе Джона Кларка ў Энфілдзе, дзе Кітс зацікавіўся ангельскай паэзіяй, – першы яго верш, што дайшоў да нас, прысвечаны Эдмунду Спэнсэру і называецца “Перайманне Спэнсэра” (Imitation of Spenser, 1814). У 1804 годзе ў выніку няшчаснага выпадку Томас Кітс памёр, а ў 1810 годзе памерла і маці паэта – ад туберкулёзу. Апекунамі дзяцей былі прызначаныя Джон Наўленд Сэндэл і Рычард Эбі, гандляр гарбатай, які пасля смерці Сэндэла ў 1816 годзе застаўся адзіным апекуном. Невялікія сродкі, якія засталіся пасля смерці бацькі, дазволілі братам скончыць навучанне, а Джону Кітсу – атрымаць медыцынскую адукацыю: з 1811 па 1815 г. ён быў вучнем доктара Хэманда ў Эдмантане, а пасля працягваў вучыцца ў адной з лякарняў Лондана. У ліпені 1816 году ён здаў экзамен, які даваў яму права займацца медыцынай. Аднак Кітс адмовіўся ад лекарскай кар’еры – згодна з яго словамі, аднойчы падчас аперацыі ён заўважыў, што думае не пра хірургію, а пра паэзію, і ў выніку вырашыў прысвяціць сябе літаратуры.

Паэт цікавіўся творчасцю Спэнсэра і Гамэра і стаў сябрам аднаго невялікага літаратурнага гуртка, куды ўваходзілі Лі Хант, Ўільям Хэзліт, Хорас Сміт, Карнэліюс Ўэб і Джон Гамільтан Рэйналдс. Гэты гурток кансерватыўныя крытыкі хутка пагардліва назвалі “Кокнейская школа” (Cockney school) – школа кокні. Да гэтага гуртка быў таксама блізкі П. Б. Шэлі.

З Лі Хантам Кітс пазнаёміўся ўвосень 1816 году, аднак яшчэ да гэтага паэт з цікавасцю чытаў літаратурна-палітычны часопіс “Назіральнік” (The Examiner, 1808–1821), рэдактарам якога быў Лі Хант. У лютым 1815 году Кітс напісаў санэт “У дзень выхаду містэра Лі Ханта з турмы” (Written on the Day that Mr Leigh Hunt Left Prison) – Лі Хант прабыў у турме два гады за артыкул, у якім рэзка выказаўся на адрас прынца-рэгента, будучага караля Георга IV. У траўні 1816 году Лі Хант надрукаваў санэт Кітса “Да самоты” (To Solitude, 1815), а ў снежні таго ж году напісаў пра Кітса, а таксама Шэлі і Рэйналдса артыкул. Менавіта Лі Ханту прысвечаны першы зборнік вершаў Кітса, які так і называецца – “Вершы” (Poems, 1817).

Рэцэнзіі на зборнік былі досыць добразычлівыя, але Кітс марыў пра сур’ёзную працу і ў красавіку 1817 году пакінуў Лондан, каб у самоце працаваць над паэмай “Эндыміён” (Endymion). Паэма была надрукаваная ў красавіку 1818 году. Акурат у гэты час ён расчароўваецца ў Лі Ханце, пачынае лічыць яго меркаванні павярхоўнымі – яго настаўнікам робіцца Ўільям Хэзліт, бліскучы крытык, знаўца Шэкспіра, гісторык ангельскае паэзіі і тэатра. Пад уплывам Хэзліта з лютага па красавік 1818 году Кітс напісаў паэму “Ізабэла, альбо Гаршчок з базілікам” (Isabella; or, The Pot of Basil) на сюжэт пятай навэлы чацвертага дня “Дэкамерону” Бакача. Блізкі сябар Кітса паэт Джон Гамільтан Рэйналдс таксама пераказаў дзве навэлы Бакача, але выдаў іх толькі пасля смерці сябра, бо лічыў сябе нявартым выступіць разам з Кітсам.

У чэрвені 1818 году брат паэта Джордж з’ехаў разам з маладой жонкай у Амерыку, а сам паэт выправіўся ў падарожжа па Ірландыі і Шатландыі. Калі ён вярнуўся ў Лондан, яго малодшы брат Томас быў моцна хворы на туберкулёз і, нягледзячы на старанныя клопаты Джона, 1 снежня таго ж году памёр. У той жа час на паэму “Эндыміён” накідваюцца самыя ўплывовыя кансерватыўныя часопісы – “Blackwood’s Edinburgh Magazine” і “Quaterly Review”.

Пасля смерці брата Кітс бярэцца за працу над натхнёнай Мілтанам паэмай “Гіперыён” (Hyperion) і паэмай “Пярэдадзень святой Агнэсы” (The Eve of St. Agnes), натхнёнай каханнем да суседкі Фані Брон, якая стала яго нявестай. Вясной 1819 году былі напісаныя самыя знакамітыя яго творы – так званыя “вялікія оды”, летам і восенню 1819 году паэт стварыў паэму “Ламія” (Lamia), драму “Отан Вялікі” (Otho the Great, разам з Чарлзам Браўнам), урывак “Пярэдадзень святога Марка” (The Eve of St. Mark).

У канцы 1819 году здароўе Кітса ўсё больш пагаршаецца, а разам з ім і яго матэрыяльны стан. Паэт усё больш залежыць ад сяброў. Творы гэтага перыяду – “Каўпак са званочкамі” (The Cap and Bells) і трагедыя “Кароль Стэфан” (King Stephen) – застаюцца незавершанымі. У лютым 1820 году робіцца зразумела, што Кітс пакутуе на туберкулёз. Паэт больш нічога не піша, за выключэннем асобных вершаў і лістоў блізкім людзям. У верасні 1820 году ён разам з блізкім сябрам мастаком Джозэфам Сэвернам выпраўляецца ў Італію, дзе пасля некалькіх месяцаў пакутлівай хваробы памірае ў Рыме 23 лютага 1821 году. На яго магіле, згодна з жаданнем паэта, Сэверн паставіў камень, на якім няма імені, затое выяўленая ліра з парванымі струнамі і выбіты надпіс: “У гэтай магіле ляжыць прах маладога ангельскага паэта, які на ложку смерці ў горычы сэрца, змучанага злоснай моцай ворагаў, папрасіў выбіць на сваім надмагіллі: Тут ляжыць той, чыё імя напісанае на вадзе”. А самай знакамітай эпітафіяй Кітсу стала элегія Шэлі “Аданаіс” (Adonais), якая апісвае скруху сяброў, што праводзяць паэта ў заўчасную магілу.

Чытайце таксама

Алег Шынкарэнка

Алег Шынкарэнка

Нарадзіўся ў Запарожжы

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч нарадзіўся 13 лютага 1973 году ў Мінску

Караль Жэра

Караль Жэра

Беларуска-польскі пісьменнік і педагог

Дайва Чапаўскайтэ

Дайва Чапаўскайтэ

Літоўская паэтка, аўтарка драматычных твораў.

1851