№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Анджэй Тшэбіньскі (Andrzej Trzebiński)

1922 - 1943

Анджэй Тшэбіньскі
Польскі паэт, драматург, літаратурны крытык і публіцыст з "пакалення калумбаў". Нарадзіўся 27 студзеня 1922. Скончыў гімназію імя Тадэвуша Чацкага, у 1940 годзе распачаў навучанне ў падпольным Варшаўскім універсітэце, дзе вывучаў славістыку і польскую філалогію. Прафесара Станіслава Адамчэўскага, які зрабіў на яго вялікі ўплыў, называў сваім першым настаўнікам. Як і многія яго аднагодкі, спалучаў навучанне з працай (пілавальніка на чыгунцы) і канспірацыйнай дзейнасцю. Ад 1942 году быў звязаны з Канфедэрацыяй народа — польскай падпольнай ваенна-палітычнай арганізацыяй, што дзейнічала ў 1940—1943 гг.

У падполлі перадусім быў заняты арганізацыяй літаратурнага руху. Браў удзел у выданні часопіса “Мастацтва і народ” (Sztuka i Naród) ад пачатку яго заснавання. Напісаў значную колькасць праграмных артыкулаў, у якіх фармуляваў задачы літаратуры і месца ў ёй новага пакалення творцаў ва ўмовах акупацыі. У пачатку чэрвеня 1943 году зрабіўся галоўным рэдактарам гэтага часопіса, заняўшы месца свайго найбліжэйшага сябра Вацлава Баярскага, смяротна параненага падчас ускладання вянку на магілу Мікалая Каперніка — акцыі пратэсту супраць святкавання немцамі 400-гадовага юбілею навукоўца як прыналежнага да нямецкай нацыі. Быў галоўным рэдактарам “Мастацтва і народа” да свайго арышту 6 лістапада 1943 году.

Тшэбіньскі — заснавальнік і першы кіраўнік “Культурніцкага руху” (Ruch Kulturowy), які пастуляваў адсутнасць падзелу на партыі і арганізацыі. Тшэбіньскі быў адным з суаўтараў маніфесту “Руху”, які пабачыў свет у №№ 14—15 “Мастацтва і народа” — у снежні 1944 году, праз год пасля смерці паэта.

Як рэдактара “Мастацтва і народа” Тшэбіньскага доўга расшуквалі немцы, але арыштавалі яго не ў сувязі з канспірацыйнай дзейнасцю, а за “незаконныя” абеды ў фабрычнай сталоўцы пад імем Анджэя Яраціньскага, на якія ён не меў права, бо не працаваў на фабрыцы. Свайго сапраўднага імені Тшэбіньскі не назваў і быў расстраляны ў вулічнай расправе на рагу варшаўскіх вуліц Варэцкая і Новы Свят 12 лістапада 1943.

Большасць твораў са спадчыны Тшэбіньскага згарэла падчас Варшаўскага паўстання, ацалела ўсяго каля 400 старонак. Гэта вершы, драматычны гратэск “Каб падняць ружу” (у якой аўтар рэалізаваў сваю канцэпцыю драмы, выкладзеную ў артыкуле “Лабараторыя драмы”), фрагменты няскончанай аповесці “Кветкі з забароненых дрэваў”, публіцыстычныя артыкулы і дзённік.

Анджэю Тшэбіньскаму прысвечаны мемуарны аповед Тадэвуша Бароўскага “Партрэт сябра” з цыклу “Экзамен на Гандлёвай”.

Чытайце таксама

Макс Бірбам

Макс Бірбам

Ангельскі эсэіст, парадыст, мастак-карыкатурыст, кніжны ілюстратар

Фрэнсіс Стывенс

Фрэнсіс Стывенс

Гертруд Бэраўз Бэнэт была першай буйной пісьменніцай у жанрах фэнтэзі і навуковай фантастыкі ў ЗША

Алесь Разанаў

Алесь Разанаў

Культавы беларускі паэт і перакладчык

Рышард Крыніцкі

Рышард Крыніцкі

Польскі паэт, перакладчык і выдавец, прадстаўнік літаратурнай групы “Новая хваля” (Nowa Fala)

1239